Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (Ражанка)
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла — помнік дойлідства неаготыкі. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла | |
---|---|
| |
55°40′ пн. ш. 30°18′ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Ражанка |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Благачынне | Шчучынскі дэканат |
Архітэктурны стыль | Неаготыка |
Дата пабудовы | 1674 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000643 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПабудаваны ў 1674 годзе з цэглы і бутавага каменю на паўночнай ускраіне вёскі Ражанка Шчучынскага раёна. Архітэктар Генрык Марконі перабудаваў храм па замове Паца. Так у Беларусі з’явіўся першы неагатычны будынак. Перабудаваны ў 1924—1925 гадах. Капітальна адрамантаваны ў 1990 годзе[1].
Касцёл дзейнічае.
Архітэктура
правіцьАднанефавы крыжападобны ў плане храм з больш нізкімі пяціграннай апсідай і трансэптам. Тарцы высокіх двухсхільных дахаў над нефам і крыламі трансэпта закрытыя ступеньчатымі шчытамі. Да бакавых сцен асноўнага аб’ёму далучаныя дзве прастакутныя ў плане капліцы. Да паўднёва-заходняга кута нефу прыбудаваная трох’ярусная вежа (васьмярык на двух чацвярыках), накрытая васьмігранным спічастым шатром, да апсіды з паўночнага боку — невялікая сакрысція. Куты асноўнага аб’ёму і трансэптаў умацаваныя контрфорсамі і завершаныя дэкаратыўнымі вежачкамі — пінаклямі. Бакавыя фасады з высокімі паўцыркульнымі вокнамі, дэкарыраваныя геаметрычнымі вітражамі. У цэнтры галоўнага фасаду круглае акно-«ружа», вышэй яго дэкаратыўны арнамент, пояс і шчыт, аздоблены вузкімі плоскімі нішамі з трохлопасцевымі арачнымі завяршэннямі і ляпным гербам у сярэдзіне. Галоўны ўваход вырашаны стральчатым парталам.
Інтэр’ер
правіцьУнутраная прастора касцёла перакрытая цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі на падпружных арках, крылы трансэпта — крыжовымі. Апсіда і капліцы раскрываюцца ў прастору нефа арачнымі праёмамі. Над уваходам — хоры. Сцены асноўнага аб’ёму расчлянёныя пілястрамі і размаляваныя ў верхняй частцы шматфігурнымі кампазіцыямі на біблейскія тэмы.
Зноскі
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Харэўскі, С. В. Культавае дойлідства Заходняй Беларусі 1915—1940 гг. — Вільня: ЕГУ, 2008. — С. 41—42. — ISBN 978-9955-77-13-9.
- Ярашэвіч А. А., Багласаў С. Г. Ражанскі Петрапаўлаўскі касцёл // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 249. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Лаўрэш Леанід. Ражанка // Наша слова.pdf № 24 (76), 14 чэрвеня 2023. // на pawet.net
Спасылкі
правіцьКасцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (Ражанка) на Вікісховішчы |
- Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (Ражанка) на сайце Radzima.org
- Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (Ражанка) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (Ражанка) на сайце Catholic.by (бел.)