Дзмітрый Іванавіч Даўгяла

(Пасля перасылкі з Д. Даўгяла)

Дзмітрый Іванавіч Даўгяла (20 кастрычніка (1 лістапада) 1868, в. Казьяны, Гарадоцкі павет, Віцебская губерня, цяпер Шумілінскі раён, Віцебская вобласць — красавік 1942?[1], Казахстан; Крыптанімы: Д. Д., Дм. Д.) — беларускі гісторык, класік беларускай археаграфіі.

Дзмітрый Іванавіч Даўгяла
Дата нараджэння 20 кастрычніка (1 лістапада) 1868
Месца нараджэння
Дата смерці красавік 1942 (73 гады)
Месца смерці с. Пахта-Арал, Чымкенцкая вобласць, Казахстан
Грамадзянства
Род дзейнасці архівіст, гісторык
Навуковая сфера гісторыя, археаграфія
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат навук
Альма-матар
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Скончыў Віцебскую семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію (1894). Выкладаў у Віцебску ў семінарыі і мужчынскай гімназіі. З 1897 архіварыус Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў. У 1903 пераехаў у Вільню, дзе працаваў у аб'яднаным Архіве старажытных актаў, выкладаў у навучальных установах. У 1906 рэдагаваў газету «Белая Русь». У 1906—1915 член Віленскай археаграфічнай камісіі (з 1913 яе старшыня), кіраўнік спраў канцылярыі папячыцеля Віленскай навучальнай акругі, кіраўнік спраў Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства. Рэдактар «Записок Северо-Западного отдела Русского географического общества» (1910—1914), апублікаваў у іх шэраг прац па гісторыі Беларусі. Ганаровы член Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.
Пасля эвакуацыі з Вільні ў 1915 — у Магілёўскім архіве.

 
Прэзідыум Гісторыка-археалагічнай секцыі Інбелкульта. 1926. Злева направа: Ісаакій Сербаў, Міхаіл Мароз, Васіль Дружчыц, Дзмітрый Даўгяла.
 
Д. І. Даўгяла (1937)

Удзельнічаў у Першым Усебеларускім кангрэсе 1917. З 1921 загадчык Магілёўскага губернскага архіва. З 1925 супрацоўнік Інбелкульта, дацэнт БДУ, з 1929 дырэктар бібліятэкі БелАН, у 1937 навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР.
Арыштаваны 10 снежня 1937; пастановай пазасудовых органаў ад 11 верасня 1939 высланы ў Казахстан на 5 гадоў. Памёр у ссылцы ў красавіку 1942 г. Рэабілітаваны пасмяротна 9 чэрвеня 1964 г.

Навуковая і творчая дзейнасць

правіць

Найбольшую вядомасць Даўгяле прынесла яго археаграфічная праца — падрыхтоўка і выданне зборнікаў дакументаў: «Историко-юридические материалы…» (т. 27-32, Віцебск, 1899—1906), «Акты, издаваемые Виленской комиссией…» (т. 32-37, Вільня, 1907—1912), «Беларускі архіў» (т. 1-3, Мн., 1927—1930), «Матэрыялы да гісторыі мануфактуры Беларусі ў часы распаду феадалізму» (т. 1-2, Мн., 1934—1935), «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, Мн., 1936).
Аўтар прац па гісторыі гарадоў і мястэчак Беларусі: Барысава, Веткі, Мінска, Лепеля, Оршы. Даследаваў гісторыю Полацкага, Барысаўскага, Свіслацкага і Аршанскага замкаў. Вывучаў гісторыю нацыянальных меншасцей на Беларусі. Сярод яго работ таксама:

  • Марковские гайдамаки. — Витебск, 1896;
  • Поуниатская библиотека Витебской духовной семинарии // Полоцкие епархиальные ведомости. — 1901, № 1—2;
  • Радошковичи, заштатный город Виленской губернии. — Вильна, 1907;
  • Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями. Вильна, 1911 (у суаўтарстве з Ф. А. Жудро і І. А. Сербавым);
  • Цыганы на Беларусі: (Гіст. нарыс) // Наш край, 1926. — № 12(15);
  • З гісторыі беларускага пісьменства XVII ст. — Мн., 1927;
  • Свіслацкі замак у 1560 г. // Наш край, 1927. — № 6—7;
  • Заслаўе на Міншчыне. // Запіскі аддзела гуманітарных навук Інбелкульта, 1928. — Кн. 5;
  • Літоўская Мэтрыка і яе каштоўнасьць для вывучэньня мінуўшчыны Беларусі. — Рыга, 1933

і інш.

Зноскі

  1. Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя. У 5-і т. Т.5.: Бібліяграфічны даведнік / Рэд. кал.: І. П. Шамякін і інш. — Мн.: Гал. рэд. БелСЭ імя П. Броўкі, 1981. — Т. 5. — 720 с. — 15 000 экз.

Літаратура

правіць