Сямурадцы (археалагічны помнік)
Сяму́радцы[1][2] — комплекс археалагічных помнікаў каля вёскі Сямурадцы ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі.
Селішчы, курганныя могільнікі | |
Сямурадцы | |
---|---|
52°02′10″ пн. ш. 27°47′27″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Вёска | Сямурадцы, Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць |
Складаецца з 5 селішчаў, 2 курганных і 20 бескурганных могільнікаў[1]. Адно з селішчаў даследавалі ў 1920-я гады А. Дз. Каваленя і С. С. Шутаў (ва ўрочышчы Барочак)[1]. У 1964 годзе астатнія даследаваў Л. Д. Побаль[1][2].
Селішча ва ўрочышчы Глушэц, за 0,5 км у напрамку на ўсход ад вёскі, на правым беразе ракі Сцвіга. Мае культурны пласт таўшчынёй 0,4 м. На селішчы знойдзены фрагменты посуду зарубінецкай культуры.
Селішча ва ўрочышчы Малая Ляхавіца, за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі. Мае памеры 35 на 100 метраў. Знойдзены разараны могільнік з пахавальным абрадам трупаспаленне і рэчы мілаградскай, зарубінецкай і петрыкаўскай[2] культур.
Селішча ва ўрочышчах Дуброва і Ніўкі, на тэрыторыі сучаснага могільніка. Мае памеры 100 на 50 метраў. Знойдзены кераміка зарубінецкай культуры і раннефеадальнага часу.
Селішча ва ўрочышчы Барочак, за 0,5 км на паўночны захад ад вёскі, каля дарогі на Тураў. У 1920-я гады даследавалі А. Д. Каваеня і С. С. Шутаў. Мае плошчу каля 5 гектараў. Знойдзены фрагменты ляпнога посуду эпохі неаліту, бронзавага і жалезнага вякаў, ганчарная кераміка раннефеадальнага часу.
Селішча ва ўрочышчы Вялікая Ляхавіца, за 1,5 км на поўдзень ад вёскі, каля правга берага ракі Сцвіга. Мае плошчу каля 4,5 га. Знойдзены рэшткі паўзямлянак, пахаванні з абрадам трупаспаленне, фрагменты керамікі мілаградскай, зарубінецкай і пражскай культур.
Бескурганны могільнік ва ўрочышчах Дуброва і Ніўкі паміж селішчам, двума старарэччамі і сучаснай поймай ракі Сцвіга. Знойдзены і даследаваны ў 1964 годзе Л. Д. Побалем. Ускрыта на плошчы 472 м². Складаецца з 9 пахаванняў у круглых і 16 пахаванняў у прамавугольных ямах. Пахавальны абрад трупаспаленне. Знойдзены фібулы, шкляныя пацеркі, жалезны нож, кольца, спражка, прасліца, фрагменты ляпнога і глянцавага посуду.
За 100—150 м у напрамку на паўночны ўсход ад гэтага могільніка знаходзіцца курганны могільнік, які складаецца з 20 курганоў вышынёй 0,5—1,5 м і 6—10 м у дыяметры. Адзін з курганоў мае вышыню да 3 м і дыметр каля 15 м[1]. 2 курганы даследаваў Л. Д. Побаль у 1964 годзе. У аснове аднаго з насыпаў выяўлена кольца ад вогнішча, зверху — разбіты гаршчок VI—VII стагоддзяў.
Бескурганны могільнік ва ўрочышчы Дуброўка, на паўночнай ускраіне вёскі, на берагах высахшых старыц ракі Сцвіга. Знойдзена кераміка бронзавага веку. Пахавальны абрад — трупаспаленне на паверхні.
У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
правіць- Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000354
- Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000355
- Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000356
- Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000357
- Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000358
Зноскі
правіцьЛітаратура
правіць- Сяму́радцы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 477. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Побаль Л. Д. Сяму́радцы // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2: Л—Я. — С. 339. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0549-2.
- Исаенко В. Ф. Древняя история восточного Полесья / Белорус. добр. о-во охраны памятников истории и культуры. Бюро пропаганды. — Мн.: Полымя, 1975. — 32 с. : ил., карт. ; 20 см. — Список лит.: с. 31—32. (руск.)