Раман Мацвеевіч Семашкевіч

беларускі мастак
(Пасля перасылкі з Раман Семашкевіч)

Рама́н Мацве́евіч Семашке́віч (1 кастрычніка 1900, Лебедзева, цяпер Маладзечанскі раён, Мінская вобласць, Беларусь22 снежня 1937, Бутаўскі палігон, Маскоўская вобласць) — беларускі[2] жывапісец, графік і скульптар, удзельнік групы «Трынаццаць».

Раман Мацвеевіч Семашкевіч
Фатаграфія
Дата нараджэння 1 кастрычніка 1900(1900-10-01)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 22 снежня 1937(1937-12-22) (37 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, скульптар
Жанр партрэт, графіка і пейзаж
Вучоба
Член у
Commons-logo.svg Працы на Вікісховішчы

БіяграфіяПравіць

Раман Семашкевіч нарадзіўся 1 кастрычніка 1900 года[3][заўв 1] ў мястэчку Лебедзева Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Маладзечанскі раён). Быў адным з шаснаццаці дзяцей вясковага садавода Мацвея[4]. Яго бацька працаваў у пана і ў той час ужо вырошчваў у аранжарэі архідэі.

Патрапіў у прытулак для дзетак з маламаёмасных сем’яў і дзяцей-сірот, які існаваў пры Віленскай беларускай гімназіі, прытулкам апекаваўся беларускі грамадска-палітычны дзеяч і каталіцкі святар Адам Станкевіч[4]. Як успамінаў Янка Багдановіч, Семашкевіч увесь вольны час займаўся творчасцю і быў вельмі працавіты. З прытулку Раман Семашкевіч паступіў у Віленскую беларускую гімназію. Афармляў рукапісны гімназічны часопіс «Рунь» (1923), сябра Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі[4].

У 1924 годзе ляснымі сцежкамі перабіраецца ў БССР[4]. Спачатку жыве ў Менску, потым пераязджае ў Віцебск[5]. У 1925—1927 гадах навучаецца ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме (скульптурнае аддзяленне, загадчык — Міхаіл Керзін), які ў той час праз палітыку беларусізацыі працаваў у беларускім рэчышчы. Пад кіраўніцтвам Інбелкульта студэнты і выкладчыкі тэхнікума ладзілі этнаграфічныя і краязнаўчыя экспедыцыі па Беларусі, у 1925—1926 гадах тут пачалі выкладаць гісторыю беларускага мастацтва[5].

Раман Семашкевіч, як адзін з найлепшых студэнтаў, у 1927 годзе накіроўваецца ў Маскву, дзе паступае ў Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут на базе Выйшэйшых мастацка-тэхнічных майстэрняў (аддзяленне жывапісу)[4]. Вучыўся ў Сяргея Герасімава[ru], Аляксандра Дрэвіна[ru], Дзмітрыя Кардоўскага[ru]. Скончыў навучанне ў 1930 годзе[5]. Яшчэ да заканчэння інстытута Семашкевіч становіцца прызнаным мастаком. Яго творы набываюць Пушкінскі музей, Траццякоўская галерэя, Мікалаеўскі музей імя Верашчагіна, музеі Фрунзэ і Таганрога, рэспубліканскія музеі Менска і Чабаксараў, а таксама прыватныя калекцыянеры.

 
Раман Семашкевіч. Вуліца ў Мазыры, 1932.

Ажаніўся з Надзеяй Васільевай. У 1931 годзе прыняў удзел у 3-й выстаўцы суполкі «Трынаццаць», якая прайшла ў актавай зале МГУ. 10 кастрычніка 1931 года на Вялікай Дзмітраўцы адкрылася персанальная выстаўка Семашкевіча. У 1932 годзе здзейсніў творчую паездку ў савецкую Беларусь. У Менску пабачыўся з сябрам юнацтва — Алесем Салагубам. Сустрэўся з Янкам Купалам, Якубам Коласам напісаў іх партрэты, зрабіў групавы партрэт Мікалая Галадзеда, Мікалая Гікалы і Андрэя Александровіча. Сустрэўся з гімназічным настаўнікам Антонам Грыневічам, якога таксама замаляваў. Зрабіў партрэт выхаванца Віленскай беларускай гімназіі, у той час ужо вядомага паэта, Валянціна Таўлая. У часе паездкі па Беларусі ладзіў персанальныя выстаўкі ў Петрыкаве і Мазыры[5].

У 1932 годзе прыняты ў Маскоўскае аб’яднанне мастакоў (МОСХ). У тым жа годзе ў складзе навукова-даследчай экспедыцыі едзе на Паўночны Урал, у наступным годзе зімуе на метэаралагічнай станцыі Паўднёвага Урала на гары Вялікі Таганай. Мастак адзначаў, што ў часе вандроўкі «напісаў каля 200 маленькіх эцюдаў»[6].

 
Фота з крымінальнай справы

Па вяртанні з Урала, верагодна, сустракаўся з Браніславам Тарашкевічам, які прыехаў у Маскву ў 1933 годзе[6]. У 1935 годзе першы раз арыштаваны, але неўзабаве выпушчаны[6]. Аказаўся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, праз нястачу палотнаў маляваў на кардоне, кавалках фанеры, часам замалёўваў папярэднія творы[5]. Ездзіў у Залатавустаўскі металургічны завод, у Залатавусце зладзіў персанальную выстаўку. У часе падрыхтоўкі да выстаўкі вандраваў па Алтаі, малюе панараму Рыдзера (Ленінагорск) і зноў арганізоўвае персанальную выстаўку. Працуе ілюстратарам у часопісе «30 дзён». З 1931 па 1936 год удзельнічаў у дзесяці выстаўках, наладзіў пяць персанальных экспазіцый[6]. У 1937 годзе зладзіў творчую паездку ў Лепель[6].

Уначы з 1 на 2 лістапада 1937 года ў камунальнай кватэры (Успольны завулак, д. 17, кв 9/10), дзе ён жыў з цяжарнай жонкай (ёй было тады 24 гады) з’явіліся супрацоўнікі НКУС. Семашкевіч арыштаваны і дастаўлены ў Таганскую турму. Абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай фашысцкай агітацыі і шпіянажы на карысць Польшчы (два браты, дзве сястры і маці мастака жылі на радзіме ў Заходняй Беларусі, якая тады была часткай Польшчы). 19 снежня 1937 года супрацоўнікі НКУС вывезлі ўсе працы Семашкевіча з яго кватэры. На допытах віны не прызнаў, аднак паказанні былі выбітыя ў настаўніка Семашкевіча — Аляксандра Дрэвіна. Праз два дні, 22 снежня 1937 года Раман Семашкевіч быў расстраляны на Бутаўскім палігоне пад Масквой[5]. Дагэтуль, 3 лістапада 1937 года ў Менску быў расстраляны брат, Сямён Семашкевіч[заўв 2]. 4 лістапада 1937 года была расстраляная сястра Семашкевіча, Алена Семашкевіч, якая працавала загадчыцай раённай бібліятэкі ў вёсцы Зыранская Томскай вобласці[заўв 3].

Раман Семашкевіч пасмяротна рэабілітаваны 2 чэрвеня 1958 года.

ТворчасцьПравіць

Пісаў партрэты, пейзажы, сцэны з гарадскога жыцця, жанравыя кампазіцыі. У графічных і жывапісных работах адлюстроўваў побыт сялян, родную прыроду, а таксама сацыяльна-рэвалюцыйную тэматыку[2]. Адважныя і нечаканыя каляровыя рашэнні, наіўнае ўспрыманне і экспрэсіўнасць выканання вызначылі творчую манеру мастака. Мастацтва Рамана Семашкевіча высока цанілі яго сучаснікі: Надзея Удальцова, Юрый Алеша, Ілля Ільф, Таццяна Маўрына, Мікалай Харджыеў, Давыд Штэрэнберг. Яго палотны набывалі музеі і калекцыянеры.

Аўтар жывапісных работ: «Галадоўка палітзняволеных у Лукішскай турме», «На этапе», «Паны забіраюць апошнюю карову», «Бойка з секвестратарамі», «Здзек паліцыі»; партрэтаў Антона Грыневіча, Валянціна Таўлая, Янкі Купалы, Якуба Коласа, групавога партрэта Мікалая Галадзеда, Мікалая Гікалы і Андрэя Александровіча; скульптурнай кампазіцыі «Юны змагар».

У 1930 годзе Семашкевіч прыняў удзел у выстаўцы аб’яднання «Всекохудожник». Яго першая персанальная выстаўка адбылася ў Маскве ў 1931 годзе. У тым жа годзе карціны Рамана Семашкевіча экспанаваліся на выстаўцы групы «Трынаццаць». 2 лістапада 1937 года Раман Семашкевіч быў арыштаваны па сфабрыкаваным абвінавачванні ў «контррэвалюцыйнай агітацыі» і 22 снежня расстраляны. Карціны, якія знаходзіліся ў майстэрні мастака, былі канфіскаваны супрацоўнікамі НКУС, гэтыя творы лічацца страчанымі.

У 1990 годзе ў Маскве адбылася першая пасмяротная выстаўка яго прац.

ГалерэяПравіць

ЗаўвагіПравіць

  1. Паводле некаторых даных — у 1902 годзе[2].
  2. Сямён Мацвеевіч Семашкевіч (1904 — 3 лістапада 1937), сябра КПЗБ з 1932 года. Арыштаваны 12 лютага 1937 года, асуджаны 18 кастрычніка да расстрэлу за шпіянаж і нелегальны пераход граніцы. Рэабілітаваны 2 лістапада 1960 года[7].
  3. Алена Мацвееўна Семашкевіч (1908 — 4 лістапада 1937), арыштаваная 27 ліпеня 1937, асуджаная 18 кастрычніка як «член шпіёнскай дыверсійнай контррэвалюцыйнай арганізацыі» да расстрэлу. Пасмяротна рэабілітаваная 9 верасня 1957 года[8].

Зноскі

  1. https://web.archive.org/web/20191215211941/http://www.marakou.by/by/davedniki/represavanyya-litaratary/tom-iii-kniga-ii-dadatak/index_28003.html
  2. 2,0 2,1 2,2 Ліс А., 2002, с. 318
  3. Леанід Маракоў Семашкевіч Раман Мацвеевіч. marakou.by. Архівавана з першакрыніцы 16 снежня 2019. Праверана 16 снежня 2019.
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 Гваздзёў С., 2007, с. 14
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 5,4 5,5 Раман Семашкевіч. spadczyna.com. Праверана 12 снежня 2019.
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 6,4 Гваздзёў С., 2007, с. 15
  7. Семашкевич Семен Матвеевич (руск.) . base.memo.ru. Праверана 17 снежня 2019.
  8. Семашкевіч Алена Мацвееўна. marakou.by. Праверана 17 снежня 2019.

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць