Сычуанская катлавіна
Сычуанская катлавіна, Чырвоны басейн — міжгорная ўпадзіна ў Кітаі, у басейне сярэдняга цячэння р. Янцзы.

Плошча каля 200 тыс. км². Вышыня 400 — 500 м (на ўскраінах да 1000 м). Абмежавана на захадзе Сіна-Тыбецкімі гарамі, на поўначы і паўночным усходзе хрыбтамі Цыньлін і Дабашань, на поўдні нагор'ем Гуйчжоў.
Прымеркавана да сінеклізы Кітайска-Карэйскай платформы. Запоўнена магутнай тоўшчай (да 4000 м) чырванаколерных пясчанікаў і сланцаў юрскага і мелавога ўзросту і іншымі асадкавымі пародамі. Утварае прыступкавы амфітэатр, звернуты на поўдзень. Паверхня ўзгорыстая, перасечана р. Янцзы і яе прытокамі.
Клімат субтрапічны вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня 10°С, ліпеня 29°С. Ападкаў 800 — 1750 мм за год. Вегетацыйны перыяд круглы год.
Глебы — жаўтазёмы, чырваназёмы. Лістападныя і вечназялёныя лясы (большасць высечана), вышэй за 600 м вільготныя лясы (вечназялёны дуб, вастраліст, лаўр, кунінгамія, кіпарыс, хвоя і інш.).
Важны сельскагаспадарчы раён (вырошчваюць рыс, пшаніцу, кукурузу, чай, тытунь, цытрусавыя і іншыя культуры). Класічная правінцыя тэрасавай гаспадаркі. Радовішчы нафты, газу, каменнай солі, каменнага вугалю, жалезных і поліметалічных руд.
Літаратура правіць
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).