Беларускі плакат

Беларускі плакат сярод іншых відаў беларускага выяўленчага мастацтва — з 1970-х гг. найбольш запатрабаваны на прэстыжных міжнародных конкурсах і біенале. Плакаты беларускіх аўтараў захоўваюцца ў Луўры, Мараўскай галерэі (Брно, Чэхія), Музее плаката ў Таяме (Японія), Лахты (Фінляндыя), Музеі плаката[ru] ў Вілянаве (Варшава, Польша), Смітсанаўскім інстытуце (ЗША). На працягу XX ст. у плакаце працавалі выбітныя мастакі Беларусі — Ф. Рушчыц, Я. Драздовіч, Л. Лісіцкі, Г. Змудзінскі, А. Быхоўскі, А. Волкаў, А. Кашкурэвіч, Г. Паплаўскі, Б. Забораў і многія іншыя. Сярод вядомых мастакоў плаката сучаснасці — У. Цэслер і С. Войчанка, Ю. Тарэеў, А. Кітаева, С. Саркісаў, Дзм. Сурскі, М. Анемпадыстаў, Р. Найдзен. Усё гэта сведчыць пра значнасць беларускага плаката як з’явы.

Гісторыя правіць

Канец XIX — пачатак XX стагоддзяў правіць

 
Фердынанд Рушчыц. Афіша да Першай краёвай выстаўкі ў Вільні, 1913.

У Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, як і ў іншых краінах таго часу, былі шырока пашыраныя шрыфтавыя афішы, у асноўным, тэатральныя. У канцы XIX стагоддзя ўзнікаюць магчымасці тыражнага каляровага друку (літаграфія), адпаведна, з’яўляюцца і ўласна плакаты, у першую чаргу рэкламныя.

У 1913 г. першы плакат, на якім прадстаўлена беларуская мова (разам з літоўскай, польскай і рускай), стварае Фердынанд Рушчыц у Вільні.

Падчас Першай сусветнай вайны ў друкарні братоў Лапіных у Гродне выходзілі расійскія прапагандысцкія плакаты — «лубкі».

1917—1945 гады правіць

У часы грамадзянскай вайны ў Расіі, савецка-польскай вайны на тэрыторыі Беларусі ўзнікае сістэма дзяржаўнай візуальнай агітацыі і прапаганды. Плакаты выдаюцца ў асноўным губернскімі тэлеграфнымі агенствамі. У Гомелі плакаты ў тэхніцы лінагравюры стварае А. Быхоўскі. У Віцебску ў межах мастацкага руху УНОВІС ствараюцца плакаты ў стылі супрэматызму, найбольш вядомы з якіх у свеце — «Клином красным бей белых»[ru] Эль Лісіцкага.

 
Эль Лісіцкі. «Клином красным бей белых»[ru], 1919—1920

У 1920-я гг. выдавецтвам плакатаў у асноўным займаецца Беларускае дзяржаўнае выдавецтва. Сярод мастакоў-плакатыстаў гэтага часу можна адзначыць Г. Змудзінскага, Я. Драздовіча, П. Гуткоўскага, А. Ахола-Вало, В. Дваракоўскага, М. Тычыны. Плакаты гэтага часу вырашаюцца ў рэчышчы мадэрна, канструктывізма і ар-дэко.

У першай усесаюзнай выставе плаката 1932 г. («Плакат на службе пятилетки») ад БССР прымаюць удзел А. В. Волкаў, В. Д. Дваракоўскі, А. Б. Забораў. Да канца 1930-х у беларускім плакаце ўсталёўваецца сацыялістычны рэалізм.

У часы Другой сусветнай вайны на тэрыторыі акупаванай Беларусі распаўсюджваліся газеты-плакаты «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка», у стварэнні якіх прымалі ўдзел і беларускія мастакі, напрыклад, В. Букаты і М. Гуціеў. Паралельна выходзілі калабарацыйныя плакаты на беларускую тэматыку, але з большага ананімнага аўтарства.

Пасляваенныя часы правіць

У 1940-я — 1960-я гг. асноўным выдавецтвам, якое спецыялізавалася на палітычным плакаце, было выдавецтва «Беларусь». Разам з тым плакаты на профільную тэматыку выдавалі пры міністэрствах БССР. Акрамя плакатаў палітычна-прапагандысцкай тэматыкі, ствараліся рэкламныя, асветніцкія плакаты, тэатральныя, цыркавыя і кінаафішы. Сярод мастакоў таго часу варта адзначыць М. Гуціева, Л. Замаха, І. Маслана, П. Калініна, С. Раманава, Я. Тараса.

З канца 1950-х гг. беларускія плакаты ў сваім мастацкім вырашэнні, пад уплывам польскай і літоўскай школы, сусветных тэндэнцый, змяняюцца ад гераічнага рэалізма да больш стылізаванай тэхнікі, умоўнай падачы вобразаў, характэрнай для мастацтва часоў «адлігі». Сярод піянераў падобнай тэхнікі варта адзначыць Т. Ігнаценку (прызёр I усесаюзнай выставы плаката ў Кіеве, 1959 г.), А. Кашкурэвіча (прызёр II усесаюзнай выставы плаката ў Маскве).

У 1960-я — 1980-я плакаты ў тэхніцы шаўкаграфіі ствараюцца ў выдавецтве «Агітплакат». Гэта лаканічныя плакаты як чыста прапагандысцкага (мастакі Ф. Выпас, П. Калінін, І. Крэйдзік), так і сатырычнага (Я. Бусел, С. Волкаў, М. Гурло, А. Чуркін, Л. Чурко, В. Шматаў) характару.

1970-я — пачатку 1980-х гг. характэрызуюцца паступовым адыходам ад традыцый сацыялістычнага рэалізму ў мастацкай падачы плаката, фармальнымі пошукамі з улікам сусветных тэндэнцый і вызначаюцца такімі фігурамі як У. Васюк, У. Жук, Л. Кальмаева, У. Крукоўскі, М. Стома, Я. Хайрулін. Упершыню плакат заяўлены на міжнародным узроўні. Так, плакаты У. Крукоўскага былі прадстаўлены ў шорт-лісце VIII біенале ўжытковай графікі ў Брно (1973) і VII біенале плаката ў Варшаве (1975). У. Васюк і У. Крукоўскі адраджаюць нацыянальна-рамантычны кірунак у беларускім плакаце з пачатку 1980-х. Разам з тым у творчасці ўзгаданых аўтараў немала плакатаў у традыцыйнай стылістыцы таго часу.

З канца 1970-х гг. у беларускі плакат прыходзяць мастакі з грунтоўнай падрыхтоўкай у галіне дызайна і рэкламы, у асноўным, гэта выпускнікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, дзе ў 1977 г. утвараецца кафедра графічнага дызайна. У 1978—1980 г. стварае некалькі знакавых плакатаў С. Саркісаў, у 1978 г. У. Цэслер і М. Лагунова, якія робяцца лаўрэатамі міжнароднага конкурсу плаката ў Сафіі (срэбны медаль і дыплом, адпаведна). Гэтыя плакаты ствараюцца фактычна па-за савецкім ідэялагічным кантэкстам і з улікам сусветных тэндэнцый у графічным дызайне.

1980-я — 1990-я гады правіць

Гэты час можна назваць «залатым векам» у развіцці беларускага плаката. Росквіту дасягнуў фотапастановачны плакат, які ў першую чаргу ствараўся для патрэбаў рэкламы, але потым пахіснуў пазіцыі шаўкаграфіі і ў сацыяльна-палітычным плакаце. Часы перабудовы знялі цэнзурныя абмежаванні на тэмы, табуяваныя ў папярэдні час. Акрямя таго з’явіўся шэраг з’яваў, якія менавіта на мяжы 1980-х-1990-х набылі асаблівую актуальнасць, што не магло не адбіцца на сацыяльна-палітычным плакаце. З’яўляецца знакавы для 1980-х-2000-х гг. творчы тандэм У. Цэслера і С. Войчанкі (да якога ў 1980-я гг. часам далучаецца А. Шэлюта). У 1985—2000 гг. сярод найбольш выбітных плакатыстаў новай генерацыі варта адзначыць М. Анемпадыстава, К. Вашчанку, Л. Гоманава, А. і В. Даманавых, Ю. Дзеева, С. Еўлампіева, А. Кітаеву, А. Наважылава, Р. Найдзена, С. Плотнікава, Дзм. Сурскага і Т. Гардашнікаву, С. Саркісава, Л. Фёдараву, К. Хацяноўскага. У 1991 г. на трыенале плаката ў Таяме з былога Савецкага Саюза было адпраўлена больш за 100 плакатаў, адабрана толькі 16, і з іх 8 былі беларускімі[1]. 1990-я гг. адзначаюцца наступнымі тэндэнцыямі: • амаль знікае ідэялагічны ціск з боку дзяржавы, плакаты ствараюцца на самую розную тэматыку, без абавязковага папярэдняга цэнзурнага ўзгаднення • плакатысты актыўна і дастаткова паспяхова ўдзельнічаюць у міжнародных біенале, конкурсах і выставах. • дзяржаўная замова скарачаецца, адпаведна, знікаюць шматтысячныя тыражы палітычнага і сацыяльнага плаката. Паралельна больш запатрабаваным робіцца плакат камерцыйны. Некаторыя вядучыя плакатысты ў гэты час з’язджаюць за мяжу, напрыклад, Л. Гор (ЗША)[2], А. Кітаева, А. Шэлюта (Расія).

XXI стагоддзе правіць

Адной з прыкмет часу другой паловы 1990-х — 2000-х гг. было з’яўленне рэкламных агенцтваў, важную ролю ў якіх грала і стварэнне плакатаў. Многія з іх мелі выключна ўжытковы характэр, але між імі ствараліся шэдэўры рэкламы, якія атрымоўвалі ўзнагароды на міжнародных фестывалях рэкламы. Сярод плакацістаў гэтага часу варта адзначыць прадстаўнікоў агенцтва «Белая варона» (Д. Галуцкі, А. Снежко, А. Усціновіч, Ш. Хайрулін), студыі «Адліга» (А. Вакараў, А. Лазар), дызайнераў Ю. Галавіну, У. Голубева, С. Наздрын-Платніцкую, У. Свентахоўскага, С. Скрыпнічэнку, а таксама плакатыстаў папярэдняга часу, якія працягвалі дзейнасць — У. Цэслера і С. Войчанку, Зм. Сурскага, С. Саркісава, М. Анемпадыстава і іншых. Новае развіццё ў 2000-я-2010-я гг. атрымаў тэатральны плакат, у першую чаргу дзякуючы намаганням Ю. Тарэева і У. Цярэнцьева, шэрагу мастакоў новай генерацыі.

У 2000-я-2010-я гг. беларускія плакатысты актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных біенале, фестывалях і конкурсах. Разам з тым пашыраюцца мажлівасці рэпрэзентацыі актуальных дасягненняў беларускага плаката ўласна ў Беларусі, тут варта адзначыць такія пляцоўкі, як «Дызайн-Біржа» (2002—2010), фестывалі рэкламы «Залаты воўк» (1998—2002), «Белы квадрат» (з 2008) і «АдНак!»(2010—2017). Разам з тым, пачынаюць арганізоўвацца конкурсы, у тым ліку міжнародныя, прысвечаныя выключна плакату. 2012 г. Беларуска-польскі конкурс плаката «Мы» (Мінск — Торунь). 2019 г. Конкурс сацыяльнага плаката «Сейчас!» 2020 г.[3] Конкурс плаката, прысвечанага УНОВІС.

Вывучэнне беларускага плаката правіць

Даследаванню беларускага плаката прысвечаны шэраг навуковых прац, пачынаючы з савецкіх часоў і заканчваючы апошнімі публікацыямі сучасных спецыялістаў. Беларускі плакат з’яўляецца сферай навуковых інтарэсаў кандыдатаў мастацтвазнаўства А. Атраховіч і А. Галубовіч. Да беларускага плаката звяртаюцца ў сваіх даследаваннях М. Баразна, Л. Налівайка, Я. Шунейка, Н. Саратоўская.

Калекцыі правіць

Калекцыя Беларускага саюза дызайнераў (у тым ліку больш за 3000 лічбавых адзінак на пачатак 2020 г.), прыватныя калекцыі Г. Галубовіча, М. Баразны, Дзм. Сурскага. Беларускі плакат прадстаўлены ў фондах Кніжнай палаты Беларусі, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, Нацыянальнай Бібліятэкі Беларусі, Беларускага дзяржаўнага гістарычнага музея, іншых музеяў Беларусі, у Расійскай дзяржаўнай Бібліятэцы, Расійскім дзяржаўным музеі палітычнай гісторыі.

Выставы беларускага плакату правіць

1999 — «Беларускі друкаваны плакат». Рэспубліканская мастацкая галерэя Беларускага саюза мастакоў, Мінск 2008—2009 гг. Перасоўная выстаўка плаката «Візуальны код часу: постсавецкае мастацтва плаката Беларусі» па гарадах Еўропы: у Варшаве[4], Берліне, Дрэздзене, Бруселі, Трыесце, Гранарола, Тулузе. 2011 г. Выстава «Візуальны код часу: постсавецкае мастацтва плаката Беларусі» ў г. Бон (Германія); Выстава плакатаў з калекцыі ГА «БСД» «Перабудова» ў г. Морж (Швейцарыя) 2013 г. Выстава фотапастановачных плакатаў «A Posteriori: Ад аб’екта да плаката»[5] у галерэі Беларускага саюза дызайнераў, Мінск. Выстава Беларускага саюза мастакоў, прысвечаная 100-годдзю беларускага плаката[6], Палац Мастацтваў, Мінск. 2016 г. Выстава шрыфтавога плаката студэнтаў БДАМ пад кіраўніцтвам Руслана Найдзена. У 2016—2017 гг. у межах праграмы Choice[7] Беларускі саюз дызайнераў зладзіў праект «Беларускі плакат», які завяршыўся выставамі ў Мінску, Берасці[8], Гародні[9], Нясвіжы і Віцебску

Заўвагі правіць

Літаратура правіць

  • Атрахович, Е. И. Тенденции развития белорусского плаката 1960-1980-х годов : Автореф. дис. на соиск. учен. степ. канд. искусствоведения:(17. 00. 04) / НИИ теории и истории изобразительных искусств ; Науч. рук. Н.  В.  Воронов
  • Баразна М. Р. Біенале плаката ў Лахці // Мастацтва Беларусі. 1990— № 2. С. 14.
  • Баразна М. Р. Плакат эпохі таталітарызму // Спадчына. 1994— № 5. С. 30—36.
  • Баразна М. Р. Издательство «Беларусь» представляет // Наглядная агитация. Сб. статей и материалов. М. : Плакат, 1988. С. 26—27.
  • Борозна М. Г. Белорусский печатный плакат. Минск : ТМ Дизайн, 1999. С. 2.
  • Бяльзацкая, І. Зрухі. Нататкі аб творчасці Міхала Анемпадзістава// Крыніца — № 8 — 1989
  • Галубовіч А. Г. Плакат у перыяд кіравання Хрушчова . Ад «адлігі» да «застою» /А.  Г.  Галубовіч // — Роднае слова — Мінск. 2011. № 3, с. 105—107.
  • Галубовіч, А. Беларускі плакат «эпохі застою»: ад таталітарызму да андэграўнду /А. Галубовіч // Роднае слова. — 2011 . — № 5. — С. 104—106
  • Галубовіч А. Г. «Вялікі стыль» у беларускім плакаце 1945—1953 гг. /А.  Г.  Галубовіч //Роднае слова — Мінск. 2011. № 2, с. 105—107.
  • Галубовіч А. Г. Беларускі плакат «эпохі застою». Ад таталітарызма да андэграўнду/А.  Г.  Галубовіч. //- Роднае слова.  — Мінск. 2011. № 5, с. 104—106.
  • Ганчароў М.  І. Беларускі палітычны плакат.  — Мінск: Беларусь, 1989. −240 с.
  • Голубович А. Г. Белорусский советский плакат.  — Мінск: Беларусь, 2014. −302 с.
  • Голубович А. Г. Печатный плакат Беларуси 1940—1990 годов" /А.  Г.  Голубовіч — Минск. 2009. Ч. I C. 1 — 98. 5)
  • Голубович А. Г. Печатный плакат Беларуси 1940—1990 годов /А.  Г.  Голубович — Минск. 2009. Ч. II С. 1 — 148.
  • Ігнаценка Т., Шматаў В. Прапагандыст, агітатар, выхавацель // Мастацтва Беларусі.  — 1984.  — № 8.  — С. 54-56.
  • Налівайка, Л. У горане рэвалюцыйнай явы / Л. Налівайка // Мастацтва Беларусі. -. 1988.  — № 1. 2.
  • Плакат. Беларуская энцыклапедыя : У 18 т. Т. 12 : / Рэдкал. : Г.  П.  Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2001. С. 403—404.
  • Саратовская Н. Н. Советский плакат эпохи позднего сталинизма (на материале творчества белорусских художников)
  • Саратовская Н. Н. Художественный образ в плакате: проблема содержания и формы // Белорусский государственный университет культуры и искусств [Электронный ресурс]. URL: https://plakat(недаступная спасылка). unid. by/blogosphera/hudozhestvennyy-obraz-v-plakate-problema-soderzhaniya-i-formy (дата обращения: 09. 01. 2018).
  • Саратовская Н.  Н.  Плакат как объект искусствоведческого исследования // Белорусский государственный университет культуры и искусств [Электронный ресурс]. URL: https://plakat(недаступная спасылка). unid. by/blogosphera/plakat-kak-obekt-iskusstvovedcheskogo-issledovaniya (дата обращения: 01. 03. 2017).
  • Сурский Е. Своевременный белорусский плакат // Pro дизайн.  — 2004.  — № 12.  — С. 34-35.
  • Шамшур, В.  В.  Пасланцы новага свету : рухомыя агітацыйныя сродкі рэвалюцыйнай. Беларусі / В.  В.  Шамшур // Мастацтва Беларусі.  — 1983.  — № 11.  — 5-10.

Спасылкі правіць