«Тырпіц» (ням.: Tirpitz) — другі лінкар тыпу «Бісмарк», які ўваходзіў у склад Крыгсмарынэ. У баявых дзеяннях практычна не ўдзельнічаў, аднак сваёй прысутнасцю ў Нарвегіі пагражаў арктычным канвоям у СССР і скоўваў значныя сілы брытанскага флоту[заўв 1]. Спробы знішчыць «Тырпіц» працягваліся на працягу больш за два з паловай гады. Брытанцам перыядычна ўдавалася выводзіць карабель са строю, але іх высілкі ўвянчаліся поўным поспехам толькі ў лістападзе 1944 года пасля нападу з паветра звышцяжкімі бомбамі тыпу Tallboy. Дэталі лінкара дагэтуль знаходзяцца ў ваенных музеях свету.

Тырпіц
ням.: Tirpitz
«Тырпіц» у нарвежскім Альтэн-фіёрдзе
«Тырпіц» у нарвежскім Альтэн-фіёрдзе
Служба:
Клас і тып судна лінкар / цяжкая артылерыйская плаўбатарэя
Порт прыпіскі Сцяг Нарвегіі Тронхейм
Вытворца верф Крыгсмарынэ ў Вільгельмсгафене
Замоўлены да пабудовы 1935
Будаўніцтва распачата 2 лістапада 1936
Спушчаны на ваду 1 красавіка 1939
Уведзены ў эксплуатацыю 25 лютага 1941
Выведзены са складу флота патоплены 12 лістапада 1944
Статус разабраны на метал і дарожнае пакрыццё (электрагенератары часова выкарыстоўваліся ў якасці электрастанцыі), асобныя часткі захаваліся ў музеях
Асноўныя характарыстыкі
Водазмяшчэнне афіцыйнае 35 000 т,
праектнае 45 474 т,
максімальнае (1944 год) 53 500 т
Даўжыня 241,7 м па ватэрлініі;
253,6 м агульная
Шырыня 36 м
Вышыня 15 м (ад кіля да верхняй палубы на мідэлі)
Асадка 9—10,6 м
Браніраванне бранявыя паясы: 145…320 мм
палубы: 50…120 мм
булі: 220 мм
гарматныя вежы: 130…360 мм (у тым ліку барбеты вежаў галоўнага калібра: 342 мм)
баявая рубка: 360 мм
Рухавікі 12 паравых катлоў Wagner
3 турбіны Brown Boveri & Cie
Магутнасць 163 026 к.с. (121 Мвт)
Рухавік тры трохлопасцевыя грабныя вінты дыяметрам па 4,7 м
Хуткасць ходу 30,8 вузла (57 км/г)
Далёкасць плавання 8 870 марскіх міль (16 430 км) на хуткасці 19 вузлоў (35,2 км/г)
Экіпаж 2 608 чалавек: 108 афіцэраў і 2 500 унтар-афіцэраў і матросаў (1943)
Узбраенне
Радыёлакацыйнае ўзбраенне Радыёлакацыйныя станцыі выяўлення надводных і паветраных цэляў
Артылерыя 8 × 380 мм/L48.5 SK-C/34 (4 × 2)
12 × 150 мм/L55 SK-C/28 (6 х 2)
Зенітная артылерыя 16 × 105 мм/L65 SK-C/37 и L65 SK-C/33 (8 х 2)
16 × 37 мм/L83 SK-C/30 (адзіночныя)
12 × 20 мм/L65 MG C/30 (адзіночныя)
72 × 20 мм/L65 MG C/38 (у счацвяроных («фірлінг») артылерыйскіх устаноўках)
Мінна-тарпеднае ўзбраенне 2 × чатырохтрубавыя 533,4-мм тарпедныя апараты (тарпеды G7a T1)
Авіяцыйная група 6 самалётаў Arado Ar.196A-3, адна двухбаковая авіяцыйная катапульта

Гісторыя ўжывання

правіць
 
Лінкар «Тырпіц». Від на кармавыя вежы галоўнага калібра.

Карабель быў спушчаны на ваду 1 красавіка 1939 года. Сваю назву атрымаў у гонар грос-адмірала Альфрэда фон Тырпіца — заснавальніка сучаснага германскага флоту. Першапачаткова меркавалася, што «Тырпіц» будзе дзейнічаць як рэйдар, нападаючы на гандлёвыя караваны саюзнікаў у Паўночнай Атлантыцы. Аднак лёс лінкара «Бісмарк» вымусіў і Гітлера, і грос-адмірала Рэдэра з вялікай асцярожнасцю паставіцца да магчымасцей буйных надводных артылерыйскіх караблёў, якія не маюць падтрымкі авіяносцаў (іх будаўніцтва ў Германіі было ў выніку на час паскорана, але ў строй ніводны з іх урэшце так і не ўвайшоў), таму «Тырпіц» выкарыстоўваўся вельмі асцярожна і, як следства, рэдка.

У студзені 1942 года «Тырпіц» быў адпраўлены ў нарвежскія воды для палявання на арктычныя канвоі ў СССР і процідзеяння аперацыі Archery брытанскіх камандас на востраве Вогсёй (нарв.: Vågsøy). Там, у фіёрдах, ён і прастаяў практычна ўсю Другую Сусветную вайну. Аднак нават простая прысутнасць «Тырпіца» на Арктычным марскім тэатры ваенных дзеянняў звязвала значныя сілы Каралеўскага Флоту, хоць за ўвесь час знаходжання ў Нарвегіі ён здзейсніў толькі тры наступальныя аперацыі. Нягледзячы на апошняе, брытанскае Адміралцейства ўлічвала патэнцыйную небяспеку лінкора і не спыняла намаганняў па яго знішчэнні. Пасля неаднаразовых нападаў з паветра і з-пад вады «Тырпіц» быў патоплены на стаянцы ў Тромсё 12 лістапада 1944 года ў выніку авіяналёту з прымяненнем звышцяжкіх 5,5-тонавых бомбаў Tallboy.

Аперацыі «Тырпіца»

правіць

Аперацыя Sportpalast

правіць

У пачатку сакавіка 1942 года немцамі была спроба перахапіць канвоі PQ-12 і QP-8. PQ-12 выйшаў 1 сакавіка 1942 года з порта ў Ісландыі, а QP-8 — прыкладна ў той жа час з Мурманска. 5 сакавіка «Тырпіц» у суправаджэнні трох эскадраных мінаносцаў пакінуў базу і накіраваўся цераз Паўночны Ледавіты акіян да Мядзвежага вострава. З прычыны дрэннага надвор’я выявіць канвоі не ўдалося, толькі адзін з эсмінцаў выявіў і патапіў савецкі лесавоз «Іжора», які адстаў ад QP-8. 9 сакавіка «Тырпіц» быў заўважаны самалётам з авіяносца HMS Victorious, і віцэ-адмірал (пасля — адмірал) Ота Цыліякс (ням.: Otto Ciliax), які камандаваў атрадам, прыняў рашэнне неадкладна спыніць паход і вярнуцца ў базу.

Аперацыя Rösselsprung

правіць

У ліпені 1942 года нямецкае камандаванне планавала выкарыстоўваць лінкар «Тырпіц», браняносец «Адмірал Шэер» і цяжкі крэйсер «Адмірал Хіпер» разам з эсмінцамі і мінаносцамі для нападу на канвой PQ-17 (план Rösselsprung — «Ход канём»). З прычыны затрымак з дазволам на пачатак аперацыі (яго даваў асабіста Гітлер), выхад у мора адбыўся толькі 5 ліпеня. Да гэтага моманту стала вядома, што канвой ужо распушчаны і «Тырпіц» павярнуў назад[1]. Такім чынам, прамой шкоды канвою «Тырпіц» не нанёс. Аднак PQ-17, распушчаны і пакінуты без аховы менавіта з-за пагрозы з боку «Тырпіца», беспрэцэндэнтна пацярпеў ад нападаў германскіх авіяцыі і падводных лодак.

Атака Луніна
правіць
 
Лінкар «Тырпіц» выходзіць у мора з караблямі эскорту

У дзень выхаду з перадавога пункта дыслакацыі ў Вестфіёрде лінкар быў атакаваны савецкай падводнай лодкай К-21 пад камандаваннем капітана 2-га рангу (пасля — контр-адмірала) М. А. Луніна. Лодкай быў здзейснены залп з чатырох кармавых тарпедных апаратаў. Экіпаж лодкі выніку сваёй тарпеднай атакі непасрэдна не назіраў, аднак чуў два моцныя выбухі і серыю выбухаў слабей. Лунін у сваім дакладзе выказаў здагадку, што выбухі тлумачацца трапленнем тарпед у лінкар, адначасова дапушчаючы верагоднасць таго, што тарпеды патрапілі ў адзін з эсмінцаў эскорту; у штабе брыгады падводных лодак Паўночнага Флоту на падставе яго дакладу і звестак разведкі зрабілі выснову аб патапленні эсмінца і пашкоджанні лінкара. У савецкай і сучаснай расійскай мемуарнай і папулярнай літаратуры, а таксама публіцыстыцы частак сустракаюцца сцвярджэнні пра пашкоджанне «Тырпіца» ў час атакі К-21[2] (у савецкі час аж да надыходу эпохі «галоснасці» ў 1987 годзе гэта быў афіцыйны — у значэнні «адзіны дапушчальны» — пункт гледжання як у гістарыяграфіі, так і ў літаратуры для масавага чытача). Расійскі гісторык М. Э. Марозаў мяркуе, што з пырчыны няправільнага вызначэння элементаў руху цэлі, вялікага вугла сустрэчы і занадта вялікай дыстанцыі стральбы германскія караблі нават тэарэтычна не маглі атрымаць трапленняў, а пачутыя экіпажам К-21 выбухі тлумачацца або ўзрывам тарпед пры іх ударах аб грунт (у канцы траекторыі руху баявая тарпеда ў выпадку непаражэння цэлі тоне), або аддаленымі выбухамі глыбінных бомбаў, якія «прафілактычна» скідваюцца караблямі эскорта[3]. У суднавых дакументах «Тырпіца» пра аперацыю «Ход канём» ніякіх згадак пра атаку Луніна не змяшчаецца[4], але некаторыя гісторыкі дапушчаюць магчымасць фальсіфікацыі гэтых дакументаў.

Аперацыя Sizilien

правіць

У верасні 1943 года была праведзена аперацыя Sizilien («Сіцылія») — рэйд на востраў Шпіцберген. Германскія войскі высадзіліся на востраве пры артылерыйскай падтрымцы з лінкара «Тырпіц», лінейнага крэйсера «Шарнгорст» і дзевяці эскадраных мінаносцаў. Немцы займалі востраў з 6 верасня па 9 верасня 1943 года. Аперацыя Sizilien была адзіным выпадкам, калі «Тырпіц» страляў са сваіх гармат па іншым праціўніку, чым паветраныя цэлі (аднак па суднах праціўніка ён так ніколі і не здзейсніў ніводнага выстралу).

Аперацыі супраць «Тырпіца»

правіць

Брытанцы не спынялі атакі на «Тырпіц» да таго часу, пакуль не патапілі лінкар.

Аперацыя Title

правіць

30—31 кастрычніка 1942: спроба знішчыць «Тырпіц» з дапамогай кіраваных падводных апаратаў пад кодавай назвай «Калясніца» (англ.: Chariot), якія ўяўлялі сабой тарпеды, што кіруюцца чалавекам[5]. Да месца стаянкі «Тырпіца» апараты павінны былі быць дастаўлены шляхам скрытнай буксіроўкі ў падводным становішчы з дапамогай рыбалоўчага катара «Arthur» (капітан — Leif Larsen).

30 кастрычніка катару з тарпедамі на буксіры ўдалося ўвайсці ў Тронхеймс-фіёрд. Калі да месца стаянкі «Тырпіца» заставалася не больш за 15 міль (28 км), падняўся моцны сустрэчны вецер з хваляй. 31 кастрычніка ў 22:00 за кармой раздаўся гучны скрыгат. «Артур» зайшоў у найбліжэйшую гавань, дзе вадалаз выявіў страту абедзвюх тарпед. У гэты момант да «Тырпіца» заставалася менш за 10 міль (18,5 км). Катар быў затоплены і каманда пайшла пешшу да шведскай мяжы.

Немцы пазней выявілі затоплены катар і пасля абследавання прыйшлі да высновы, што ён прызначаўся для спецыяльнай аперацыі.

Аперацыя Source

правіць

У верасні 1943 года адбылася першая паспяховая аперацыя супраць «Тырпіца». Для атакі былі выкарыстаны падводныя міні-лодкі класа «Экс»[en] (англ.: X). Большую частку шляху міні-лодкі ішлі на буксіры звычайных падлодак. З шасці звышмалых падводных лодак атакаваць «Тырпіц» павінны былі тры: X5 (лейт. Хенты-Крыр), X6 (лейт. Дональд Кэмеран) і X7 (лейт. Бэзіл Плэйс). Лодка X5 была выяўлена і патоплена, але X6 і X7 скінулі пад лінкарам чатыры 2-тонавых міны, начыненых аматолам. Пасля гэтага лодкі таксама былі выяўлены, а іх каманды трапілі ў палон. Нягледзячы на выяўленую небяспеку, «Тырпіц» не паспеў зняцца са стаянкі да ўзрыву мін. Узрыў нанёс лінкару сур’ёзныя пашкоджанні: былі пашкоджаны шпангоўты ў насавой частцы і сарвана са станіны адна з турбін. Вежа «C» вагай каля 2000 тон была падкінута ўверх і пры падзенні заклінавала шаравы пагон. Выправіць вежу па-за докам апынулася немагчыма. Акрамя таго, выйшлі са строю ўсе далямеры і прыборы кіравання агнём. У выніку атрыманых пашкоджанняў лінкар на шэсць месяцаў выбыў са строю і яго максімальная скорасць істотна паменшылася[6].

За паспяховае правядзенне аперацыі капітаны міні-падлодак X6 і X7 былі ўзнагароджаны крыжамі Вікторыі — вышэйшымі ваеннымі ўзнагародамі Брытанскай імперыі.

Аперацыя Tungsten

правіць
 
Аперацыя «Тангстэн»

Да красавіка 1944 года «Тырпіц» быў адрамантаваны і зноў мог уяўляць небяспеку. У адказ на гэту пагрозу брытанскі флот распачаў аперацыю з кодавай назвай «Вальфрам» (англ.: Tungsten). У атацы ўдзельнічалі значныя сілы флоту, у тым ліку: два лінкары, два эскадраныя авіяносцы, два скараходныя лёгкія авіяносцы, два крэйсеры і шаснаццаць эсмінцаў. Атака пачалася 3 красавіка, напярэдадні выхаду «Тырпіца» на хадавыя выпрабаванні пасля рамонту.

У налёце ўдзельнічалі дзве хвалі тарпеданосцаў Fairey Barracuda у суправаджэнні знішчальнікаў эскорту. Самалёты неслі, аднак, не тарпеды, а бомбы розных тыпаў: бранябойныя, фугасныя, глыбінныя і аскепкавыя. Першая хваля нанесла ўдар у 05:30. Да 08:00 атака была завершана: страты склалі тры самалёты. Экіпаж «Тырпіца» страціў 123 чалавекі забітымі і 300 параненымі. Бранявыя паясы і бранявая палуба лінкара пры гэтай атацы не былі пашкоджаны, аднак надбудовам быў нанесены заўважная шкода, якая запатрабавала тры месяцы на рамонт для яе ўстараненне.

Аперацыі Planet, Brawn, Tiger Claw і Mascot

правіць
 
Аперацыя Mascot

Лінейны карабель «Тырпіц» па-ранейшаму заставаўся пагрозай, таму брытанскае адміралцейства працягвала планаваць аперацыі супраць яго. Аднак з прычыны дрэннага надвор’я ў красавіка-маі 1944 года англічанам прыйшлося адмяніць тры налёты: аперацыі Planet, Brawn і Tiger Claw.

Наступная атака саюзнікаў з выкарыстаннем авіяносцаў (аперацыя Mascot) адбылася ў ліпені 1944 года. Аднак да гэтага часу немцы значна ўзмацнілі проціпаветраную абарону, асабліва сістэму дымавой завесы, у выніку чаго атака скончылася беспаспяхова: самалёты не дамагліся трапленняў.

Аперацыі Goodwood I, II, III і IV

правіць

У жніўні 1944 года «Тырпіц» нарэшце прайшоў марскія выпрабаванні. Неўзабаве пасля гэтага брытанцы зноў здзейснілі налёты (аперацыі Goodwood I і Goodwood II), якія зноў скончыліся безвынікова з прычыны дрэннага надвор’я.

Аперацыі Paravane, Obviate і Catechism

правіць

«Аперацыя Paravane» (англ. Параван) была прадпрынятая Каралеўскімі Паветранымі Сіламі Вялікабрытаніі 15 верасня з аэрадрома Ягаднік пад Архангельскам. Самалёты Avro Lancaster былі ўзброены 5,5-тонавымі бомбамі Tallboy і эксперыментальнымі 500-фунтавымі (227-кг) падводнымі «хадзячымі» (саматранспартавальнымі) мінамі. Нягледзячы на дымавую завесу, пастаўленую для абароны «Тырпіца», адна з бомбаў усёткі патрапіла ў нос карабля, нанесла пашкоджанні, якія зрабілі яго практычна немараходным. У немцаў практычна не было магчымасці паставіць «Тырпіц» у сухі док на рамонт, таму ў кастрычніку лінкар перавялі ў Тромсё ў якасці «цяжкай артылерыйскай плаўбатарэі» на выпадак чаканага ўварвання саюзнікаў у Нарвегію. Новае месца дыслакацыі карабля ўжо знаходзілася ў межах дасяжнасці цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў Бамбардзіровачнага камандавання Каралеўскіх ВПС, якія базіраваліся ў Паўночнай Шатландыі, і брытанцы працягнулі атакі на «Тырпіц», не ведаючы пра прынятае немцамі рашэнне не аднаўляць карабель.

28 кастрычніка з базы Лосімут у Шатландыі быў прадпрыняты чарговы налёт на «Тырпіц» пад назвай «Аперацыя Obviate» (англ. Устараняць), аднак у апошні момант карабель быў схаваны аблокамі, і толькі адна бомба Tallboy, разарваўшыся недалёка ад карабля, пагнула грабны вал.

Але ў наступны раз, 12 лістапада, у час «аперацыі Catechism» (англ. Катэхізіс) над «Тырпіцам» не было ні дымавой завесы, ні аблокаў. У карабель патрапілі тры бомбы Tallboy: адна адскочыла ад вежавай брані, але дзве іншых прабілі браню і прарабілі прыкладна 200-футавую (прыблізна 60 м) дзіру ў яго левым борце, выклікаўшы таксама пажар і наступны ўзрыў у парахавым склепе вежы «C», прычым узрыў адарваў яе. У выніку «Тырпіц» заваліўся на борт, а затым перавярнуўся і прыкладна праз 10 хвілін пасля атакі затануў на захад ад Тромсё, у бухце Хокёйбатн, разам з ім на дно пайшло больш за 950 чалавек з прыкладна 1700, што знаходзіліся на борце.

 
«Тырпіц» угару кілем (1944)

З прычын, дагэтуль не да канца зразумелых, знішчальнікам Люфтвафэ не ўдалося перашкодзіць атацы брытанскай бамбардзіровачнай авіяцыі на «Тырпіц» 12 лістапада[удакладніць]. Германскай ППА ўдалося толькі пашкодзіць рухавік аднаго з самалётаў, якія ўдзельнічалі ў налёце, але яго каманда выратавалася, «жорстка» прызямліўшыся ў Швецыі. У выніку гэтага правалу камандзір эскадрыллі 9./JG 5 5-га паветранага флоту Люфтвафэ, адказнай за знішчальнае прыкрыццё раёна Тромсё, маёр Генрых Эрлер быў абвінавачаны ў злачынным грэбаванні службовымі абавязкамі і прысуджаны да смяротнага пакарання смерцю, замененага трыма гадамі зняволення ў крэпасці з папярэдняй адпраўкай на фронт у палявы штрафны лагер (адзін з відаў штрафных ваенных фарміраванняў Трэцяга Рэйха, які адрозніваўся асабліва суровым рэжымам) да завяршэння вайны.

Знішчэнне «Тырпіца» зняла апошнюю сур’ёзную надводную пагрозу для камунікацый саюзнікаў у Паўночнай Атлантыцы і Паўночным Ледавітым акіяне. Гэта дазволіла перавесці галоўныя надводныя сілы Каралеўскага флоту — эскадраныя авіяносцы, скараходныя лёгкія авіяносцы, лінейныя караблі і лінейны крэйсер «Рынаўн» — з Атлантычнага тэатра вайны, дзе яны знаходзіліся ў якасці «сіл стрымлівання», — у Індыйскі і Ціхі акіяны, дзе яны прынялі ўдзел у баявых дзеяннях супраць Японіі.

Пасля вайны

правіць

Пасля вайны абломкі «Тырпіца» былі прададзены нарвежскай кампаніі, пасля чаго лінкар разрэзалі на часткі і вывезлі. Аднак значны фрагмент насавой часткі застаецца там, дзе ён і затануў у 1944 годзе. Акрамя таго, электрагенератары з карабля былі выкарыстаны як часовая электрастанцыя, забяспечваючы рыбную прамысловасць вакол горада Хонінгсваг (нарв.: Honningsvåg).

У наш час фрагменты лінкара выкарыстоўваюцца Нарвежскім дарожным дэпартаментам (Vegvesenet) як часовае дарожнае палатно пры правядзенні рамонтных работ[7]. Некаторыя часткі карабля былі пераплаўлены на брошкі і іншую біжутэрыю. Акрамя таго, значны фрагмент бронеабшыўкі захоўваецца ў Каралеўскім ваенна-марскім музеі «Explosion!» («Узрыў!») у Госпарце, Хэмпшыр.

Недалёка ад месца патаплення «Тырпіца» існуюць штучныя азёры, якія з’явіліся ў варонках ад разрываў бомбаў Tallboy, якія не патрапілі ў цэль.

Камандны састаў

правіць

У культуры

правіць
  • З «Тырпіцам» звязана адна з місій у гульні Hidden & Dangerous 2, дзе група брытанскіх разведчыкаў выконвае заданне па мінаванні карабля. У гульні місія прайшла ўдала, быў замінаваны не толькі сам «Тырпіц», але і мінны тральшчык «Олаф», а таксама з апошняга выкрадзена шыфравальная машына «Энігма».
  • «Тырпіц» быў згаданы і ў гульні Call of Duty у Брытанскіх місіях, дзе двое разведчыкаў здзяйсняюць на лінкары дыверсію — мінаванне катлоў і знішчэнне электронных блокаў РЛС.
  • «Тырпіц» таксама быў згаданы ў гульні Wolfenstein у пачатковым роліку, дзе агент Блажкавіч, галоўны герой, здзейсніў на караблі дыверсію і пусціў яго на дно.
  • «Тырпіц» неабходна знішчыць у адной з апошніх місій у гульні Battle of Europe.

Гл. таксама

правіць

Заўвагі

правіць
  1. За пасіўную ролю ў вайне нарвежцы далі мянушку лінкар «Самотная Каралева Поўначы» (нарв.: Den ensomme Nordens Dronning)

Крыніцы

правіць
  1. Т. Тудейа, Д. Вудворд «Сумерки морских богов», — АСТ, 2002, стр. 366
  2. Напрыклад, Савецкая падлодка К-21 каштавала ўсяго брытанскага флоту. Незалежны ваенны агляд. У. Заборскі 17 сакавіка 2000
  3. М. Э. Морозов, К. Л. Кулагин. «Катюши» в бою. — Морская Коллекция, № 2, 2008
  4. tsushima.su // Аперацыя «Ход канём» у дакументах ТЫРПІЦА
  5. «Tirpitz» — The History Архівавана 17 лютага 2009.
  6. Вудвард, стар. 419
  7. Артыкул з фатаграфіямі пліт з «Тырпіца» (нарв.) Архівавана 27 верасня 2007.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць