Зіновій Ісакавіч Гарбавец

(Пасля перасылкі з Зіновій Гарбавец)

Зіновій Ісакавіч Гарбавец (5 (17) мая 1881, Звэныгародка Кіеўскай губерні (цяпер Чаркаская вобласць), Расія — 31 кастрычніка 1979, Масква) — расійскі і беларускі графік, член Саюза мастакоў СССР, адзін са стваральнікаў беларускай абразной гравюры — ксілаграфіі (дрэварыта).

Зіновій Ісакавіч Гарбавец
Фатаграфія
Дата нараджэння 5 (17) мая 1881
Месца нараджэння
Дата смерці 31 кастрычніка 1979(1979-10-31) (98 гадоў)
Месца смерці
Род дзейнасці графік, экслібрысіст
Месца працы
Жанр партрэт, пейзаж
Вучоба Чарнігаўскае рэальнае вучылішча, ВМАТЭІН
Уплыў У. А. Фаворскі, П. Я. Паўлінаў  (руск.)

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў працоўнай сям’і. З 1915 года пераехаў у Чарнігаў, дзе вучыўся ў рэальным вучылішчы. Там жа некаторы час займаўся ў народнай студыі выяўленчага мастацтва і прымаў актыўны ўдзел у мастацкім жыцці. Па заканчэнні заняткаў у студыі некаторы час выкладаў малюнак у чарнігаўскай сярэдняй школе. У 1919 годзе вярнуўся на радзіму, у Звянігародку, дзе стаў выкладаць малюнак дзецям-сіратам. У 1923 годзе пераехаў у Беларусь. У 1923—1924 выкладаў у паліграфічнай школе Мінскага паліграфічнага камбіната. У лістападзе 1924 года атрымаў пасаду выкладчыка малюнка у Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Сярод яго вучняў былі вядомыя ў будучыні мастакі Заір Азгур, Мікола Гусеў, Раман Семашкевіч, Валянцін Дзежыц, Андрэй Бембель, Мікола Пашкевіч.

Састаяў членам Віцебскага абласнога таварыства краязнаўства.

У сярэдзіне 1925 года дырэктар тэхнікума Міхаіл Керзін паведаміў мастаку аб тым, што, з прычыны закрыцця яго курсаў, з новага навучальнага года ён будзе звольнены са службы. Ні апеляцыя ў Трацейскі суд пры Віцебскім акруговым аддзеле працы, ні станоўчая экспертыза на прафпрыдатнасць з удзелам аўтарытэтнай камісіі, ні падтрымка з боку прафсаюза работнікаў мастацтва, пракуратуры, народнага суда не дапамаглі мастаку дамагчыся справядлівасці і аднавіцца на пасадзе выкладчыка тэхнікума. Таму ўжо восенню 1925 года ён быў вымушаны ўладкавацца настаўнікам у школе. А праз год стаў выкладчыкам Віцебскага педагагічнага тэхнікума[1]. У 1928 годзе пры мастацкім тэхнікуме былі адкрыты курсы малюнка для рабочых і чырвонаармейцаў. Зіновія Гарбаўца ўзялі на пасаду кіраўніка гэтых курсаў, дзе займалася больш за паўсотні моладзі. Там ён прапрацаваў да свайго ад’езда ў Маскву ў 1929 годзе.

Болей у Беларусь не вяртаўся. У 1929 — 1931 гг. вучыўся ў ВМАТЭІН, дзе яго настаўнікамі былі вядомыя расійскія мастакі Уладзімір Фаворскі і Павел Паўлінаў. З 1931 года выкладаў у Маскоўскім рэдакцыйна-выдавецкім тэхнікуме.

Творчасць правіць

У 1926 годзе вядомы краязнаўца Мікола Каспяровіч прывёў Гарбаўца ў Віцебскае акружное таварыства краязнаўства, каб той прыняў удзел у выхадзе ў свет унікальнага выдання — кнігі нямецкага мастацтвазнаўцы Альберта Іпеля «Беларускае мастацтва». Зіновій Гарбавец пераклаў кнігу на рускую мову, а Каспяровіч з рускай мовы — на беларускую. Гэтая кніга стала адным з першых выданняў пра беларускае мастацтва. Зіновій Гарбавец аформіў выданне малюнкамі для вокладкі і тытульнага аркуша. Таксама ўпрыгожыў графічнымі кампазіцыямі два выпускі краязнаўчага зборніка «Віцебшчына».

У 1927 годзе ў выдавецтве «Камінтэрн» тыражом 75 асобнікаў выйшла ў свет 44-х старонкавая кніга «З. И. Горбовец. Гравюры на дереве»[2]. Прадмову напісаў Усевалад Воінаў, тэкст — Іван Фурман. У кнізе было прадстаўлена 10 гравюр Зіновія Гарбаўца. Як сведчыць Барыс Крэпак (мастацтвазнаўца і даследчык творчасці Зіновія Гарбаўца):

На сённяшні дзень захавалася некалькі асобнікаў, адзін з якіх — з аўтографам мастака на пярэднім форзацы: «Глубокоуважаемому Дмитрию Ермолаичу Блохину от автора гравюр Зиновия Горбовца. 12 августа 1929 г. Москва». Дарэчы, гэтае выданне да сённяшняга дня з’яўляецца ці не адзіным у нашай краіне альбомам абразных гравюр, створаных адным майстрам[3].

У лістападзе 1927 года разам з Саламонам Юдовіным, Меерам Аксельродам і Акімам Шаўчэнкам браў удзел у выстаўке «Гравюра СССР за 10 гадоў», якая адбылася ў маскоўскім Музеі прыгожых мастацтваў. У экспазіцыі былі прадстаўлены ксілаграфіі настаўніка Гарбаўца — Паўла Паўлінава, а таксама творы вядучых савецкіх майстроў таго часу: Арыстарха Лентулава, Яўгена Лансерэ, Роберта Фалька і іншых. Па словах Барыса Крэпака,

у 1920-я Віцебск нароўні з Ленінградам і Масквой стаў адным з цэнтраў развіцця мастацтва савецкай ксілаграфіі, і ў гэтую «палітру» сваю ноту ўнёс і Зіновій Гарбавец[3]

.

 
Зіновій Гарбавец. Партрэт Івана Фурмана, 1927

Вядомыя творы правіць

Таксама ілюстраваў шэраг літаратурных выданняў, у тым ліку паэмы «Маё жыццё» Уладзіміра Лугаўскога і «Застольную песню аб Ганне Дзянісаўне і яе сыне Паўле» С. А. Васільева.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць