Геахраналагічная шкала
Геахраналагічная шкала — геалагічная часавая шкала гісторыі Зямлі, якая ўжываецца ў геалогіі і палеанталогіі, своеасаблівы каляндар для прамежкаў часу ў сотні тысяч і мільёны гадоў.
Паводле сучасных агульнапрынятых уяўленняў узрост Зямлі ацэньваецца ў 4,5—4,6 млрд гадоў. На паверхні Зямлі не выяўлены горныя пароды ці мінералы, якія маглі б быць сведкамі ўтварэння планеты. Максімальны ўзрост Зямлі абмяжоўваецца ўзростам самых ранніх цвёрдых утварэнняў у Сонечнай сістэме — тугаплаўкіх уключэнняў, багатых кальцыем і алюмініем (CAI) з вуглістых хандрытаў. Узрост CAI з метэарыту Allende па выніках сучасных даследаванняў U-Pb ізатопным метадам складае 4568,5±0,5 млн.гадоў[1]. На сёння гэта лепшая ацэнка ўзросту Сонечнай сістэмы. Час фарміравання Зямлі як планеты можа быць пазней гэтай даты на мільёны і нават шматлікія дзясяткі мільёнаў гадоў.
Наступны час у гісторыі Зямлі быў падзелены на розныя часавыя інтэрвалы па найважнейшых падзеях, якія тады адбываліся.
Мяжа паміж эрамі фанеразою праходзіць па найбуйнейшым эвалюцыйным падзеям — глабальным выміранням. Палеазой аддзелены ад мезазою найбуйнейшым за гісторыю Зямлі перма-трыясавым выміраннем відаў. Мезазой аддзелены ад кайназою мел-палеагенавым выміраннем.
Гісторыя стварэння шкалы
правіцьУ другой палове XIX стагоддзя на II—VIII сесіях Міжнароднага геалагічнага кангрэса (МГК) у 1881—1900 гг. былі прыняты іерархія і наменклатура большасці сучасных геахраналагічных падраздзяленняў. У наступным Міжнародная геахраналагічная (стратыграфічная) шкала ўвесь час удакладнялася.
Канкрэтныя назвы перыядам давалі па розных прыкметах. Часцей за ўсё выкарыстоўвалі геаграфічныя назвы. Так, назва кембрыйскага перыяду паходзіць ад лац.: Cambria — назвы Уэльса, калі ён быў у складзе Рымскай імперыі, дэвонскага — ад графства Дэваншыр у Англіі, пермскага — ад г. Пермі, юрскага — ад гор Юра ў Еўропе. У гонар старажытных плямёнаў названы вендскі (венды — ням. назва славянскага народа лужыцкіх сорбаў), ардовікскі і сілурыйскі (плямёны кельтаў ардовікі і сілуры) перыяды. Радзей выкарыстоўваліся назвы, звязаныя са складам парод. Каменнавугальны перыяд названы з-за вялікай колькасці вугальных пластоў, а мелавы — з-за шырокага распаўсюджвання пісчага мелу.
Прынцып пабудовы шкалы
правіцьГеахраналагічная шкала стваралася для вызначэння адноснага геалагічнага ўзросту парод. Абсалютны ўзрост, вымяраны ў гадах, мае для геолагаў другараднае значэнне.
Час існавання Зямлі падзелены на два галоўных інтэрвалы (эона): Фанеразой і Дакембрый (Крыптазой) па з’яўленні ў асадкавых пародах выкапнёвых рэштак. Крыптазой — час утоенага жыцця, у ім існавалі толькі мяккацелыя арганізмы, якія не пакідаюць слядоў у асадкавых пародах. Фанеразой пачаўся са з’яўленнем на мяжы Эдыякарыя (Венд) і Кембрыя мноства відаў малюскаў і іншых арганізмаў, якія дазваляюць палеанталогіі дзяліць тоўшчы па знаходках выкапнёвай флоры і фаўны.
Іншы буйны падзел геахраналагічнай шкалы мае сваім вытокам самыя першыя спробы падзяліць гісторыю зямлі на найбуйнейшыя часавыя інтэрвалы. Тады ўся гісторыя была падзелена на чатыры перыяды: першасны, які эквівалентны дакембрыю, другасны — палеазой і мезазой, троесны — увесь кайназой без апошняга чацвярцічнага перыяду. Чацвярцічны перыяд займае асобае становішча. Гэта самы кароткі перыяд, але ў ім адбылося мноства падзей, сляды якіх захаваліся лепш іншых.
Эон (эанатэма) | Эра (эратэма) |
Перыяд (сістэма) |
Эпоха (аддзел) |
Пачатак, гадоў назад[2] |
Асноўныя падзеі | |
---|---|---|---|---|---|---|
Фанеразой | Кайназой | Чацвярцічны (антрапагенавы) |
Галацэн | 11,7 тыс. | Канец Ледніковага Перыяду. Узнікненне цывілізацый | |
Плейстацэн | 2,588 млн | Выміранне шматлікіх буйных сысуноў. З’яўленне сучаснага чалавека | ||||
Неагенавы | Пліяцэн | 5,33 млн | ||||
Міяцэн | 23,0 млн | |||||
Палеагенавы | Алігацэн | 33,9 ± 0,1 млн | З’яўленне першых чалавекападобных малп. | |||
Эацэн | 55,8 ± 0,2 млн | З’яўленне першых «сучасных» сысуноў. | ||||
Палеацэн | 65,5 ± 0,3 млн | |||||
Мезазой | Мелавы | 145,5 ± 0,4 млн | Першыя плацэнтарныя сысуны. Выміранне дыназаўраў. | |||
Юрскі | 199,6 ± 0,6 млн | З’яўленне сумчатых сысуноў і першых птушак. Росквіт дыназаўраў. | ||||
Трыясавы | 251,0 ± 0,4 млн | Першыя дыназаўры і яйцародныя сысуны. | ||||
Палеазой | Пермскі | 299,0 ± 0,8 млн | Вымерла каля 95 % усіх існаваўшых відаў (Масавае пермскае выміранне). | |||
Каменнавугальны | 359,2 ± 2,8 млн | З’яўленне дрэў і паўзуноў. | ||||
Дэвонскі | 416,0 ± 2,5 млн | З’яўленне земнаводных і споравых раслін. | ||||
Сілурыйскі | 443,7 ± 1,5 млн | Выхад жыцця на сушу: скарпіёны; з’яўленне сківічнаротых | ||||
Ардовікскі | 488,3 ± 1,7 млн | Ракаскарпіёны, першыя сасудзістыя расліны. | ||||
Кембрыйскі | 542,0 ± 1,0 млн | З’яўленне вялікай колькасці новых груп арганізмаў («Кембрыйскі выбух»). | ||||
Дакембрый | Пратэразой | Неапратэразой | Эдыякарый | ~635 млн | Першыя шматклеткавыя жывёлы. | |
Крыагеній | 850 млн | Адно з самых маштабных абледзяненняў Зямлі | ||||
Тоній | 1,0 млрд | Пачатак распаду суперкантынента Радзінія | ||||
Мезапратэразой | Стэній | 1,2 млрд | Суперкантынент Радзінія, суперакіян Міровія | |||
Эктазій | 1,4 млрд | Першыя шматклеткавыя расліны (чырвоныя водарасці) | ||||
Калімій | 1,6 млрд | |||||
Палеапратэразой | Статэрый | 1,8 млрд | ||||
Аразірый | 2,05 млрд | |||||
Рыасій | 2,3 млрд | |||||
Сідэрый | 2,5 млрд | Кіслародная катастрофа | ||||
Архей | Неаархей | 2,8 млрд | ||||
Мезаархей | 3,2 млрд | |||||
Палеаархей | 3,6 млрд | |||||
Эаархей | 4 млрд | З’яўленне прымітыўных аднаклеткавых арганізмаў | ||||
Катархей | ~4,6 млрд | ~4,6 млрд гадоў назад — фарміраванне Землі. |
Маштабныя дыяграмы геахраналагічнай шкалы
правіцьПрадстаўлены тры хранаграмы, якія адлюстроўваюць розныя этапы гісторыі Зямлі ў розным маштабе.
- Верхняя дыяграма ахоплівае ўсю гісторыю Зямлі;
- Другая — фанеразой, час масавага з’яўлення разнастайных форм жыцця;
- Ніжняя — кайназой, перыяд часу пасля вымірання дыназаўраў.
Падраздзяленні геахраналагічнай шкалы
правіцьГеалагічны век
правіцьГеалагічны век — падраздзяленне геахраналагічнай шкалы правінцыяльнага ўзроўню, якое аб’ядноўвае геалагічныя часы; уваходзіць у склад эпох. Стратыграфічны эквівалент — ярус.
Геалагічны час
правіцьГеалагічны час — падраздзяленне геахраналагічнай шкалы правінцыяльнага ўзроўню, падпарадкаванае геалагічнаму веку. Стратыграфічны эквівалент — геалагічная зона.