Будзівід

вялікі князь літоўскі

Будзіві́д, Пукувер, Путувер (рус.: Боудивидъ, лац.: Pucuwerus; ? — каля 1295) — вялікі князь літоўскі (1291—1295?).

Будзівід
Нараджэнне XIII стагоддзе
Смерць 1295
Род Гедзімінавічы
Бацька Трайдзень
Дзеці Віцень[1], Гедзімін, Фёдар[d], Воін і Маргірыс[d]
Дзейнасць палітык

ІмяПравіць

Старарускі летапіс падае імёны братоў "Боудикидъ и братъ его Боудивидъ" , тады як лацінскі запіс (лічыцца найбольш дакладнай перадачай) імя аднаго з братоў перадае як "Butegeyde", таму імя другога брата аднаўляецца як "Буцівід". У імёнах братоў перагукаецца аснова But- ("Боуд-" рускага летапісу), і такі перагук не дзіўны для княскага асяроддзя: чатырох сыноў Альгерда звалі Ягайла, Карыгайла, Скіргайла, Швітрыгайла (Свідрыгайла), імёнамі з агульнай асновай Gail-.

І Буцівід, і Буцігейд - імёны з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў. Такія імёны дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменнікам народаў індаеўрапейскага паходжання[2].

Аснова But- у літоўскім іменніку ўтварае больш за сто антрапонімаў[3], яна таксама была адна з самых прадуктыўных у старапрускім іменніку[4]. Яе звязваюць з літ. būti, пруск. būton "быць; жыць", літ. butas, пруск. buttan "дом"[5], далей з індаеўрапейскім *bhŏu-, *bhū- "быць, жыць"[6].

Аснову Vyd- звязваюць з літ. iš-vydo "убачыў" (išvysti "убачыць")[7], што роднасна з блр. дыял. відзець "бачыць". Таксама была папулярная пры ўтварэнні прускіх імёнаў[8].

Укладзеныя ў імя, гэтыя дзве асновы адлюстроўвалі каштоўнасці раннелітоўскага княска-ваярскага асяроддзя: "дом" як сям'я, мінімальная сацыяльная адзінка (затым ішлі Vaiš- вёска і Taut- народ-племя) і слава ("віднасць", заўважнасць ваяра)[9].

ПаходжаннеПравіць

Звестак пра паходжанне Будзівіда няма, разам з Будзікідам, большасць даследчыкаў лічыць яго сынам вялікага князя літоўскага Трайдзеня. Выснова робіцца з таго, што вял.кн. Трайдзень меў дзяцей[10], а таксама значныя сілы пад канец жыцця, каб забяспечыць ім атрыманне спадчыны па сабе. Трайдзень не загінуў праз змову, як паведамляе пазнейшая «Хроніка Быхаўца»[11], а памёр натуральнай смерцю[12], і не вядома пра ўнутраныя канфлікты ў ВКЛ пасля гэтага. Крыніцы называлі Трайдзеня «каралём Літвы» — адзінаўладцам ВКЛ, ужо ў 1286 годзе яны згадваюць іншага «караля Літвы». Зяць Трайдзеня — плоцкі князь Баляслаў, падтрымліваў цесныя сувязі з цесцям і захаўваў іх з ВКЛ пасля яго смерці, а таксама назваў Трайдзеням свайго сына, народжанага ў 1284—1286 гадах. Таму паведамленне пазнейшых крыніц, што пасля смерці вял.кн. Трайдзеня запанавала новая дынастыя, наўрад ці верагоднае і болей праўдападобна, што ўладу атрымалі яго нашчадкі, напэўна, сыны, адзін з якіх Будзівід.

Альтэрнатыўны погляд выказаў Е. Ахманьскі, ён адзначыў, што ў паэтычным творы «Задоншчына» Альгердавічы называюць сябе «ўнукамі Гедымінавымі, праўнукамі Скаламендавымі» і выказаў меркаванне, што бацькам Будзівіда (і Будзікіда) быў князь Скаламенд[13]. На думку Сцівена Роўэла, Скаламенд мог быць і цесцям Гедыміна[14]. На думку В. Насевіча слова «праўнукі» магло быць ужыта ў значэнні «аддаленыя нашчадкі», а імя Скаламенд быць змененай формай імя Скамонт (Скоманд), якое мелі вядомыя з летапісаў два яцвяжскія князі, у прыватнасці князь Скоманд (Комант)[15]. Т. Баранаўскас не згаджаецца з інтэрпрэтацыяй Ахманьскага і лічыць, што Альгердавічы паслядоўна называюць спачатку свайго бацьку Альгерда, потым дзеда Гедзіміна і прадзеда Скаламенда, і пераскок праз прыступку дынастыі надуманы. На думку Т. Баранаўскаса, князь Комант (Скоманд), калі ён тоесны Скаламенду, быў або бацькам, або цесцям Гедзіміна і другое больш верагодна зыходзячы з іншых крыніц.

ДзейнасцьПравіць

Упершыню князь Будзівід згадваецца ў красавіку-маі 1289 года, калі разам са старэйшым братам князем Будзікідам перадаў Ваўкавыск уладзіміра-валынскаму князю Мсціславу Данілавічу, каб захаваць з ім мір.

«Тогда же Литовьскии кнѧзь Боуд̑и̑кидъ и братъ его . Боудивидъ . даша кнѧзю Мьстиславоу . городъ свои . Волъковъıескь абы с ними . миръ держалъ .»[16]

Напэўна, ён жа (гл. падр. Праблемы ідэнтыфікацыі) пад імем Пукувер (Pucuwerus rex Lethowie) згадваецца ў хроніцы Пятра з Дусбурга пад 1291 годам, калі паслаў войска на чале са сваім сынам кн. Віценем супраць палякаў у Куяўскую зямлю.

Час уладарства вялікага князя Пукувера вызначаўся ваеннай актыўнасцю Тэўтонскага ордэна. У 1292—1295 гады рыцары-крыжакі штогод нападалі на Жамойць, a ў 1295 годзе хадзілі яшчэ і на Гародню. Гародня была перадавым пунктам абароны цэнтральнай вобласці дзяржавы — Літвы — і важнейшай базай ВКЛ для арганізацыі паходаў на Прусію.

Са звестак хронікі Дусбурга вынікае, што Пукувер кіраваў моцнай дзяржавай — нягледзячы на непарыўную вайну з Ордэнам, ёй ставала сіл здзяйсняць рабаўніцкія паходы на польскія землі.

Памёр да 1296 года, калі ўжо Віцень названы «rex Lethowie».

Праблемы ідэнтыфікацыіПравіць

Юзаф Пузына атаясняе вышэйназванага Pucuwerus rex Lethowie з адным з князёў, згаданых Іпацьеўскім летапісам пад 1289 годам — Будзівідам[17].

Праз графічныя асаблівасці шрыфту выдання хронікі Дусбурга, друкаванага ў XVII ст., ёсць яшчэ некалькі чытанняў імя князя — Putuwerus і Lutuwerus. Lutuwerus болей не згадваецца ў верагодных крыніцах, толькі Тэадор Нарбут згадвае яго пад імем Lutawor у кантэксце фантастычных звестак і спасылаецца на Раўданскі рукапіс і нейкія паданні[18], напэўна, свае ж фальсіфікаты. Напэўна, на аснове нарбутавых звестак Адам Міцкевіч у творы «Гражына» выводзіць адным з герояў князя Літавора, чыім набліжаным баярынам быў нібыта продак аўтара Рымвід (Гл. таксама Адам Міцкевіч).

Найраннейшы з вядомых цяпер варыянтаў імя — Pucuwerus, варыянты Putuwerus і Lutuwerus з’явіліся толькі ў друку XVII ст. Апошнія варыянты выдаўцы ўзяліся праз чытанне таго ж арыгіналу, што быў і крыніцай чытання Pucuwerus, але да нашага часу не дайшоў. Нейкі спіс з гэтага арыгіналу бачыў Мацей Стрыйкоўскі і прачытаў там Utinuerus. З гэтага даследчыкі робяць выснову, што ўжо да сярэдзіны XVI ст. арыгінал блага чытаўся, а ў XVII ст., калі з’явіліся Putuwerus і Lutuwerus, напэўна, чытаўся яшчэ горш.

У сувязі з гэтым, адзначаюць, што ў гатычным напісанні літары P, L і B вельмі падобныя і невялікае пашкоджанне можа ўнесці няпэўнасць. Пашкоджанне ж першай літары і наогул тэксту пэўна было, бо перапісчык крыніцы для Стрыйкоўскага першай літары імя агулам не бачыў. Таксама адзначаюць, што перапісчыкі Дусбурга часта пісалі c замест t арыгінала. Такім чынам, адно з чытанняў выдаўцоў XVII ст. — Putuwerus, ці не самае блізкае да праўды. Як заўважыў Э. Гудавічуса, у гатычным напісанні r і t адрозніваюцца толькі вышынёй аднаго элемента, т.б. ведаючы благую захаванасць тэксту, можна ўзнавіць напісанне ў арыгінале і як Putuwetus. Таксама вядома, што немцы часта і звычайна чаргавалі як b/p, так і d/t, напрыклад, Gyntsche Pudewiten son[19] на праўдзе сын айрагольскага баярына Бутвіда (Butvydas). У кожным разе, Putuwetus або Buduwedus, пагатоў у гістарычным кантэксце, добра атаясняецца з вядомым тым жа часам Будзівідам, асабліва зважаючы на перадачу немцамі імя яго брата Будзікіда як Butegeyde.

Зноскі

  1. Lundy D. R. The Peerage
  2. T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13.
  3. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 80-81.
  4. R. Trautmann. Die altpreußischen Personennamen. Göttingen, 1974. С. 134.
  5. В.Н. Топоров. Прусский язык. A-D. М., 1975. С. 270.
  6. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 146.
  7. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 160.
  8. R. Trautmann. Die altpreußischen Personennamen. Göttingen, 1974. С. 156.
  9. С. Валянтас. Двусоставные антропонимы - реликты поэзии балтов // Балто-славянские исследования. XVI. Сборник научных трудов. М., 2004. С. 203-205, 217-218.
  10. Вядома яго дачка Гаўдэмунда-Сафія, адпаведна, маглі быць і сыны.
  11. ПСРЛ. Т.32. Хроника Быховца. М., 1975. С.136 «A z onoie wyżpisanoie waśni kniaź weliki Dowmont naprawił szesty mużykow na brata swoieho Troydena, zabity, hde ż on szoł bezpecznie z łaźni, y tyie ieho mużyki zdradne zabili.»
  12. ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. СПб., 1908. стлб. 869.
  13. Охманьский Е. Гедиминовичи — «правнуки Сколомендовы» // Польша и Русь. — М., 1974. — С. 358—364.
  14. Rowell S. C. Iš viduramžių ūkų kylanti Lietuva. — V., 2001. — P. 58.
  15. Насевіч, В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы… С. 70.
  16. ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. СПб., 1908. стлб. 933.
  17. Puzyna J. Kim był i jak sie naprawdę nazywał Pukuwer ojciec Giedymina//Ateneum Wileńskie. t.10. 1935. s.1-43;
  18. Narbutt T. Dzieje starożytne narodu Litewskiego. t.4. s.310-313;
  19. CEV, p. 128.

ЛітаратураПравіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
  • Гудавичюс Э. По поводу так называемой «диархии» в Великом княжестве Литовском // Feodalisms Baltijas regiona. — Riga, 1985. — С. 35-44.
  • Краўцэвіч А. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага 1248—1377 г. Кніга 1: Ад пачатку гаспадарства да каралеўства Літвы і Русі (1248—1341 г.) / Навук. рэд. В. Голубеў. — Гародня-Уроцлаў, 2015. (Гарадзенская бібліятэка) ISBN 978-83-7893-121-8
  • Насевіч В. Путувер // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. — Мінск, 2001. — С. 8.
  • Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы — Мінск: Полымя, 1993. — 160 с.
  • Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской. — М. Ладомир. 1997.
  • Puzyna J. Kim był i jak sie naprawdę nazywał Pukuwer ojciec Giedymina // Ateneum Wileńskie. t.10. 1935. — S. 1-43.