Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь

У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь (рус. Президентская библиотека Республики Беларусь, афіцыйная назва — Дзяржаўная ўстанова «Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь») — адна з буйнейшых навуковых бібліятэк Рэспублікі Беларусь. Размешчана ў будынку Дома Урада ў Мінску.

Прэзідэнцкая бібліятэка
Рэспублікі Беларусь
Выява лагатыпа
Лагатып бібліятэкі
Лагатып бібліятэкі
Краіна
Адрас
Заснавана 10 снежня 1933
Філіялы 2
Фонд
Склад фонду айчынныя і замежныя інфармацыйныя рэсурсы па праблемах дзяржаўнага кіравання і парламентарызму, права, эканомікі і грамадскім навукам
Аб'ём фонду 1,5 млн. адзінак[1]
Доступ і карыстанне
Выдача штогод 800 000
Абслугоўванне

280 000 наведванняў

у год
Колькасць чытачоў 39 000 карыстальнікаў[1]
Іншая інфармацыя
Дырэктар Квачан Сяргей Іванавіч (з 2011)
Супрацоўнікі 91
Вэб-сайт preslib.org.by

Гісторыя Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь

правіць

1917—1941

правіць

Да моманту стварэння бібліятэкі[2] ўжо існавалі бібліятэкі розных наркаматаў. Так у 1917 г. была створана бібліятэка народнага камісарыята шляхоў зносін, у 1918 г. — навуковая бібліятэка цэнтральнага статыстычнага кіраўніцтва. 13 студзеня 1919 г. Савет народнай гаспадаркі ССРБ прымае пастанову аб стварэнні пры ім тэхніка-эканамічнай бібліятэкі.[3] Пазней Савет Народных Камісараў (СНК) ЛітБел прымае пастанову аб стварэнні Дзяржаўнага інстытута па сацыялогіі і эканоміцы Літвы і Беларусі і Дзяржаўнай сацыялагічнай бібліятэкі пры ім. Ад пачатку 20-х гг. XX ст. працавалі статыстыка-эканамічная бібліятэка Наркамзема, невялікія бібліятэкі Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта (ЦВК) і СНК БССР, народных камісарыятаў фінансаў, працы і асветы, Дзяржплана, Савета народнай гаспадаркі.

7 лістапада 1933 г. ў Мінску ўвялі ў строй будынак Дома Урада, куды пераехалі ЦВК і СНК, наркаматы і іншыя рэспубліканскія арганізацыі. На базе іх даведкавых бібліятэк па пастанове СНК БССР ад 10 снежня 1933 г. (№ 1993) было адкрыта «Аддзяленне Дзяржаўнай бібліятэкі і Бібліяграфічнага інстытута імя У. І. Леніна пры Доме Ураду».[4] З гэтага моманту пачалося планамернае бібліятэчнае абслугоўванне дзяржаўнага апарату БССР.

Цвёрдага дакументальнага пацвярджэння самастойнасці бібліятэкі да сакавіка 1938 г. не знойдзена. У адпаведнасці з пастановай Прэзідыума Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР ад 17 сакавіка 1938 г. Урадавай бібліятэцы надаецца імя А. М. Горкага.[5] Важнай вехай у развіцці бібліятэкі можна лічыць стварэнне Савета бібліятэкі. Старшынёй Савета бібліятэкі стаў першы намеснік Старшыні СНК І. А. Захараў. У склад Савета ўваходзілі прадстаўнікі Прэзідыума Вярхоўнага Савета, Дзяржплана, камісарыятаў лёгкай, харчовай і іншых прамысловасцей. Фінансаванне бібліятэкі ажыццяўляў Наркамфін БССР, а гаспадарчае забеспячэнне — кіраўніцтва Дома Урада. У гэты перыяд чытальная зала і абанемент былі адчынены да 23 гадзін 45 хвілін, уключаючы суботу і нядзелю. Да таго часу чытальная зала па сваім дапаможным фондзе, даведкавым апараце і абсталяванні была ў ліку лепшых у рэспубліцы. Да 1938 г. бібліятэкай карысталіся 2800 чытачоў. Даваенны фонд бібліятэкі дасягнуў 250 тыс. адзінак захоўвання, у тым ліку 80 тыс. экзэмпляраў кніжнага фонду.

1941—1960

правіць
 
Чытальны зал Урадавай бібліятэкі імя А. М. Горкага ў 1959

У гады Вялікай Айчыннай вайны фонд бібліятэкі быў разрабаваны і практычна поўнасцю знішчаны. Пытанне аб аднаўленні бібліятэкі вырашалася яшчэ да вызвалення Мінска. Савет Народных Камісараў БССР 27 чэрвеня 1944 г. прыняў пастанову «Аб аднаўленні дзейнасці бібліятэкі СНК БССР». А 8 ліпеня 1944 г. Саўнаркамам БССР быў зацверджаны яе пастаянны штат, наладжана атрыманне абавязковага экзэмпляра літаратуры з Цэнтральнага калектара навуковых бібліятэк. Урадавая бібліятэка імя А. М. Горкага першай сярод навуковых бібліятэк сталіцы ўлетку 1944 г. пачала працу ў вызваленым Мінску. На ранейшым месцы была адноўлена чытальная зала на 150 месцаў. Да 1946 г. у бібліятэцы абслугоўвалася 3000 чытачоў.

1944—1952 гг. — час інтэнсіўнага фарміравання фонду. Колькасць экзэмпляраў дасягае даваеннага ўзроўню. Кнігі набывалі ў насельніцтва, праз букіністычныя крамы. 15440 выданняў было адабрана з трафейных крыніц. Супрацоўнікі бібліятэкі выязджалі ў Маскву, Ленінград, Ерэван, Тбілісі, Баку з мэтай аднаўлення фонду Урадавай бібліятэкі Беларусі. Туды да вайны накіроўваўся беларускі абавязковы экзэмпляр. Вялікую дапамогу па аднаўленні кніжнага фонду аказалі Дзяржаўная бібліятэка СССР імя У. І. Леніна, Урадавая бібліятэка Саўміна СССР, Дзяржаўная публічная бібліятэка імя М. Е. Салтыкова-Шчадрына і іншыя бібліятэкі. За першы пасляваенны год бібліятэкай было зарэгістравана 66634 экзэмпляраў дакументаў. У інвентарнай кнізе № 1 14 кастрычніка 1944 г. была запісана кніга пад інвентарным нумарам «1»: Чехов А. П. «Водевили» (М., 1944).

У пасляваенны час бібліятэка ўзнаўляе культурна-масавую і асветніцкую працу. У сценах бібліятэкі арганізоўваюцца сустрэчы з дзеячамі культуры, паэтамі, пісьменнікамі, сярод якіх былі К. Сіманаў, А. Безыменскі, М. Галодны, С. Маршак, П. Броўка, М. Танк, І. Шамякін, І. Мележ, Я. Брыль і інш.

У пасляваенныя гады ўзраслі інфармацыйныя патрэбнасці спецыялістаў савецкіх, партыйных, гаспадарчых органаў, якія працавалі ў галіне аднаўлення народнай гаспадаркі. Фонд бібліятэкі стаў актыўна папаўняцца навукова-тэхнічнай дакументацыяй. У 1956 г. пры бібліятэцы быў створаны кабінет новай тэхнікі, які неўзабаве стаў цэнтрам тэхнічнай інфармацыі і бібліяграфіі ў рэспубліцы. Бібліятэка ажыццяўляла арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва сеткай тэхнічных бібліятэк, яе дзейнасць у гэтым напрамку курыравалася Дзяржаўным навукова-тэхнічным камітэтам Савета Міністраў БССР.

У 1950—1960 гг. бібліятэка актыўна вядзе навукова-даследчую работу ў галіне бібліяграфіі, канцэнтруючыся на падрыхтоўцы бібліяграфічных дапаможнікаў па эканамічнай тэматыцы, грамадска-палітычных пытаннях, савецкім будаўніцтве, актуальных пытаннях навукі і тэхнікі.

1960—1994

правіць
 
Абанемент Урадавай бібліятэкі імя А. М. Горкага ў 1969

Да 1960 г. Урадавая бібліятэка імя А. М. Горкага стала адной з найбуйнейшых навуковых бібліятэк рэспублікі. У гэтым жа годзе адчыняецца міжбібліятэчны абанемент (МБА). А ў 1964 г. Урадавая бібліятэка з’явілася ініцыятарам стварэння «кальцавога» МБА. Паводле «Палажэння аб адзінай агульнадзяржаўнай сістэме МБА» «кальцавы» МБА аб’яднаў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У. І. Леніна, Фундаментальную бібліятэку АН БССР і Урадавую бібліятэку імя А. М. Горкага і стаў асновай стварэння рэспубліканскай сістэмы міжбібліятэчнага абслугоўвання бібліятэк усіх сістэм і ведамстваў.

У 1970 годзе Урадавая бібліятэка мае мільённы фонд дакументаў, развітую сістэму МБА, прафесійна арганізаваны даведкава-бібліяграфічны апарат. Няўхільна ўдасканальваецца інфармацыйнае абслугоўванне кіруючых кадраў рэспубліканскага апарату і працаўнікоў Саветаў, спецыялістаў народнай гаспадаркі. Вядзецца вялікая арганізацыйна-метадычная і навукова-бібліяграфічная праца. У 1970 г. Урадавую бібліятэку імя А. М. Горкага адносяць да навуковых бібліятэк першай катэгорыі.

У 70-80-ыя гады мінулага стагоддзя Урадавая бібліятэка актыўна ўсталёўвае дзелавыя кантакты. Сярод яе партнёраў — Дзяржаўная публічная навукова-тэхнічная бібліятэка, галіновыя навукова-тэхнічныя бібліятэкі краіны, Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна. Урадавая бібліятэка імя А. М. Горкага з’яўлялася актыўным членам Занальнага савета тэхнічных бібліятэк Прыбалтыкі, Беларусі і Калінінградскай вобласці.

Новы віток у развіцці бібліятэкі звязаны з узнікненнем сувярэннай беларускай дзяржавы. У адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ад 26 верасня 1994 г. № 17рп Урадавая бібліятэка была перайменавана ў Прэзідэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь. З гэтага часу галоўнай задачай становіцца ўсебаковае бібліятэчна-інфармацыйнае забеспячэнне дзейнасці Прэзідэнта і яго Адміністрацыі, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў і яго Апарату, Канстытуцыйнага суда Беларусі, Выканаўчага сакратарыяту СНД, міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў, ведамстваў, арганізацый і мясцовых органаў кіравання. Індывідуальнае інфармаванне рэгулярна атрымліваюць супрацоўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў і інфармацыйныя службы гэтых устаноў.

 
Гравюра з «Анфалагіона». Кіеў, 1619

Аддзел старадрукаў і рэдкіх выданняў[6]

правіць

Фонд рэдкай і каштоўнай літаратуры — асаблівы гонар бібліятэкі[7]. У фондзе аддзела налічваецца звыш 30 тыс. асобнікаў.
Вылучаны калекцыі:

  • кірыліцы (XVII—XIX стст.), у тым ліку — «Служэбнік» (М., 1601—1602), «Анфалагіон» (Кіеў, 1619), «Трыадзіон» (Львоў, 1664);
  • беларосікі (XVIII—XX стст.);
  • літаратуры беларускай дыяспары (XX ст.);
  • старадрукаў на замежных мовах (XVI—XVII стст.), напрыклад, навуковы трактат Bozio Tommaso. De imperio virtutis…(Colonia Agrippina, 1594)[8];
  • капіевіцы (грамадзянскага друку) (1708—1825 гг.);
Толькі 9 кніг выдадзена капіевіцай (грамадзянскім шрыфтам) у Беларусі ў XVIII стагоддзі. Адна з іх знаходзіцца ў нашай калекцыі. Гэта «Слоўнік юрыдычны» Ф. Ланганса, выдадзены Полацкай езуіцкай калегіяй у 1791 годзе.
Больш за 200 выданняў налічвае калекцыя расійскай капіевіцы (1725—1825 гг.). Сярод іх — прыжыццёвыя выданні М. Ламаносава, А. Сумарокава, М. Хераскава і інш. Бібліяграфічнай рэдкасцю з’яўляюцца «Царственны летапісец» (1772), «Расійскі атлас з сарака чатырох карт»[9] (1792), часопісы «Веснік Еўропы» (1827), «Сучаснік» (1857—1866), «Паўночныя запіскі» (1913—1917).
  • старажытных карт, атласаў і каляндароў.

Захоўваюцца часткі бібліятэк: Нясвіжскай Ардынацыі Радзівілаў (каля 200 асобнікаў); Супрасльскай бібліятэкі (каля 20 асобнікаў); Беларускага музея і бібліятэкі імя І. Луцкевіча ў Вільні; Рускай Тургенеўскай бібліятэкі ў Парыжы[10] (каля 500 асобнікаў); Баркалабаўскага і Талачынскага кляштараў; выданні з бібліятэк прадстаўнікоў расійскай імператарскай фаміліі.

Сярод кніг на замежных мовах самымі старымі з’яўляюцца выданні XYIII стагоддзя на лацінскай і французскай мовах. Гэта таксама прыжыццёвыя выданні І. Гётэ, Э. Бярнштэйна, Э. Ажэшкі, Р. Рыльке, Ф. Шлосера. Прадстаўляюць цікаўнасць першыя выданні «Споведзі» (1782) Ж. Ж. Русо, «Усеагульнай геаграфіі» Ж. Ж. Элізе Рэклю.

Les Confessions Full text online(недаступная спасылка)

Значную каштоўнасць уяўляюць «Беларускі архіў старажытных грамат» (1824), «Збор старажытных грамат гарадоў Мінскай губерніі» (1848), «Статут Вялікага княства Літоўскага» (1854).

Захоўваюцца часткі прыватных кнігазбораў беларускіх вучоных і грамадскіх дзеячаў, напрыклад, М. Каяловіча, В. Ластоўскага, П. Панамарэнкі, С. Новіка–Пяюна, Б. Эпімах–Шыпілы, Я. Карскага, А. Сапунова, Е. Раманава, У. Пічэты, К. Езавітава, М. Мялешкі і інш.

У фондзе Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь выяўлены 12 прыжыццёвых манаграфій М. В. Доўнар-Запольскага, а таксама выданні з яго асабістага кнігазбору.
[11]. У Прэзідэнцкую бібліятэку нашчадкамі П. Лепяшынскага перададзена яго асабістая бібліятэка ў складзе каля 3 тыс. асобнікаў.

Сярод твораў мастацкай літаратуры багата прыжыццёвых выданняў Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гарэцкага.
Калекцыю беларускіх кніг 1917—1945 гадоў складаюць выданні Беларускай Народнай Рэспублікі, Заходняй і Савецкай Беларусі. У ліку рарытэтаў — «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910) В. Ластоўскага, «Беларусь» (1919) А. Цвікевіча, «Беларускі лемантар» (1922) С. Некрашэвіча, працы У. Ігнатоўскага, К. Езавітава, А. і І. Луцкевічаў, Я. Лёсіка.
Значную каштоўнасць уяўляе калекцыя перыёдыкі. Бібліяграфічнымі рэдкасцямі з’яўляюцца камплекты першых беларускіх легальных газет «Наша доля» (1906) і «Наша ніва» (1906—1915), «Беларуская Рада» (1917), «Дзянніца» (1918—1919) і часопісаў «Саха» (1913—1914), «Крывіч» (1923—1927), «Калосьсе» (1935—1939). Гонар Прэзідэнцкай бібліятэкі складаюць каля 370 назваў беларускіх даваенных газет — ад рэспубліканскіх і абласных выданняў да «раёнак», ваенных, заводскіх і калгасных шматтыражак.
Звыш 1000 выданняў налічвае калекцыя кніг, падораных аўтарамі Саюзу беларускіх пісьменнікаў (з расфарміраванай у 2007 г. і перададзенай пераважна Прэзідэнцкай бібліятэцы бібліятэкі «Саюза»).
Зараз у бібліяграфічную рэдкасць ператварыліся і некаторыя бібліяграфічныя дапаможнікі, асабліва тыя, што прызначаліся для службовага карыстання і рабіліся на замову кіраўнікоў МУС або першых асоб дзяржавы.

Зноскі

  1. а б Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь. Агульная інфармацыя (руск.) (18 кастрычніка 2011). Праверана 26 ліпеня 2011.
  2. Герасімаў, В. М. Да гісторыі стварэння Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь i фарміравання яе кнігазбораў (1933—1945 гг.) / В. М. Герасімаў // Здабыткі : дакументальныя помнікі на Беларусі. — Мн. : НББ, 2005. — N 7. — С. 79-90.
  3. Постановление Президиума СНХ ССРБ о конфискации технических библиотек и организации технической библиотеки при СНХ ССРБ, 13 янв. 1919 г. // Библиотечное дело в БССР : документы и материалы. — Минск, 1978. — Т. 1. 1918—1941. — С. 17.
  4. Об организации при Доме правительства отделения Государственной библиотеки и Библиографического института БССР им. В. И. Ленина // Библиотечное дело в БССР : документы и материалы. — Минск, 1978. — Т. 1. 1918—1941. — С. 176—177.
  5. Аб прысваенні імя А. М. Горкага Урадавай бібліятэцы ў гор. Мінску : пастанова Прэзідыума ЦВК БССР ад 17 сакавіка 1938 г. № 91 // Збор законаў і распараджэнняў рабоча-сялянскага ўрада БССР. — 1938. — № 10. — С. 10.
  6. Герасімаў, В. М. Рарытэты Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь і іх роля ў рэгіянальных краязнаўчых даследаваннях / В. М. Герасімаў // Берасцейскія кнігазборы : матэрыялы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання», Брэст, 30-31 кастрычніка 2008 г. / Брэсцкі аблвыканкам, Абласная бібліятэка імя М. Горкага; складальнікі А. М. Мяснянкіна, Т. С. Кавенька; рэдакцыйная калегія Р. Р. Бысюк, Т. П. Данілюк, Л. М. Несцярчук, М. В. Нікалаеў, М. І. Новік, А. Г. Ківака, Т. В. Сенькевіч, І. У. Чабатарова. ― Брэст : Паліграфіка, 2010. — С. 70-78.
  7. Герасімаў, В. М. Кнігазнаўчыя даследаванні Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь / В. М. Герасімаў // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры. Вып. 2 : зборнік навуковых артыкулаў / рэдкалегія: М. А. Бяспалая (адказны рэдактар) [i інш.]; складальнік: Т. А. Дзем’яновіч, Л. I. Доўнар, Т. А. Самайлюк ; Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры i мастацтваў. ― Мінск, ― 2008. — С. 99-113.
  8. Bozio, Tommaso. De imperio virtutis sive imperia pendere a veris virtutibus non a simulatis libri duo adversus Machiavellum. 1594. Праверана 29 лістапада 2010.
  9. Российский атлас, из сорока четырех карт состоящий и на сорок два наместничества империю разделяющий. — СПб., 1792.. Праверана 1 снежня 2010.
  10. Мінкевіч Л. Адказная місія : у Прэзідэнцкай бібліятэцы беражліва захоўваюцца ўнікальныя выданні з Тургенеўскай бібліятэкі Парыжа. Праверана 1 снежня 2010.(недаступная спасылка)
  11. Герасімаў, В. Выданні з кнігазбору М. Доўнар-Запольскага ў фондзе Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь / В. Герасімаў // Пятыя Міжнародныя Доўнарскія чытанні : Рэчыца, 22-23 верасня 2005 г. — Гомель, 2005. — С. 160—164

Спасылкі

правіць