Стралічава

аграгарадок у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі
(Пасля перасылкі з Стралічаў)

Стралі́чава[1] (трансліт.: Straličava, руск.: Стреличево) — аграгарадок у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Стралічаўскага сельсавета.

Аграгарадок
Стралічава
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Насельніцтва
749 чалавек (2021)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Паштовыя індэксы
247617
Аўтамабільны код
3
СААТА
3254848126
Стралічава на карце Беларусі ±
Стралічава (Беларусь)
Стралічава
Стралічава (Гомельская вобласць)
Стралічава

Знаходзіцца за 7 км у напрамку на поўдзень ад горада Хойнікі[2], за 110 км ад Гомеля[2], за 12 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі[2], за 2 км на ўсход ад аўтамабільнай дарогі Р35[3].

Гісторыя

правіць

Карона Каралеўства Польскага

правіць
 
Герб «Бонча» роду Харлінскіх.

Вёска ці не ўпершыню згадана ў падатковым рэестры Кіеўскай зямлі Каралеўства Польскага на 1581 год як слабада Стралічаў[A] Астраглядаўскага маёнтка пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага. З яе чатырох дымоў асадных сялян выбіралася па 15 грошаў, з аднаго агародніка, у залежнасці ад акалічнасцяў, — па 4-6 грошаў падатку[4]. Ад гэтага часу і да рэформеннага ўжо ў Расійскай імперыі перыяду Стралічаў належаў тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хойнікамі, г. зн. пасля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максіміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[5].

30 сакавіка 1590 года пан Ш. Харлінскі выступіў з пратэстам у Кіеўскім гродскім судзе супраць дзеянняў старосты чаркаскага князя Аляксандра Вішнявецкага і губернатара яго Брагінскага маёнтка Кірыяна Вайніловіча, за насланне падданых брагінскіх на сёлы Стралічаў і Дворышча, да ключа Астраглядавіцкага прыналежныя, збіццё і калечанне людзей, забранне коней і быдла, пашкоджанне камораў, учыненне розных гвалтаў[6]. 18 сакавіка 1614 года ў тым жа судзе складзены дэкрэт па справе пана Мікалая Харлінскага да князя Адама Вішнявецкага за тое, што яго людзі падданых стралічаўскіх на дарозе dobrowolney схапілі, да Брагіна адвялі, звязнілі, а коней і рэчы затрымалі[7]. 12 чэрвеня 1618 года Мікалай Харлінскі праз суд запатрабаваў ад брата Юрыя Харлінскага вяртання яго падданых з вёскі Стралічаў, збеглых да Бышава. Месяцам раней М. Харлінскі дамагаўся вяртання збеглых стралічаўцаў ад пана Мікалая Францкевіча Радзімінскага, уладальніка вёскі Масаны. 7 чэрвеня 1623 года датаваны судовы дэкрэт, у якім удава Гальшка Харлінская абвінавачвала паноў Станіслава, Юрыя і астатніх Харлінскіх, родзічаў мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Стралічаў, Паселічы, Малішаў (яшчэ названыя 18 паселішчаў, акрамя «іншых вёсак і прыселкаў»)[8].

 
Герб «Ястрабец» зменены паноў Абрамовічаў.

У 1627 годзе пані Гальшка (Гелена) Харлінская склала тэстамент, паводле якога добра Астраглядавічы пераходзілі ў пасэсію да ваяводзіча смаленскага Мікалая Абрагамовіча[9], жанатага з яе дачкой Евай. Згодна з тарыфам падымнага падатку, у 1628 годзе пан М. Абрагамовіч з васьмі дымоў (×6 — каля 48 жыхароў) сяла Стралічава мусіў плаціць па тры злотыя[10].

Паводле люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года, з 30 дымоў сяла Стралічава Хойніцкай воласці князя Шуйскага выплачвалася 5 злотых; у другі раз — 5 злотых з 5 дымоў[11]. У судовых актах, датаваных 22 днём лютага — 20 жніўня 1686 года і 20 снежня 1688 года маюцца звесткі пра тое, як пан Дамінік Абуховіч наслаў сваіх людзей і казакоў на вёскі Стралічаў, Руднае і Навасёлкі пана пісара берасцейскага Канстанціна Шуйскага; яны ж сялян тамтэйшых збілі, скалечылі, а быдла рознае да яго маёнтку Тульгавічы забралі. За рабункі і гвалт адказчык пан Д. Абуховіч мусіў заплаціць пацярпеламу пану К. Шуйскаму 18 900 польскіх злотых, чаго, аднак, не зрабіў. Быў асуджаны на вечную баніцыю, што і актыкавана ў Мазырскім гродскім судзе[12].

 
Герб «Святы Юрый» (Георгій Перамаганосец) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука.

На 1698 год, як тое вынікае з інвентара маёнтка Хойнікі, перададзенага князем Дамінікам Шуйскім у кіраванне пана Зыгмунта Шукшты, у Стралічаве было 18 двароў, гаспадар аднаго з якіх памёр. Паводле рэвізіі 1716 года, налічвалася ўжо 38 гаспадарак, тры з іх былі вызваленыя ад асноўных павіннасцей (słoboda), таму выплачвалі хіба ачковае — грашовую даніну за валоданне пасекай. Згодна з інвентаром 1721 года, калі абцяжараны даўгамі маёнтак ад пасэсара Юзафата Парышэвіча, біскупа валоскага, перайшоў дзедзічнаму ўладальніку князю Мікалаю Шуйскаму, харунжычу берасцейскаму, у Стралічаве было 37 гаспадарак, якія, акрамя дзякла, плацілі чыншу 162 злотыя, ачковага 30 злотых, 22 з паловай грошы, паншчыну адпрацоўвалі ад Вялікадня (Wielkiej Nocy) да св. Міхайлы па тры дні, ад Міхайлы да Вялікадня па два дні, гвалты адбывалі, грэблі масцілі, з падводамі ездзілі. На той час у Стралічаве існаваў і фальварак, а сярод местачковых яўрэяў названы Лейба Стралічаўскі. Прозвішчы жыхароў — Баран, Курыленка, Сідарок, Фурс, Кісель, Міхедзенка, Дзянісенка, Бондар, Бандарэнка, Сцепаненка, Тарасюк (Тарасенка), Драздэнка (Drozdonko), Стукачык, Мінчук, Гоман, Ігнаценка (Ігнатко), Мякен(ь)кі (Мяккі), Пінчук, Чэркас, Турчын, Табачны, Корзун[13].

Паводле тарыфа падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1734 года, Стралічаў у складзе Хойніцкай воласці належаў князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасцейскаму[14]. У 1748 годзе Стралічаў названы ў ліку паселішчаў, частка жыхароў якіх (шляхта) належала да рыма-каталіцкай Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[15]. На 1754 год у Стралічаве налічвалася 57 двароў (прыкладна 342 жыхары), з якіх да Оўруцкага замка выплачвалася 8 злотых, 26 грошаў, на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства 35 злотых і 14 грошаў[16].

Паводле перапісаў яўрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў у сяле Стралічаў жылі адпаведна 10, 4 і 6 чалавек (głowy), плацельшчыкаў пагалоўшчыны, якія належалі да Хойніцкага кагала[17]. Убыванне колькасці яўрэяў магло быць выклікана выбухам гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны 1768 года, адгалоскі якой дасягалі і гэтых мясцінаў.

 
Герб уласны роду Прозараў.

20 жніўня 1776 года апекуны Людвікі Шуйскай, пасэсары добраў Хойнікі і Астраглядавічы князі Шуйскія, старосты ніжынскія, абвінавачвалі ў Оўруцкім гродскім судзе пяцігорскага палкоўніка Міхала Ракіцкага, дзедзічнага ўладальніка Брагінскага маёнтка, і пасэсара вёскі Мокіш пана Міклашэвіча, у тым, што сяляне мокішскія пакасілі стралічаўскія сенажаці, вялікія шкоды ўчыніўшы[18]. У 1777 годзе ў Стралічаве ўзведзены новы драўляны будынак Свята-Міхайлаўскай царквы[19][B]. 12 верасня 1785 года ў Оўруцкім гродзе з’явілася скарга, пададзеная сужэнствам Каралем і Людвікай з князёў Шуйскіх Прозарамі на пана Аслоўскага, які па-хуліганску наехаў на сяло, людзей напалохаў ды разагнаў па палях[21].

Расійскай імперыя

правіць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Стралічаў апынуўся ў межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[22]. У «Камеральном описании… Речицкой округи», датаваным 29 студзеня 1796 года, Стралічаў названы сярод паселішчаў у складзе Хойніцкіх добраў Людвіка Прозара[C], якія раней былі перайшлі «в казну», але «по высочайшему повелению» вернутыя Луізе Прозаравай[23]. Паводле рэвізіі 1795 года, эканомам у фальварку Стралічаў служыў па кантракту шляхціч Габрыель, сын Яна, Дамброўскі[24]. Сяло мела 81 двор з 330 душамі мужчынскага і 304 жаночага пола прыгонных сялянаў. Яшчэ тут жылі вольныя людзі, «именуемые бояре или земяне.., платящие чинш», Васілеўскія[D], якіх усяго — 8 мужчын і 10 жанчын[25].

 
Фальварак і сяло Стралічаў на карце Ф. Ф. Шуберта, сярэдзіна XIX ст.

З 1808 года прыходскім святаром Міхайлаўскай царквы ў Стралічаве[E] пачаў служыць Антоній Іванаў Гашкевіч[26], бацька будучага дыпламата і мовазнаўца Іосіфа. На 1811 год у гэтым сяле пані Людвікі Прозар налічваўся 81 двор з 240 душамі прыгонных «мужеска пола»[F][27]. 28 лютага 1812 года фальварак Стралічаў разам з сялом і ўсімі ўгоддзямі аддадзены ў трохгадовую арэнду за плату ў 2550 рублёў серабром штогод сужэнству Францішку і Людвіцы Каперніцкім[28].

У кастрычніку 1833 года стралічаўскі святар Антоній Гашкевіч і панамар Пётр Леановіч звярнуліся з «нижайшим прошением» да епіскапа Мінскага і Гродзенскага Яўгенія, «припадая к стопам… Преосвященства», абы прызначыў ім жалаванне. Хлебная ссыпка бо на іх утрыманне не паступала, з-за беднасці прыхаджанаў ўсе царкоўныя трэбы выконваліся без усялякага ўзнагароджання, царкоўная зямля без угнаенняў, якіх ніяк не здабыць, зусім не радзіла. А ў іх жа сем’і; у святара сыны яшчэ і вучыліся[29]. Па смерці ад чахоткі ў жніўні 1836 года А. Гашкевіча[30] прыход прыняў святар Якаў Мікалаеў Змаровіч, ажаніўшыся з дачкой нябожчыка Ганнай[31]. Інвентар Хойніцкага маёнтку 1844 году засведчыў прыналежнасць фальварка і сяла Стралічаў пану Уладзіславу Прозару[32]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» сказана, што 480 жыхароў Стралічава абодвух полаў былі прыхаджанамі Міхайлаўскай царквы[33].

У парэформенны перыяд Стралічаў — у Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года ў сяле было 224 гаспадакі сялян-уласнікаў, прыпісаных да Стралічаўскага сельскага таварыства[34]. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Міхайлаўскай царквы названыя настаяцель а. Раман Гласко, в. а. штатнага псаломшчыка Фёдар Мігай і звышштатны Іван Загароўскі, просфірня Еўфрасіння Бабарыкіна. Да прыходу, акрамя Стралічава, належалі Губарэвічы, Руднае і Навасёлкі.[35]. У 1879 годзе царкоўны прыход налічваў 1015 мужчын і 1120 жанчын. Настаяцелем з 1 студзеня 1877 года, пасля спачыну зяця Р. Гласко[G], зноў стаў а. Якаў Змаровіч[36]. У 1886 годзе ў сяле 66 двароў, 537 жыхароў, вятрак і конны млын[37].

Увесну 1905 года ў жыхароў Стралічава «возникли недоразумения» ў дачыненнях з адміністрацыяй аднайменнага маёнтку ганаровага грамадзяніна М. П. Аўраамава з прычыны таго, што сяляне пачалі свавольна выпасаць жывёлу на зямлі памешчыка, уважаючы яе сваёй. 23 мая, на загад мінскага губернатара, сюды прыбыла 13-я рота 316 пяхотнага Вышневалоцкага палка. 25 мая ўсе спробы арыштаваць зачыншчыкаў з ліку 300 бунтаўнікоў (амаль уся вёска), як і каманда жаўнерам «на изготовку» нібы для пачатку страляніны, скончыліся безвынікова. У наступныя дні, пасля пагаднення бакоў аб карыстанні пашамі, хваляванні супакоіліся[38]. На 1909 год у сяле Стралічаў 162 двары, 1036 жыхароў, у аднайменным хутары 4 двары, 41 жыхар[39].

Найноўшы час

правіць

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міра з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Стралічаў у складзе Хойніцкай воласці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[40].

 
Стралічаў на карце генштаба РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Хойніцкая воласць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучана да РСФСР. Згодна з дакументам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 года і на 15 красавіка 1921 года ў Стралічаўскай школе першай ступені (г. зн. пачатковай) налічвалася адпаведна 65 і 125 вучняў[41].

З 8 снежня 1926 года вёска — цэнтр Стралічаўскага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі, з 20 лютага 1938 года Палескай вобласці БССР. Арганізаваны саўгас «Стралічава». У 1930 годзе створаны калгас «Пралетарый», працавалі вінакурня, вятрак, дзве кузні, цагельня, стальмашня, шорная майстэрня. У Вялікую Айчынную вайну дзейнічала патрыятычнае падполле (кіраўнік У. І. Табачны). 200 вяскоўцаў загінулі на франтах.

Пасля скасавання Палескай вобласці 8 студзеня 1954 года Хойніцкі раён увайшоў у склад Гомельскай вобласці. Тады ў Стралічаве існавала сямігадовая школа[42].

Насельніцтва

правіць
  • 1850 год — 70 двароў, 290 жыхароў.
  • 1897 год — 139 двароў, 848 жыхароў (згодна з перапісам).
  • 1930 год — 175 дваров, 1072 жыхары.
  • 1959 год — 1828 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2001 год — 349 двароў, 979 жыхароў[2].
  • 2009 год — 818 жыхароў.
  • 2021 год — 261 гаспадарка, 749 жыхароў[43].

Інфраструктура

правіць
  • Сярэдняя школа
  • Дом культуры
  • Бібліятэка
  • Аддзяленне сувязі

Памятныя мясціны

правіць

Вядомыя асобы

правіць
 
Запіс аб нараджэнні-хросце Іосіфа Гашкевіча ў метрычнай кнізе Свята-Міхайлаўскай царквы.

Заўвагі

правіць
  1. На Генеральнай карце «Беларускія землі ў XVI ст.» Вялікага гістарычнага атласа Беларусі Стралічаў не паказаны, у адрозненне ад Камарына, які на той час не згаданы ні ў адной крыніцы.
  2. Сцвярджэнне С. В. Марцэлева нібы царква збудавана ў 1795 г.[20] — адна з шматлікіх прыдумак аўтара; у наяўных крыніцах такой звесткі няма.
  3. Так падпісваўся Караль, бо маёнтак быў уласнасцю яго жонкі Людвікі, а каб браць удзел у справах павета і ў Рэчы Паспалітай, і ў Расіі неабходна мець у яго межах зямельныя ўладанні.
  4. Прысутны пры хросце ў 1814 г. Іосіфа Гашкевіча Аляксандр Васілеўскі ўважаў сябе за шляхціча.
  5. Да расійскага праваслаўя павернутая ў 1795 г.
  6. Гэта як быццам на 90 душ меней, чым у 1795 годзе, пры нязменнай колькасці двароў...
  7. Паведамленне іерэя Расціслава Бандарэнкі, настаяцеля царквы Праабражэння Гасподняга ў вёсцы Сялец Брагінскага раёна.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Стрэ́лічава, Стралі́чаў, Стрэ́лічаў, м.
  2. а б в г БелЭн 2002.
  3. Атлас 2011.
  4. Źródła dziejowe (далей ŹD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I-szy. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 37
  5. Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. — С. 12—18.
  6. Archiwum Główny Akt Dawnych. Archiwum Prozorów i Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 8
  7. AGAD. APiJ. S. 15
  8. ŹD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 248, 282, 637
  9. AGAD. APiJ. S. 56
  10. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 396—397
  11. Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 488, 507
  12. AGAD. APiJ. S. 43, 44
  13. НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 119, 120, 122, 123адв.-124, 130адв., 139адв., 141—141адв.
  14. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
  15. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148.
  16. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 193; гл. таксама: С. 13—15, 20—22.
  17. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  18. AGAD. APiJ. S. 80
  19. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 34-34адв.
  20. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2. Кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. С. 460
  21. AGAD. APiJ. S. 32-33
  22. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 181—182. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
  23. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. — С. 70 — 71.
  24. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 181. А. 260
  25. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 155—168адв.
  26. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 334—335
  27. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 261. А. 1033—1042
  28. AGAD. APiJ. Sygn. 14. S. 8-9
  29. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 9827. А. 2-2адв.
  30. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 538. А. 707адв.
  31. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 539. А. 710адв.
  32. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475. А. 4, 18-27
  33. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 696
  34. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 69.
  35. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 457
  36. Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 130—131
  37. Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113.
  38. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Хойніцкага раёна / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн імя Петруся Броўкі, 1993. — 384 с. : іл. — ISBN 5-85700-092-0. С. 46—47
  39. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 195
  40. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  41. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  42. Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 10. А. 2
  43. Численность проживающих на территории Стреличевского сельсовета на 01.01.2021 г. Архівавана 20 кастрычніка 2021./

Літаратура

правіць
  • Стралічава́ // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 196. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Гомельская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2011. — С. 35. — 68 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-107-5. (руск.)
  • Ліст карты М-35-12. Выданне 1989 года. Стан мясцовасці на 1986 год. (руск.)

Спасылкі

правіць