Груша звычайная

(Пасля перасылкі з Pyrus communis)

Гру́ша звыча́йная[3], Груша дзікая[4] (Pýrus commúnis) — адзін з відаў роду Груша, распаўсюджаны на тэрыторыі ад Усходняй Еўропы да Заходняй Азіі.

Груша звычайная
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Pyrus communis L., 1753

Сінонімы

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  25295
NCBI  23211; 1943549
EOL  414311
GRIN  t:30474
IPNI  30065762-2
TPL  rjp-63

Іменна на аснове гэтага віду выведзена большасць культывараў грушы, якія вырошчваюцца ў рэгіёнах з умераным кліматам на тэрыторыі Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Аўстраліі (у Заходняй Азіі больш выкарыстоўваюцца два іншых віды грушы — Pyrus pyrifolia і Pyrus × bretschneideri.

Назва правіць

Груша звычайная, груша, дулі, ігруша[5][6][7], касцянка, дуля[8].

Батанічнае апісанне правіць

 
Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885

Дрэва вышынёй да 20-25 м[9], часам буйны куст. Дыяметр ствала да 80 см[9]. У маладым узросце кронапірамідальная, галінастая ці круглявая[9], парасткі калючыя.

Лісце рознай формы, даўгавата-круглявае, коратка завостранае, скурыстае, на доўгіх хвосціках, пры засыханні чорнае, 5-7 см даўжынёй[9]. Маладое лісце пакрыта лямцавым апушэннем[9]. Зверху лісце глянцавае, зеленаватае, знізу матавае, па краі пільчатае[9]. Восенню лісце аранжава-чырвонае[9].

Кветкі сабраны па 6-12 у шчыткападобныя суквецці, утвараюцца да распускання лісця[9] з пладовых пупышак, якія сфарміраваліся ў папярэднім годзе. Калякветнік двайны, пяцічленны. Вяночак да 3,5 см у дыяметры, снежна-белага, часам ружаватага колеру[9]. Тычынак шмат, яны маюць фіялетава-ружаватую афарбоўку. Нектараносная тканка размешчана на адкрытым кветаложы. Як у дзікарослых, так і ў культурных формаў цвіценне багатае, пачынаецца са з’яўленнем лісця, у маі, некалькі раней, чым у яблыні. Дрэвы ў насаджэннях квітнеюць 14-16 дзён, асобныя кветкі да 5 дзён[10].

Плады грушападобныя ці круглявыя, спеюць у жніўні — кастрычніку[9]. Дрэва плоданасіць з 8-10-гадовага ўзроста[9].

Арэал і экалогія правіць

У дзікім стане яна распаўсюджана ва ўмераных зонах Азіі, Цэнтральнай, Усходняй, Паўднёва-Усходняй і Паўднёва-Заходняй Еўропы[11].

Расце груша ў лісцяных, радзей у хвойных лясах адзінкавымі ці невялікімі суцэльнымі масівамі.

Хімічны склад правіць

Плады ўтрымліваюць цукар (6-10 %), арганічныя кіслоты (галоўным чынам яблычную), азоцістыя, пекцінавыя і дубільныя рэчывы, фітанцыды і вітаміны (A  (руск.) і B1  (руск.) — сляды, C — 10 мг%)[9].

Значэнне і ўжыванне правіць

 
Груша звычайная

Харчовая, драўняная, меданосная, лекавая, фітанцыдная, таніданосная, фарбавальная, дэкаратыўная і фітамеліярацыйная расліна.

У кулінарыі правіць

 
Грушавы пірог

Плады падоўжаныя, сакавітыя, частка з каменістымі ўключэннямі ў пладовай мякаці[9]. Іх ужываюць у ежу свежымі, сухімі. Грушы, якія вылежалі некаторы час, смачнейшыя.

Плады ўжываюцца ў безалкагольнай, лікёра-гарэлачнай і іншых галінах харчовай прамысловасці, для вытворчасці сокаў, сіропаў, экстрактаў, вінаў, начынняў, квасу. Плады з’яўляюцца сыравінай для падрыхтоўкі воцату, грушавай гарчыцы. Сухія плады служаць сурагатам гарбаты і кавы.

Медыцынскае выкарыстанне правіць

Свежыя грушы, якія прымаюцца ў невялікай колькасці, рэгулююць страваванне і выдатна засвойваюцца арганізмам чалавека[9].

Сушаныя плады здаўна выкарыстоўваюцца ў народнай медыцыне. Адвар сушоных груш здавальняе смагу пры ліхаманкавых захворваннях, валодае абязбольвальным, антысептычным і мачагонным дзеяннем, замацоўваюць кішэчнік пры паносах[9]. Вараныя і печаныя грушы выкарыстоўваюць пры моцным кашлі, удушшы і сухотах.

Грушы маюць вялікае значэнне ў дыетычным харчаванні, асабліва хворых на дыябет.

Пчалярства правіць

Кветкі грушы даюць пчолам вельмі каштоўны вясновы ўзятак нектара і пылка, аднак па меданоснасці груша саступае вішні, сліве і яблыні. Медадайнасць грушы — каля 20 кг мёду з 1 гектара насаджэнняў. Нектар, які збіраецца пчоламі з грушы, утрымлівае мала цукру[12]. Па іншых дадзеных кветкі вылучаюць за дзень да 1 мг цукру ў нектары і ўтвараюць шмат пылка, а медапрадуктыўнасць насаджэнняў складае 10—25 кг/га[10].

Выкарыстанне ў ландшафтным дызайне правіць

 
Сэмюэл Палмер  (руск.). «Грушавае дрэва ў агароджаным садзе  (англ.)»
 
Восеньская афарбоўка лісця грушы

У садова-паркавай культуры грушу ўжываюць для групавых і адзіночных пасадак, стварэння алей, у маладым узросце — для высокіх жывых платоў. Гэта газастойкая расліна. Груша звычайная з’яўляецца родапачынальнікам культурных сартоў груш.

Шануецца ў полеахоўных і прыяравых пасадках як засуха- і ветраўстойлівая парода. Яе садзяць ля дарог, у штучных лясных насаджэннях, пасадках уздоўж чыгунак.

Насенне грушы выкарыстоўваюць як пасяўны матэрыял у пладовых гадавальніках для стварэння прышчэпы для культурных сартоў груш.

Іншае правіць

 
Драўніна грушы

Насенне грушы ўтрымлівае да 35 % тлустага алею, а таксама бялковыя рэчывы. У кары маладых дрэў змяшчаецца 4-7 % танідаў. У кары, лісці і ў соку пладоў грушы ўтрымліваюцца фарбавальнікі, з дапамогай якіх тканіны фарбуюць у карычневы, жоўты, далікатна-ружовы і фіялетавы колеры. Камбіяльны пласт выкарыстоўваюць для афарбоўкі дываноў.

Драўніна грушы трывалая, шчыльная, выдатна паліруецца і фарбуецца, пры афарбоўцы чорным лакам падобная на чорнае дрэва. Выкарыстоўваюць для вырабу такарных і сталярных вырабаў, мэблі, музычных інструментаў, чарцёжных прыбораў.

Збор, перапрацоўка і захоўванне правіць

Груша досыць высокаўраджайная парода, з аднаго дрэва сярэдняга ўзросту ў спрыяльныя гады можна сабраць да тоны пладоў. Часцей за ўсё плады збіраюць пасля частковага або поўнага абсыпання, пасля лёгкага ўстрэсвання дрэва[9]. За адзін працоўны дзень адзін работнік можа сабраць 120—200 кг пладоў. Плады сартуюць на калібровачных машынах, пасля чаго адпраўляюць на пункты перапрацоўкі. Свежыя плады захоўваюць на працягу двух-трох месяцаў у прахалодных памяшканнях. Сушаць іх у сушылках, спачатку пры тэмпературы 82-84°, пазней — 70°, захоўваюць у папяровых або тканых мяшках вагой 20-40 кг.

Разнавіднасці правіць

Груша ў культуры правіць

У літаратуры правіць

- Не будзем секчы грушы,
хай расце…
Нічога, што старая…
Але ж кветам
вясною доўжыць ясны дзень…

Мікола Аляхновіч. «Груша»[13]

Розныя беларускія паэты карысталіся вобразам грушы, як старой, пажылай жанчыны, у тым ліку Мікола Аляхновіч[13], Ірына Касянкова[14], Янка Купала[15].

У мастацтве правіць

 
Хуан Цзюйцай  (укр.). «Папугай і насякомае сярод кветак»
 
Антон Зедэр  (ням.). «Лімоннае, інжырнае, грушавае і міндальнае дрэвы», 1890

Высокая дэкаратыўнасць грушы і, асабліва, яе цвіцення, зрабіла гэта дрэва цікавым для такіх мастакоў, як Хуан Цзюйцай  (укр.), Цянь Сюань, Сэмюэл Палмер  (руск.), Антон Зедэр  (ням.), Густаў Клімт і іншыя.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 107. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с. у крыніцы пад назвай Pinus austriaca Höss
  5. Чоловский К. Опыт описания Могилевской губернии. По программе и под редакцией А. С. Дембовецкого, кн. I. Могілев.
  6. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  7. Шатэрнік М. В. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны. Мінск, 1929
  8. З. Верас. Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік. — Вільня, Субач 2: Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра, 1924.
  9. а б в г д е ё ж з і к л м н о п Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Груша обыкновенная // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 41-44. — 200 с. — 130 000 экз.
  10. а б Бурмистров А. Н., Никитина В. А. Медоносные растения и их пыльца: Справочник. — М.: Росагропромиздат, 1990. — С. 51. — 192 с. — ISBN 5-260-00145-1.
  11. Паводле сайта GRIN.
  12. Абрикосов Х. Н. и др. Груша // Словарь-справочник пчеловода / Сост. Федосов Н. Ф.. — М.: Сельхозгиз, 1955. — С. 84. Архівавана 7 студзеня 2012.
  13. а б Мікола Аляхновіч. «Груша»
  14. Мікола Аляхновіч. «Ссохлая груша»
  15. Янка Купала. «Груша»

Літаратура правіць

Спасылкі правіць