Манькавіцкі парк

У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Парк «Манькавічы» — твор садова-паркавага мастацтва, абвешчаны батанічным помнікам прыроды дзяржаўнага значэння. Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне Століна.

Манькавічы
Памятны камень у парку
Памятны камень у парку
Асноўная інфармацыя
ТыпГарадскі парк 
Плошча24 га
Дата заснавання1885 
Размяшчэнне
51°53′48″ пн. ш. 26°52′07″ у. д.HGЯO
Краіна
Манькавіцкі парк (Беларусь)
Манькавічы
Манькавічы
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Парк закладзены як сядзібны па ініцыятыве княгіні Марыі Дароты дэ Кастэлян (1848—1915) у 1885 годзе, што адзначана на захаваным памятным камяні.[1]

Асновай для парка паслужыў размешчаны побач з Манькавіцкім фальваркам лес са старымі дубамі плошчай каля 50 га.

Апісанне

правіць

Манькавіцкі парк мае пэўную стылявую агульнасць з нясвіжскім. У яго ландшафце знайшлі ўвасабленне матывы рамантызму, ідэі натуралізму, рысы рэгулярнасці (выяўленыя алеямі і экзотамі) і кампазіцыйная адточанасць шэрагу паркавых элементаў.

Парк займае высокую жывапісную тэрасу на старым рэчышчы Гарыні, па якім пракладзены канал, так званы «Копанец», які з-за паўнаводнасці і шырыні прымаюць за раку. Гарынь толькі падыходзіць да парку, робячы лукавіну. Геамарфалагічныя асаблівасці мясцовасці забяспечвалі добрае ўспрыманне далёкіх перспектыў, якія ў выглядзе панарамы адкрываюцца ад самога ўезду ў парк.

Раскрыццё перспектыў па меры руху да палаца дасягалася становішчам галоўнай алеі, дарожнае пакрыццё якой, як і цэнтральнай вуліцы ўсяго Століна, выканана знакамітай «пінскай косткай», або трылінкай. Асаблівасцю манькавіцкай трылінкі з’яўляецца яе каляровае афармленне, у сваёй большасці шасцікантовікі спаяны з каменя чырвона-жоўтых парод.

У адносінах да двух паркавых алей фарміраваліся паркавыя пейзажы. Асноўны прынцып пабудовы парку заключаецца ў чаргаванні невялікіх палян, масіваў дрэў і груп. Улічваліся маляўнічасць, абрыс палян, выразнасць узлескаў, правілы спалучэння мясцовых і іншаземных відаў, форма і памеры груп дрэў (авал, круг, трохкутнік). Шмат увагі надавалася падбору асартыменту раслін, ролі салітэраў з ліку старых дрэў былога ляснога масіву.[2]

Галоўная алея

правіць

Галоўная алея праходзіць праз увесь парк, паўтараючы абрыс грэбня тэрасы. Грэбень тэрасы мае мысавідныя выступы, яго схіл зрэзаны шматлікімі ярамі. Галоўная алея мае шырыню 10 метраў, плаўна выгінаецца сярод насаджэнняў парку, чым дасягаецца падаўжэнне шляху і паляпшэнне агляду. Працягласць алеі складае каля кіламетра. Алея рэдкастойная, клёны ў шэрагу растуць праз дзесяць метраў. Асноўным акцэнтам па шляху руху з’яўляўся палац з вежай, што раней праглядаўся праз паляны паміж насаджэнняў. Адным з самых заўважных салітэраў з’яўляецца невысокі, з нізка пасаджанай шырокай кронай дуб. Цяпер ён служыць арыенцірам для вызначэння месцазнаходжання палаца, ад якога нічога не засталося.

Найбольш маляўнічай з’яўляецца паляна з памятным закладным камнем на ўзлеску. Яе ўпрыгожваюць вельмі рэдкія ў культуры ліпа крупналістовая «Vitelina» і каралінская ліпа родам са змешаных і субтрапічных лясоў Паўночнай Амерыкі.

Перад партэрам галоўная алея праходзіць паміж двума выцягнутымі масівамі дрэў. Яны складаныя па структуры. Дамінуе граб, з ім спалучаюцца ліпа, клён, бяроза. Першапачаткова было шмат елак, але большасць дрэў загінулі ад сухаверш’я.

Другая алея

правіць

Гэтая алея ідзе праз парк па яго паўночнай ускраіне, яна мае больш ціхі, адасоблены характар. Яна пракладзеная сярод перыферыйных насаджэнняў парку з улікам раскрыцця некалькіх перспектыў на асноўную дамінанту парку — палац, а таксама на групы дрэў, паляны і масівы. Асноўныя масівы дрэў засяроджаныя ў вуглавой частцы парку. Яны маюць разнастайны склад — бяроза, радзей клён, граб, хвоя (было шмат елі). У адным з масіваў дамінантай з’яўляецца шчыльная мёртвапакроўная група елі (захавалася 24 дрэва). Яе атачае дрэвастой з ліпы, бярозы, граба і адзінкавымі елкамі.

Вуглавы ўваход у парк у выглядзе простай брамкі аформлены разрэджанай пасадкай хвоі веймутавай (захавалася 8 дрэў). Далей уздоўж дарожкі растуць таполі Сімані, ці кітайскія. Галіны крон дрэў з цёмна-зялёным бліскучым лісцем спадаюць каскадам, утвараючы экзатычны тунэль. Таполі утваралі вялікую групу, але яна апынулася недаўгавечнай, з улічаных у 1970-я гады 136 дрэваў, у цяперашні час захавалася ўсяго 10.

Наступны этап алеі быў аформлены з выкарыстаннем хвоі веймутавай. Дрэвы алеі пасаджаныя тут з міжраддзем у 13 метраў. Гэтыя насаджэнні таксама прыкметна парадзелі. Шлях, на якім адбывалася чаргаванне адкрытых і закрытых прастораў, што забяспечвалі змену уражанняў, заканчваўся выхадам на паляну перад палацам.

Паркавыя экзоты

правіць

Парк меў найбагацейшы склад экзатычных раслін. Акрамя ўжо адзначаных, у парку раслі бук лясны, конскі каштан «Virginica», елка Энгельман, клён палявы, псеўдацуга Мензіса, чаромха позняя і іншыя віды. Яны выкарыстоўваліся ў групах, алеях, але часцей за ўсё адзінкава або па некалькі асобнікаў на палянах.

Сучасны стан насаджэнняў

правіць

Парк моцна пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1943 годзе партызанамі быў спалены палац, снарадамі і асколкамі было пашкоджана каля 20 адсоткаў дрэвастою, загінула загарадзь з елі па перыметры парка. Немцы вывезлі вароты ўязной брамы, перакулілі закладны камень.

За апошнія трыццаць гадоў склад парку змяніўся мала, але зменшылася колькасць дрэў многіх відаў. Амаль не стала хвоі чорнай (раней было 21 дрэва), піхты аднаколернай (мелася 8 дрэў), напалову паменшылася колькасць хвоі веймутавай (у 1970-я гады было ўлічана 66 асобнікаў). Зараз у парку расце толькі каля 30 найменняў іншаземных раслін. Да парку прымыкае лінейная пасадка шаўкоўніцы белай працягласцю 400 метраў. Захаваліся адзінкавыя дрэвы вельмі рэдкіх у культуры піхты белай, піхты каўказскай, ліпы Каралінскай, кусты Crataegus calpodendron. Шмат увагі ў парку надавалася штучнаму фарміраванню экзатычных крон з дапамогай металічных панцыраў. Сляды фармоўкі ў некаторых дрэў выяўляюцца па цяперашні час.

Сучаснае выкарыстанне

правіць

Пасля вайны была праведзена вялікая работа па выратаванні пашкоджаных дрэў, добраўпарадкаванні тэрыторыі. Пабудавана агароджа, адноўлена брама.

На тэрыторыі парку размяшчаюцца краязнаўчы музей і школа мастацтваў, але пасляваенныя пабудовы парушаюць планіровачную цэласнасць парку.

Парк з’яўляецца месцам адпачынку жыхароў горада Столін і вёскі Манькавічы.

Галерэя

правіць

Гл. таксама

правіць

Зноскі

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць