Гісторыя Партугаліі

Гісторыя Партугаліі

Ранняя гісторыя

правіць
 
Старажытны рымскі храм у Эвары

Ранняя гісторыя Партугаліі сумесна звязана з астатняй часткай Пірэнейскага паўвострава. Назва Партугалія паходзіць ад рымскай назвы Порт Кале (лац.: Portus Cale). Рэгіён быў заселены папярэдне дакельцкімі і кельцкімі плямёнамі, які надалі паходжанне народам, як галекі, лузітаны, кельтыкі і кінеты. Тэрыторыя сучаснай Партугаліі зведала прыход фінікійцаў і карфагенянаў, а потым увайшла ў склад Рымскай рэспублікі як вобласць Лузітанія і частка вобласці Галецыя. Пасля падзення Рыму з 409 года ў рэгіёне пасяліліся германскія плямёны, як свевы, буры і вестготы. Таксама на тэрыторыі сучаснай Партугліі ў V стагоддзі жылі іранамоўныя аланы, якія прыйшлі з Паўночнага Каўказа, рэшткі іх паселішчаў знойдзены ў Аленкеры, Каімбры, і нават Лісабоне[1].

У 711 годзе краіну захапілі маўры, Партугалія стала часткай Кордаўскага халіфата, дынастыі Альмаравідаў.

Рэканкіста

правіць
 
Замак у Гімарайнш, вядомага як калыска партугальскай дзяржаўнасці

У перыяд Рэканкісты хрысціяне адваявалі Пірэнейскі паўвостраў ад мусульманскага і маўрытанскага валадарства. У 868 годзе паўстала першае княства Партугалія. Партугальскія графы прымалі актыўны ўдзел у Рэканкісце і ў мяцежах супраць каралеўскай улады. Найвышэйшага ўплыву графства дасягнула пры Менду II Гансалвішы, які стаў рэгентам пры каралю Альфонса V, але пазней графства прыйшло ў заняпад і было перададзена Галісіі.

У 1093 годзе графства было адноўлена і перададзена ў валоданне Генрыху Бургундскаму Альфонсам VI за яго ролю ў Рэканкісце, цэнтрам зноў створанай дзяржавы стаў горад Брага. 24 чэрвеня 1128 года ў бітве пры Сан Мамадэ Афонсу Энрыкіш, граф Партугаліі сын Генрыха Бургундскага, перамог сваю маці графіню Тэрэзу і яе палюбоўніка Фернана Перэша, тым самым стаўшы аднаасобным лідарам. Афонсу I Вялікі афіцыйна абвясціў пра незалежнасць Партугаліі, 25 ліпеня 1139 года пасля бітвы пры Оўрыкі. Перамогу над мусульманамі ў бітве пры Оўрыке ў 1139 годзе традыцыйна прынята лічыць момантам, калі графства Партугалія, якое на той момант з’яўлялася ленам Каралеўства Леона, было ператворана ў незалежнае Каралеўства Партугаліі. Незалежнасць была прызнана ў 1143 годзе Альфонса VII, каралём Леона і Кастыліі, а ў 1179 годзе Папам Аляксандрам III.

Афонсу I Вялікі і яго пераемнікі, абапіраючыся на ваенную моц манаскіх ордэнаў, працягваў войны з маўрамі, але памёр калі тэрыторыя яго каралеўства складала палову ад тэрыторыі сучаснай Партугаліі. У 1249 годзе Рэканкіста для Партугаліі завяршылася ўзяццем каралеўствам тэрыторыі Алгарві. У 1348 і 1349 гадах, як і ў астатняй Еўропе, у Партугаліі прайшла эпідэмія Чорнай смерці[2]. У 1373 годзе Партугалія склала саюз з Англіяй, які з’яўляецца самым працяглым альянсам у свеце.

У 1383 годзе кароль Кастыліі Хуан I, які быў мужам дачкі партугальскага караля, які памёр без нашчадкаў мужчынскага полу, захапіў партугальскі трон. Наступнае народнае паўстанне прывяло да крызісу 1383—1385 гадоў. Фракцыя дробнай шляхты і простых людзей на чале з Жуанам Авіскім, якая была падтрымана генералам Нуну Альварэшам Перэйрам, нанесла паражэнне Кастыліі ў бітве пры Алжубароце. Гэтая знакамітая бітва ўсё яшчэ з’яўляецца сімвалам славы і змагання за незалежнасць Партугаліі ад суседняй Іспаніі.

Каланізацыя і міжнародны гандаль

правіць
 
Афонсу I Вялікі, заснавальнік і першы кароль Партугаліі
 
Васка да Гама прыбывае ў Індыю

У наступныя дзесяцігоддзі Партугалія ўзначаліла даследаванне свету і ўзяла на сябе ролю лідара эпохі Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Інфант Дон Генрых Мараплавец, сын караля Жуана I, стаў галоўным спонсарам і заступнікам гэтай працы. У 1415 годзе Партугалія атрымала першую сваю заморскую калонію шляхам заваёвы мусульманскай Сеўты. Гэта быў квітнеючы ісламскі цэнтр гандлю ў Паўночнай Афрыцы. Пасля гэтага рушылі адкрыцці ў Атлантычным акіяне: востраў Мадэйра і Азорскія астравы, што прывяло да першых рухаў каланізацыі.

На працягу XV стагоддзя, партугальскія даследчыкі адплывалі ад берага Афрыкі, усталёўвалі гандлёвыя пасты для некалькіх распаўсюджаных тыпаў тавараў у той час, пачынаючы ад рабоў і сканчваючы спецыямі, якія яны шукалі ў Індыі. Тардэсільяскі дагавор, які быў прызначаны для вырашэння спрэчкі, якая была створана пасля вяртання Хрыстафора Калумба, быў падпісаны 7 чэрвеня 1494 года, падзяліў зноў адкрытыя землі па-за межамі Еўропы паміж Партугаліяй і Іспаніяй па мерыдыяне 370 ліг на захад ад Каба-Вердэ, ля заходняга ўзбярэжжа Афрыкі. У 1498 годзе Васка да Гама, нарэшце, дасягнуў Індыі і прынёс эканамічны росквіт Партугаліі і яе насельніцтву, якое на той час складала 1,7 млн жыхароў.

У 1500 годзе Педру Кабрал дасягнуў узбярэжжа Бразіліі і абвясціў адкрытыя землі тэрыторыяй Партугальскага каралеўства. Праз дзесяць гадоў Афонсу ды Албукеркі заваяваў востраў Гоа ў Індыі, востраў Армуз у Персідскім заліве і Малаку, якая ў цяперашні час належыць Малайзіі. Такім чынам, Партугальская імперыя атрымала ўладу над гандлем у Індыйскім акіяне і паўднёвай частцы Атлантычнага акіяна. Партугальскія маракі мелі намер дасягнуць Усходняй Азіі, плаваючы на ўсход ад Еўропы ў такіх месцы, як Тайвань, Японія, востраў Тымор, яны былі першымі еўрапейцамі, якія выявілі Аўстралію і нават Новую Зеландыю[3].

22 красавіка 1529 года быў складзены Сарагоскі дагавор паміж Партугаліяй і Іспаніяй, які дапаўняў папярэдні дагавор антымерыдыянам адносна лініі Тардэсільяскага дагавора. Усё гэта зрабіла Партугалію сур’ёзным эканамічным, ваенным і палітычным цэнтрам у свеце з XV стагоддзя да пачатку XVI стагоддзя.

Іберыйская унія

правіць

Пасля гібелі ў 1578 годзе маладога партугальскага караля Себасцьяна I у бітве пры Эль-Ксар-эль-Кебіры, уладарная Авіская дынастыя аказалася на мяжы згасання. Каралём быў абвешчаны стары бяздзетны кардынал Энрыкі. Яго смерць праз два гады стала прычынай вострага дынастычнаму крызісу, падчас якога карону аспрэчвалі ўнукі Мануэла I — законнанароджаны, але чужы партугальцам Філіп II Іспанскі (сын Ізабелы Партугальскай), незаконнанароджаны прыёр Антоніу з Крату і герцагіня Кацярына Браганса з мужам[4].

Рэспубліка

правіць

ХХ стагоддзе

правіць

У 1910 годзе манархія была зрынута, а ў 1974 годзе Партугалія збавілася ад дыктатарскага ўрада, які быў усталяваны ў 1926 годзе. Пачалася нацыяналізацыя банкаў, страхавых кампаній, іншых галін вытворчасці.

Прынятая канстытуцыя ў 1976 годзе абвясціла парламенцкую рэспубліку. У 1989 годзе парламентам быў ухвалены пакет рэформ, якімі быў скасаваны сацыялістычны лад гаспадарання, паведзена дэнацыяналізацыя гаспадаркі.

XXI стагоддзе

правіць

У 1995—2002 гадах краінаш кіраваў сацыялістычны ўрад Антоніу Гутэрыша, які праводзіў жорсткую палітыку ў большасці галін эканомікі і дамогся пэўных поспехаў, але выклікаў незадаволенасць партугальцаў сацыяльнай сферай. У кастрычніку 2000 года парламент сацыялістаў прыняў закон пра дэкрыміналізацыю ўжывання наркотыкаў, а ў сакавіку 2001 года легалізаваў аднаполыя саюзы. Шматлікія ўнутрыпартыйныя канфлікты і нечаканыя сацыяльна-эканамічныя падзеі, як катастрафічны абвал моста Гінцэ-Рыбейру[en], пахіснулі папулярнасць сацыялістаў. На чарговых прэзідэнцкіх выбарах 2001 года большасць галасоў (55,6 %) атрымаў прэзідэнт ад сацыялістаў Жоржы Сампаю. Пасля паразы на мясцовых выбарах 2001 года сацыяліст Гутэрыш падаў у адстаўку, каб «не даць краіне загразнуць у палітычным балоце»[5], і кіраўніцтва Сацыялістычнай партыяй перайшло да міністра працы і салідарнасці ва ўрадзе Гутэрыша (1997—2001) — Эдуарду Фера Радрыгіша[6]. Прэзідэнт ды Сампаю пасля кансультацый з парламенцкімі партыямі распусціў парламент і прызначыў новыя выбары[7].

У выніку датэрміновых парламенцкіх выбараў 2002 года апазіцыйная Сацыял-дэмакратычная партыя атрымала дастаткова месцаў для фарміравання кааліцыйнага ўрада з правай Партугальскай народнай партыяй, і пасля 6 красавіка 2002 года Жазэ Мануэл Барозу стаў прэм’ер-міністрам Партугаліі. На пасадзе прэм’ер-міністра сутыкнуўся з ростам бюджэтнага дэфіцыту і прыняў шэраг цяжкіх рашэнняў, правёў жорсткія рэформы. Ён паабяцаў скараціць дзяржаўныя выдаткі, што зрабіла яго непапулярным сярод левых і дзяржаўных службоўцаў. Яго мэта палягала ў зніжэнні дэфіцыту дзяржаўнага бюджэту да мэтавага паказчыка ў 3 % (паводле патрабаванняў правіл ЕС).

У сакавіку 2003 года Жазэ Барозу прымаў прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага, прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Тоні Блэра і прэм’ер-міністра Іспаніі Хасэ Марыю Аснара на востраве Тэрсейра на Азорскіх астравах. Чатыры лідары ўхвалілі аперацыю ЗША ў Іраку. У выніку Партугалія стала часткай «Кааліцыі згодных» і направіла ў Ірак небаявыя ваенныя падраздзяленні[8]. 30 студзеня 2003 года Жазэ Барозу падпісаў г. зв. «Ліст васьмі», які падтрымліваў палітыку ЗША што да Ірака.

5 ліпеня 2004 года, перад выбарамі ў Еўрапарламент, Жазэ Барозу прызначаны старшынёй Еўрапейскай камісіі.

Крыніцы

правіць
  1. Milhazes, José. Os antepassados caucasianos dos portugueses Архівавана 1 студзеня 2016.. Rádio e Televisão de Portugal
  2. Black Death. Great Moments in Science, ABC Science
  3. Map proves Portuguese discovered Australia: new book, in Reuters
  4. História de Portugal. — Lisboa: A Esfera dos Livros, 2009. — S. 265. — ISBN 978-989-626-139-9.
  5. Will António Guterres be the UN's best ever secretary general? (англ.). Encyclopedia Britannica (1 студзеня 2017). Праверана 8 ліпеня 2023.
  6. António Guterres (англ.). Encyclopedia Britannica (7 ліпеня 2023). Праверана 8 ліпеня 2023.
  7. Filipe Luis. Morreu Jorge Sampaio, um lutador pela liberdade. Nove momentos decisivos (англ.). Encyclopedia Britannica (1 студзеня 2017). Праверана 10 верасня 2021.
  8. Filipe Luis. Conservative lawyer an ex-Maoist communist (англ.). The Irish Times (30 чэрвеня 2004). Праверана 9 ліпеня 2023.