Справа Маладога Фронта

Законам Рэспублікі Беларусь ад 15 снежня 2005 г. № 71-3 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь па пытанні ўзмацнення адказнасці за дзеянні, накіраваныя супраць чалавека і грамадскай бяспекі» ў Крымінальны кодэкс уведзены новы артыкул 193-1, у якім устаноўлена адказнасць за незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасці.

У заключэнні Венецыянскай камісіі ад 14 верасня 2011 г., адносна артыкула 193-1 КК РБ гаворыцца, што артыкул 193-1 парушае Міжнародны пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах і з'яўляецца патэнцыйным інструментам для дзяржавы ў стрымліванні грамадскіх актывістаў, дае ўладам шырокія паўнамоцтвы ўмешвацца ў фундаментальнае права на свабоду асацыяцый , свабоду думкі, перакананняў і іх выказвання.[1]

Ход падзейПравіць

Актывісты моладзевай апазіцыйнай арганізацыі Беларусі «Малады Фронт» з часоў заснавання МФ пераследуюцца ўладамі за актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Адміністрацыйныя штрафы і арышты, выключэнне з ВНУ, пагрозы і шантаж з боку спецслужбаў, крымінальны пераслед былі распаўсюджанымі відамі рэпрэсіяў у дачыненні да маладафронтаўцаў. Крымінальныя справы супраць Аляксея Шыдлоўскага, Вадзіма Лабковіча, Паўла Севярынца, Артура Фінкевіча, Зміцера Дашкевіча, Эдуарда Лобава былі прызнаныя беларускімі праваабаронцамі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі як палітычна матываваныя, а актывісты МФ былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

У 2005 г. перад прэзідэнцкімі выбарамі беларускімі ўладамі быў прыняты новы артыкул Крымінальнага Кодэксу РБ, накіраваны на абмежаванне правоў беларускіх грамадзянаў.

У 2006 г. Арт. 193-1 КК РБ: «арганізацыя дзейнасці аб’яднання, фонда ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі, ці ўдзел у ёй», пачаў актыўна выкарыстоўвацца супраць актывістаў моладзевай дэмакратычнай арганізацыі «Малады Фронт».

У сакавіку 2006 г. Аддзелам па барацьбе з тэрарызмам і арганізаванай злачыннасцю КГБ была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 193.1 супраць чатырох актывістаў “Маладога Фронту” --  Зміцера Дашкевіча, Алега Корбана, Барыса Гарэцкага і Сяргея Лісічонка.

27 сакавіка 2006 г. у рамках узбуджанай крымінальнай справы былі праведзеныя вобшукі ў кватэрах некаторых актывістаў МФ. Раённыя пракуратуры, згодна з распараджэннем КДБ, у межах справы дапыталі дзясяткі людзей. У знак пратэсту супраць крымінальнага пераследу сяброў «Маладога Фронта» ў канцы мая і ў пачатку чэрвеня 2006 г. у некалькіх гарадах Беларусі праводзілася безтэрміновая масавая галадоўка, якую пачалі актывісты г. Салігорска.

Напачатку верасня 2006 г. быў праведзены вобшук ў кватэры Зміцера Хведарука. 13 верасня 2006 г. пракуратура дапытала П. Севярынца, які адбываў пакаранне на «хіміі».

5 верасня 2006 г. быў арыштаваны і змешчаны ў СІЗА-1 у Мінску лідэр «Маладога Фронта» Зміцер Дашкевіч. З. Дашкевіч быў абвінавачаны ў «дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі» паводле артыкула 193.1 КК РБ. 1 лістапада 2006 г. З Дашкевіч быў асуджаны на 1,5 гады зняволення. У снежні 2006 г.

З. Дашкевіч быў прызнаны міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Amnesty International вязнем сумлення.[2]

Актывіст «Маладога Фронта» са Жлобіна Эдуард Зелянкоў быў затрыманы 13 сакавіка 2006 г. за нанясенне графіці. Крымінальная справа супраць яго была ўзбуджаная па артыкулах 193.1 і 339 КК РБ. Следства вялося аддзелам унутраных спраў Цэнтральнага раёна г. Гомеля. На пачатку чэрвеня 2006 г. абвінавачанне ў хуліганстве з Э. Зелянкова было знятае за адсутнасцю складу злачынства і пакінутае абвінавачанне ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт». Паводле рашэння суда Жлобінскага раёна, Э. Зелянкоў быў прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе штрафу.

Крымінальная справа паводле артыкулу 193-1 КК РБ была заведзеная супраць актывіста МФ з Баранавіч Сяргея Марчыка 10 красавіка 2006 г. С. Марчык з’ехаў за межы Беларусі.

20 верасня 2006 г. быў выкліканы ў Генпракуратуру РБ на допыт па справе, узбуджанай па артыкуле 193-1 КК РБ Сяржук Лісічонак. Справа была заведзеная ў сакавіку 2006 г. Праходзіў па справе як падазраваны. Напачатку кастрычніка 2006 г. крымінальная справа супраць С. Лісічонка была закрытая.

4 лютага 2007 г. былі затрыманыя 28 рэгіянальных і мінскіх лідэраў «Маладога Фронта» па арт. 193-1 КК РБ. У гэты дзень адбылося паседжанне Цэнтральнай Рады «Маладога Фронта», якое праводзілася ў прыватнай кватэры ў Мінску. Затрыманыя моладзевыя актывісты праз пэўны час былі вызваленыя, а Зміцер Хведарук і Алег Корбан — змешчаныя ў СІЗА КДБ, дзе правялі трое сутак у якасці падазраваных па ўзбуджанай крымінальнай справе. Пазней у якасці падазраваных па гэтай справе былі прыцягнутыя Барыс Гарэцкі, Аляксей Янушэўскі і непаўнагадовая Наста Палажанка.

Абвінавачанне грунтавалася на канфіскаваных падчас ператрусаў на кватэрах маладафронтаўцаў друкаваных матэрыялах, а таксама на раздрукоўках тэлефонных размоў і аўдыёзапісе сходаў 29 верасня 2006 г., 25-га, 29 студзеня, 1, 4 лютага 2007 г. З. Хведарука абвінавачвалі ў тым, што ён кіраваў Першамайскай радай «Маладога Фронта», А. Корбана — у кіраўніцтве Партызанскай рады, А. Янушэўскага — Завадской, Б. Гарэцкага — у тым, што ён быў прэс-сакратаром арганізацыі, Н. Палажанку абвінавачвалі ў кіраўніцтве арганізацыйным аддзелам арганізацыі. Мэтай дзейнасці «Маладога Фронта», на думку абвінавачання, з’яўляўся захоп ўлады шляхам масавых вулічных акцый.

Судовыя слуханні па справе праходзілі 28-29 мая 2007 г. ў судзе Савецкага раёна Мінска. Дзяржабвінаваўца прапанавала пакараць З. Хведарука, А. Янушэўскага, А. Корбана, Б. Гарэцкага штрафамі ў памеры 500 базавых велічынь, а Н. Палажанку — выпраўленчымі працамі. Судзя Руслан Аніскевіч прызнаў моладзевых актывістаў вінаватымі ва ўчыненні крымінальнага злачынства і вынес наступныя пакаранні: З. Хведарук — штраф у памеры 40 базавых велічынь (1 млн. 240 тыс. руб.), А. Корбан, А. Янушэўскі, Б. Гарэцкі — штрафы ў памеры 30 базавых велічынь (930 тыс. руб.), Н. Палажанцы вынесена судовае папярэджанне.

Па гэтым жа артыкуле былі асуджаныя іншыя лідары і актывісты МФІван Шыла (Салігорск), Анастасія Азарка (Нясвіж), Яраслаў Грышчэня (Баранавічы), Кася Салаўёва (Полацк), Эдуард Зелянкоў (Жлобін). Усе яны былі асуджаныя да штрафу альбо папярэджання.

Крымінальная справа ў дачыненьні да непаўнагадовага актывіста з Салігорска Івана Шылы была ўзбуджаная 10 мая 2007 г. пракуратурай Мінскай вобласці па арт . 193.1 КК РБ. І. Шыла абвінавачваўся у тым, што дакладна ведаючы што Міністэрствам юстыцыі РБ грамадзкаму аб’яднанню «Малады Фронт» адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі, з 26 лістапада 2006 г. ажыццяўляў незаконную арганізацыю дзейнасці дадзенага аб’яднання і ўдзельнічаў у яго дзейнасці пры наступных абставінах. Так, ён, з’яўляючыся кіраўніком структурнага падраздзялення (суполкі) грамадзкага аб’яднання «Малады Фронт» у г. Салігорск Мінскай вобласці і яго актывістам, для дасягнення мэтаў, вызначаных статутам аб’яднання, прыняў актыўны ўдзел у мерапрыемствах аб’яднання, шэраг якіх былі арганізаваныя з ягоным непасрэдным удзелам. 4 верасня 2007 г. суд Салігорскага раёна з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы пракурора А. І. Чарнышэвіча разгледзеў крымінальную справу адносна Івана Шылы ў адкрытым судовым паседжанні. Судзя В. Н. Лапіна прызнала І. Шылу вінаватым ва ўчыненні крымінальнага злачынства, прадугледжанага арт. 193.1 КК РБ, і вынесла Івану Шылу судовае папярэджанне. Вынесены прысуд быў абскарджаны ў калегіі па крымінальных справах Мінскага абласнога суда, аднак скарга была пакінутая без задавальнення, а вынесены прысуд — без зменаў.

19 красавіка 2007 г. жыхар г. Баранавічы Яраслаў Грышчэня быў выкліканы на допыт у КДБ,на якім даведаўся, што праходзіць падазраваным па крымінальнай справе па арт. 193.1 КК РБ за удзел у «Маладым Фронтце». Суд над Я. Грышчэнем пачаўся 10 верасня 2007 г. у судзе Баранавіцкага раёна Брэсцскай вобласці. Актывіст МФ з горада Баранавічы Я. Грышчэня абвінавачваўся ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 193.1 КК РБ. Паводле пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы, якую вынес пракурор г. Баранавічы, старэйшы дарадца юстыцыі А. П. Смаль, «непаўнагадовы Грышчэня Я. С. пасля заявы ў Баранавіцкі ГАУС, якую ён зрабіў 20 красавіка 2007 г. аб добраахвотным спыненні ўдзелу ў дзейнасці грамадскага аб’яднання «Малады Фронт», якое не прайшло ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі, фактычна працягнуў удзел у дзейнасці гэтага незарэгістраванага грамадзкага аб’яднання пры правядзенні шэсця «Чарнобыльскі шлях» 26 красавіка 2007 г., пра што сведчаць відэаматэрыялы. Падчас судовага разбіральніцтва пракурор, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне, прапанаваў пакараць актывіста на 1 год пазбаўлення волі ўмоўна. Судзя Васіль Петрыў прызнаў Я. Грышчэню вінаватым у інкрымінуемым злачынстве і прыняў рашэнне аб пакаранні яго штрафам у памеры 30 базавых велічынь (930 тысяч рублёў).

Крымінальная справа супраць Анастасіі Азаркі была ўзбуджаная УУС Мінаблвыканкаму 5 сакавіка 2007 г. па арт. 193.1 КК РБ. Дзяўчыну падазравалі ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт». 4 верасня 2007 г. А. Азарка была аштрафаваная на 40 базавых велічынь.

8 красавіка 2008 г. ў Полацку абвешчаны прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да актывісткі МФ Кацярыны Салаўёвай. Судзя Марозава абвінаваціла яе ў крыміналным злачынстве, прадугледжаным арт. 193.1. КК РБ за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт». Нягледзячы на пратэст міжнароднай і беларускай грамадскасці, якія лічаць дадзены крымінальны арыкул неадпаведным міжнародным прававым нормам і палітычна матываваным, К. Салаўёву пакаралі штрафам у памеры 50 базавых велічынь.

Таксама быў узбуджаны шэраг крымінальных спраў паводле артыкула 193-1 КК РБ, якія не дайшлі да суда. Так крымінальная справа была заведзеная на актывіста Жлобінскай філіяла МФ — Кірыла Атаманчыка.[3]

Крымінальныя справы былі ўзбуджаны на кіраўніка Гомельскага МФ Андруся Цянюту і кіраўніка Светлагорскага МФ Арсенія Ягорчанку.[4] У Жодзіна крымінальныя справы паводле артыкула 193-1 КК РБ узбуджаныя адразу на некалькіх маладафронтаўцаў — Сяржука Гудзіліна, Яўгена Ваўкаўца і Алеся Чарэйку.[5]

Міжнародная рэакцыяПравіць

Старшыня Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Рэнэ ван дэр Ліндэн 17 красавіка 2007 г. на прэс-канферэнцыі ў Страсбургу заклікаў беларускі ўрад спыніць адпраўляць у турмы актывістаў «Маладога фронта».[6]

Міжнародны Фонд па абароне праваабаронцаў Front Line далучыўся да кампаніі «Стоп 193.1!», якую праводзіла Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый. Front Line лічыць, што артыкул 193.1 неабходна адмяніць, паколькі ён абмяжоўвае дзейнасць законных, у тым ліку і праваабарончых, арганізацый і супярэчыць палажэнням Усеагульнай Дэкларацыі Правоў Чалавека і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным Беларуссю.[7]

Amnesty International таксама заклікала адмяніць артыкул 193-1 КК РБ.[8]

Зноскі

  1. http://www.lawtrend.org/pdf-viewer?file=http://www.lawtrend.org/wp-content/uploads/1999/02/Komment_Venets_komiss_sent_2011_russk1.pdf
  2. http://spring96.org/en/news/16101 Amnesty International is calling for the immediate and unconditional release of Zmitser Dashkevich
  3. https://charter97.org/be/news/2009/4/30/17782/ Крымінальныя справы супраць апазіцыянераў не закрываюцца, а толькі прыпыняюцца
  4. http://www.wikiwand.com/ru/%D0%9C%D0%BE%D0%BB%D0%BE%D0%B4%D0%BE%D0%B9_%D0%A4%D1%80%D0%BE%D0%BD%D1%82 Молодой Фронт
  5. http://archive.li/r1Wq Узбуджана чарговая крымінальная справа супраць актывістаў «Маладога Фронту»
  6. http://spring96.org/ru/news/11021 Рене ван дер Линден: задержание пятерых активистов «Молодого фронта» недопустимо
  7. http://spring96.org/ru/news/29044 Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, чэрвень 2009 году
  8. http://buroadvokat.ru/index.php/2010-02-15-20-35-09?start=1206

КрыніцыПравіць