Вячаслаў Уладзіміравіч Кузняцоў

(Пасля перасылкі з В. У. Кузняцоў)

Вячаслаў Уладзіміравіч Кузняцо́ў (нар. 15 чэрвеня 1955, Вена) — беларускі кампазітар. Член Беларускага саюза кампазітараў (1985). Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

Вячаслаў Уладзіміравіч Кузняцоў
Дата нараджэння 15 чэрвеня 1955(1955-06-15) (68 гадоў)
Месца нараджэння
Краіна
Альма-матар
Месца працы
Музычная дзейнасць
Прафесіі кампазітар
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь
Узнагароды
медаль Францыска Скарыны
Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь

Біяграфія правіць

У 1983 годзе скончыў Беларускую кансерваторыю.

У 1983—1987 гадах працаваў загадчыкам музычнай часткі Дзяржаўнага тэатра лялек Беларусі, з 1987 года — выкладчык у Беларускай акадэміі музыкі (з 1996 года — дацэнт, з 1998 года — загадчык кафедры).[1]

Творчасць правіць

З’яўляецца аўтарам оперы «Запіскі вар’ята» паводле М. Гогаля (1987), балетаў «12 крэслаў» паводле І. Ільфа і Я. Пятрова (1983), «Паланэз» (1994), «Цар Саламон» (1998), «Макбет» (2000) паводле У. Шэкспіра, музыкі да спектакляў «Балада пра белую вішню» С. Клімковіч (1984), «Чырвоная шапачка» Я. Шварца (1986) у тэатры лялек; да радыёпастаноўкі «Кубліцкі і Заблоцкі» (сцэнарый В. Карняжыцкай, 1991).[2]

Вячаслаў Кузняцоў стварыў цэлую галерэю гукавых вобразаў Беларусі, якія арганічна звязаны з народнымі песеннымі традыцыямі. Гэта харавыя і вакальныя творы «Вясковыя святы», «Жаночыя песні», «Ладачкі», «Беларускае вяселле», «Песні Палесся і Падняпроўя», «Хатынскія бярозы», «Спевы даўнейшых ліцвінаў», «Ціхія песні», «Калыханкі».

Захапленне фальклорам знайшло адлюстраванне і ў аркестровай музыцы. Кампазітар бліскуча валодае ўсімі сродкамі аркестровай палітры. Гэта яскравыя, яркія п’есы «Жалейка», «Палессе», «Чаму ж мне не пець», «Карагод», «Свірасцёлкі», «Веснавыя забаўкі», «Беларускія танцы» і інш.[3]

 
Балет «Вітаўт» В. Кузняцова (2013)

5 верасня 2013 года на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета адбылася прэм’ера балета «Вітаўт» (балетмайстар Ю.Траян, дырыжор В.Воліч), музыку да якога напісаў В. Кузняцоў. У 2015 годзе калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета ўпершыню атрымаў прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» за ўвасабленне нацыянальна-гістарычнай тэматыкі ў спектаклях тэатра і пастаноўку нацыянальнага балета «Вітаўт». На трэцім рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» «Вітаўт» перамог у чатырох намінацыях.[4]

30 кастрычніка 2018 года на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета пад дзівосную музыку Вячаслава Кузняцова ажыла легенда аб Жанне д’Арк Белай Русі — Анастасіі Слуцкай. Паставіў балет «Анастасія» народны артыст Беларусі Юрый Траян.[5]

Асноўныя творы правіць

  • опера «Запіскі вар’ята» (паводле М. Гогаля, лібрэта В. Кузняцова, 1987). Прэм’ер адбылася 10 верасня 2005 года на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета
  • балеты «12 крэслаў» (1983), «Паланэз» (1994), «Цар Саламон», «Макбет», «Клеапатра», «Вітаўт» (2013), «Анастасія» (2018)
  • сімфоніі: № 1 (1982), № 2 «Адплата» (1984), № 3 (1995), Сімфанічныя варыяцыі (1983)
  • аркестравыя сачыненні: сюіта «На кірмашы» (1984), Канцэрт для аркестра (1988), «Канструкцыя для 67 выканаўцаў і магнітафоннай стужкі 'Caesium-137'» (1990), "Медытацыі «Цень шкла», «Musica militare» (1991), аркестравыя версіі трох паланэзаў М. Радзівіла (1992)
  • саната для фартэпіяна (1980), варыяцыі для фартэпіяна (1979)
  • фартэпіянныя цыклы «Вясковыя замалёўкі» (1983), «Дзіцячы сшытак» (1989), «Тры сентэнцыі» (1990)
  • араторыя «Зялёны бор» для дзіцячага хору і сімфанічнага аркестра (сл. А. Вольскага, 1981)
  • вакальна-сімфанічныя паэмы «Мая радзіма» (сл. Я. Коласа, 1987), «Кастусь Каліноўскі» (сл. Г. Бураўкіна, 1988), «Адкрыцьцё. Главы свяшчэннага пісання» (кананічны тэкст, 1989), «Гукавыя Прасторы „Euphonia“ для 8 галасоў + 45 ударных інструментаў» (сл. В. Хлебнікава, 1993)
  • вакальныя цыклы «З твораў Казьмы Прудкова» (1981), «Гарэзлівыя песні» (сл. народныя, 1981), «Адчай» (сл. Ф. Г. Лоркі, 1982), «Весёлая гулянка» (сл. Р. Бёрнса, 1982), «Беларускія песні» (сл. народныя, 1982), «Літоўскі дыпціх» для мецца-сапрана, флейты, альта і віяланчэлі (сл. І. Бродскага, 1992)
  • рамансы, песні
  • камерныя творы
  • прыкладная музыка[6]

Сачыненні для хору a’capella правіць

  • кантаты: «Вясковыя святы» для хору і камернага ансамбля (сл. народныя, 1982), «Ціхія песні» для хору і тэнара (сл. М. Багдановіча, 1991)
  • цыклы: «Застольныя» (сл. народныя, 1982), «Вяселле» (сл. народныя, 1984)
  • харавыя гульні: «Ладачкі» (сл. народныя, 1985), «Смяшынкі» (1986)
  • харавая паэма «Хатынскія бярозы» (сл. М. Танка, 1985)
  • асобныя хоры: «Зямля бацькоў» (сл. С. Законнікава, 1986), «Пчолка-працаўніца» (сл. А. Вольскага, 1986), «Заклінанне» (спевы без слоў, 1987), «Павучанне старца Зосімы» (проза Ф. Дастаеўскага, 1991), «Два інтэрмецца Ніцшэ» (1992), «Academia» (вакаліз, 1993), абрад-дзейства «Палесскае вяселле» (1993)[6]

Узнагароды і прэміі правіць

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (2002) — за музыку да балета «Макбет» і абрад-дзеянне для народнага хора «Беларускае вяселле». Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.[7]

Заўвагі правіць

  1. Вячаслаў Уладзіміравіч Кузняцоў // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2002. — Т. 1. — 565 с. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0255-5.
  2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
  3. Вячаслаў Кузняцоў на сайце Беларускага саюза кампазітараў
  4. Композитор Вячеслав Кузнецов: «Партитуры не горят» Архівавана 9 чэрвеня 2021.
  5. ПОЗДРАВЛЯЕМ С ПРЕМЬЕРОЙ!
  6. а б Кузнецов Вячеслав Владимирович на Беларускім харавым партале
  7. КУЗНЕЦОВ ВЯЧЕСЛАВ ВЛАДИМИРОВИЧ Архівавана 9 чэрвеня 2021.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць