Сцяпан Іванавіч Ліхадзіеўскі
Сцяпан Іванавіч Ліхадзіеўскі (9 мая 1911, Баславічы (цяпер Барок), Слуцкі раён, Мінская вобласць — 13 лютага 1979, Ташкент, Узбекістан) — беларускі паэт, перакладчык, крытык, літаратуразнаўца.
Сцяпан Іванавіч Ліхадзіеўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 9 мая 1911 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 13 лютага 1979 (67 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | літаратуразнавец, перакладчык, паэт, выкладчык універсітэта |
Навуковая сфера | філалогія |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар філалагічных навук (1965) |
Навуковае званне |
|
Альма-матар | |
Член у | |
Узнагароды | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 9 мая 1911 года ў в. Баслаўцы Слуцкага павета Мінскай губерні ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, потым у Грозаўскай сямігодцы[1].
У 1926 г. паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум, які скончыў у 1930 годзе. Вясной 1928 г. быў прыняты ў літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», пераўтворанае ў лістападзе ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). Як малады літаратар, пачынаючы з трэцяга курса, атрымліваў персанальную стыпендыю ад Народнага камісарыята асветы БССР[1].
У 1930 г. С. Ліхадзіеўскі паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ (праз год пераўтвораны ў Беларускі вышэйшы педагагічны інстытут). Там С. Ліхадзіеўскі працягваў адукацыю на крытычна-творчым аддзяленні літаратурнага факультэта. У студэнцкія гады ён актыўна займаўся творчай і грамадскай працай: з’яўляўся членам камсамольскай ячэйкі пісьменнікаў (была створана ў 1931 г. пастановай Мінскага гаркама ЛКСМБ пры Доме пісьменніка), удзельнічаў у камандзіроўцы на падшэфны камсамолу Беларусі лінкор «Парыжская камуна» (Чарнаморскі флот), у складзе пісьменніцкіх брыгад выязджаў у гарады і раённыя цэнтры, прымаў удзел у калектывізацыі[1].
Працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва».
10 жніўня 1933 г. С. Ліхадзіеўскі быў беспадстаўна асуджаны і высланы на 3 гады на поўдзень Казахстана ў Сарыагачскі раён[1].
Каля чатырох гадоў працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў школах Казахстана, працягваў займацца творчасцю. У 1937 г. паступіў на трэці курс літаратурнага факультэта Ташкенцкага педагагічнага інстытута. Некаторы час С. Ліхадзіеўскі жыў у Томску, дзе ў 1939 г. скончыў педагагічны інстытут і ў гэтым жа годзе стаў аспірантам пры кафедры ўсеагульнай літаратуры Ташкенцкага педагагічнага інстытута. У 1942 г. у Сярэднеазіяцкім універсітэце (Ташкент) абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Гуманизм Анатоля Франса». У 1943 г. атрымаў званне дацэнта[1].
У час Вялікай Айчыннай вайны С. Ліхадзіеўскі сустракаўся ў Ташкенце з Я. Коласам. Іх дзейнасць спрыяла развіццю беларуска-ўзбекскіх літаратурных сувязей. 27 чэрвеня 1943 г. на ўрачыстым пасяджэнні АН БССР у Ташкенцкім педагагічным інстытуце С. Ліхадзіеўскі выступіў з дакладам «Жыццё і творчасць Янкі Купалы». У 1948 г. ён стаў членам Саюза пісьменнікаў Узбекістана. У жніўні 1956 г. быў рэабілітаваны[1].
З 1963 г. працаваў загадчыкам кафедры ўсеагульнай літаратуры (потым дэканам) Рэспубліканскага педагагічнага інстытута рускай мовы і літаратуры ў Ташкенце. У ліпені 1965 г. на вучоным савеце Інстытута сусветнай літаратуры імя А.М. Горкага Акадэміі навук СССР абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Творчество Анатоля Франса и проблема критического реализма во французской литературе конца ХІХ – начала ХХ столетий». У снежні 1967 г. атрымаў вучоную ступень доктара філалагічных навук, у чэрвені 1968 г. стаў прафесарам[1].
Узнагароджаны медалямі.
Творчасць
правіцьДэбютаваў вершам у 1925 годзе (часопіс «Беларускі піянер»). Пісаў на беларускай, рускай і ўзбекскай мовах. Выйшлі зборнікі паэзіі «Чырванеюць вішні» (1931), «Рокаты дальняй прыстані» (1931), «Крывавыя знічкі на снезе» (1932), «Мы — маладая гвардыя» (1932), кніжкі вершаў і перакладаў «Берасцянка жывых трывог» (выбраныя вершы і пераклады, 1962), «Поиски сердолика» (вершы, пераклады, Ташкент, 1973), «Вянкі камунарам» (1974), «Чырвоныя макі» (1981).
Вядомы і як крытык і літаратуразнавец. Аўтар кніг «Анатоль Франс: Краткий очерк творческого пути» (Ташкент, 1954), «Анатоль Франс: Очерк творчества» (Ташкент, 1962), зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў «Радость встреч» (Ташкент, 1977).
Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы французскіх, нямецкіх, узбекскіх паэтаў.
Зноскі
Літаратура
правіць- Сцяпан Іванавіч Ліхадзіеўскі // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
Спасылкі
правіць- Ліхадзіеўскі Сцяпан Іванавіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»