Лазар Саулавіч Ран
Лазар Саулавіч Ран (5 (18) красавіка 1909, Дзвінск — 5 жніўня 1988, Мінск) — беларускі савецкі графік, жывапісец, скульптар, паходзіў з яўрэяў горада Даўгаўпілс.
Лазар Саулавіч Ран | |
---|---|
![]() | |
Дата нараджэння | 5 красавіка (18 красавіка) 1909 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1988 |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак |
Жанр | партрэт, тэматычная карціна, гістарычны жанр |
Вучоба | Віцебскае народнае мастацкае вучылішча |
Мастацкі кірунак | рэалізм |
Вядомыя працы | серыя «Мінскае гета» |
Уплыў | Яфім Сямёнавіч Мінін, М. Г. Эндэ, Ф. А. Фогт |
БіяграфіяПравіць
Даваенны перыядПравіць
Калі Лазару споўнілася шэсць гадоў, сям'я пераехала ў беларускі горад Полацк. Мастацкую адукацыю атрымаў у Віцебскім мастацкім вучылішчы (1928—1932) у мастакоў Я. С. Мініна, Ф. А. Фогта, М. Г. Эндэ. У годы вучобы дружыў з Анатолем Волкавым, Абрамам Заборавым, Адольфам Гугелем, Раісай Кудрэвіч.
Пасля заканчэння вучобы Лазар Ран працаваў ілюстратарам кніг у Дзяржвыдавецтве БССР у Мінску. З канца 1930-х ён паспяхова ўдзельнічаў у мастацкіх выставах, у асноўным як жывапісец. Жанрам і тэматыкай яго прац былі партрэты, гістарычныя кампазіцыі ў рэалістычным напрамку. Творам уласцівы эмацыйнасць, жыццёвая праўдзівасць, тонкі псіхалагізм.
У лістападе 1932 года быў арыштаваны за антысавецкую агітацыю і потым асуджаны Асобай нарадай пры Калегіі АГПУ. Некалькі месяцаў правеў за кратамі, але быў вызвалены (реабілітаваны Пракуратурай БССР 31 мая 1989)[1]. Пасля выхаду на волю, Лазар Ран з’ехаў у Маскву і быў вымушаны заставацца там да вызвалення Беларусі ў 1944 годзе. У час вайны мастак маляваў партрэты партызанскіх камандзіраў, падпольшчыкаў, якія прыбылі з-за лініі фронту. Гераічная тэма, тэма Вялікай Айчыннай вайны — традыцыйныя для беларускага мастацтва ХХ стагоддзя. Вядомы яго жывапісныя партрэты і сюжэтна-тэматычныя карціны:
- Партрэт Героя Савецкага Саюза Г. Маслоўскай
- Партрэт камісара партызанскага атрада В. Крайко, 1945
- Партрэт прафесара Л. Ніканава, 1948
- «Акупанты», 1948
- «Дзядуля-герой», 1957
- «Весткі з Петраграда», 1957
- «Сталявары», 1958
- «Беларуская легенда», 1960
- Партрэт Францыска Скарыны, 1963
Сябра Саюза мастакоў БССР з 1940 года.
Пасляваенны перыядПравіць
Вярнуўшыся ў 1944 годзе ў Мінск, Лазар Ран пазнаў аб гібелі ў гета сваёй сям'і, усіх родных, што засталіся ў горадзе. Гэта падзея вызначыла тэму ўсёй далейшай творчасці мастака. У сярэдзіне 1950-х гадоў ён пачаў працаваць над серыяй афортаў «Мінскае гета», якія не маюць аналагаў. Мастак на працягу 20 гадоў працаваў над гэтым цыклам, стварая ўсё новыя і новыя варыянты, часам неаднаразова вяртаючыся да адной і той жа кампазіцыі, імкнучыся дамагчыся максімальнай выразнасці і тэхнічнай дасканаласці. Гэты цыкл з'яўляецца аднім з самых пранізлівых твораў, прысвечаных трагедыі Халакоста. У серыю увайшло 17 лістоў, сярод якіх:
- «Ад»
- «Вар'ятка»
- «За калючым дротам»
- «Музыка»
- «Паэт»
- «Птушкі»
- «Расстрэл»
- «У схроне»
- «Філосаф»
- «Хворая маці»
- «Шчасліўчык»
- «Яма»
Серыя афортаў Лазара Рана «Мінскае гета» доўгія гады не экспанавалася на выставах. У 1979 пры пасярэдніцтве нямецкага мастака Ліі Грундзік альбом гэтых гравюр закупіла Дрэздэнская карцінная галерэя. Толькі ў 1991 годзе афорты былі паказаны на выставе ў Палацы культуры тонкасуконнага камбіната імя Ц. Я. Кісялёва. Пасля гэтага у канцы 90-х гадоў, мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн зноў экспанавала гэтыя творы ў сваёй галерэі «Брама»[2].
Тэму Мінскага гета мастак працягнуў іншымі творамі ў літаграфіі, скульптуры, жывапісу. У якасці мастацкага элемента Лазар Ран уводзіць у літаграфіі «Кажыце, слухайце, памятаеце», «Фашысцкія забойцы» і «Рэквіем» надпісы на мове ідыш, якія даносяць да гледача галоўныя думкі і пачуцці мастака. У адрозненне ад афортаў, дзе пераважае маляўнічае спалучэнне цёмнага і светлага тонаў, літаграфіі выглядаюць як скульптурныя рэльефы. Дзве літаграфіі — «Мадонна з гета» і «Прысвячэнне Абраму Бразеру» выкананы ў выглядзе надмагільных камянёў. Абрам Бразер, беларускі скульптар, жывапісец, графік быў сябрам мастака і загінуў у Мінскім гета разам са сваім сынам.
Пасля вайны Ран звярнуўся да графікі, да новых для яго тэхнікам афорта і літаграфіі. З гэтага часу графіка стала адным з асноўных відаў яго творчасці. Мастак стварыў серыі афортаў:
- «Брэсцкая крэпасць» (15 лістоў), 1952
- «Мой Родны Кут, як ты мне мiлы ...» (паводле твору Якуба Коласа), 1958—1960
- «Якуб Колас у Навагрудку», 1960
- «Па Родных Мясцiнах» (паводле твораў Янкі Купалы), 1970
- «Яўрэйскія пісьменнікі», 1962—1972
- «Сустрэча ў Вільне», 1980
- «Янка Купала і Цётка каля Чорнага возера», 1983
- «Кіжы»
- «Беларуская архітэктура»
Лазар Ран таксама вядомы як жывапісец і скульптар. У яго бронзавых рэльефах «Загінулым ў гета прысвячаецца», «Музыка», «Памяці Януша Корчака», выкананага да 100-годдзя з дня нараджэння педагога, які загінуў разам з дзецьмі ў канцлагеры, выкарыстаны сімвалы яўрэйскіх святыняў і тэксты на мове ідыш. Бронзавая скульптура задумвалася мастаком як помнік загінулым у Мінскім гета. Некаторыя жывапісныя палотны — «Хворая маці», «Музыка», «У схроне» паўтараюць кампазіцыі афортаў і бронзавых рэльефаў, прысвечаных Мінскаму гета. Мастак у творчасці ўвесь час вяртаўся да трагедыі свайго народа.
Працягваў таксама ілюстраваць кнігі: «Муму» І. Тургенева (1953 г.), «Дзіцячы сад» А. Велюгина, «Джым-ліфцёр» Н. Кальмі (1954 г.) і іншыя.
«Ідышэ шрайбер»Правіць
У цыкл літаграфій «Яўрэйскія пісьменнікі» ўвайшлі партрэты вядомых пісьменнікаў і паэтаў, якія жылі ў розныя эпохі і ўнеслі вялікі ўклад у развіццё яўрэйскай культуры. Больш за 20 партрэтаў усёй серыі размешчаны на традыцыйных разьбяных надмагільных камянях — мацейвах. На загалоўнам лісце серыі намалёван камень з ільвом (сюжэт традыцыйнага яўрэйскага народнага арнаменту, сімвал адвагі), які трымае запаленую свечку над надпісам «Яўрэйскія пісьменнікі». Лазар Ран зрабіў вобразы класікаў яўрэйскай літаратуры, на творах якіх ён быў выхаваны: Шолам-Алейхем, Мендэле Мойхер-Сфорым, Шалом Ан-скі, Шауль Чарніхоўскі, Іцык Лейбуш Перац. Працягнулі цыкл партрэты сучаснікаў мастака: Ісака Бабеля, Ізі Харыка, Пераца Маркіша і іншых. Партрэты пісьменнікаў рэалістычныя і вядомыя. Для раскрыцця іх вобразаў, пры стварэнні сюжэтаў і дэталяў, мастак выкарыстоўваў разнастайныя прыёмы. Адным з такіх стылістычных прыёмаў сталі надпісы на мове ідыш імёнаў і прозвішчаў персанажаў цыклу, якія раскрываюць стаўленне майстра да творчасці пісьменнікаў. У некаторыя партрэты майстар ўключыў дадатковыя тэксты, урыўкі з вершаў (І. Харыка, П. Маркіша, Ш. Галкіна), асобныя выразы (Шалом Алейхем), назвы твораў (Ш. Ан-скі). Некаторыя партрэты мастак змясціў на пабітыя камяні. Першапачаткова яны складалі асобную серыю «Разбітыя надмагіллі» («Цуброхене мацейвес»). Пазней Ран аб'яднаў усе партрэты ў агульны цыкл «Яўрэйскія пісьменнікі». У арыгіналах ўсе творы цыклу выкананы ў спалучэнні двух колераў — чорнага і залатога.
ПамяцьПравіць
У лістападзе 2009 года ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы мастацтваў адкрылася выстаўка «Расстрэляная літаратура». Яўрэйскія пісьменнікі ў графіцы Лазара Рана». Выстаўка была арганізавана бібліятэкай сумесна з Музеем гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі (Мінск). У экспазіцыі было прадстаўлена 16 арыгінальных графічных работ Лазара Рана з цыклу «Яўрэйскія пісьменнікі».
Творы мастака захоўваюцца, у асноўным, у прыватных калекцыях Беларусі, ЗША, а таксама у сям'і сына мастака.
Зноскі
ЛітаратураПравіць
- Лазарь Ран. Минское гетто: графика, скульптура, живопись. Альбом. Сост. Инна Герасимова, Андрей Скребков. - Минск, Книгосбор, 2008.
- Р. Шаура. Ран Лазар Саулавіч. Мінск: Беларусь, 1975.
- Выстаўка твораў мастака Л. С. Рана: [каталог / аўтар прадмовы У. Бойка]. - Мінск: Полымя, 1973.
- Выстаўка твораў Лазара Саулавіча Рана, прысвечаная 30-годдзю творчай дзейнасці: каталог. - Мінск, 1963.
- Н. Агафонаў. Думаць аб будучыні... // Мастацтва Беларусi, 5/1990, ст. 22-24.
СпасылкіПравіць
- Борис Цынман. Лазарь Ран и его серия офортов «Еврейские писатели». (руск.)
- Лазарь Ран. (руск.)
- МЕОД. Имена, лица и судьбы еврейской культуры... (руск.)
- В Национальном историческом музее Республики Беларусь открылась выставка «Памяти Минского гетто». (руск.)
- БЕЛАПАН. В столице открылась выставка офортов Лазаря Рана, посвященная памяти Минского гетто. (руск.)