Міхаіл Іванавіч Мароз

дзяржаўны дзеяч БССР (1895—1947)
(Пасля перасылкі з Міхаіл Мароз)

Міхаіл Іванавіч Мароз (1 кастрычніка 1895[1], Капыль, Слуцкі павет — 1947[2]) — беларускі палітык, дзяржаўны дзеяч Беларускай ССР, педагог, выдавец.

Міхаіл Іванавіч Мароз
Паўнамоцны прадстаўнік БССР пры ўрадзе РСФСР
з 1922
Нараджэнне 1 кастрычніка 1895(1895-10-01)
Смерць не раней за 26 жніўня 1944
Жонка Аляксандра Іванаўна Александровіч
Член у
Адукацыя
Месца працы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Раннія гады

правіць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Бацька — Іван Міхайлавіч Мароз, маці — Анастасія Раманаўна Мароз (Шкурынская). Быў старэйшым з 8 дзяцей.

Пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі працаваў у вясковай школе. З 1916 года ў расійскай арміі. Удзельнік Кастрычніцкага ўзброенага паўстання 1917 года ў Петраградзе. У 1918—1919 гадах супрацоўнік бежанскага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята, дэлегат Усерасійскага з’езда бежанцаў з Беларусі, які праходзіў у ліпені 1918 года ў Маскве. З красавіка 1919 года выкладчык Камуністычнага ўніверсітэта ў Гомелі, старшыня Менскага акруговага камітэта КП(б)Б[2].

Дзяржаўная дзейнасць

правіць

З 1922 года паўнамоцны прадстаўнік БССР у РСФСР, старшыня Цэнтральнага бюро беларускага пралетарскага студэнцкага зямляцтва, загадчык беларускага сектара Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцей Захаду імя Ю. Мархлеўскага ў Маскве[2].

 
Прэзідыум Гісторыка-археалагічнай секцыі Інбелкульта. 1926. Злева направа: Ісак Сербаў, Міхаіл Мароз, Васіль Дружчыц, Дзмітрый Даўгяла.

У 1924 годзе загадчык Беларускага дзяржаўнага выдавецтва ў Менску. З 1926 года кіраўнік спраў СНК БССР, старшыня камісіі Інбелкульта па ахове помнікаў, член прэзідыума гісторыка-археалагічнай секцыі Інбелкульта. Пазней на іншых савецкіх і гаспадарчых пасадах[2]. Друкаваўся ў газеце «Савецкая Беларусь»[1].

Член ЦВК БССР у 1921—1927, у 1927—1929 гадах — кандыдат у члены[2].

Тройчы выключаўся з камуністычнай партыі. Першы раз выключаны ў 1929 годзе, калі ён быў па справах выдавецтва ў Германіі 10 месяцаў і не змог заплаціць членскія ўнёскі. Пасля яму была вынесена вымова, у 1932 годзе адноўлены. Другі раз выключаны ў 1933 годзе, калі былі знойдзены разыходжанні ў даце нараджэння: паводле адных дакументаў, ён нарадзіўся ў 1893 годзе, паводле іншых — у 1895. Гэта расцанілі як прыпіску ўзросту для павелічэння партыйнага стажу. Трэці раз аднавіцца не здолеў[3].

Рэпрэсіі

правіць

У час палітычных рэпрэсій у 1934 годзе, каб не падстаўляць пад іх сям’ю, з’ехаў у Магадан на прыіск «Разведчык» (пасёлак Разведчык Ягаднінскага раёна), працаваў загадчыкам планава-эканамічнай часткай. Як пазней ён напісаў у аўтабіяграфіі, прычынамі ад’езду сталі вострае ўспрыняцце выключэння з партыі, а таксама «шчырае захапленне пафасам асваення Крайняй Поўначы»[3]. Адпрацаваўшы тры гады на Калыме, у 1937 годзе едзе ў адпачынак у Менск. Пабыўшы з сям’ёй, праз месяц вяртаецца назад[3].

3 лістапада 1937 года арыштаваны органамі НКУС БССР[2] у Магадане[3]. Два з паловай гады, пакуль ішло следства, Мароз сядзеў у магаданскай турме. У першыя ж суткі пасля арышту з яго выбілі прызнанне, што ён удзельнічаў у контррэвалюцыйнай беларускай нацыянальнай арганізацыі, вёў актыўную барацьбу з Савецкім Саюзам. Праўнук Клім Батароеў, распавядае, што Міхаіла Мароза білі, ставілі на «стойку» (некалькі дзён прымушалі стаяць, не даючы заснуць)[3].

Асуджаны 3 снежня 1940 года пастаяннай выязной сесіяй Хабараўскага краявога суда ў горадзе Магадане на 5 гадоў да зняволення ў папраўча-працоўны лагер[2] і 2 гады паражэння ў правах паводле артыкула 58-4-11-10 Крымінальнага кодэкса РСФСР.

Вызвалены 3 лістапада 1942 года, але, паводле прысуду, у яго заставалася яшчэ два гады паразы ў правах. Працаваў у лясным аддзеле Магаданскай чыгункі, унутранай дарозе лагера, якой цяпер не існуе. Праз лагерныя ўмовы яго разбіў паралюш, аднялася левая палова цела. Праз два гады пасля вызвалення Міхаіл Мароз трапіў у дом інвалідаў у Магадане[3].

У жніўні 1944 года Мароза адправілі ў горад Тутаеў Яраслаўскай вобласці, дзе ён павінен быў стаць на ўлік. Але, відаць, туды не прыехаў. Далейшыя сляды Міхаіла Мароза губляюцца[3].

Сям’я

правіць

У шлюбе з літаратуразнаўцам Алесяй (Аляксандрай Іванаўнай) Александровіч, сястрой беларускага паэта Андрэя Александровіча. Дзеці:

  • Міхаіл (1924—1991), ваенны;
  • Андрэй (1930—1995), радыёфізік.

Крыніцы

правіць
  1. а б Маракоў 2003
  2. а б в г д е ё БелЭн 2000
  3. а б в г д е ё Серадзюк, Дзіяна. «Спісалі на мацярык»: куды знік рэпрэсаваны пастпрад БССР? . Новы Час (14 сакавіка 2020). Праверана 9 кастрычніка 2023.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць