Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх (Жамыслаўль)
Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры XVIII—XIX стст. Створаная ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі раён) на левым беразе р. Гаўя.
Славутасць | |
Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх | |
---|---|
54°07′56″ пн. ш. 25°45′55″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Жамыслаўль |
Архітэктурны стыль | неакласіцызм |
Дата пабудовы | 1870-я |
Будынкі | |
палац • дзве афіцыны • лядоўня • будаўнічы склад | |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000296 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьФарміраванне сядзібы пачалося з другой паловы XVIII ст.
У 1807 г. маёнтак з драўлянай сядзібай у Антона Нестара Кеневіча купіў Якуб Умястоўскі (памёр у 1809 г.). У 1828 г. яго сын Казімір Якубавіч Умястоўскі па баках набытай аднапавярховй драўлянай гасподы, збудаванай у стылі барока, ставіць два мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захавалася аднна), лядоўню, аранжарэю і манеж. Жонка Казіміра Умястоўскага Юзэфа (з роду Дунін-Раецкіх) пабудавала палац (скончаны ў 1877 г.), які існуе і цяпер.
У канцы XIX ст. сын Казіміра і Юзэфы Уладзіслаў Казіміравіч Умястоўскі (1834—1905) аддае сядзібу пад навуковую базу Віленскаму ўніверсітэту.
Падчас нямецкай акупацыі ў ходзе Першай сусветнай вайны, у 1914 г. у сядзібе немцы стварылі курорт.
-
Драўляная сядзіба, Альбрэхт Адам, 1812
-
Палац. Н. Орда, XIX ст.
-
Палац з іншага боку
-
Палац, 1916
-
Палац у міжваенны час
Архітэктура
правіцьЗахаваліся палац, гаспадарчыя пабудовы, бровар (1885 г.), парк. Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і две сіметрычна пастаўленыя афіцыны, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтральную алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883 г.).
Палац
правіцьПалац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай каралеўскай рэзідэнцыяй XVIII ст. «Лазенкі», верагодна, паводле праекту архітэктара Л. Марконі. Т-падобны ў плане двухпавярховы будынак строга сіметрычнай кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры галоўнага фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — чатырохкалонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. Па баках лоджыі галоўнага фасада прамавугольныя ўваходныя праёмы з балконамі над імі. З тарцовых бакоў выступаюць нізкія прыбудовы з адкрытымі тэрасамі. У рашэнні фасадаў выкарыстаныя карынфскі ордар, канеліраваныя пілястры якога крапуюць прасценкі прамавугольных аконных праёмаў у прафіляваных ліштвах. Аб'ём апяразаны балюстрадамі. Планіроўка анфіладна-калідорная з квадратнай залай у цэнтры, у якой збераглася кафельная печ XVIII ст. Інтэр’еры мелі паркетную падлогу, мармуровыя каміны, сценавыя панэлі. Палац быў абстаўлены мэбляй, створанай мясцовымі майстрамі. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні.
Гаспадарчыя пабудовы
правіцьЗ гаспадарчых пабудоў захаваліся мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пабудаваны ў пачатку XIX ст. ў традыцыях народнага дойлідства) — аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з арачнай галерэяй на галоўным фасадзе, накрыты двухсхільным дахам.
Парк
правіцьПарк пейзажнага тыпу (плошча каля 7 га) высаджаны ў 1883 г. французскім садоўнікам Джэймсам, запрошаным з маёнтку Тышкевічаў у Верках з-пад Вільні. Падзелены ракой на две часткі: рэгулярна-парадную вакол палацу і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, клён вастралісты Шведлера, бяроза далекарлійская, ясень пенсільванскі і інш.
Жамыслаўскі ясень
правіцьЖамысла́ўскі я́сень — батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Рэдкая для Беларусі форма ясеню пенсільванскага (Fraxinus pennsylvanica 'Aucubaefolia' ) з жоўта-плямістым лісцем. Вышыня каля 17 м. Каштоўная дэкаратыўная парода. Ахоўны статус нададзены ў 1972 годзе.
Літаратура
правіць- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх (Жамыслаўль)
- Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх (Жамыслаўль) на сайце Radzima.org
- Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх (Жамыслаўль) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Сайт местечка Жемыславль // zhemyslavl.narod.ru
- Палацава-паркавы комплекс Умястоўскіх (Жамыслаўль) на сайце «Архіварта»