Інкунабула
Інкунабула (ад лац.: Incunabula — калыска, пачатак) — кнігі, выдадзеныя ў Еўропе ад пачатку кнігадрукавання і да 1 студзеня 1501 г. Выданні гэтага перыяду вельмі рэдкія, бо іх наклад быў 100—300 асобнікаў, асобных — 1000 і больш экзэмпляраў.
Апісанне і гісторыя
правіцьГісторыя тэрміна
правіцьТэрмін ўпершыню выкарыстаны Бернардам фон Малінкротам ў 1639 годзе ў памфлеце «De ortu et progressu artis typographicae» («Развіццё прагрэсу друкарскага мастацтва») і замацаваўся ў XVIII стагоддзі.
Першапачаткова інкунабулы вонкавым выглядам нагадвалі рукапісныя кнігі (адсутнасць тытульнага ліста, выхадныя звесткі ў канцы тэксту ў калафоне, рукапіснае афармленне ініцыялаў, рубрык-заставак). Паступова яны набылі рысы друкаванай кнігі. Друкавалі інкунабулы пераважна гатычным шрыфтам. Пры наборы выданняў антычных аўтараў і пісьменнікаў-гуманістаў карысталіся шрыфтам лацінскай алфавітнай сістэмы, у 1480—1490-я гг. — глаголіцай і кірыліцай[1].
Інкунабулы дзеляць на два тыпы: ксілаграфічныя і друкарскія. Друкарскім чынам была выканана Біблія Гутэнберга. Некаторыя аўтары лічаць інкунабуламі выданні, выкананыя толькі друкарскім чынам.
Асноўнымі пакупнікамі інкунабул былі навукоўцы, дваранства, адвакаты і святары. Як правіла, інкунабулы друкаваліся гатычным шрыфтам без абзацаў.
Пералік бібліятэк са зборамі інкунабул
правіцьСамымі вялікімі зборамі інкунабул размяшчаюць:
- Баварская дзяржаўная бібліятэка (19900) [2]
- Брытанская бібліятэка (12500)
- Французская нацыянальная бібліятэка (12000)
- Ватыканская апостальская бібліятэка (8000)
- Аўстрыйская нацыянальная бібліятэка (8000)
- Штутгарцкая дзяржаўная бібліятэка (7076)
- Расійская нацыянальная бібліятэка (7000)
- Бібліятэка Ханцінгтона ў ЗША (5600)
- Бібліятэка Кангрэса ЗША (5600)
- Бадліянская бібліятэка (5500 у 7000 копіях) [3]
- Расійская дзяржаўная бібліятэка (5300)
- Бібліятэка Кембрыджскага ўніверсітэта (4600)
- Бібліятэка Джона Райланда (4500)
- Берлінская дзяржаўная бібліятэка (4400)
- Ягелонская бібліятэка ў Кракаве (3671) [4]
- Гарвардскі ўніверсітэт (3627 у 4389 копіях)
- Ельскі ўніверсітэт (3525)
- Нацыянальная бібліятэка Украіны імя У. І. Вярнадскага (524)
- Нацыянальная бібліятэка Беларусі (43)
Беларусь
правіцьІнкунабулы белерускага паходжання няма, але яны вядомы на Беларусі з XV—XVI стст. Найчасцей іх прывозіла з іншых краін моладзь, якая вучылася ў Кракаве, Лейпцыгу, Падуі, Балонні і інш. Паводле каталогаў XVI—XVIII стст. інкунабулы меліся ў бібліятэках манастыроў, навучальных устаноў, кнігазборах прыватных асоб. Захаваліся інкунабулы з бібліятэкі Радзівілаў (11 з іх у бібліятэцы Расійскай АН), з бібліятэкі Храптовічаў у Шчорсах (З). У бібліятэках Вільнюса захоўваецца больш за 100 інкунабул з розных гарадоў Беларусі, у т.л. з Гродна (з бібліятэк кляштараў дамініканцаў і кармелітаў, езуіцкага калегіума), з Нясвіжа, Слоніма, Дзярэчына, Жыровіцкага манастыра базыльян (Слонімскі раён), з манастыроў Полацка, Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі і інш. Шмат інкунабул зберагалася ў прыватных калекцыях магнатаў[1].
42 экзэмпляры інкунабул зберагаюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, 4 — у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай АН Беларусі[1].
Зноскі
- ↑ а б в Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- ↑ Баварская дзяржаўная бібліятэка. Лічбы і факты 2008 (англ.)(недаступная спасылка)
- ↑ Інкунабулы ў Бадліянскай бібліятэцы (англ.) Архівавана 1 лютага 2009.
- ↑ Калекцыя бібліятэкі Ягелонскага ўніверсітэта (англ.) Архівавана 7 чэрвеня 2011.