Мікалай Аляксандравіч Дзядок

(Пасля перасылкі з Мікалай Дзядок)

Мікалай Дзядок (нар. 23 жніўня 1988) — грамадска-палітычны дзеяч анархічных поглядаў, блогер, журналіст, былы палітычны зняволены.

Мікалай Аляксандравіч Дзядок
Дата нараджэння 23 жніўня 1988(1988-08-23) (31 год)
Месца нараджэння
Альма-матар

БіяграфіяПравіць

Мікалай Дзядок нарадзіўся 23 жніўня 1988 года ў Брагіне. Скончыў юрыдычны каледж БДУ. Пасля заканчэння каледжу быў залічаны на 3 курс юрыдычнага факультэта БДУ. Вучыцца там не стаў. Сышоўшы з БДУ, паступіў у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт на аддзяленне паліталогіі (вучыўся завочна; на момант арышту быў студэнтам 2-га курса)[1]. Працаваў у калектарскай фірме дзе выконваў абавязкі журналіста, юрыста і камп’ютаршчыка адначасова[2].

Удзельнік руху беларускіх анархістаў. 27 мая 2011 года быў асуджаны да чатырох з паловай год пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У лютым 2015 года, Дзядок быў асуджаны дадаткова да яшчэ аднаго года турмы па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь[3].

Пасля вызвалення працягнуў грамадска-палітычную дзейнасць, заняўся журналістыкай[4] і даследваннямі ў галіне паліталогіі.

Арышт і тэрмінПравіць

Да арышту Дзядок, па ягоных жа ўласных словах, быў непублічным актывістам, невядомым шырокай публіцы. Ягонае імя з’явілася ў медыях упершыню толькі ў звязку з арыштам.

Мікалай Дзядок быў затрыманы 3 верасня 2010 года ў якасці падазраванага па справе аб «нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі» у ноч на 31 жніўня ў Мінску. Праваахоўныя органы Беларусі арыштавалі маладога чалавека на трое сутак і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Не сабраўшы дастатковай колькасці доказаў, якія б пацвярджалі дачыненне Мікалая да вышэйназванай справы, праваахоўныя органы працягнулі тэрмін яго ўтрымання ў ізалятары часовага ўтрымання, але ўжо па іншай справе («аб нападзе на Дом прафсаюзаў»). Аднак, калі абвінавачанне ў яго дачыненні ізноў не набыло належнай падставы, Мікалай ужо трэцім разам быў затрыманы як падазроны па справе "аб нападзе на аддзяленне «Беларусбанку». Пасля таго, як усе магчымасці да затрыманняў былі вычарпаны, Мікалаю сталі прыпісваць іншыя супрацьпраўныя дзеянні, у прыватнасці, крадзяжы і хуліганства. 24 верасня 2010 г., фактычна адбыўшы больш за 20 сутак пад арыштам, Мікалай Дзядок быў абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі каля Генштабу Беларусі, і 1 кастрычніка яму было прад’яўленае абвінавачанне па артыкуле 339 ч. 2 — «хуліганства»[5].

27 мая 2011 года Заводскі суд Мінска асудзіў Дзядка на 4 з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму (суддзя Жанна Хвайніцкая). Праходзіў па г. зв. «справе анархістаў» разам з Ігарам Аліневічам (быў асуджаны на 8 гадоў) і Аляксандрам Францкевічам (на 3 гады зняволення)[6]. Пачаў адбываць пакаранне ў Магілёўскай калоніі № 15[7].

На судзе актывіст сваёй віны не прызнаў і пазней у калоніі адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта[8]. Падчас зняволення 14 верасня 2011 года палітвязень Мікалай Дзядок у Магілёўскай калоніі пабраўся шлюбам з Валерыей Хоцінай[9]. У кастрычніку 2011 года Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінкскі камітэт прызналі Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча палітычнымі зняволенымі. Над Дзядком узяла шэфства дэпутатка Еўрапарламенту, прадстаўніца Фінляндыі Сары Эсая[10].

За час знаходжання ў магілёўскай калоніі № 15 і 17-й калоніі ў Шклове Мікалай атрымаў больш за 10 спагнанняў за розныя надуманыя парушэнні[11]. Рашэннем суда ад 5 снежня 2012 года ўмовы адбыцця пакарання яму былі зменены на больш жорсткія — пераведзены з калоніі № 17 Шклова ў турму № 4 Магілёва[12].

У лістападзе 2014 года на вязня завялі новую крымінальную справу па 411-м артыкуле за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»[13]. За пяць дзён да сканчэння тэрміну 26 лютага 2015 года суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў палітвязня паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» да 1 года зняволення ў калоніі строгага рэжыму [14]. Дзядку інкрымінавалі 16 парушэнняў рэжыму ў месцах зняволення[15]. За кожнае з гэтых 16-ці парушэнняў Мікалай у свой час ужо быў пакараны ў дысцыплінарным парадку, атрымаўшы вымову або ад 5 да 10 сутак ШІЗА[16]. Падобным чынам улады ў 2012 годзе за некалькі месяцаў да заканчэння тэрміну на год пакаралі і былога палітвязня Зміцера Дашкевіча[17].

Пасля асуджэння напісаў адкрыты ліст[18] у прэсу, у якім раскрытыкаваў артыкул 411 Крымінальнага кодэксу, як негуманны і рэпрэсіўны.

12 мая 2015 Мікалая перавялі ў калонію ПК-9 у Горках, дзе з 50 дзён 42 сутак ён знаходзіўся ў ШІЗА «за парушэнні рэжыму адбыцця пакарання» і «адмовы ад працы»[19]. Каб звярнуць увагу на невыносныя ўмовы ўтрымання, 20 мая 2015 г. Дзядок вымушаны быў нанесці сабе рэзаныя раны жывата і рук[20].

Дэпутат Бундэстага Германіі і прадстаўнік парламенцкай групы Саюз 90/Зялёныя ў Еўрапарламенце Мануэль Сарацын, узяў «шэфства» над палітычным зняволеным Мікалаем Дзядком [21].

22 жніўня 2015 г. Аляксандр Лукашэнка памілаваў шасцярых палітвязняў — Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Міколу Статкевіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Юрыя Рубцова. У паведамленні адзначаецца, што рашэнне пра іх памілаванне прынятае паводле «прынцыпа гуманізма»[22].

Пасля вызваленняПравіць

Пасля вызвалення Мікалай Дзядок аднавіўся ў ЕГУ па праграме «Міжнародная палітыка і эканоміка» [23], які скончыў у 2019 годзе. З’яўляецца ўдзельнікам анархісцкага руху [24]. Працуе ў якасці журналіста ў газеце «Новы час», піша для іншых выданняў [25], вядзе шэраг блогаў у сацсетках і канал у месенджеры Telegram[26], а таксама відэаблог Radix, прысвечаны «рэвалюцыйнаму палітычнаму аналізу, сацыяльнай барацьбе і анархізму ў Беларусі.»[27] Напісаў некалькі кніг.

З кастрычніка 2019 з’яўляецца стыпендыятам праграмы Каліноўскага ступені магістра і слухачом курсаў польскай мовы Цэнтра языка і культуры польскай Універсітэта Марыі Складоўскай-Кюры.[28]

Працяг пераследуПравіць

25 сакавіка 2017 Мікалай Дзядок быў затрыманы ў Мінску і дастаўлены ў Партызанскі РУУС, а пасля ў ЦІП на Акрэсціна. У гэты ж дзень адвезены з чэрапна-мазгавой траўмай у шпіталь хуткай медыцынскай дапамогі ў суправаджэнні міліцыі[29].

30 чэрвеня 2018 года Мікалай Дзядок, разам з 17 іншымі анархістамі, быў затрыманы групай спецназу САХР і супрацоўнікамі ГУБАЗіК падчас разгону нефармальнай сустрэчы анархістаў у лясным масіве пад Крупкамі. Як сцвярджае сам Мікалай, ён правеў пяць гадзін у кайданках тварам у зямлю. [30]Дзядок звярнуўся ў праваахоўныя органы з просьбай узбудзіць крымінальную справу супраць супрацоўнікаў ГУБАЗіК за перавышэння службовых паўнамоцтваў.[31]

12 ліпеня 2018 Мікалая Дзядка затрымалі ля ўласнага дому байцы АМАП, калі ён ішоў на суд да журналіста Зміцера Галко, даставілі ў Фрунзенскі РУУС, а потым у суд Фрунзенскага раёну, дзе ён атрымаў штраф у 10 базавых велічынь па артыкуле 17.10 КаАП «Дэманстраванне нацысцкай сімволкі». Падставай для ўзбуджэння адміністрацыйнай справы стаў пост Мікалая Дзядка ў Facebook.[32]

27 снежня 2018 Мікалай Дзядок быў аштрафаваны судом Фрунзенскага раёну г Мінска на суму ў 40 базавых велічынь. Актывіста анархісцкага руху абвінавачвалі у распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі:  размяшчэнні на сваёй старонцы ў Facebook ілюстрацыі з выявай сімволікі Misantropic Division (міжнародная асацыяцыя неанацысцкіх суполак), якая судом Цэнтральнага раёна Мінска была ўнесена ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Але допіс Міколы Дзядка быў накіраваны як раз супраць нацызму. «Карцінка за ліпень 2016 — ілюстрацыя да паста, у якім я крытыкую людзей за тое, што яны стаяць побач з нацыстамі(!!!). Фоткі прыводжу ў абгрунтаванне сваіх словаў. Разумееце шарм сітуацыі? Сапраўды, якім чынам можна асудзіць нацызм, калі любы ілюстрацыйны матэрыял можа быць заднім лікам прызнаны па-за законам? Калі сыходзіць з даведкі ГУБАЗіК, то трэба судзіць, напрыклад, тых, хто пускае ваенную кінахроніку па тэлебачанні, супрацоўнікаў БТ, якія дэманструюць нацыстаў і не рэтушыруюць іх», — тлумачыў Мікола сваю пазіцыю.[33]

Справу разглядала суддзя Марыя Ярохіна.

4 сакавіка 2019 Мікалая Дзядка затрымалі каля суду Фрунзенскага раёну г. Мінска, адразу пасля таго як яму быў прысуджаны штраф па артыкуле 17.11 КаАП «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» за пост у сацсетках. Мікалай правёў больш за 2 дні ў ізалятары часовага ўтрымання, пасля чаго суддзя Цэнтральнага суда г. Мінска Вікторыя Шабуня прысудзіла яму 25 базавых велічынь штрафу за ўдзел у акцыі «Свабоду палітвязням».[34]

8 красавіка 2019 года Мікола Дзядок быў аштрафаваны судом Фрунзенскага раёну на 1020 рублёў (40 базавых велічынь) па артыкуле 17.11. У адну адміністрацыйную справу аб’ядналі адразу тры пратаколы за выкарыстанне хэштэгу і флэшмоб #яэкстрэміст, які ён правёў супраць закону аб процідзеянні экстрэмізму, з дапамогай якога, па меркаванні анархіста, у Беларусі пераследуюць усіх нязгодных. Да справы былі далучаныя скрыншоты са старонак актывіста ў сацсетках.

Мікола Дзядок разам з адвакаткай даводзіў суду, што абрэвіятура «А. С.А.В» прызнаная экстрэмісцкай, і хэштэг, які ён выкарыстоўваў, — «гэта розныя надпісы». У хэштэгу была рашотка і чатыры малыя літары без кропак паміж імі (#ACAB). Аднак суд не прыняў гэты аргумент.

«Вельмі прыкольна, што зараз ты нават ня можаш расказаць, за што цябе судзілі, бо калі ты гэта расказваеш ці паказваеш, гэта зноўку дэманстрацыя экстрэмісцкіх матэрыялаў, і зноўку суд. І так можна да бясконцасці», — адзначыў актывіст. Мікола Дзядок лічыць, што яго пасадзілі «не за гэтыя карцінкі, а за сукупнасць анархісцкай дзейнасці» і за тое, што ён «прасоўвае анархізм у публічнай прасторы».[35]

10 чэрвеня 2019 у судзе Фрунзенскага раёну суддзя М. Ярохіна прызнала Міколу Дзядка вінаватым у «публічным дэманстраванні і распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў» і пакарала штрафам у памеры 50 базавых велічыняў (1275 рублёў ці 624 даляры). Згодна з пастановай суда, Мікола размясціў у сацсетцы «Укантакце» запіс з чатырма экстрэмісцкімі літарамі «АСАВ». Сам блогер на судзе не прысутнічаў і вырашыў абскардзіць пастанову ў вышэйшыя інстанцыі. [36]

16 верасня 2019 суд Фрунзенскага раёна ізноў пакараў[37] Міколу Дзядка за абрэвіятуру «АСАВ» у сацыяльнай сетцы Укантакце, прызначыўшы яму штраф у памеры 40 базавых велічынь. Працэс вёў суддзя Е. В. Пісарэвіч. "Можна бясконца глядзець на тры рэчы: як гарыць агонь, як цячэ вада, як ГУБАЗіК змагаецца з маімі сацсеткамі… " - так пракаментаваў гэтае судовае рашэнне блогер на сваёй старонцы.

9 студзеня 2020 суд Фрунзенскага раёна пакараў[38] Міколу Дзядка па артыкуле 23.34 за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў абарону незалежнасці Беларусі ў Мінску 21 снежня 2019 года. Штраф склаў 50 базавых велічынь. Вяла працэс суддзя А. В. Бушава.

19 сакавіка 2020 позна ўвечары Мікола Дзядок быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі па абвінавачанні ў дробным хуліганстве (17.1 КаАП РБ). Актывіста даставілі ў ізалятар на Акрэсціна і абвінавацілі ў нанясенні надпісу "Менты твари" фарбай на сцяну інтэрнату. На наступны дзень, калі актывіста даставілі у суд Маскоўскага раёну г.Мінска, дзе высветлілася што ў дзень нанясення надпісу Мікалай Дзядок знаходзіўся за межамі Беларусі, аб чым маецца штамп у ягоным пашпарце. Справа была адпраўленая ў Маскоўскі РУУС г.Мінска на дапрацоўку.[39]

УзнагародыПравіць

У траўні 2017 атрымаў[40] прэмію імя Алеся Караля ў намінацыі "Лепшы сацыяльна-палітычны матэрыял" за артыкул "Дармаедскія пратэсты і перспектыва Майдана".

У снежні 2017 атрымаў[41] прэмію імя Францішка Аляхновіча за лепшы твор, напісаны ў няволі (кніга "Фарбы паралельнага свету").

У траўні 2018 атрымаў[42] прэмію імя Алеся Караля ў намінацыі "Лепшы сацыяльна-палітычны матэрыял" за артыкул "Турма і воля: культурны абмен".

"Чачэнскі" скандалПравіць

У студзені 2019 Мікалай Дзядок стаў фігурантам буйнога скандалу з удзелам расійскіх СМІ. Прычынай сталі сем артыкулаў[43] у газеце Новы Час, дзе працуе Дзядок, прысвечаныя чачэнскім палітычным і вайсковым дзеячам, а ў прыватнасці, Шамілю Басаеву. У артыкуле "Басаеў: «Вашая велікаруская мара — седзячы па горла ў лайне, зацягнуць туды і астатніх...»", прысвечаным 11-годдзю са дня забойства палявога камандзіра, Мікалай Дзядок падаў Басаева як неадназначную асобу, з якой, аднак "лепяць пачвару з пекла".

Артыкул пра Шаміля Басаева быў апублікаваны ў ліпені 2017 года, а напачатку 2019 на яго звярнулі ўвагу расійскія СМІ. пераважна шавіністычнага кшталту, пачаўшы сістэмнае кляймленне аўтара артыкулу, а таксама Алёны Анісім, якая з'яўляецца таксама старшынёй Таварыства Беларускай Мовы, арганізацыі-заснавальніка газеты Новы Час. З пункту гледжання расійскіх і прарасійскіх СМІ публікацыя з'яўлялася "праслаўленнем тэрарыстаў".

Артыкул на прарасійскім сайце "Телескоп", з якога пачалася інфармацыйная атака[44] быў перапісаны і дапоўнены дзясяткамі расійскіх СМІ, галоўным чынам "рускамірнага" кшталту. У іх ліку: Regnum, World Pristav, Свободная Пресса, Посреди России, ИА REX, Eurasia Daily, і шэраг іншых. Да траўлі далучыліся таксама шэраг беларускіх СМІ прарасійскай скіраванасці[45] [46] а таксама сябра бюро партыі "Справядлівы свет" Сяргей Вазняк[47] і Алег Гайдукевіч. [48]

У сваю чаргу, у абарону Дзядка і Анісім выступілі шэраг беларускіх СМІ, у прыватнасці Беларускі Партызан[49] і Наша Ніва.[48]

Аўтары сайту "Телескоп" адпправілі ў Міністэрства інфармацыі і ў Пракуратуру заявы з патрабаваннем прыцягнуць "Новы Час" і Дзядка да адказнасці[48]. Ветэран МУС Расіі, Алег Іванікаў, звярнуўся да пракуратуры Чачэнскай рэспублікі і асабіста Рамзана Кадырава з просьбай "ініцыяваць праверку публікацый газеты Новы Час" [50] Аднак ніводзін з гэтых зваротаў ня меў для Мікалая Дзядка і Новага Часу наступстваў.

БібліяграфіяПравіць

«Фарбы паралельнага свету» — 2017 год [51].

«Народные моджахеды: Муджахедин Хальк»[52] — 2019 год.

«Теория интерсекциональности: анархистская критика»[53] — 2020 год.

Зноскі

  1. Дэпутат Бундэстага Мануэль Сарацын узяў «шэфства» над Мікалаем Дзядком
  2. 10 фактаў пра палітвязня Мікалая Дзядка
  3. Дэпутат Бундэстага Мануэль Сарацын узяў «шэфства» над Мікалаем Дзядком
  4. https://novychas.by/author/%D0%9C%D1%96%D0%BA%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D0%B9%20%D0%94%D0%B7%D1%8F%D0%B4%D0%BE%D0%BA
  5. Мікалай Дзядок
  6. Дзядок: «Усіх не перасаджаеце!»
  7. Мікалай Дзядок: У турме чалавек з моцнай воляй толькі ўмацуецца ў сваіх перакананнях
  8. Палітзняволены Мікалай Дзядок этапаваны ў калонію № 9 у Горках.
  9. Мікалай Дзядок першую гадавіну шлюбу сустракае ў адзіночцы
  10. Мікалай Дзядок: «Усіх не перасаджаеце!»
  11. Суд над Мікалаем Дзядком: яшчэ год зняволення (абноўлена)
  12. Дзядок: Правілы распарадку за кратамі скіраваныя на знішчэнне чалавека (відэа)
  13. Мікалай Дзядок: Правілы распарадку за кратамі скіраваныя на знішчэнне чалавека (відэа)
  14. Мікалай Дзядок сядзіць у камеры, дзе на двух зняволеных — пяць квадратных метраў
  15. За тры дні да вызвалення Мікалай Дзядок асуджаны яшчэ на год турмы j-dzyadok-asudzhany-yashche-na-god-turmy/
  16. Артыкул 411 — новы спосаб затрымаць палітвязняў за кратамі
  17. За тры дні да вызвалення Мікалай Дзядок асуджаны яшчэ на год турмы
  18. https://spring96.org/be/news/76357
  19. Маці Мікалая Дзядка: Два квадратных метра — норма плошчы на аднаго чалавека ў ПКТ. Гэта жудасна!
  20. Палітвязень Мікалай Дзядок парэзаў сабе жывот і рукі
  21. Дэпутат Бундэстага Мануэль Сарацын узяў «шэфства» над Мікалаем Дзядком
  22. Президент Беларуси принял решение о помиловании в отношении ряда лиц
  23. Вучоба, падарожжы, абрыванне сувязяў: як жывуць былыя палітвязні?
  24. «Улада — зло, раскоша — злачынства, я мару пра Беларусь камун» — інтэрв’ю з анархістам Міколам Дзядком. Утопія? Дыскутуйце!
  25. «Ускрываў сабе вены, рэзаў жывот» — Мікола Дзядок напісаў кнігу пра беларускую турму
  26. https://euroradio.fm/yak-pazbegnuc-sachennya-u-sacsetkah-i-zaymec-milyon-padpischykau-efir-u-1505
  27. https://www.youtube.com/user/Ancom1933/about?view_as=subscriber
  28. https://mikola.noblogs.org/?p=4093
  29. Затрыманы 25 сакавіка Мікалай Дзядок у шпіталі з чэрапна-мазгавой траўмай
  30. https://novychas.by/hramadstva/ne-karmice-paczvaru
  31. https://belsat.eu/news/mikalaj-dzyadok-patrabue-raspachats-spravu-suprats-silavikou-yakiya-razagnali-sustrechu-anarhistau-pad-krupkami/
  32. http://spring96.org/be/news/90299
  33. https://baj.by/be/content/mikalaya-dzyadka-ashtrafavali-za-dopis-z-asudzhennem-nacyzmu
  34. https://www.svaboda.org/a/29806793.html
  35. https://www.svaboda.org/a/29868736.html
  36. http://spring96.org/be/news/93330
  37. https://novychas.by/hramadstva/sztraf-u-1020-rubljou-za-4-litary-u-sacsetkah
  38. https://www.facebook.com/photo.php?fbid=1115095495508141&set=a.150036868680680&type=3
  39. https://spring96.org/be/news/96283
  40. https://baj.by/be/content/u-minsku-nazvanyya-laureaty-zhurnalisckay-premii-imya-alyakseya-karalya-shmat-fota 
  41. https://www.racyja.com/kultura/premiyaj-imya-frantsishka-alyakhnovicha-uga
  42. https://baj.by/be/content/adbylasya-cyrymoniya-uganaravannya-peramozhcau-zhurnalisckay-premii-imya-alyakseya-karalya 
  43. https://novychas.by/tags/czaczenski-cykl
  44. https://teleskop-by.org/2017/07/12/respublikanskaya-gazeta-novy-chas-geroiziruet-terrorista-basaeva/
  45. http://vitbich.org/belorusskaya-respublikanskaya-gazeta-novy-chas-geroiziruet-terrorista-basaeva/
  46. http://comparty.by/news/ot-demonstracii-nacistskoy-simvoliki-do-proslavleniya-terroristov
  47. https://teleskop-by.org/2019/02/01/sergej-voznyak-kogo-by-eshhe-mog-popiarit-novy-chas/
  48. 48,0 48,1 48,2 https://nn.by/?c=ar&i=224545
  49. https://belaruspartisan.by/politic/452948/
  50. http://teleskop-by.org/2019/02/07/veteran-mvd-rossii-obratilsya-k-kadyrovu-po-faktu-proslavleniya-terroristov-v-gazete-novy-chas/
  51. Мікалай Дзядок прэзентаваў свой паралельны свет
  52. https://www.samoopredelenie.info/post/%D0%BD%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%B4%D0%BD%D1%8B%D0%B5-%D0%BC%D0%BE%D0%B4%D0%B6%D0%B0%D1%85%D0%B5%D0%B4%D1%8B-%D0%BC%D1%83%D0%B4%D0%B6%D0%B0%D1%85%D0%B5%D0%B4%D0%B8%D0%BD-%D1%85%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BA?fbclid=IwAR2n3Fh6lLswoLBN70eT4gOCPhurQjvfJr16raQsUL8uiO2Re2JVY_IegXI
  53. http://radicalbook.tilda.ws/intersect

СпасылкіПравіць