Дрысвяты (возера)
Дрысвя́ты (літ.: Drūkšiai) — возера на мяжы Літвы і Беларусі (Браслаўскі раён) у басейне ракі Дрысвята, за 22 км на захад ад горада Браслаў, каля аграгарадка Дрысвяты. Найбольшае паводле плошчы возера Літвы. Возера Дрысвяты сумесна з возерам Ставок стала азёрным вадасховішчам пасля будаўніцтва на рацэ Прорва ў 1953 годзе плаціны ГЭС «Дружба народаў».
Дрысвяты | |
---|---|
Дрысвяты, Drūkšiai | |
Морфаметрыя | |
Вышыня над узроўнем мора | 141,6[1] м |
Даўжыня | 13 км |
Шырыня | 5,8 км |
Плошча | 44,5 км² |
Аб’ём | 313 км³ |
Даўжыня берагавой лініі | 60,3 км |
Найбольшая глыбіня | 33,3 м |
Сярэдняя глыбіня | 7 м |
Гідралогія | |
Салёнасць | 0,18—0,23 ‰ |
Басейн | |
Плошча вадазбору | 604 км² |
Упадаюць | Апівардка, Рычанка |
Выцякаюць | Дрысвята, Прорва |
Размяшчэнне | |
Краіна | |
|
|
|
|
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Назва
правіцьНазва Дрысвяты балцкага паходжання[2].
Аснова Dris- таксама ў балцкіх гідронімах, шырока раскіданых па ўсходзе старабалцкай тэрыторыі: Дрыса, Дрысела (цераз Аку ад Разані), Дрысенка (прыток Жыздры на Верхнім Павоччы)[3], Дрыска (двойчы на Верхнім Падонні)[4]. З іх паказальная назва Дрысела, бо ўтвораная з дапамогай балцкага гідранімічнага пашыральніка -el- (як у назвах рэк *Скідзела, *Зецела).
У дрысвяцкай назве гэтая аснова ў пашыраным выглядзе Dris-ṷ-. Так сама ўтвораная і назва ракі Бірвета (< Bir-ṷ-) на поўдні ад Дрысвятаў[5].
Пашыральнік -int- (> -ят-) у назвах азёраў на Падзвінні Дрывяты, Навята (абодва на ўсходзе ад Дрысвятаў), Усвят, Удвят.
Гідраграфія
правіцьПлошча паверхні 44,5 км². Даўжыня 13 км, найбольшая шырыня 5,8 км. Даўжыня берагавой лініі 60,3 км. Найбольшая глыбіня 31 м, сярэдняя 7 м. Аб’ём вады 313 млн м³. Плошча вадазбору 604 км².
Схілы катлавіны — узгоркі і грады вышынёй да 15 м, месцамі спадзістыя, забалочаныя, усходнія і паўднёва-ўсходнія разараныя, астатнія аблесеныя. Звілістая берагавая лінія ўтварае мноства заліваў, асабліва ў паўднёвай частцы. На берагах шмат валуноў. Рэльеф дна ўзгорысты; да глыбіні 5 м пясчаныя грунты, цэнтральная частка выслана ілам. На возеры 8 астравоў, найбольшы з іх Замак (плошча 0,26 км², у XIV—XVII стагоддзях тут існаваў Дрысвяцкі замак).
Упадаюць рэкі Апівардка, Рычанка, выцякаюць рэкі Прорва (злучае Дрысвяты з возерам Аболе) і Дрысвята.
Экалогія
правіцьГідратэхнічныя збудаванні ГЭС рэгулююць узровень возера Дрысвяты, якое выкарыстоўваецца ў якасці вадаёма-ахаладжальніка Ігналінскай АЭС. Возера эўтрофнае. Зарастае каля 10 % плошчы возера.
У возеры водзяцца шчупак, лешч, акунь, язь, сазан, судак, плотка, лінь і іншыя віды рыб.
Заўвагі
правіць- ↑ Ліст карты N-36-18. Выданне 1984 года. Стан мясцовасці на 1983 год. (руск.)
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 91.
- ↑ В. Н. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. II // Балто-славянские исследования. 1987. — Москва, 1989. С. 51.
- ↑ В. Н. Топоров. Балтийские следы на Верхнем Дону // Балто-славянские исследования. 1988—1996. Москва, 1997. С. 317.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 65.
Літаратура
правіць- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Дрысвя́ты // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 287. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 16. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5. (руск.)