Сядзібна-паркавы комплекс Катлубаяў (Ястрамбель)

Сядзібна-паркавы комплекс Катлубаяў — палаца-паркавы ансамбль, размешчаны на беразе ракі Мышанка ў вёсцы Ястрамбель (Баранавіцкі раён).

сядзібна-паркавы комплекс
Сядзібна-паркавы комплекс Катлубаяў
Сядзібны дом
Сядзібны дом
53°01′52,25″ пн. ш. 25°57′33,6″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Ястрамбель
Архітэктурны стыль эклектыка
Дата пабудовы другая палова XIX стагоддзя
Будынкі
палац • бровар
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000733шыфр 112Г000733
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

У пачатку XIX стагоддзя сядзіба стала спадчынным гняздом Катлубаяў, род якіх мае татарскае паходжанне. Сядзіба перайшла да іх згодна з пагадненнем паміж Міхаілам Катлубаем і Казімірам Рдултоўскім ад 3 мая 1851 года[1].

Першым вядомым уласнікам Ястрамбеля быў Міхаіл Катлубай, які служыў рахунаводам пры Радзівілаўскай Камісіі, затым гаспадаром сядзібы стаў сын Міхаіла — паручнік Генрык Катлубай, які атрымаў сядзібу ў 1864 г.[2] Да Генрыка ў маёнтак часта заязджаў яго старэйшы брат — вядомы гісторык і дваровы летапісец Радзівілаў Эдвард Катлубай (1822—1879), які нарадзіўся ў Вільні і валодаў маёнткам Курклішкі ў Троцкім павеце Віленскай губерні[2]. За ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў у Катлубаяў быў сканфіскаваны адзін з маёнткаў у Троцкім павеце. Пасля Эдварда палацам валодаў яго сын Генрык, удзельнік руска-турэцкай вайны, вядомы ваенны доктар. Пазней гаспадарамі сталі два сыны Генрыка — Міхаіл і Эдвард. Апошнім уласнікам палаца (да ўключэння ў 1939 г. Заходняй Беларусі ў склад БССР) стаў Зыгмунт Катлубай (1885—1940)[2].

Архітэктура правіць

Ансамбль уключаў мураваны палац, пабудаваны ў 1897 г., парк, капліцу, бровар, стайню, вазоўню і іншыя гаспадарчыя аб'екты.

Палац правіць

 
Сядзіба

Палац мае форму асіметрычнага ступеньчатага збудавання. Вертыкальнай дамінантай з'яўляецца чатырох'ярусная шатровая вежа з галерэйкай. Аснова кампазіцыі — двухпавярховы прамавугольны будынак палаца, да якога далучаны рознавялікія аб'ёмы пад самастойнымі дахамі. Галоўны фасад вылучаны па цэнтры неглыбокім рызалітам з балконам на двух масіўных пілонах. Да параднага ўваходу вядзе двухбаковы пандус з балюстрадай, па якім конныя экіпажы траплялі да саміх дзвярэй. Дваровы фасад за кошт гульні рознавялікіх выступаючых аб'ёмаў вылучаецца большай дынамічнасцю, будынак ахінае тэраса. Фасады апрацаваныя рустам, карнізамі з сухарыкамі, прамавугольныя і паўцыркульныя аконныя праёмы дэкарыраваны пілястрамі і паўкалонамі, налічнікамі, разеткамі, што надае палацу прывабны выгляд і асаблівую арыгінальнасць. Планіроўка палаца заснавана на кампаноўцы рознавялікіх памяшканняў вакол вестыбюля і калідора з тарцовай міжпавярховай лесвіцай. Палацавая капліца выступае з паўночна-заходняга боку паўкруглай апсідай. Да капліцы далучана чатырох'ярусная шатровая званіца, якая займае ў агульнай кампазіцыі дамінуючае становішча. Дынамічна-асіметрычная пабудова палаца абумовіла складаную арганізацыю ўнутранай планіроўкі. Апартаменты разнастайныя па канфігурацыі і плошчы, маюць самастойныя злучэнні з цэнтральным калідорам. Некаторыя залы маюць выхад на дваровую тэрасу. Разнастайнасць памяшканняў абумоўлівала і іх індывідуальную мастацка-стылёвую трактоўку, аб чым сведчаць фрагменты керамічнай і паркетнай падлогі, розныя аконныя праёмы. Скляпеністыя сутарэнні пад палацам прызначаліся пад службовыя памяшканні і жыллё дваровых.

Парк правіць

Палац і яго гаспадарчыя збудаванні акружаны невялікім пейзажным паркам перыяду эклектыкі. Парк займае роўную, злёгку паніжаную, прамавугольную тэрыторыю плошчай 6 гектараў. Уяздная кляновая алея вельмі шырокая (10 м), яе дрэвы высаджаны праз чатыры метры. Яна ішла перпендыкулярна асноўнай восі кампазіцыі, перасякаючы ўсю сядзібу, ад брамы, якая фланкіравана карпусамі стайні і карэтнай. За ўсходняй параднай часткай сядзібы размешчана штучная сажалка, злучаная каналам і плацінай з ракой Мышанкай. Вось перспектывы ад палаца падкрэслена парай куліс з Populus alba, другая такая ж пара куліс на беразе сажалкі, па якім высаджаны дрэвы вярбы белай ніцай. Перад палацам захаваліся асобныя экзэмпляры лістоўніцы еўрапейскай (Larix decidua). У парку растуць Populus alba, вярба белая ніцая (Salix alba), лістоўніца еўрапейская (Larix decidua), ліпа (Tilia), каштан конскі (Aesculus hippocastanum), дуб чырвоны (Quercus rubra), хвоя веймутава (Pinus strobus). Заходняя частка парка перапланавана ў рэгулярным стылі з выкарыстаннем лінейных пасадак ліпы, каштана конскага, дуба чырвонага. З паркам аб'яднаны фруктовы сад.

Сажалка парку мела не толькі планіровачны-дэкаратыўнае значэнне, але і была акумулятарам вільгаці, прымаючы ваду па бакавым каналам. Лішкі вады па цэнтральным канале сцякалі ў раку Мышанку. Водная сістэма сёння парушаная, каналы абмялелі. Парк у значнай ступені відазменены. Тут пабудавана шмат новых будынкаў школы-інтэрната, у выніку чаго палац прыйшоў у занядбаны стан.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна // Г. К. Кісялёў (галоўны рэдактар), Р. Б. Венцэль, М. К. Дзёмін і інш. (рэдкал.), М. І. Бернат (укладальнік). — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 736 с.: іл. — ISBN 985-6302-28-5. — С. 639—640.
  • Несцярчук Л. М. Палацы, паркі, замкі Баранавіцкага раёна. Гісторыя, стан, перспектывы. — Брэст, 1999. — С. 67—70.
  • Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины (руск.) / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. — 2-е изд. — Мн.: БелЭн, 2006. — 576 с: ил. — 1 500 экз. — ISBN 985-11-0383-7.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław – Warszawa – Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s.

Спасылкі правіць