Ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і Венесуэлы

Ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і Венесуэлы — дзейнасць у вобласці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь і Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла, звязаная з удзелам двух дзяржаў і іх узброеных сіл у сумеснай ваеннай дзейнасці, накіраванай на дасягненне агульных ваенна-палітычных мэтаў[1]. Адной са складовых частак тут з’яўляецца ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, якое мае на ўвазе гандаль прадукцыяй ваеннага прызначэння, а таксама яе распрацоўку і вытворчасць[2].

Работа ў дадзенай вобласці ў дзвюх краін найбольш актыўнай была ў 2008—2013 гадах, пасля чаго практычна спынілася.

Перадгісторыя правіць

Пагадненне аб устанаўленні двухбаковых адносін Беларусь і Венесуэла падпісалі яшчэ ў 1997 годзе. Тым не менш доўгі час адзін для аднаго краіны практычна не гулялі ніякай ролі[3]. У 1999 годзе да ўлады ў апошняй прыходзіць Уга Чавес, вядомы сваёй антыамерыканскай палітыкай. Ён меў нацягнутыя адносіны з ЗША і ЕС, улады якіх абвінавачвалі яго ў парушэнні правоў чалавека, а ён іх — у «агрэсіўнай імперыялістычнай палітыцы». У той жа час новы лідар краіны арыентаваўся на Расію і Кітай[4]. Усё гэта шмат у чым збліжала новага кіраўніка дзяржавы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкай. Акрамя таго, меўся і немалаважны эканамічны інтарэс. Многія карпарацыі і дзяржавы хацелі б бачыць развіваную Венесуэлу сваім сыравінным прыдаткам. У сваю чаргу больш развітая ў сацыяльна-эканамічнай плане Беларусь не мела прыродных рэсурсаў і такім чынам залежна ў сыравіне ад іншых. Гэта значыць з’яўляўся інтарэс у абмене рэсурсаў на падтрымку ў развіцці, што пры тым было б роўным супрацоўніцтвам без дамінавання таго ці іншага боку[5].

З прыходам Чавеса да ўлады пачалося паступовае збліжэнне дзвюх дзяржаў. Рэзкая актывізацыя двухбаковых адносін адбылася ў 2006—2008 гадах[3].

Стварэнне сістэмы СПА—РЭБ правіць

У 2007 годзе Узброеныя сілы Венесуэлы запыталі паслугі беларускіх ваенных спецыялістаў. Як пазней успамінаў Лукашэнка, венесуэльцы мелі патрэбу ў дапамозе па рэарганізацыі арміі. Яны закупілі розныя сістэмы супрацьпаветранай абароны, самалёты і іншае ўзбраенне, але не мелі добрай ваеннай школы для карыстання ўсім гэтым[6]. Тагачасны намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Пётр Ціханоўскі адзначыў, што ў Венесуэле адсутнічала адзіная сістэма СПА, меліся толькі паасобныя падраздзяленні[7].

Указамі Прэзідэнта Беларусі ад 5 снежня № 618 і 686 генерал-лейтэнант і будучы пасол краіны ў Баліварыянскай Рэспубліцы Алег Пафераў стаў упаўнаважаным па вядзенні перамоў па праекце пагадненняў аб супрацоўніцтве ў інтарэсах стварэння адзінай сістэмы СПА і сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, а таксама аб знаходжанні на венесуэльскай тэрыторыі беларускіх вайскоўцаў[8]. 8 снежня ў рамках візіту А. Лукашэнкі ў Каракас па гэтым пытанні былі падпісаны дзве дамовы[9].

Першым пагадненнем прадугледжвалася, што Мінск акажа Венесуэле дапамогу і садзейнічанне ў стварэнні адзінай сістэмы СПА і РЭБ на падставе навуковага праекта. Бакі дамовіліся аб тым, што арганізацыі Венесуэлы заключаць кантракты з арганізацыямі рэспублікі і іншых дзяржаў на закупку тавараў, работ і паслуг у адпаведнасці з планамі стварэння дзвюх сістэм. Другім пагадненнем вызначаліся ўмовы, якія рэгламентавалі ўезд і знаходжанне ваенных саветнікаў і спецыялістаў, галоўнага ваеннага саветніка Беларусі і яго апарата на тэрыторыі Венесуэлы ў працэсе ажыццяўлення работ па стварэнні сістэм СПА і РЭБ. Замежнікі абавязаліся выконваць заканадаўства краіны і не ўдзельнічаць у баявых дзеяннях. Абодва дакументы былі ратыфікаваны Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў закрытым рэжыме 9 красавіка 2008 года, а адобраны Саветам Рэспублікі 16 красавіка[10].

У тым жа годзе дзесяць ваенных спецыялістаў без уліку членаў сем’яў прыбылі ў Венесуэлу (пазней іх колькасць узрасла)[10]. Кіраўніцтва групы ажыццяўляў генерал Пафераў[8]. Задачай замежных саветнікаў было стварыць новую сістэму абароны, умантаваць у яе наяўнае ўзбраенне і дакупіць неабходнае новае, пры гэтым усё растлумачыць для венесуэльскіх калегаў[6]. Пасля смерці Чавеса ў 2013 годзе адносіны дзвюх краін саслаблі, і місію беларускіх спецыялістаў згарнулі[6]. Аднак у Венесуэле ўдалося дамагчыся паспяховага абнаўлення і сістэматызацыі СПА—РЭБ, пры чым не за шэсць гадоў, як планавалася, а за пяць[7].

Сумесныя мерапрыемствы правіць

У 2006 годзе падчас сустрэчы старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Мікалая Чаргінца з дэпутатамі Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы з’явілася ідэя аб правядзенні сумесных мерапрыемстваў сілавых структур. Падобная ініцыятыва была падтрымана дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі Беларусі Віктарам Шэйманам[11].

З 28 сакавіка па 18 красавіка 2008 года 16 супрацоўнікаў[12] групы «Альфа» Камітэта дзяржбяспекі, САХРа ўнутраных войскаў, службы бяспекі прэзідэнта і спартыўнага таварыства «Дынама» (у дадатак да існых спецыялістаў СПА—РЭБ) знаходзіліся ў экспедыцыі ў рамках умацавання супрацоўніцтва сілавых структур дзвюх краін. Яна ўключала ў сябе семінары, на якіх спецназаўцы абменьваліся вопытам па барацьбе з тэрарызмам, а таксама курс выжывання беларусаў у амазонскіх джунглях[13]. Дэвіз экспедыцыі гучаў як «спецназы дружалюбных краін у барацьбе з міжнародным тэрорам» (ісп.: fuerzas especiales de países amigos en la lucha contra el terror internacional). Само мерапрыемства праводзілася напярэдадні святкавання 85-годдзя БФСТ «Дынама». Усю экспедыцыю ўзначальваў Андрэй Красоўскі, начальнік, цэнтра спецыяльнай падрыхтоўкі БФСТ[11].

Завяршальным этапам стала ўзыходжанне 11 красавіка на Пік Балівар (4978 м), найвышэйшы пункт Венесуэлы. Узыходжанне было дастаткова складаным і напружаным. Байцам, сярод якіх былі прадстаўнікі Беларускай федэрацыі альпінізму, давялося прайсці паэтапна джунглі Амазоніі з прыпынкамі, пасля чаго здзейснены непасрэдны штурм вышыні. На яе ўзняты сцягі дзвюх краін і сімволікі службы бяспекі прэзідэнта, Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, НАК, групы «Альфа» КДБ, САХРа і Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама», а таксама спонсараў, якія арганізавалі экспедыцыю. Такое мерапрыемства спрыяльна паўплывала на ўзаемаадносіны спецслужбаў дзвюх дзяржаў[14].

Улетку таго ж года Беларусь наведалі байцы камандас DISIP, якія прынялі ўдзел у вучэбна-метадычным зборы БФСТ «Дынама». Прыкладна да 2011 года сілы DISIP і СЕБІН неаднаразова прыязджалі ў краіну і праходзілі курс падрыхтоўкі ад «Дынама» і 5-й брыгады спецназа УС РБ. У ходзе навучання замежных сілавікоў пад Мар’інай Горкай на беларуска-венесуэльскі канвой адбылася вучэбная атака, падчас якой байцы 5-й брыгады хацелі прадэманстраваць свае магчымасці. Аб манёўрах замежнікам не было абвешчана і тыя прынялі гэта за рэальны напад баевікоў. Яны падрыхтаваліся дзейнічаць рашуча, але беларускі спецназ хутка адбіў «атаку». Байцы DISIP засталіся ўражаны прафесіяналізмам сваіх калегаў[15].

Пастаўкі зброі правіць

Да 2000-х Венесуэла ў значнай ступені выкарыстала французскую і амерыканскую тэхніку. Аднак з прыходам Чавеса кіраўніцтва краіны прыняло рашэнне арыентавацца на Расію і Кітай, а такім чынам і правесці пераўзбраенне. Беларускі бок абавязаўся пастаўляць у краіну новую тэхніку, у прыватнасці АСК[7].

У ліпені 2006 падпісана пагадненне аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве[16].

У рамках праграмы для абароны асабліва важных аб’ектаў на тэрыторыі Венесуэлы створаны базы дыслакацыі беларуска-расійскага ЗРК «Пячора-2М» — мадэрнізацыі С-125. Кантракт на набыццё гэтых комплексаў быў заключаны Каракасам у верасні 2009 года. Прадугледжвалася закупка 11 (па іншых даных 18) такіх ЗРК. Пастаўкі пачаліся ў маі 2011 года. Акрамя таго, у 2006—2010 гг. венесуэльскія ўзброеныя сілы закупілі ў Беларусі нявызначаны лік комплексаў Тор-М1[17]. З беларускага боку ў ліку асноўных выканаўцаў праекта выступілі прадпрыемства «Алеўкурп», «Волатаўта», створанага Мінскім заводам колавых цягачоў, і 2566-ы завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення. Па інфармацыі трэціх крыніц, сувыканаўцам праекта нараўне з прадпрыемствамі ВПК Беларусі магчыма выступілі кітайскія, расійскія і іранскія кампаніі[18].

1 сакавіка 2008 года калумбійскія войскі ўварваліся на тэрыторыю суседняга Эквадора і разграмілі лагер паўстанцаў ФАРК, забіўшы іх камандзіра Рауля Рэеса. Падчас бою быў захоплены ноўтбук Рэйса, дзе, паводле заявы прэзідэнта Калумбіі Альвара Урыбэ, меліся звесткі аб супрацоўніцтва паміж ФАРК і ўладамі Эквадора, а таксама аб пастаўках зброі з Беларусі калумбійскім паўстанцам пры пасярэдніцтве Венесуэлы[19].

У электронным лісце за 8 лютага ад Івана Маркеса, аднаго з членаў ФАРК, гаварылася[19]:

  Уга Чавес разгледзеў з беларускімі ўладамі магчымасць паставак узбраення... Наш беларускі сябар працягвае работу над пакетам аб шляхах да чорнага рынку, каб вырашыць праблемы... 17 чысла гэтага месяца ў Каракас прыбудзе дэлегацыя высокіх прадстаўнікоў ад гэтага сябра, каб удакладніць спіс. Анёл прасіў, каб мы былі тут і асабіста дамовіліся з дэлегацыяй.  

Па даных газеты «Эль Паіс», Анёл — гэта псеўданім Уга Чавеса, а сябар — Віктар Шэйман, дзяржсакратар Савета Бяспекі Беларусі. Ён быў адным з тых, хто прасоўваў кантракты на пастаўку зброі ў Венесуэлу на суму ў 720 млн еўра, якія былі падпісаны ў 2007 годзе. З 15 па 19 лютага 2008 г. беларуская дэлегацыя на чале з Шэйманам ездзіла ў Венесуэлу на перамовы[19].

Гл. таксама правіць

Зноскі правіць

  1. В. С. Григорьев, Е. Е. Кондаков. ВОЕ́ННОЕ СОТРУ́ДНИЧЕСТВО Архівавана 2 чэрвеня 2021. // Большая российская энциклопедия
  2. Федеральный закон от 19.07.1998 N 114-ФЗ (ред. от 04.12.2007) «О военно-техническом сотрудничестве Российской Федерации с иностранными государствами» (принят Государственной Думой Федерального Собрания Российской Федерации 03.07.1998)
  3. а б Андриевский К. П. Торговые отношения Республики Беларусь со странами Латинской Америки Архівавана 22 снежня 2015. // Журнал международного права и международных отношений. — 2010. — № 2. — С. 54.
  4. История ненависти Уго Чавеса — приговор Соединенным Штатам // Правда.ru, 31.01.2006
  5. А.Лукашенко: мы с У.Чавесом — люди одной идеологии // СБ. Беларусь Сегодня, 26 июня 2012
  6. а б в Лукашенко: в Венесуэле было допущено много ошибок и упущена экономика
  7. а б в Белорусские военные специалисты будут принимать участие в создании системы ПВО Венесуэлы Архівавана 30 красавіка 2008.
  8. а б Полетели шапки военных и пограничников
  9. Небо над Венесуэлой будет охранять белорусская система ПВО(недаступная спасылка)
  10. а б Минск помог Каракасу создать систему ПВО, но не может добиться оплаты счетов | naviny.by Архівавана 29 лістапада 2020.
  11. а б Белорусские спецназовцы готовятся к покорению высшей точки Венесуэлы — пика Боливара
  12. В Минск вернулись белорусские спецназовцы, покорившие самую высокую точку Венесуэлы Архівавана 2 чэрвеня 2021.
  13. Белорусский спецназ добрался до пика Боливара
  14. Белорусские спецназовцы совершили успешное восхождение на высшую точку Венесуэлы пик Боливара
  15. Визит Commandos Disip в Минске. Disip in Minsk Часть 1 — Видео на Youtube
  16. Андриевский, К. П. Отношения Республики Беларусь с Боливарианской Республикой Венесуэла в 1992—2010 гг. / К. П. Андриевский. — Минск : БГУ, 2013. — 47 с. — Библиогр.: с. 29—45.
  17. Беларусь — Венесуэла: тайны политического альянса
  18. Минск помог Каракасу создать систему ПВО, но не может добиться оплаты счетов Архівавана 24 верасня 2020. // БелВПО, 11 ноября 2019
  19. а б в El Pais: Венесуэла с помощью Лукашенко и его приближенных поставляла белорусское оружие колумбийским боевикам

Літаратура правіць

  • Михайлевский, Е. Перспективное сотрудничество: Венесуэла — окно в Латинскую Америку для белорусского ВПК / Е. Михайлевский // ВПК. Беларусь. — 2012. — № 3. — С. 56—65.

Спасылкі правіць