Шчорсаўская сядзіба
Шчорсаўская сядзіба — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й паловы XVIII — пач. XIX ст. На паўночна-заходняй ускраіне в. Шчорсы, цяпер Навагрудскі раён, у былым маёнтку Храптовічаў (вядомы з XVI ст.). Спалучаў рысы барока і класіцызму.
Палацава-паркавы комплекс | |
Палацава-паркавы комплекс Храптовічаў | |
---|---|
| |
53°39′12,77″ пн. ш. 26°10′13,74″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Шчорсы |
Архітэктурны стыль | барока, класіцызм |
Будаўнік | Я. Габрыэль |
Архітэктар | Дж. Сака, Карла Спампані |
Заснавальнік | Іахім Літавор Храптовіч |
Будаўніцтва | 1770—1776 гады |
Будынкі | |
флігель • вяндлярня • парк • бібліятэка | |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000467 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПалацава-паркавы ансамбль у 1770-я гг. заснаваў падканцлер вялікі літоўскі Іахім Літавор Храптовіч. Праект быў заказаны італьянскаму архітэктару Дж. Сака, інтэр'еры выконваў Карла Спампані, будаўнічымі работамі кіраваў Я. Габрыэль. Такім чынам у перыяд 1770—1776 гг. у Шчорсах для Храптовіча працавала адна з самых моцных па творчаму патэнцыялу еўрапейскага ўзроўню архітэктурных садружнасцей у Рэчы Паспалітай[1].
Падчас Першай сусветнай вайны палацава-паркавы ансамбль у Шчорсах панёс вялікія страты з-за праходзячай праз гэтыя мясціны лініі фронту. Асабліва пацярпеў палац. У час грамадзянскай вайны пры савецкай уладзе ўся маёмасць Храптовічаў была нацыяналізавана, каштоўная калекцыя старажытнасцей і твораў мастацтва вывезена ў Маскву, а архіў — у Пецярбург. Пасля 1920 г. А. Храптовіч-Буцянёў упарадкаваў гаспадарку маёнтка. Ён адрамантаваў для пражывання шматлікай сям'і флігель эканома маёнтка[1].
Пасля Другой сусветнай вайны маёнтак Шчорсы стаў часткай мясцовага калгаса. Пазней у будынках размешчаны калгасны дзіцячы садок[2]. Асноўныя збудаванні комплексу прыйшлі ў канчатковы заняпад, парк запушчаны і забалочаны[1].
Архітэктура
правіцьПалац, першая буйная работа Дж. Сака, спалучаў прыёмы позняга барока і ранняга класіцызму, а таксама ілюстраваў г. зв. стыль Станіслава Аўгуста . Палац таксама з'яўляўся каштоўным помнікам культуры, цесна звязаным з гісторыка-культурным жыццём краіны[1].
Галоўны корпус палаца ўяўляў сабой прамавугольнае ў плане аднапавярховае збудаванне, накрытае вальмавым дахам і ўзнятае на невысокі падмурак. На трох цэнтральных восях стаяў двухпавярховы папярочны корпус, накрыты авальным усечаным зверху купалам і з галоўнага фасада расчлянёны пілястрамі карынфскага ордара з трохвугольным франтонам у завершы. У парк аб'ём выступаў моцным паўкруглым рызалітам. Па перыметры купальнай часткі ішлі авальныя люкарны. З боку ўезду гэта частка будынка была выканана ў выглядзе несапраўднага рызаліта з дзвярамі галоўнага ўвахода, высокімі арачнымі вокнамі на першым і прамавугольнымі на другім паверхах. У другой палове XIX ст. да дома далучыўся ганак-тэраса, у гэты ж час на плоскасці франтона з'явіўся рэльефны надпіс на лацінскай мове PACI ET LIBERTATI (бел.: Мір і Свабода). Фасады чляніліся пілястрамі і высокімі арачнымі вокнамі ў простых ляпных ліштвах з замковым каменем. Высокі трохсхільны, накрыты чарапіцай дах аднапавярховых крылаў прарэзвалі барочныя дахавыя вокны[1].
Планіроўка палаца была анфіладнай з квадратным вестыбюлем і круглай залай у цэнтры. У афармленні інтэр'ераў удзельнічалі мастакі Манькоўскі і А. Смуглевіч, выкарыстаныя карціны Ю. Карчэўскага[2].
З галоўным корпусам межавалі збудаваныя ў пачатку XIX ст.[2] два перпендыкулярна размешчаныя аднапавярховыя флігелі, накрытыя высокімі чатырохсхільнымі дахамі з чарапічным пакрыццём і барочнымі мансарднымі вокнамі. Сцены будынкаў апрацаваны рустам, прамавугольныя вокны дэкарыраваны паўкалонамі, трохвугольнымі сандрыкамі[1]. Ва ўсходнім флігелі знаходзілася стайня, дзверы стойлаў для коней былі аформленыя як нішы, з боку палацу размяшчаўся дом конюха. У заходнім флігелі размяшчаліся службовыя памяшканні, дзе таксама жылі войт, чэлядзь, фурманы , майстры і інш[2].
На першым і на другім паверхах папярочнага аб'ёму з боку парку меліся дзве залы-ратонды, з галоўнага фасада — квадратныя вестыбюль і кулуар параднай залы. Залы-ратонды аформлены ў тэхніцы стука, расчлянёны парамі пілястраў іанічнага ордара. Паміж пілястрамі знаходзіліся арачныя рамы, завершаныя гарызантальна падвешанымі ляпнымі гірляндамі з выкарыстаннем матываў барока і ракако. Верхні паверх папярочнага купальнага корпуса займала карцінная галерэя (100 палоцен) і знакамітая бібліятэка Храптовічаў, у якой налічвалася да 8000 тамоў. Сынам І. Л. Храптовіча Юзафу і Адаму ўдалося ў 1-й чвэрці XIX ст. павялічыць збор да 15 000 тамоў. У Шчорсаўскай бібліятэцы працавалі астраном М. Пачобут-Адляніцкі, гісторыкі І. Лялевель, Ф. Малеўскі, Я. і А. Снядэцкія, Ю. Ярашэвіч, паэты А. Міцкевіч, Я. Чачот (як бібліятэкар) і інш[1]. У канцы XVIII ст. спецыяльна для бібліятэкі ўзведзены двухпавярховы будынак у стылі класіцызм. Над уваходам — шырокая тэраса на чатырох калонах[2].
Ансамбль палаца ўключаў і фантан. У час археалагічных раскопак былі выяўлены рэшткі керамічнага водаправода XVIII ст. Уязная алея падводзіла да брамы, аформленай у барочным стылі. Яна складалася з моцных варот чыгуннага ліцця, падвешаных на мураваных пілонах, злучаных фігурным гербавым шчытом. Шырокія слупы прамавугольнага сячэння мелі па краях руставаныя лапаткі, у верхняй частцы завяршаліся карнізам з пастаўленымі на ім літымі скульптурнымі групамі ў выглядзе антычных кампазіцый, са сцягоў і ваенных атрыбутаў. Аўтарам гэтых скульптурных кампазіцый з'яўляўся К. Спампані[1].
Сярод гаспадарчых пабудоў (кухня, майстэрні, вазоўня і інш.) вылучаўся будынак вяндлярні, узведзены на мяжы XIX—XX стст. з чырвонай цэглы. Круглая вежападобная пабудова з высокім гонтавым дахам, заломам на пакатым шатровым пакрыцці. На даху плаўнымі лініямі выступаюць пукатыя душнікі. Сцены аздобленыя лапаткамі, карнізамі простага профілю і лучковымі перамычкамі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі. Унутраная прастора падзеленая на ярусы для размяшчэння прадуктаў вэнджання[2].
Да нашага часу захаваліся скляпеністыя сутарэнні цэнтральнага корпуса палаца, заходні флігель, бібліятэка (да 1982 года выкарыстоўвалася пад школу), вяндлярня.
За 1 км на захад ад комплексу з чырвонай цэглы ў рэтраспектыўных формах замкавага дойлідства пабудаваны гаспадарчы двор, т.зв. мураванка Храптовічаў: карпусы стайняў і вуглавыя круглыя вежы[2].
Парк
правіцьПейзажны парк плошчай каля 40 га быў закладзены адначасова з палацам у апошняй чвэрці XVIII ст. на раўнінным рэльефе. Цэнтрам кампазіцыі быў палац, шырокая ўязная алея ў чатыры рады ліп вяла да асноўнага паркавага масіву, які цягнуўся на захад ад палаца і меў пейзажную арганізацыю вакол велізарнага партэра з хмызняком і кветнікамі, ахоплены пандусамі[1]. Ад цэнтральнага ўчастку аддзелены суцэльны лясны масіў, на ўзлеску якога знаходзіўся помнік прыроды, т. зв. дуб Міцкевіча, пад якім паводле легенды паэт пісаў свае «Гражыны»[2]. Дуб зваліўся ад старасці ў 1998 годзе[3].
Парк складаецца з трох самастойных участкаў. На паўднёвым захадзе суцэльны паркавы масіў з вадаёмамі і кальцавой дарожкай. Цэнтральны ўчастак перад тыльным фасадам палаца — адкрытая пляцоўка з асобнымі групамі дрэў. Ланцугом вадаёмаў ад яго аддзелены трэці ўчастак — суцэльны лясны масіў. У дрэвавых насаджэннях перавадаюць дуб звычайны, клён вастралісты, ясень звычайны, ліпа драбналістая, таполя белая і інш.
Першапачатковая кампазіцыя не захавалася. Пасадкі прабіваліся каскадам сажалак з плацінамі. Зараз парк набыў рысы лесапаркавай зоны[1].
Спробы аднаўлення
правіцьКомплекс будынкаў сядзібы Храптовічаў у Шчорсах закінуты і разбураецца[3]. Мясцовыя ўлады некалькі разоў спрабавалі прадаваць комплекс цалкам, а таксама асобныя будынкі, у тым ліку зніжаючы цану да адной базавай велічыні, але безвынікова[4][5].
Для паступовага аднаўлення маёнтка грамадскія актывісты стварылі арганізацыю «Фонд Шчорсы і Храптовічы», якая, між іншым, праводзіла валанцёрскія летнікі і спрабавала прыцягнуць фінансаванне з праграм трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрасаюза[6]. Арганізацыя была ліквідавана ў лістападзе 2021 года ў межах пагрому грамадскіх арганізацый Беларусі[7].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ а б в г д е ё ж Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ а б Федорук Анатолий Тарасович. Старинные усадьбы Гродненщины. Лидский—Ошмянский районы. — Минск: Беларусь, 2020. — С. 201. — 351 с. — ISBN 978-985-01-1338-2.
- ↑ У Шчорсах прадаюць частку былога маёнтка Храптовічаў. Цану знізілі ў 270 разоў . Hrodna.life - навіны Гродна (10 ліпеня 2023). Праверана 29 лютага 2024.
- ↑ На продажу выставлено самое крупное имение ВКЛ – дворец Хрептовичей под Новогрудком (руск.). realt.by. Праверана 29 лютага 2024.
- ↑ Паветраныя замкі і патрыятычныя коцікі. Як актывісты спрабуюць аднавіць палац Храптовічаў у Шчорсах . Hrodna.life - навіны Гродна (29 лютага 2024). Праверана 29 лютага 2024.
- ↑ Денег от Евросоюза не будет. Что ждет крупнейшее поместье ВКЛ под Новогрудком после ликвидации фонда, который его спасал . Hrodna.life - навіны Гродна (29 лютага 2024). Праверана 29 лютага 2024.
Літаратура
правіць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Антипов В. Парки Белоруссии. Мн., 1975.
- Чантурия В. А. Архитектурные памятники Белоруссии. Мн., 1982.
- Чантурия В. А. История архитектуры Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Шчорсаўская сядзіба
- Шчорсаўская сядзіба на сайце Radzima.org
- Шчорсаўская сядзіба на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Шчорсаўская сядзіба на сайце «Архіварта»