Кальвінскі збор (Койданава)
Койданаўскі кальвінскі збор — рэлігійная грамада і кальвінскі храм у пачатку XVII — першай палове XX ст. у мястэчку Койданава (з 1932 года — Дзяржынск).
Славутасць | |
Кальвінскі збор | |
---|---|
| |
53°41′26,71″ пн. ш. 27°07′39,89″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Дзяржынск |
Канфесія | Кальвінізм |
Тып будынка | збор |
Архітэктурны стыль | готыка |
Заснавальнік | Крыштаф Мікалай Радзівіл Пярун |
Дата пабудовы | 1613 год |
Дата скасавання | 1945 |
Стан | знішчаны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПабудаваны ў 1613 годзе ў гатычным стылі па фундацыі Крыштафа Мікалая Радзівіла «Пяруна» на месцы старажытнага гарадзішча, вядомага як Койданаўскі замак. Пры будаўніцтве выкарыстоўвалі цэглу памерам 27х13х7 см на вапнава-пясчанай рошчыне. Перабудаваны ў 1884 годзе. У зборы захоўвалася Берасцейская Біблія 1563 года[1].
Койданаўская кальвінісцкая парафія існавала да 1913 года. У пачатку XX ст. яна ахоплівала 3 паветы (Мінскі, Ігуменскі, Навагрудскі) і налічвала каля 200 прыхаджан. Збор пацярпеў у савецка-польскую вайну, у 1920-я гады у ім размяшчаліся бальшавіцкія армейскія склады, у 1930-я гады разабраны на патрэбы будаўніцтва.
Астатні комплекс быў моцна пашкоджаны ў час Другой сусветнай вайны, пазней цалкам разабраны[1].
Архітэктура
правіцьУяўляў сабой мураваны прамавугольны ў плане храм зальнага тыпу з пяціграннай алтарнай апсідай, абапал якой было дзве сакрысціі, і чатырох’яруснай (два ніжнія ярусы — чацверыкі, астатнія — васьмерыкі) вежай-званіцай. Асноўны аб’ём, бакавыя сцены якога былі ўмацаваны контрфорсамі і прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі, быў накрыты высокім двухсхільным гонтавым дахам, на якім узвышаўся купал з пазалочанымі флюгерамі. Вежа-званіца з гадзіннікам і вялікім звонам у верхнім ярусе завяршалася шатром, сцены праразалі высокія арачныя вокны і круглыя байніцы[1].
Асноўны аб’ём падзяляўся чатырма васьміграннымі слупамі на тры нефы, што былі перакрыты зорчатымі скляпеннямі. Каля алтара размяшчалася разная дубовая кафедра. У другім ярусе вежы былі хоры, якія выходзілі ў галоўны неф храма балконам з размаляванай балюстрадай, арган перавезены ў 1866 г. з Мінскага касцёла бернардзінак[1].
Тэрыторыя збора, абкружаная валамі і вадзяным ровам, была ўмацавана мураванай сцяной з двухсхільным гонтавым пакрыццём і дзевяццю круглымі ў плане двух’яруснымі абарончымі вежамі, якія мелі па шэсць байніц, завершанымі конусападобнымі дахамі. Цераз роў да брамы быў пракладзены драўляны мост вянковай канструкцыі з размаляванай балюстрадай. На тэрыторыі збору знаходзіўся аднапавярховы мураваны будынак плябаніі, накрыты гонтавым дахам, на асобным падвор’і — драўляныя будынкі двухкласнай кальвінскай школы, якая існавала да сярэдзіны XIX ст., шпіталя, жылыя і гаспадарчыя пабудовы[1].
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ а б в г д Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- Саборы помняць усе : готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі / Т. Габрусь ; фота У. А. Багданава. — Мінск: Беларусь, 2007. — 165, [1] с. : фат. — Бібліягр.: с. 160-164. с. — ISBN 978-985-01-0714-5.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кальвінскі збор (Койданава)
- Кальвінскі збор (Койданава) на сайце Radzima.org
- Гарадзішча Гаштольдава гара на сайце Глобус Беларусі (руск.)