Інстытут лесу НАН Беларусі
Інстытут лесу — даследчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная ў лістападзе 1930 года ў Гомелі.
Інстытут лесу | |
---|---|
Адміністрацыйны цэнтр | Гомель, Цэнтральны раён, вул. Пралетарская, д. 71 |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | павышэнне прадукцыйнасці лясоў |
Тып арганізацыі | навуковая |
Кіраўнікі | |
Кіраўнік | Аляксандр Кавалевіч |
Намеснік па навуковай працы | Уладзімір Вусеня |
Намеснік па інавацыйнай працы | Ягор Чурыла |
Навуковы сакратар | Іван Бардок |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 13 лістапада 1930 |
Матчыная арганізацыя | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Даччыныя арганізацыі | Дзвінская, Жорнаўская і Каранёўская эксперыментальныя лясныя базы |
Папярэднік | лясны аддзел БелНДІ сельскай і лясной гаспадаркі |
forinst.basnet.by |
На 2019 год Інстытут лесу ўваходзіў у склад Аддзялення біялагічных навук НАНБ. У аспірантуру набіралі па 3 спецыяльнасцях: 1) лясныя культуры (селекцыя, насенняводства); 2) лесазнаўства (лесаводства, лесаўпарадкаванне і лясная таксацыя); 3) агралесамеліярацыя (ахоўнае лесаразвядзенне і азеляненне паселішчаў, барацьба з ляснымі пажарамі). У дактарантуру набіралі па спецыяльнасці лесазнаўства. Інстытут аказваў паслугі: 1) замеру радыеактыўнага забруджвання глебы і вырабаў лясной гаспадаркі, харчавання і лекавай сыравіны, сельскагаспадарчых кармоў; 2) ацэнкі заканадаўства ў галіне лясной гаспадаркі, экалогіі і прыродакарыстання[1].
Гісторыя
правіць13 лістапада 1930 года ў Гомелі (Беларуская ССР) быў заснаваны Інстытут лесу на аснове ляснога аддзела Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі, а таксама Цэнтральнай лясной доследнай станцыі. У 1933 годзе яго перайменавалі ў БелНДІ лясной гаспадаркі (у 1957—1961 гадах — у складзе АСГН БССР). У 1944 годзе пры інстытуце запрацавала аспірантура. За савецкім часам у інстытуце працавалі акадэмікі Анатоль Жукаў, Павел Рагавы, Вячаслаў Пераход, Уладзімір Шкатэлаў і Іван Юркевіч[2].
Паралельна ў Мінску ў 1949—1956 гг. функцыянаваў Інстытут лесу Акадэміі навук БССР.[3]
У 1992 годзе назву змянілі на Інстытут лесу. У 1996 годзе была ўтворана дактарантура. У 1998 годзе Інстытут лесу меў 8 лабараторый: 1) аднаўлення харчовых рэсурсаў лесу, 2) лесааднаўлення, 3) генетыкі лесу, 4) лясной селекцыі і насенняводства, 5) аховы і абароны лесу, 6) праблем лесазнаўства і кіравання ляснымі рэсурсамі, 7) лясной экалогіі і глебазнаўства, 8) радыяцыйнага лесаводства. Пры інстытуце працавала 6 сектараў: 1) экалогіі насякомых і біялагічнай абароны лесу, 2) лясной мікалогіі, 3) біярэгулявання вырошчавання пасадачнага матэрыялу, 4) лясной радыялогіі, 5) радыялагічнага мадэлявання лясных экасістэмаў, 6) хімічных даследаванняў глебаў і раслін. Асноўнымі кірункамі даследаванняў былі: шматмэтавае лесакарыстанне, павышэнне лесапрадукцыйнасці, чалавечае ўздзеянне на лясныя біяцэнозы, змяншэнне наступстваў радыяцыйнага забруджвання на лясныя экасістэмы. У Інстытуце лесу распрацавалі заканадаўства для лясной гаспадаркі. Правялі вырошчванне дрэваў з вызначаным назапашваннем радыенуклідаў. У інстытуце працавалі акадэмік Віктар Іпацьеў, член-карэспандэнт Рыгор Ганчарэнка і 6 дактароў навук[2].
Падраздзяленні
правіцьНа 2019 год Інстытут лесу ўключаў:
- 5 лабараторый — 1) лесазнаўства і кіравання лясамі, 2) лясной селекцыі і насенняводства, 3) праблем аднаўлення, абароны і аховы лясоў, 4) генетыкі і біятэхналогіі, харчовых і лекавых рэсурсаў лесу, 5) праблем глебазнаўства і рэабілітацыі антрапагенных парушаных лясных земляў[1];
- 3 эксперыментальныя лясныя базы — Дзвінская (пасёлак Падсвілле, Глыбоцкі раён), Жорнаўская (Асіповічы, Магілёўская вобласць) і Каранёўская (Гомельскі раён)[4].
Кіраўнікі
правіцьДырэктары БелНДІ лясной гаспадаркі, Інстытута лесу АН Беларусі, НАН Беларусі
правіць- Вячаслаў Іванавіч Пераход (1944—1948)
- Фёдар Трафімавіч Касцюковіч (1948—1953)
- Мікалай Макаравіч Беразенка (1964—1977)[5]
- Віктар Іпацьеў (1989—2006)
- Аляксандр Кавалевіч
Дырэктары Інстытута лесу АН БССР
правіць- Вячаслаў Іванавіч Пераход (1944—1954)
- Іван Юркевіч (1954—1956)
Зноскі
- ↑ а б Арганізацыі Аддзялення біялагічных навук (Інстытут лесу) . Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (4 лютага 2019). Праверана 7 лютага 2019.
- ↑ а б Інстытут лесу // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
- ↑ История становления и развития научной лесоводственной школы в Беларуси. — С. 44
- ↑ Аддзяленне біялагічных навук . Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (4 лютага 2019). Праверана 10 лютага 2019.
- ↑ История становления и развития научной лесоводственной школы в Беларуси. — С. 41
Літаратура
правіць- Інстытут лесу // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Адправіць паведамленне (руск.). Інстытут лесу (22 жніўня 2019). Праверана 7 лютага 2019.
- Кантактныя звесткі (руск.)
- Патэнты на вынаходствы (руск.)
- Зборнік навуковых прац (руск.)