Каралёва Слабада 2

Каралёва Слабада́ 2[1] (трансліт.: Karaliova Slabada 2, руск.: Королёва Слобода 2) — вёска ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Краснаўскага сельсавета. Размешчана на паўночным захадзе раёна, на рацэ Бярэзіна, за 2 км ад шашы Бабруйск — Парычы. 5 км ад вёскі Краснаўка, 14 км ад гарадскога пасёлка Парычы, 39 км ад Светлагорска; 22 км ад Бабруйска Магілёўскай вобласці[2].

Вёска
Каралёва Слабада 2
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Герб г. Казімір Казімір, Казімірава Слабада,
Каралеўская Слабодка,
Казіміраўская Слабада
Насельніцтва
132 чалавекі (2005)
Нацыянальны склад
Канфесійны склад
Хрысціянскі крыж хрысціянеправаслаўныя,
у т. л. стараабраднікі
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2342
Паштовы індэкс
Аўтамабільны код
3
Рака
Аўтобусны прыпынак
Каралева Слабада
Каралёва Слабада 2 на карце Беларусі ±
Каралёва Слабада 2 (Беларусь)
Каралёва Слабада 2
Каралёва Слабада 2 (Гомельская вобласць)
Каралёва Слабада 2

Прыкладна за 1 км у напрамку на паўднёвы ўсход ад вёскі знаходзіцца возера Дабрасень, насупраць вёскі — возера Рэчышча[3].

Гісторыя

правіць

Па назве можна меркаваць, што пасяленне заснавана ў 16 — 17 ст. на землях караля Рэчы Паспалітай (выснова кандыдата філалагічных навук А. Ф. Рогалева, г. Гомель)[4]. Паводле высноў доктара гістарычных навук С. Я. Рассадзіна (г. Мінск), в. Каралеўская Слабада ўзнікла на месцы г. Казімір. Гэты горад быў утвораны ў 1643 г. з в. Слабада Бабруйскага староства Рэчыцкага павета Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), Рэч Паспалітая[5]. У некаторых дакументах Казімір, які існаваў да 1655 г., пададзены пад назвамі Казімірава Слабада, Каралеўская Слабада.

Выказвалася меркаванне, што Каралеўская Слабада, магчыма, колісь называлася Бярэзінскае Сяло[6], якое разам са Стрэшынам у 1399 г. вялікі князь Вітаўт перадаў віленскаму капітулу (рада святароў кафедральнага касцёла Св. Станіслава)[7]. У самой грамаце князя Вітаўта ад 03.04.1399 сяло не згадваецца, а гаворыцца: «дали есмо землю… на имя Березынская, къ Стрешину»[8].

У крыніцах 1819 ст. сустракаюцца таксама найменні Каралеўская Слабодка, Казіміраўская Слабада. У рашэнні Сейму Рэчы Паспалітай 01.02.1717 г. Каралеўская Слабодка названая сярод уладанняў Рэчыцкага павета, якія ўносілі гіберну («зімовы хлеб», падатак для ўтрымання войска) на конную харугву надворнага падскарбія ВКЛ (з 1713 — Язэп Францішак Сапега). Вёска ўносіла 110 злотых[9]. З 01.07.1736 маёнтак Казіміраўская Слабада — ва ўладанні мужа і жонкі Садоўскіх, якія атрымалі яго ў цэсію ад Пятра Глушынскага[10].

З 22.07.1793, у выніку II-га падзелу Рэчы Паспалітай — у Расійскай Імперыі, у Парыцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні. У рэвізскай казцы (спісе сялян) 1795 г. вёска названая як Казіміраўская Слабада, а ў дадатку да дакумента — Каралеўская Слабада; у рэвізскіх казках 1811 і 1834 г. — Казіміраўская Слабада, у 1850 г. — Каралеўская Слабада. У гэты перыяд маёнткам валодалі Прушаноўскія[5]. За 1835 г. у Каралеўскай Слабадзе згадваецца грэка-каталіцкі храм[11]. З 1874 г. маёнтак належаў Марыі Бажанавай, меў 356 валок, 2 млыны, мноства лугоў. Вёска мела 8 двароў, жыхары займаліся сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам і плытніцтвам[6].

Згодна апісанню 1879 г., Каралеўская Слабада — цэнтр праваслаўнага прыходу ў II-ой благачыннай акрузе Бабруйскага павета, у 3-х вярстах ад паштовай дарогі, у 7 вярстах ад паштовай станцыі Баравая, у 35 вярстах ад павятовага горада і чыгункі. У навакольнай мясцовасці мелася т. з. «Каменная магіла», «якая была адчынена, і ў ёй знойдзена некалькі манет і 3 крыжыка на пахаванні.» На тэрыторыі прыходу быў таксама рымска-каталіцкі касцёл, «у якім на памяці яшчэ прыхаджан вялі частыя малебствы свяшчэннікі з уніятаў»[12].

Паводле дадзеных 1886 г., Каралеўская Слабада — сяло Парыцкай воласці Бабруйскага павета, тут 13 двароў, 108 жыхароў, царкоўны прыход[13]. Пры царкве дзейнічала школа; праводзіліся кірмашы 19 жніўня[14]. У 1887 г. сюды перасяліліся выхадцы з Віленскай і Каўнаскай губерній — стараабраднікі (мясцовая назва — ковенцы). Адбыўся падзел на 2 вёскі — Каралеўская Слабада-1 і −2.

У 20 ст. у вёсцы працавала школа, мелася прыстань. З 17.07.1924 — у складзе ўтворанага Парыцкага (з 29.07.1961 — Светлагорскага) раёна; 20.08.1924 раён падзелены на сельсаветы, сярод якіх быў Каралёваслабадскі (да 16.07.1954)[15]. У перыяд акупацыі падчас II-ой сусветнай вайны ў вёсцы дзейнічала антыфашысцкая падпольная група[16]. Пасля 1967 года на стараабрадчаскі прыход епіскапам БАПЦ Макарам (Харанэкам) быў высвечаны святар[17].

У наш час

правіць

На 1.1.2005 у вёсцы пражывала 132 чал., з якіх 18 ва ўзросце да 18 гадоў, 57 — у працаздольным узросце і 57 ва ўзросце, старэйшым за працаздольны; налічвалася 60 двароў; 4 вуліцы, 2 завулкі. Вёска ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС знаходзіцца ў зоне радыяцыі да 5—15 Ku/км². Маюцца крама, аўтобусны прыпынак, з 2007 — вежы мабільнай тэлефоннай сувязі А1 і МТС. Праваслаўны прыход адносіцца да храма Святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны ў г. п. Парычы. З 2006 г. у вёсцы вядуцца археалагічныя раскопкі (ліпень ці жнівень).

Славутасці

правіць

Зноскі

правіць
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Карале́ўская Слабада́ 2
  2. Гомельская область. Общегеографический атлас — Мн., 2005. — С. 2, 11, 12.
  3. Ліст карты N-35-119. Выданне 1981 г. (руск.)
  4. РОГАЛЕЎ А. Каралеўская Слабада // Светлагорскія навіны. 1990. 16 чэрвеня. С. 2.
  5. а б РАССАДИН С. Е. Гербовый привилей 1643 г. на магдебургию г. Казимежу в старостве Бобруйском / Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып 2. Мн., 2001, с. 215—223.
  6. а б Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. X. Warszawa, 1889, s. 799.
  7. Daniłowicz I. Skarbiec diplomatów papiezkich, cesarskich, krolewskich, książęcych; uchwał narodowych, postanowień różnych władz i urzędów posługujących do krytycznego wyjaśninia dziejów Litwy, Rusi Litewskiéj i ościennych im krajów. T.1. Wilno, 1860, s. 317.
  8. ВАСЬКОЎ Ул. Каталіцтва ва ўсходняй Гомельшчыне // Архэ. 2007. № 12. Архівавана 10 жніўня 2010.
  9. Dyspozycyje repartycyi tak lokacyi zimowej / Volumina Legum. T. VI. Petersburg, 1860, s. 184—201.
  10. КІТУРКА І. Матэрыялы па гісторыі Рэчыцкага рэгіёна ў кнізе запісаў Метрыкі ВКЛ за 17351740 гг. / Чацвёртыя міжнародныя Доўнараўскія чытанні. Гомель, 2004, с. 56 — 64.
  11. ПОРОМЕНСКИЙ П. Паричское женское св. Марии Магдалины училище духовного ведомства. СПб., 1910.
  12. Описание церквей и приходов Минской епархии. Т. 7: Бобруйский уезд. Мн., 1879, с. 71 — 73.
  13. Волости и важнейшие селения Европейской России. Вып. V. Губернии Литовской и Белорусской областей. СПб., 1886.
  14. КАВАЛЕНКА А. Легенды і паданні Каралеўскай Слабады / Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны.(недаступная спасылка)
  15. ДУЛЕБА Г. І., КУРЫЛОВІЧ Г. М. З гісторыі населеных пунктаў Светлагоршчыны / Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. У 2 кн. Кн. 2. Мн., 2003, с. 741—742.
  16. Хронограф / Bobr.by. Бобруйский портал. Архівавана 9 красавіка 2009.
  17. Да гісторыі беларускай праваслаўнай аўтакефаліі (Ч. 3) // Голас Царквы беларускай № 24, 2006.

Гл. таксама

правіць

Спасылкі

правіць