Дзейнасць АУН і УПА ў Беларусі
У 1930-х гадах члены Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) і Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) распаўсюдзілі сваю дзейнасць на Беларускае Заходняе Палессе. Падполле ўкраінскіх нацыяналістаў актыўнічала ў рэгіёне да 1953 года. Прысутнасць фарміраванняў АУН—УПА была выклікана тым, што паўднёвыя рэгіёны Беларусі ўдзельнікі руху лічылі ўкраінскай тэрыторыяй.
Структура і арганізацыя
правіцьДа завяршэння Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі БССР дзейнічаў Брэсцкі акруговы провад АУН («Крычаўскі», «100»). «Крычаўскі» ўваходзіў у склад краявога провада на паўночна-заходніх ўкраінскіх землях, які ўключаў, акрамя тэрыторыі Беларускага Палесся, Валынскую, Ровенскую, Жытомірскую і Вінніцкую вобласці Украіны. У 1948 годзе Брэсцкі акруговы провад быў перайменаваны ў Беларускі («Ніва», «1042»), які аб’ядноўваў да 1952 года тры надраённых провада: Брэсцкі («Круча»), Кобрынскі («Лан») і Пінскі («Стэп»). Першы кіраваў сіламі ўкраінскага падполля ў Брэсцкім, Жабінкаўскім, Камянецкім, Маларыцкім і Дамачаўскім раёнах Брэсцкай вобласці. Другі дзейнічаў на тэрыторыі Кобрынскага, Пружанскага і Антопальскага, Дзівінскага, Картуз-Бярозаўскага раёнаў. Трэці адказваў за Драгічынскі, Іванаўскі, Лунінецкі, Пінскі і Лагошынскі раёны Пінскай вобласці, а таксама за некалькі раёнаў Валынскай вобласці Украіны.
Ад УПА ў Беларусі дзейнічалі падраздзяленні Паўночнай групы. У 1943 годзе ў яе складзе была ўтворана ваенная акруга «Тураў». Тэрыторыя акругі ахоплівала Валынскую вобласць, а таксама памежныя раёны Брэсцкай, Пінскай і Палескай абласцей.
Дзейнасць АУН падчас нямецкай акупацыі (1941—1944 гг.)
правіцьПадчас нямецкай акупацыі ў гады Другой сусветнай вайны паўднёвая частка тэрыторыі Беларускай ССР апынулася ў складзе рэйхскамісарыята Украіна. Разрозненныя ўзброеныя фарміраванні АУН, што размяшчаліся ў лесе, актыўных баявых дзеянняў супраць савецкіх партызанскіх падраздзяленняў не вялі[1]. У асобных выпадках члены АУН дапамагалі савецкім партызанам разведвальнай інфармацыяй, па просьбе апошніх вызвалялі вязняў са створаных нямецкімі акупацыйнымі ўладамі турмаў, лагераў ваеннапалонных. У адносінах да немецкай акупацыйнай адміністрацыі займалі тактыку пасіўнай самаабароны, на тэрор адказвалі тэрорам, не дапускалі вывазу насельніцтва і маёмасці ў Трэці Рэйх, вялі агітацыйную работу супраць створаных на акупіраванай тэрыторыі органаў самакіравання[1].
АУН варожа ставілася да Арміі Краёвай. Помсцячы за даваеннае прыгнечанне і праследаванне АУН, прымянала да польскага насельніцтва тэрор, у т.л. і на тэрыторыі акупаванай Беларусі[1].
Супрацьстаянне з савецкай уладай
правіцьНапярэдадні Другой сусветнай вайны падполле ўкраінскіх нацыяналістаў дзейнічала як антыпольскае, а з 1939 года, пасля ўваходжання Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ў склад Савецкага Саюза, набыло антысавецкі характар. У перыяд з верасня 1939 па чэрвень 1941 года савецкія спецслужбы выявілі і нейтралізавалі на тэрыторыі Беларускай ССР дзейнасць шэрагу структур АУН. Аднак цалкам разграміць рух не ўдалося.
У час нямецкай акупацыі супрацьстаянне, у тым ліку ўзброеныя сутыкненні, вялося праз дыверсіныйныя групы дзяржбяспекі. Так, напрыклад, у Заходнім Палессі супраць падпольшчыкаў змагаліся 3 спецгрупы НКДБ БССР — «Іскра», «Змагары» і «Адраджэнне». З вызваленнем Беларусі барацьба працягнулася. Першы баявы інцыдэнт адбыўся ўжо ў жніўні 1944 года. Да чэрвеня 1945 года ў баях з савецкімі сіламі ўкраінскія нацыяналісты страцілі 3 атрады. Фарміраванні АУН—УПА праводзілі ўзброеныя акцыі: за 1944—1946 гады яны правялі 2384 дыверсій і тэрактаў.
У 1947—1949 гадах адбылося змяненне тактыкі дзеянняў падпольных фарміраванняў. З-за разгрому асноўных сіл УПА адкрытыя ўзброеныя выступленні саступілі месца тэрактам і зборам разведданых. Органы бяспекі ў разгляданы перыяд таксама перайшлі да новых форм і метадаў барацьбы з падполлем АУН—УПА. Шырокамаштабныя чэкісцка-вайсковыя аперацыі саступілі месца карпатлівай аператыўнай дзейнасці па выяўленні і ліквідацыі кіруючых асоб. У 1950—1952 гадах рух украінскіх нацыяналістаў істотна аслабеў. Савецкім уладам працягвалі супраціўляцца ўжо толькі разрозненыя групы. У сакавіку 1953 года адбыліся апошнія арышты ўдзельнікаў руху ў Беларусі.
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ а б в Гуленка, У. І. Арганізацыя ўкраінскіх нацыянаістаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 149—150. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
Літаратура
правіць- Валахович, И.А. Горе от УПА: Нейтрализация органами госбезопасности антисоветского подполья ОУН–УПА на территории Белорусской ССР в 1939–1952 годах // Беларуская думка : часопіс. — № 11. — 2016. — с. 86—92.