Талій
Талій | |||||
---|---|---|---|---|---|
| |||||
Агульная інфармацыя | |||||
Назва, сімвал, парадкавая лічба | Талій, Tl, 81 | ||||
Серыя | Металы | ||||
Група, Перыяд, Блок | 13 (XIIIA), 6, p | ||||
Суадносіны масы ў абалонцы Зямлі | 3 · 10−5 % |
Талій (лат. Thallium), Tl — хімічны элемент ІІІ групы перыядычнай сістэмы, атамны нумар 81, атамная маса 204,38. Прыродны талій — сумесь стабільных ізатопаў 203Tl (29,5%) і 209Tl (70,5%). Сустракаюцца радыёактыўныя ізатопы 207Tl—210Tl . На свежым разрэзе — шэры бліскучы метал. Рассеяны элемент, у зямной кары 3•10−4% па масе. Адкрыты ў 1861 спектральным метадам англічанінам У.Круксам і незалежна ад яго французам К.А.Лямі, які атрымаў металічны талій. Названы па колеры (ярка-зялёны) характэрнай спектральнай лініі (ад грэч. thallos — маладая зялёная галінка).
Фізічныя і хімічныя ўласцівасці
правіцьТалій — мяккі метал, на паветры лёкка акісляецца і хутка тускнее, узаемадзейнічае з кіслародам і галагенамі ўжо пры пакаёвай тэмпературы, з серай і фосфарам — пры награванні. Раствараецца добра ў азотнай, горш у сернай кіслотах, не раствараецца ў галагенвадародных, мурашынай, воцатнай кіслотах. Не ўзаемадзейнічае з растворамі шчолачаў; свежаперагнаная вада, што не ўтрымлівае кіслароду, не дзейнічае на талій.
У прыродзе сустракаюцца пераважна злучэнні аднавалентнага і радзей трохвалентнага талія. Вядома сем мінералаў талія (круксіт, ларандыт і інш.), усе яны крайне рэдкія. Найбольшую геахімічную сходнасць талій мае з каліем, рубідыем, цэзіем, а таксама са свінцом, серабром, вісмутам.
Вытворчасць
правіцьУ прамысловых маштабах тэхнічны талій атрымліваюць папутна пры перапрацоўцы сульфідных руд каляровых металаў і жалеза. Яго здабываюць з паўпрадуктаў свінцовай, цынкавай, кадміевай і меднай вытворчасці.
Выкарыстоўваецца як кампанент падшыпнікавых і кіслотатрывалых сплаваў на аснове свінцу і волава, амальгама талія (вадкасць з тэмпературай застывання -59оС) — для нізкатэмпературных тэрмометраў, штучны радыёнуклід 204Tl (перыяд паўраспады 3,56 года) — у якасці крыніцы ß-выпраменьвання, галагеніды (хларыд і брамід) — для вырабу лінзаў і іншых дэталей прыбораў інфрачырвонай тэхнікі, фотаэлементаў высокай адчувальнасці, люмінесцэнтных лямпаў. Водны раствор сумесі мурашына- і малонавакіслага талія прымяняюць для раздзялення мінералаў па шчыльнасці.
Талій і яго злучэнні выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі (для выдалення валасоў), а таксама як інсектыцыды і радэнтыцыды (сродкі супраць насякомых, мышэй і пацукоў).
Небяспечныя і шкодныя фактары
правіцьТалій і яго злучэнні — моцныя яды, які паражаюць цэнтральную нервовую сістэму, страўнікава-кішачны тракт, ныркі, а таксама выклікаюць выпадзенне валасоў (пілатропны эфект). Талій пранікае ў арганізм праз органы дыхання, непашкоджаную скуру і стрававальны тракт. Выводзіцца з арганізма на працягу доўгага часу.
Талій і яго злучэнні па ступені ўздзеяння на арганізм чалавека адносяцца да надзвычай небяспечных рэчываў (1-ы клас небяспекі). З усіх вывучаных арганічных злучэнняў талія найбольш таксічным з'яўляецца мурашынамалонавакіслы талій.
Такія характарыстыкі талія сталі прычынай павышаных патрабаванняў да памяшканняў, абсталявання, тэхналагічных працэсаў і стану паветранага асяроддзя. Усе работы з ім выконваюцца ў асобных ізаліраваных памяшканнях, абсталяваных механічнай прыточна-выцяжной вентыляцыяй з адмоўным паветраным балансам. Рэцыркуляцыя паветра ў такіх памяшканнях не дапускаецца. Сцены, столь, падлога такіх памяшканняў выконваецца з матэрыялаў, якія мала сарбіруюць і лёгка мыюцца. Абсталяванне і мэбля вырабляюцца з матэрыялаў з гладкім пакрыцём, якое лёгка паддаецца ачыстцы (можа выкарыстоўвацца абсталяванне, што прымяняецца для работы з радыёактыўнымі ізатопамі).
Асаблівасці атручэння таліем
правіцьАтручэнне таліем і яго злучэннямі пры пападанні ў арганізм чалавека праз рот працягваецца некалькі тыдняў (2—3 тыдні), прычым праз 3—4 сутак пасля прыёму яду наступае ўяўнае добрае самаадчуванне. Па гэтай прычыне хуткая дыягностыка, ажыццяўленне неадкладных лячэбных мерапрыемстваў у многім вызначаюць зыход атручання. Найбольшая пранікальная здольнасць (у тым ліку праз скуру) — у хларыда талія, сульфата талія і ацэтата талія. Летальная доза пры пападанні сульфата талія ў арганізм чалавека праз рот складае каля 1 г.
Сімптаматыка атручэння таліем і лячэнне атручэння
правіцьВострае атручэнне: галаўны боль, агульнае недамаганне, сутаргі, бяссонніца, атактычная паходка, выпадзенне валасоў; развіваюцца полінеўрыты з растройствам адчувальнасці; у далейшым наступаюць парэзы, паралічы. Адсутнасць апетыту, болі пры глытанні, рвота, крывавы панос, болі ў жываце. Прыклеты паражэння печані і нырак.
Хранічнае атручэнне: болі ў суставах ног, слабасць у канечнасцях, сутаргі ў мышцах, знікненне сухажыльных рэфлексаў, дрыжанне павек, полінеўрыты, выпадзенне валасоў, слінацячэнне, страта апетыту, рвота, панос, пахудненне, дэпрэсія, павышэнне стамляльнасці. Назіраюцца таксама паражэнні печані і нырак, паражэнне вачэй і расстройствы зроку, дэрматыты.
Лячэнне атручэння:
- пры выпадковым прыёме ўнутр — прамыванне страўніка вадой з сумессю актывіраванага вуглю, солевае слабіцельнае; унутрывенна — тыёсульфат натрыя (30% — 10 мл); прымаць актывіраваны вугаль па 2—3 г 3—4 разы на дзень на працягу 2 тыдняў;
- пры парушэнні дыхання — 1 мл лабеліна (1%) альбо цыцітон унутрывенна (1 мл); удыханне кіслароду. Па паказаннях — сардэчныя сродкі (кафеін 10%, кардыямін 25% па 1—2 мл падскурна; карглюкон 0,06% — 1 мл унутрывенна);
- пры паражэнні нервовай сістэмы рэкамендуецца дыбазол (2% — 1 мл падскурна), вітаміны В1, В6 і В12. Пры сутаргах — хлоралгідрат 2% 100 мл (у клізме). Рэкамендуецца, акрамя таго, унутр метыянін па 0,5 г 3 разы на дзень% ліпакаін па 0,1 г 3 разы на дзень і 20%-ы раствор халінхларыда па 1 чайнай лыжцы 3—4 разы на дзень.[1]
У гісторыі вядомыя факты наўмыснага атручэння таліем. Адзін з апошніх выпадкаў (са смяротным вынікам) адбыўся ў лістападзе 2006 ў Лондане, ахвяра — палітычны бежанец, былы супрацоўнік ФСБ РФ А.Літвіненка (паводле другой версіі быў выкарыстаны радыёактыўны ізатоп палонія Po210). Існавалі планы амерыканскіх спецслужб атруціць таліем кубінскага лідара Ф.Кастра (не рэалізаваныя).
Крыніцы
правіць- ↑ Дадатак да Міжгаліновых правіл па ахове працы пры рабоце з таліем і яго злучэннямі. Зацверджана Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 17.08.2006 № 95/6
Літаратура
правіць- Та́лій // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 402. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- 226 // Хімічны слоўнік навучэнца: Дапаможнік для вучняў / Б. Н. Качаргін, В. М. Макарэўскі, Л. Я. Гарнастаева, В. С. Аранская. — Мн.: Народная асвета, 2003. — С. Талій. — 287 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-12-0621-8.
- Та́ллий // Большая политехническая энциклопедия (руск.) / Авт.-сост. В. Д. Рязанцев. — М.: Мир и образование, 2011. — С. 519. — 704 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-5-94666-621-3.
- Та́ллий / Шабалина Л. П. // Т. 25. Струнино — Тихорецк. — М. : Советская энциклопедия, 1976. — С. 232. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)