Юрый Жывіца
Ю́рый (Яго́р) По́пка (7 кастрычніка 1912, хутар Высокі Груд Пружанскага павета, Расійская імперыя — 29 красавіка 1990, Ляймен, Германія) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, нацыяналіст, выдавец, пісьменнік. Псеўданімы: Б. Жубровіч, Юрый Жывіца, Сымон Іванюковіч, Ягор Чарнагалоў.
Юрый Жывіца | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 7 кастрычніка 1912 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 29 красавіка 1990 (77 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік, журналіст |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся на хутары Высокі Груд Гарадзечанскай воласці (Пружанскі павет). Бацька — Сымон Попка з вёскі Брады, маці — Ганна Іванюковіч з Прылуччыны. Меў чатырох старэйшых сясцёр: Марылю (памерла ў маладым узросце), Антаніну, Юлю і Серафіму.
З пачаткам Першай сусветнай вайны сям'я выехала ва Украіну, у Харкаўскую губерню. Адсюль бацька з'ехаў у Мурманск на працу. Пасля сканчэння вайны вярнуліся ў Высокі Груд.
Юрый захапіўся беларускасцю падчас навучання ў польскай гімназіі, набываў беларускія газеты, календары. У 30-я гады скантактаваўся з беларускімі студэнтамі Віленскай гімназіі.
У час нямецкай акупацыі ўзначальваў аддзел працы і сацыяльнага забеспячэння ў Пружанах, заснавальнік і старшыня Пружанскага аддзялення Беларускага камітэта ў Беластоку (1943—1944). Аддзяленне размяшчалася на рагу Царкоўнай і Гімназіяльнай вуліц. За час яго дзейнасці былі адкрытыя беларуская васьмікласная школа ў Пружанах (заняла будынак былой польскай гімназіі), школы ў Арабніках, Чахцы, Агародніках, Купічах, Дабучыне. 27 чэрвеня 1944 года Юрый Попка браў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе ў Мінску[1]. 11 ліпеня 1944 у сувязі з надыходам Чырвонай арміі выехаў на захад.
Працаваў на фабрыцы ў Цвітаве, у баўэра ў Шусенрыдзе (каля Бібераху-на-Рысе, зямля Бадэн-Вюртэмберг). Пасля адкрыцця лагераў УНРРА пераехаў у Біберах-Бергергаўзен, пасля ў Віндсберг.
Актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці беларускай эміграцыі ў Германіі. Член замежнага сектару Беларускай незалежніцкай партыі[2], кіраўнік нацыяналістычнай арганізацыі «Згуртаванне беларускіх патрыётаў». У 1952—1954 — кіраўнік палітычна-прапагандысцкага аддзела Галоўнага штаба Беларускага Вызваленчага Фронту (пад псеўданімам Б. Жубровіч).
У 1971 годзе пераехаў у Ляймен (Бадэн), дзе заснаваў ва ўласнай кватэры на Гётэштрасэ, Беларускі музей. Адкрыццё адбылося 15 сакавіка 1982 года з удзелам мясцовых беларусаў і мэра Лаймена Г. Эрхбара. Экспанаты для яго былі сабраны з усяе Заходняе Германіі: паясы, убранне, лапці, лыжкі, посуд, кнігі[3]. Выстаўленыя ўзнагароды заснавальніка, атрыманыя ад кіраўніцтва БЦР на эміграцыі, мандат і пасведчанне дэлегата II Усебеларускага кангрэса (1944), творы і перыядычныя выданні, якія выходзілі пад рэдакцыяй Юрыя Попкі і інш.
У 1987 на могілках у раёне Лаймена Санкт-Ільгене яго стараннямі быў усталяваны помнік загінулым у 1939—1945 беларусам. Заснаваны ім Інстытут беларусаведы (Institut der Bjelorussischen Kulturwissenschaften або Bjelorussisches Institut) меў на мэце заахвочванне даследаванняў па гісторыі Беларусі. Тут выдаваліся кнігі Попкі і іншых эміграцыйных беларускіх аўтараў, а ад 1986 года і друкаваны орган «Весткі Інстытута беларусаведы» (Berichte des Instituts der Bjelorussischen Kulturwissenschaften, кн. 1—8, выходзіў да 1993).
Памёр у 1990 годзе. Пахаваны на могілках Санкт-Ільгена. На надмагіллі напісаны аповед жыцця памерлага: «Пасьля Другой усясьветнай вайны мая Радзіма была акупаваная ды падзеленая саветамі-расейцамі й палякамі. У знак пратэсту я не вярнуўся на сваю Радзіму. Аднак сваёй Бацькаўшчыне я застаўся верным. У маім сэрцы й маёй душы да апошніх дзён. На сваёй новай Радзіме, Нямеччыне, у Санкт-Ільгэне я выказваю ўдзячнасьць усім маім сябрам. Жыве Беларусь!»[4]
Сваю маёмасць запаведаў «самастойнай беларускай дзяржаве»:
Горад Лаймен — часовы ўладар маёй маёмасці. Сапраўдным уладаром станецца самастойная беларуская дзяржава, у якой будзе жыць беларускі народ… Гэтая самастойная беларуская дзяржава мусіць быць незалежнай ад палітыкі іншых краін… Акрамя майго прыватнага дому, дзе месціцца музей, я маю яшчэ два дамы. Прыбыткі, што будзе атрымліваць горад Лаймен за гэту нерухомасць, мусяць пакрываць кошты для патрэбаў музея, беларускага помніка й дагляду за маёй магілай. Рэшта мусіць накіроўвацца на культурныя патрэбы майго народа за мяжой і ў Беларусі, на фінансавую падтрымку «Нямецка-беларускай арганізацыі сумеснай працы ў галіне культуры», выплату ганарараў ці прэмій пісьменнікам, мастакам, журналістам ці выдаўцам кніг, што дэманструюць наш беларускі дух, культуру, гісторыю, сённяшні трагічны час для беларускага народа. Юрый Попка |
Пасля яго смерці экспанаты беларускага музея з кватэры пераведзеныя ў лайменскі краязнаўчы музей, які таксама знаходзіўся ў раёне Санкт-Ільген. Музея больш няма.[5]
Літаратурная дзейнасць
правіцьПершы літаратурны твор «Восенню» надрукаваў у 1938 годзе ў часопісе «Шлях моладзі», першы артыкул «Пазнавайма родны край!» — тамсама ў 1939. У 1942—1944 — адзін з аўтараў штотыднёвай беларускамоўнай беластоцкай газеты «Новая дарога».
Друкаваўся пад псеўданімам Юрый Жывіца. Ва ўласных творах адлюстраваў барацьбу беларускіх партызанаў і падпольнікаў за незалежнасць Беларусі ў ваенныя і пасляваенныя гады.
На эміграцыі заняўся найперш выдавецкай дзейнасцю. У Рэгенсбургу ў 1947 распачаў выхад бюлетэню «Adradћeсnie» разам з Янкам Чарнецкім і Станіславам Грынкевічам[6]. Выдаваў таксама газеты і часопісы «Наш сцяг», «Вехі» (Пірмазенс-Віндсберг, 1956-1988, 34 нумары), «Беларуская праўда». Праз нейкі час рэдагаваў бюлетэні Беларускай Цэнтральнай Рады. Выдаваў часопіс «Напагатове» (1948), распаўсюджваў бюлетэнь «Весткі з Беларусі». Выдаў шмат кніг па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі, у т.л. працы У. Ігнатоўскага, А. Цвікевіча.
Юрый Попка значыцца суаўтарам «Этнаграфічнае карты Беларусі», на якой да Беларусі аднесеныя Падляшша і ўся паўночная Чарнігаўшчына разам з Чарнігавым[7].
Бібліяграфія
правіць- Jurij Živiza. Abgebrochene Melodie / aus d. bjeloruss. Sprache v. Tamara Palesja. — Pirmasens: Viechi, 1960. — 8 с.[8]
- Жывіца, Юрый. U sanatoriaj beli: raskazy-uspaminy. — Пірмазенс: «Вехі», 1961. — 20 с.
- Жывіца, Юрый. Умелы падыход. — Пірмазенс: «Вехі», 1962. — 20 с.
- Жывіца, Юрый. Пушча шуміць: аповесьць. — Пірмазенс: «Вехі», 1963. — 99 с.[8]
- Радаслаў Астроўскі — Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады, ягонае жыцьцё, праца і змаганьне. — Пірмазенс: «Вехі», 1964. — 74 с.
- Juri Živiza. Śviecić u tumanie: [Roman aus dem Leben des weißruthenischen Volkes, 1939―1949] = Сьвеціць у тумане / aus dem Weißruthenischen von Ferdinand Neureiter. — Leimen: Bjelorussisches Institut, 1985. — 169 с.
- Juri Popko, Johannes Paulus (Papa, II.). Briefe an Papst Wojtyla: in bjeloruss. u. dt. Sprache. — Pirmasens: Viechi, 1986.
- Juri Popko. Briefe an Papst Wojtyla in bjelorussischer und deutscher Sprache Dokumente in bjelorussischer und polnischer Sprache: die Zwei Gesichter des Papstes. — 2. — Bjelorussische Wahrheit, 1988. — 54 с.
- Juri Popko. Die Wurzeln der bjelorussischen (weißruthenischen) Nation und Kultur / Redakteur Juri Popko; Übersätzung von Ferdinand Neureiter. — Leimen: Bjelorussisches Institut, 1988. — 132 с.
Кнігі, выдадзеныя Інстытутам беларусаведы
- Летапіс Віленскай беларускай гімназіі, 1919—1944: зборная праца / рэд[актар] Юры Жывіца. — 2-е выд., папраўленае і дапоўненае. — Пірмазенс: «Вехі», 1983.[9]
- Ярмалковіч, В. Цярністы шлях Беларусі. — Пірмазенс: «Вехі», 1983.
- Ostroŭski, R. Bjelorussland im X bis XVI Jahrhundert / aus der bjelorussischen Sprache von Ferdinand Neureiter. — Leimen: Bjelorussisches Institut, 1986. — 37 с.
- Das Igor-Lied: eine Heldendichtung. Übertragung von Rainer Maria Rilke, der neubjelorussische Text von Ryhor Baradulin mit Vorwort von Jazep Biełavieżski / Übersetzung von Ferdinand Neureiter. — Leimen: Bjelorussisches Institut, 1987. — 73 с.
- Петрук, У. Падляшская архітэктура XIX ст. — Leimen: Bjelorussisches Institut, 1987.
- Ярмалковіч, В. Права і дзяржава. Асноўныя паняцці права з нарысам гістарычнага развіцця дзяржаўнасці і права Беларусі. — Leimen: Bjelorussisches Institut, 1989. — 194 с.
- Ярмалковіч, В. 3 падвіленскіх палёў. — Leimen: Bjelorussisches Institut, 1989. — 213 с.
Зноскі
- ↑ С. К.. Другі Усебеларускі Кангрэс . Беларуская палічка (16 студзеня 2012).
- ↑ Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі . Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019.
- ↑ Дзмітрый Крывашэй.. Беларусь — краіна эмігрантаў? . Stowarzyszenie Wschodnioeuropejskie Centrum Demokratyczne (26 снежня 2011).(недаступная спасылка)
- ↑ Запавет эмігранта
- ↑ Лёс стагоддзя ў лёсе чалавека
- ↑ Юрэвіч Лявон.. Бацькаўшчына . Гісторыя газетаў «Бацькаўшчына» і «Беларус» (1947—2000). Камунікат (26 снежня 2011).
- ↑ Володимир Леонюк. Попко Юрій // Словник Берестейщини. — Львів: Видавнича фірма «Афіша», 1996. — С. 252. — ISBN 966-95063-0-1.
- ↑ а б Запрос: a001="BY-NLB-ar106778" . Сводный электронный каталог. Нацыянальная бібліятэка Беларусі (26 снежня 2011).
- ↑ Віленская беларуская гімназія . Сводный электронный каталог. Нацыянальная бібліятэка Беларусі (26 снежня 2011).
Літаратура
правіць- Ляднёва А. Жывіца // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Здановіч Іван Юльянавіч. Попка Юрый // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Пружаны, 2003. — С. 85.
- Попка Юры // Беларускі нацыяналізм: Даведнік / Укладальнік Пятро Казак. — Менск: Голас Краю, 2001. — 46 с.
- Лявон Юрэвіч. Юрый Жывіца. Маё паходжанне // Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі. — Нью-Ёрк: Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, 1999.
- Лявон Юрэвіч. Попка Юрый. // Літаратурны рух на эміграцыі. — Мн.: БГА, 2002.
Спасылкі
правіць- Аляксандр Адзінец. Запавет эмігранта
- Міхась Лебедзь. Юрый Попка і яго ўнёсак у беларускую культуру на эміграцыі Архівавана 13 студзеня 2014.