Беседзь
Бе́седзь, Бесядзь, Бесець — рака ў Смаленскай і Бранскай абласцях Расіі і Магілёўскай, Гомельскай абласцях Беларусі, левы прыток Сажа (басейн Дняпра). Даўжыня 261 км, у межах Беларусі 185 км. Вадазбор 5460 км², у межах Беларусі 3110 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 28,4 м³/с. Агульнае падзенне 59,6 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,23 ‰.
Беседзь | |
---|---|
Беседзь у Веткаўскім раёне | |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 261 км |
Басейн | 5 460 км² |
Расход вады | 28,4 м³/с (у вусці) |
Вадацёк | |
Выток | Смаленскае ўзвышша |
• Месцазнаходжанне | Шумяцкі раён |
• Каардынаты | 53°40′06″ пн. ш. 32°37′20″ у. д.HGЯO |
Вусце | Сож |
• Каардынаты | 52°37′54″ пн. ш. 31°08′24″ у. д.HGЯO |
Ухіл ракі | 0,23 м/км |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Сож → Дняпро → Чорнае мора |
Расія | Смаленская вобласць, Бранская вобласць |
Беларусь | Магілёўская вобласць, Гомельская вобласць |
Краіны | |
Код у ДВР | 04010000612105000013590 |
![]() |
|
![]() |
Назва Правіць
Назва Беседзь балцкага паходжання[1].
Корань Bes- у шэрагу рачных назваў на Падняпроўі і Павоччы, з розным пашырэннем: Бесенка, Бяснянка, Бесін, Бесвінка, Бесценка, Бесцінка, Бестань, Бестра (рус. Бестря), Бестрань (рус. Бестрень), Бественка[2][3].
Аснова Bes-t- у літоўскіх рачных назвах Best-upis, Bestinis, у назве латышскай ракі Beste. Ад літоўскага besti «ўтыкаць, капаць»[4] з індаеўрапейскімі паралелямі[5].
Поўныя гідранімічныя адпаведнікі, магчыма, — рачныя назвы на Павоччы тыпу Беседа, Беседка, Бесетка (таксама Беседзінскі, Беседаўскі). Адносіны з назвай Беседзь тады такія ж, як у назвах Немеда (Немда) : Немедзь (< *Nem-, як у назве Нёман).
Фанетычны варыянт таго ж кораня Bas- з тым жа значэннем у назве ракі Бася, таксама ў дняпроўскіх гідронімах Басанка, Бастаўка, Босця (*Bas-t-)[6]. Ад роднаснага besti літоўскага bastyti «тыкаць, утыкваць», прускага *bastun «утыкаць».
Аналагічна ўтвораныя балцкія гідронімы з коранем Kast- (літоўскае Kastinis, латышскае Kaste[7]). Ад літоўскага kasti «капаць», ад якога таксама назва дняпроўскай ракі Костря недалёка ад ракі Бестря (утвораныя падобным чынам, з пашыральнікам -(e)r-).
Апроч Bas- : Bes-, вядома і яшчэ такіх параў каранёў, як Nar- : Ner- (Нарач — Няропля), Nal- : Nel- (*Нальша — дзесенскі Неліж), Nas- : Nes- (прыток Ловаці рака Насва — *Нясвіжа).
У назве Беседзь корань Bes- пашыраны пашыральнікам -ed-, які таксама ў гідронімах Убедзь (правы прыток Дзясны паміж Чарнігавам і Ноўгарадам-Северскім), Жэведзь, Немедзь (на Падзесенні), Лебяда, Канеда (на Верхнім Падзвінні)[8][9].
Пашыральнік -d- выкарыстоўваецца ў літоўскім слова- і назваўтварэнні (lebti «гультаяваць» — lebeda «гультай, цямця-лямця»)[10].
Значэнне назвы Беседзь можна перадаць як «Капа́ная (рака)». Семантыка назвы звязаная з глыбінёй рэчышча.
Агульнае Правіць
Пачынаецца ў Шумяцкім раёне Смаленскай вобласці, цячэ ў Хоцімскім, Касцюковіцкім і Веткаўскім раёнах Беларусі. Тройчы перасякае беларуска-расійскую мяжу. Вадазбор на паўднёва-ўсходняй частцы Аршанска-Магілёўскай раўніны, у нізоўях на Чачэрскай раўніне і ў Гомельскім Палессі. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў пачатку красавіка, найбольшая вышыня над межанным узроўнем 3,5—5,5 м, сярэдняя 2,8 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Суднаходная за 78 км ад вусця.
Даліна выразная, слабазвілістая, трапецападобная, шырыня да ўпадзення р. Жадунь 0,2—0,3 км, далей 0,6—1 км, ніжэй вусця р. Свінка 1—1,5 км. Пойма пераважна двухбаковая, большай часткай лугавая, парэзаная прытокамі, старыцамі, рукавамі; вышыня ў вярхоўі 0,1—0,2 км, на астатнім працягу 0,5—0,8 км, пасля ўпадзення р. Свінка да вусця 0,5—1,5 км.
Рэчышча моцназвілістае і разгалінаванае; яго шырыня ў вярхоўі 15—20 м, у ніжнім цячэнні 30—40 м (на асобных участках да 100 м). Берагі стромкія, нярэдка абрывістыя, вышынёй 0,3—2 м.
Асноўныя прытокі Правіць
Справа: Чачавец, Благаўка, Еленка, Сураў, Жадунь, Дзяражня, Алёшня, Палуж, Каўпіта, Азярышчанская, Чарняўка.
Злева: Альшоўка, Жадунька, Войская, Зубр, ручай Машоўка, Пералёўка, Стаўбунка, Студзёнка, Увіч, Сплавень (Трасцянец).
На рацэ Правіць
Гарадскія пасёлкі: Хоцімск, Красная Гара. Іншае: Белая Дуброва, Веткаўскі батанічны заказнік.
У мастацтве Правіць
Народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў напісаў верш «Мая Беседзь».
Заўвагі Правіць
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 177.
- ↑ П. Л. Маштаков. Список рек днепровского бассейна. С.-Петербург, 1913. С. 235.
- ↑ Г. П. Смолицкая. Гидронимия бассейна Оки. Москва, 1976. С. 299.
- ↑ Vanagas A. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius: Mokslas, 1981. — С. 63.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 113—114.
- ↑ П. Л. Маштаков. Список рек днепровского бассейна. С.-Петербург, 1913. С. 234.
- ↑ Vanagas A. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius: Mokslas, 1981. — С. 149.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 198.
- ↑ П. Л. Маштаков. Список рек днепровского бассейна. С.-Петербург, 1913. С. 210, 206, 212.
- ↑ P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 99—102.
Літаратура Правіць
- Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 113. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.