Гражданская оборона

У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

«Гражданская оборона» (вядомая таксама ў скарачэнні як «ГрОб» і «ГО», бел. «Грамадзянская абарона») — савецкі і расійскі рок-гурт, заснаваны 8 лістапада 1984 ў Омску Ягорам Летавым і Канстанцінам Рабіновым, найбольш прыкметны прадстаўнік Сібірскага панк-року.

Гражданская оборона
Асноўная інфармацыя
Жанры
Краіны
Адкуль Омск
Лэйблы GrOb Records[d] і Q21634788?
Склад
gr-oborona.ru
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Музыка калектыву на пачатковым этапе ўяўляла сабой панк-рок з моцным гаражным уплывам, які захаваўся на ўсім працягу творчай дзейнасці групы, а ў 1990-х гадах яе стылістыка зрушылася ў бок псіхадэлічнага року. «Грамадзянская абарона» з’яўлялася адной з найбольш уплывовых панк-рок-груп СССР і Расіі[6][7]. Група распалася ў 2008 пасля смерці Ягора Летава[8].

Гісторыя

правіць

Ранні этап творчасці (1984—1986)

правіць

У канцы 1982 года Летавым быў створаны праект-папярэднік «Грамадзянскай абароны» — гурт «Пасеў», названы ў гонар вядомага дысідэнцкіага часопісу Народна-працоўнага Саюза расійскіх салідарыстаў[крыніца?]. За два з паловай гады ў рамках праекта было запісана дзесяць альбомаў. Сярод удзельнікаў праекта былі і будучыя музыканты «Грамадзянскай абароны»: Канстанцін Рабіноў, Андрэй Бабенка, Яўген Дзееў.

8 лістапада 1984 года быў утвораны гурт «Грамадзянская абарона». Першы яе склад:

  • Ягор Летаў — вакал, ударныя, гітара;
  • Канстанцін Рабіноў (Кузя УО) — бас-гітара;
  • Андрэй Бабенка (Бос) — гітара.

У сакавіку 1985 года калектыў пакінуў Бабенка.

Матэрыялам першых двух альбомаў («Паганая моладзь» і «Аптымізм») былі раннія сачыненні 1982—1985 гадоў, аднак запісаць гэтыя два альбомы гурту ў 1985 годзе не ўдалося па прычыне пераследаў яе ўдзельнікаў з боку КДБ: Рабіноў, нягледзячы на праблемы з сэрцам, быў адпраўлены на вайсковую службу, а Летаў прымусова шпіталізаваны у псіхіятрычную бальніцу[9]. Першыя два альбомы пазней былі часткова рэстаўраваны, часткова зноўку запісаныя ў 1988 годзе з выкарыстаннем рарытэтных дарожак 1985—1987 гадоў.

Улетку 1986 года Летаў сумесна з Яўгенам Філатавым запісаў акустычны альбом «Грамадзянскай абароны» — «Гульня ў бісер перад свіннямі», матэрыял якога пасля будзе перапісаны Летавым у адзіночку і выйдзе пад назвай «Чырвоны альбом».

Вядомасць (1987—1990)

правіць

Студыйны перыяд

правіць

У 1987 годзе гурт выехаў на першы Новасібірскі рок-фестываль (10-13 красавіка 1987 года). Акрамя Летава ў канцэртны склад гурта ўвайшлі Алег Лішчанка і Яўген Лішчанка (абодва — дуэт «Пік Клаксан»). У той момант аргкамітэт фестывалю знаходзіўся ў замяшанні: абласны камітэт камсамолу забараніў прыезд гуртоў «Гукі Му» і «АукцЫён». У праграме была «дзірка», і прэзідэнт рок-клуба прадставіў начальству малады омскі калектыў, які прыбыў на замену. Музыканты Летава выступілі як гурт «Адольф Гітлер» (назва сумеснага праекта Летава і братоў Лішчанка), і, перш чым арганізатары апамяталіся, гурт паспеў адыграць 25 хвілін. Выступленне ўразіла публіку. Шматлікія госці фестывалю разнеслі легенду пра гурт па ўсёй краіне.

Натхнёны Летаў за травень-чэрвень 1987 года запісаў пяць альбомаў «Грамадзянскай абароны»: «Мышеловка» (Пастка), «Хорошо!!» (Добра!!), «Тоталитаризм» (Таталітарызм), «Некрофилия» (Некрафілія), «Красный альбом» (электрычны). Хоць усе пяць альбомаў і былі запісаныя ў адзіноце, у анатацыі да іх склад гурта паказваўся так:

  • Джа Ягор — вакал;
  • Лукіч — ударныя;
  • Маёр Мяшкоў — гітара;
  • Кілгар Траўт — бас;
  • Дохлы — гітара.

Пад усімі гэтымі псеўданімамі хаваўся сам Летаў. Міфічны «маёр Мяшкоў» атрымаў імя ў гонар маёра КДБ Мяшкова Уладзіміра Васільевіча, які вёў справу супраць Летава і яго паплечнікаў, Кілгар Траўт — гэта адзін з любімых Летавым персанажаў Курта Вонегута, Лукіч — дасылка на Ільіча, Ягор Дохлы — даўні псеўданім Летава.

Узімку 1988 года зноў практычна без старонняй дапамогі Летаў запісаў яшчэ тры альбомы гурта: «Всё идёт по плану» (Усё ідзе па плане), «Так закалялась сталь» (Так гартавалася сталь), «Боевой стимул» (Баявы стымул). Альбомы запісваліся ў кватэрных умовах (пазней пакой у кватэры Летава, дзе адбываўся запіс альбомаў «Грамадзянскай абароны» і іншых гуртоў, атрымаў назву «ГрОб-Records»). Магнітаальбомы распаўсюджваліся аматарамі самастойна. СМІ ігнаравалі гурт, і сам Летаў пагардліва ставіўся да ўвагі СМІ да свайго гурта, мяркуючы, што тэлебачанне і радыё забіваюць рок-музыку. Тым не менш песні «Грамадзянскай абароны» ў канцы 80-х сталі папулярны ў СССР, і гурт мог скласці канкурэнцыю такім прызнаным у савецкіх СМІ гуртам, як «Кіно», «Аліса», «Наўтылус Пампіліўс». Часткова гэтая слава падтрымлівалася з-за праблем Летава з уладамі — Летаву даводзілася сядзець у псіхіятрычным шпіталі і хавацца ад КДБ разам з Янкай Дзягілевай пасля скандальнага выступу на Новасібірскім рок-фестывалі[10].

Канцэрты па СССР

правіць

У 1988—1990 гадах пачалася канцэртная дзейнасць гурта. Склад групы шматкроць мяняўся, акрамя Летава і Рабінова і барабаншчыка Аркадзя Клімкіна ў гурце ў розны час гралі: Алег Судакоў (Манагер), Ігар Жэўтун (Джэф), Дзмітрый Селіванаў, Янка Дзягілева, Яўген Дзееў (Дабл), Ігар Стараватаў.

У пачатку 1989 года гурт прыязджае ў Ленінград, тут з імі ў якасці прадзюсара працуе Сяргей Фірсаў. Ён арганізоўвае канцэрт у рок-клубе, ладзіць запіс «жывога» альбома «Песні радасці і шчасця», а таксама балванкі да альбомаў «Выдатна і вечна» (Здорово и вечно), «Армагедон-попс», «Вайна», «Рускае поле эксперыментаў». Большая частка запісваецца ў студыі гурта «АукцЫон», а акустычны сольнік Летава «Рускае поле эксперыменту» — у Фірсава дома, там жа імі запісаны альбом «Продано!» Янкі.

Пасля гэтага Фірсаў арганізаваў паездку гурта ў Талін, ў Сімферопаль, дзе яны ў сакавіку выступілі з канцэртамі ў ДК МВД, Ялта і Гурзуф. Адтуль яны адбылі на цягніку ў Цюмень.

У тым жа 1989 годзе на ГрОб-студыі былі запісаныя яшчэ чатыры альбомы «Грамадзянскай абароны»: «Выдатна і вечна», «Армагедон-попс», «Вайна» і «Рускае поле эксперыментаў». У 1988—1990 гадах Летаў, Рабіноў і Судакоў актыўна працавалі ў паралельным «Грамадзянскай абароне» праекце «Камунізм» (запісана 14 альбомаў).

У 1990 годзе быў запісаны альбом «Інструкцыя па выжыванні», які складаецца ў асноўным з песень Рамана Няўмоева — лідара Цюменскага гурта «Інструкцыя па выжыванні», ад якіх ён на момант запісу альбома часова адмовіўся па сваіх перакананнях. Ягор запісаў гэтую пласцінку ўдваіх з Джэфам, які стаяў ля вытокаў «Інструкцыі». Ягор Летаў таксама часта выконваў песні «Непрерывный суицид» і «Родина-смерть» на канцэртах. Пасля, у пачатку 2000-х гадоў, Раман Няўмоеў апублікаваў на сваім сайце главы «Міфалогіі» з успамінамі, у якіх фігуравалі ў тым ліку Ягор і Янка, пасля чаго адносіны паміж Няўмоевым і Летавым былі спыненыя. Ягор назваў гэтыя ўспаміны «байкамі пасквільнага зместу». Праблемы паўсталі і з выданнем на CD. Буклеты да першага выдання альбома прыйшлося перадрукоўваць, бо Няўмоеў запатрабаваў напісаць «Грамадзянская абарона выконвае песні гурта Інструкцыя па выжыванні» на адным баку вокладкі. У далейшым пры перавыданні гэты альбом быў выкраслены з каталога гурта.

У пачатку 1990 года канцэртная дзейнасць гурта працягвалася. Склад групы ў той час такі:

  • Ягор Летаў — вакал, гітара;
  • Канстанцін Рабіноў — бас;
  • Ігар Жэўтун — гітара;
  • Аркадзь Клімкін — ударныя.

Аднак Летаў тады ўжо насыціўся славай, якая абрынулася на яго і яго гурт і пачаў баяцца ператварэння гурта ў камерцыйны праект, а пастаянныя бойкі і беспарадкі, якімі суправаджаліся канцэрты «Абароны», яшчэ больш падштурхоўвалі Летава да рашэння аб спыненні дзейнасці гурта. 13 красавіка 1990 адбыўся апошні канцэрт гурта ў Таліне, пасля чаго на тры гады гурт пад назвай «Грамадзянская аборона» перастаў існаваць. Летаў, які перастаў да таго моманту даваць канцэрты і інтэрв’ю, стварыў у 1990 годзе псіхадэлічны праект пад назвай «Ягор і Апіздзянеўшыя», які праіснаваў да 1993 года. У рамках праекта было запісана тры альбомы: «Прыг-скок: дзіцячыя песенькі», «Сто гадоў адзіноты» і «Псіхадэлія Tomorrow».

Адраджэнне (1993—1994)

правіць

У канцы 1993 года Ягор абвясціў пра ўз’яднанне гурта з назвай «Грамадзянская абарона». Першая ж акцыя, якая прайшла ў Маскве ў снежні 1993 года ў ДК ім. Горкага, насіла назву «Кіраўніцтва да дзеяння» і скончылася замест канцэрту буйнымі беспарадкамі і масавым вулічным пабоішчам паміж прыхільнікамі гурта і АМАПам. Арганізатары, не паставіўшы нікога ў вядомасць, далі масіраваную рэкламу, у тым ліку тэлевізійную, і прадалі ў 800-мясцовую залу некалькі тысяч квіткоў, пасля чаго знялі касу і схаваліся з грашыма. Бліжэй да абвешчанага часу пачатку канцэрта ля ДК сабраўся шматтысячны натоўп, многія прыехалі на канцэрт з іншых гарадоў. Людзей не пускалі ўнутр нават па квітках. Міліцыя не кантралявала сітуацыю, і на падмогу прыбыло некалькі машын з байцамі АМАПу, якія ўжывалі для разгону натоўпу слёзатачывы газ і стральбу ў паветра. Раз’юшаны натоўп зняў з рэек трамвай. Алею ў агонь падліла заява Летава аб сваіх камуністычных перакананнях, на што многія фанаты групы, якія лічылі яго дагэтуль анархістам і антысаветчыкам, адвярнуліся ад яго і абвінавацілі ў здрадзе. Аналагічна паступяць многія прыхільнікі гурта, якія прытрымліваліся камуністычных поглядаў, пасля таго, як Летаў пазней «завяжа» з палітыкай.

У 1994 годзе гурт актыўна гастраляваў у рамках рок-руху «Рускі прарыў» сумесна з іншымі двума гуртамі-удзельнікамі гэтага руху: «Інструкцыя па выжыванні» (лідэр Раман Няўмоеў) і «Радзіма» (лідэр Алег «Манагер» Судакоў). Таксама «Грамадзянская абарона» ў гэты час супрацоўнічала з НБП і падтрымлівала Зюганава на прэзідэнцкіх выбарах 1996 года.

Крызіс складу (1995—1999)

правіць

У 1996 годзе былі запісаныя альбомы «Сонцаварот» і «Невыносная лёгкасць быцця» (у 2005 годзе перазведзеныя, пераасэнсаваныя і перайменаваныя адпаведна ў «Месяцовы пераварот» і «Ніштаваты цяжар нябыту»). Пасля гэтага «Грамадзянская абарона» некалькі гадоў не запісвала альбомы, а першы альбом з новым аўтарскім матэрыялам гурта з’явіўся толькі ў 2004 годзе. У сваім родзе гэта быў пераходны перыяд з вялікай колькасцю канцэртаў. Стары склад групы паступова распаўся, сфармаваўся новы.

На канцэрце ў Новасібірску летам 1997 года Ягор Летаў пазнаёміўся з Наталляй Чумаковай (да гэтага яны бачыліся толькі аднойчы, на пахаванні Янкі), якая неўзабаве стала бас-гітарысткай гурта, жонкай і верным спадарожнікам Ягора да апошніх дзён. Пазней Летаў распавядаў пра гэта знаёмства:

Нас пасялілі ў дзяўчыны. Я яе і не пазнаў нават. Сядзеў на кухні, выпіваў з яе мужам, цяпер ужо былым, а ўсе астатнія на лавачцы ля дому кураць. Тут адзін з нашых музыкантаў — Махно — прыходзіць і кажа: «Хутчэй ідзём, гэта трэба чуць». Мы прыходзім, а яна, як сапраўдны каментатар, прафесійную размову вядзе, пра «Мілан» і «Ювентус». Бо я заўзятар футбольны са стажам, пачаў з ёй гутарку весці, і ўсё мне адразу стала ясна.

У 1998 годзе ў гурта з’явіўся новы дырэктар — Сяргей Папкоў. Да гэтага адміністрацыйныя функцыі выконвала былая сяброўка Ягора — Ганна Волкава.

Праблема арганізацыі канцэртаў гурта, музыканты якога жылі ў розных гарадах па ўсёй Расіі ад Сібіры да Масквы, была ў тым, што, акрамя ганарару, істотнымі былі выдаткі на дарогу. Туры «Грамадзянскай абароны» па Расіі фармаваліся так, што да абавязковых выступаў у Маскве і Пецярбургу ставіліся іншыя канцэрты ў невялікіх гарадах. Такія туры былі рэгулярнымі, праходзячы кожную вясну і восень. Нягледзячы на адсутнасць новых альбомаў, а часам і рэкламы і канцэртных афіш, «Грамадзянская абарона» стабільна збірала поўныя залы. Гастролі служылі гурту ў асноўным для таго, каб зарабіць на запіс альбомаў, апаратуру для хатняй студыі, новыя кнігі і пласцінкі, якія закупляліся па вяртанні.

У канцы 1990-х у групе наспеў «крызіс складу». Жонка Канстанціна Рабінова атрымала кватэру ў Санкт-Пецярбургу, і ў 1997 годзе Рабіноў пераехаў туды з Омска. Джэф жыве ў Маскве. На канцэртах «ГА» пастаянна мяняўся склад, сола-гітарыстам выступаў то Кузьма, то Джэф.

На канцэрце ў Маскве 1 траўня 1998 года ў складзе гурта выйшлі адразу тры гітарысты (Кузьма, Джэф, Махно), на бас-гітары дэбютавала Наталля Чумакова. Усяго праз некалькі месяцаў у Новасібірску Ягор граў удваіх з мясцовым барабаншчыкам і са сцэны сказаў, што ў яго больш няма групы. Узімку 1998 года пасля акустычнага канцэрту ў Харкаве Ягор паскардзіўся журналістцы на праблемы са складам:

Ідэальна, канешне, было б набраць новых. Але адкуль іх браць? Для таго, каб нармальна згуляцца з музыкантамі, каб была духоўная сумяшчальнасць, патрэбны час. Я гэтага зараз дазволіць сабе не магу, таму граю са старымі музыкамі. Хаця яны не хацець і ўжо «…» не могуць укласці ў гэту музыку тое, што ўкладвалі ў 1989 годзе. Па гэтай прычыне я даю акустыку і хачу сабраць новую каманду.

У 1999 годзе музыкі зноў сабраліся, каб сыграць некалькі канцэртаў, адзін з якіх прайшоў у Нью-Ёрку. Гэта быў першы выезд гурта за межы былога СССР. У Амерыцы было запланавана некалькі канцэртаў, але з-за дрэннай арганізацыі ўсе канцэрты, акрамя першага, былі адменены ў апошні момант. Пасля канцэрту ў ЗША Канстанцін Рабіноў канчаткова застаўся ў Санкт-Пецярбургу і спыніў удзел у гурце.

Непрыемнасці паўсталі ў «Грамадзянскай абароны» і ў Расеі. Арганізаваць тур у гонар 15-годдзя групы ўзялася партыя «Працоўная Расія», якая хацела сумясціць яго з уласнай перадвыбарнай кампаніяй. На папярэднім этапе адбылася сустрэча Ягора Летава і старшыні Партыі Віктара Анпілава, якая расчаравала абодвух. На першым жа выступе ў Маскве зала кінатэатра «Авангард» (м. «Дамадзедаўская»), не гатовая да такіх канцэртаў, моцна пацярпела: апынуліся зламанымі першыя шэсць шэрагаў крэслаў. Даведаўшыся пра беспарадкі на канцэрце, Віктар Анпілаў заявіў, што імідж гурта ганьбіць партыю, і даў указанні спыніць супрацоўніцтва і адмяніць каля 10 наступных канцэртаў у розных гарадах. Аналагічнае заяву аб разрыве адносін рушыла ўслед і ад гурта. Тур быў сарваны. Адзіны канцэрт, які адбыўся пасля гэтага, прайшоў у сярэдзіне снежня ў Іжэўску. На ім гурт граў без сола-гітарыста: у Іжэўск не змог паехаць ні Кузьма, ні Джэф. На канцэрце ў Маскве і Іжэўску Ягор упершыню выступаў на электрычных канцэртах «Грамадзянскай абароны» з гітарай. Дагэтуль ён заўсёды выступаў як свабодны вакаліст.

XXI стагоддзе (2000—2008)

правіць

У 2002 годзе выйшаў альбом «Зарапад», які цалкам складаецца з песень савецкіх аўтараў.

У 2004 годзе Ягору Летаву споўнілася 40 гадоў, а «Грамадзянская абарона» адзначыла сваё дваццацігоддзе. У Санкт-Пецярбургу і Маскве прайшлі канцэрты, дзе ў складзе гурта выходзілі музыкі ўсіх складаў «ГА». Маскоўскі канцэрт у ДК Гарбунова, запісаны з пульта і зняты з 8 камер, пасля выйшаў у 2006 годзе як першы афіцыйны DVD «ГА» на лэйбле «Выргарад» (разам з канцэртным альбомам «XX гадоў ГА»).

У 2004 годзе былі запісаныя два альбомы: «Доўгае шчаслівае жыццё» (выйшаў у 2004 годзе) і «Рэанімацыя» (выйшаў у 2005 годзе), у якіх гурт адышоў ад палітыкі і панк-року ў бок псіхадэлічнага гаражнага року. З іх выхадам пачаўся новы этап творчасці «Грамадзянскай абароны». Альбомы добра прынялі музычныя крытыкі, акрамя гэтага з сыходам Міхаіла Козырава песні з апошніх альбомаў упершыню паставіла ў эфір «Наша радыё», творчасць гурта шырока асвятлялася СМІ, гэта спрыяла як з’яўленню ў гурта новых прыхільнікаў, так і расчаравання ў ёй найбольш маргінальнай часткі публікі. Сам Ягор Летаў абыякава ўспрымаў змены ва ўспрыманні «Грамадзянскай абароны», практычна не даваў інтэрв’ю (за выключэннем адказаў на пытанні на афіцыйным сайце) і складаў новыя песні.

Пасля выхаду альбома «Рэанімацыя» праходзяць буйныя канцэрты ў маскоўскіх «Лужніках» (4000 гледачоў) і Пецярбургскім «Юбілейным» (3500), а таксама амерыканскія гастролі гурта (Сан-Францыска, Нью-Ёрк, Бостан). Восенню 2005 у гурт прыйшоў барабаншчык Павел Ператоўчын, які паралельна з’яўляўся гукааператарам гурта «Дзеці Picasso» і маскоўскага клуба «праект ОГІ».

Апошні склад гурта:

З 2005 года Ягор разам з Наталляй Чумаковай займаўся рэстаўрацыяй і лічбавым рэмастэрынгам ранніх альбомаў «Грамадзянскай абароны» і іншых сваіх праектаў. Выданнем архіва «ГрОб-Рэкардс» займалася фірма «Містэрыя гуку» (дыскі выходзілі ў выглядзе дыджыпакаў, кардонных падарункавых упаковак з тоўстымі буклетамі, архіўнымі фота, тэкстамі і каментарамі музыкаў).

Летаў трапіў на вокладку другога нумара музычнага часопіса «Billboard» на рускай мове. Маскоўскі канцэрт у падтрымку альбома «Навошта сняцца сны?» прайшоў у клубе Б1 Максімум. На аснове матэрыялу, знятага і запісанага на гэтым канцэрце, быў змантаваны DVD «Канцэрт у Б1. Навошта сняцца сны», выпушчаны лэйблам «2+2=5» у канцы года — другі афіцыйны DVD у гісторыі гурта. Адметнай асаблівасцю з’яўляецца дынамічная карцінка. Першы тыраж у пластмасавым футарале са спрошчаным афармленнем з’явіўся на прэзентацыі дыска на канцэрце «Грамадзянскай абароны» ў маскоўскім клубе «Кропка» 26 кастрычніка 2007.

Восенню 2007 года «Грамадзянская абарона» гастралявала ў Нарвегіі, дзе прадстаўляла Расію на Міжнародным літаратурным фестывалі Ordkalotten у студэнцкім гарадку Тромсё. На канцэрце ў Осла ў зале было шмат мясцовай публікі. Пасля Нарвегіі тур працягнуўся па Расіі і Украіне. Канцэрты прайшлі ў тым ліку ў Кіеве, Маскве і Новасібірску. Канцэрты ў Ліпецку і Пскове былі перанесены пад ціскам мясцовых уладаў.

Нягледзячы на тое, што апошні альбом гурта «Навошта сняцца сны?» практычна праігнаравала «Наша радыё», у адрозненне ад двух папярэдніх, па выніках года яго продажы яшчэ пры жыцці Летава абышлі гэтыя альбомы.

З 22 па 24 студзеня Ягор адказаў на пытанні аматараў гурта. Інтэрв’ю атрымалася вельмі вялікім, было апублікавана на афіцыйным сайце гурта ў дзвюх частках. 8 і 9 лютага адбыліся два канцэрты «Грамадзянскай абароны» ва Уфе і Екацярынбурзе адпаведна. Рэпартажную здымку першага выступлення паказала мясцовае тэлебачанне. Канцэрт у Екацярынбурзе быў запісаны цалкам. Канцэрты прайшлі добра, гурт па-ранейшаму быў на ўздыме. Нішто не прадвяшчала бяды. Аднак, па словах барабаншчыка Паўла Ператоўчына, пасля апошняга канцэрта Ягор выглядаў стомленым, але ажывіўся, калі ў грымёрку прыйшлі хлопцы з разагравальнай каманды.

За некалькі дзён да смерці Ягор тэлефанаваў свайму сябру журналісту Максіму Семяляку. Па словах Максіма, у Ягора быў «шчаслівы голас і смех адпачылага чалавека». Яны размаўлялі аб планах, дамовіліся рабіць кнігу дыялогаў, Ягор папрасіў купіць яму ў Маскве амерыканскі зборнік Fading Yellow — хваляваўся, што яго раскупяць. 24 лютага павінен быў адбыцца акустычны канцэрт Ягора ў Санкт-Пецярбургу, пасля якога быў запланаваны вялікі вясновы тур гурта, які пачынаўся на поўдні Расіі.

Вядома, што Ягор Летаў рыхтаваў да выдання зборнік рарытэтаў «З Хуткасцю Свету», але не паспеў запісаць вакал. Туды планаваліся песні 1993—2007 гадоў. Гэта ў першую чаргу альтэрнатыўныя версіі ўжо вядомых песень, запісаных падчас працы над апошнімі альбомамі гурта, кавер на песню БГ «Электрический пёс» (ён быў апублікаваны ў рамках трыб’юта Акварыума 9 траўня 2012 года), дэмазапісу альбома «Навошта сняцца сны?», зробленыя без барабаншчыка Паўла Ператоўчына. Акрамя гэтага, у апошнім інтэрв’ю Ягор згадваў пра два DVD, якія рыхтаваліся да выпуску: электрычны і акустычны канцэрт у клубе «Апельсін» з гадзінным бонусам канцэрту ў Лужніках.

Пасля смерці Ягора Летава

правіць

24 лютага 2008 года ў Санкт-Пецярбургу ў начным клубе «Арландзіна» быў запланаваны акустычны канцэрт Ягора Летава. Пасля смерці Ягора канцэрт быў адменены, але крыху пазней было вырашана ў тым жа клубе правесці канцэрт памяці Ягора, а сабраныя сродкі пералічыць у Омск сваякам музыканта. Канцэрт быў перапынены з-за аварыі з праводкай[11].

У сакавіку 2009 года на афіцыйным сайце абвешчаная падпіска на трохтомнік аўтографаў (рукапісаў, чарнавікоў і чыставікоў песень) Ягора Летава[12]. Выданне завяршылася ў 2014 годзе[13].

У студзені 2011 года на афіцыйным сайце гурта пачалася падпіска на другі том кнігі рукапісных вершаў і песень Ягора Летава. У лістападзе 2011 года было выпушчана перавыданне кнігі Ягора Летава «Вершы», падрыхтаванае ім самім яшчэ ў 2007 годзе. У снежні 2011 года выйшаў акустычны канцэртны альбом «Апельсін. Акустыка». 9 мая 2012 ў Інтэрнэт быў выкладзены «Электрический пёс» — кавер «Грамадзянскай абароны» на гурт «Акварыум», 10 верасня «Электрический пёс» быў выдадзены на кампакт-дысках. У гэты ж дзень выйшлі вінілавыя выданні альбома «Навошта сняцца сны?» і DVD канцэрту Ягора Летава ў клубе «Апельсін».

Восенню 2019 года было абвешчана пра ўз’яднанне калектыву для правядзення некалькіх канцэртаў, прымеркаваных да 35-й гадавіны заснавання гурта. Мерапрыемствы прайшлі ў лістападзе 2019 года ў Новасібірску, Екацярынбургу, Санкт-Пецярбургу і Маскве.

Пасля тур быў дапоўнены яшчэ двума канцэртамі ў лютым 2020 года ў Санкт-Пецярбургу і Маскве ў паменшаным складзе: Рабіноў, Судакоў, Стараватаў, Жэўтун, Андрушкін.

Фінальны канцэрт тура ад 23 лютага 2020 года ў Маскве (клуб Glastonberry) стаў апошнім публічным выступам Канстанціна Рабінова, які раптоўна памёр ад інсульту ў горадзе Санкт-Пецярбургу 16 сакавіка 2020 года[14].

Улетку 2020 года на вінілавай пласцінцы быў выпушчаны запіс першага электрычнага канцэрта гурта, які адбыўся на I Новасібірскім рок-фестывалі ў 1987 годзе[15].

Узімку 2021 года выдавецтва Bull Terrier Records выдала на пласцінцы выступленне «Грамадзянскай абароны» на II Новасібірскім рок-фестывалі, якое адбылося ў красавіку 1988 года[16].

У студзені 2022 года Наталля Чумакова абвясціла аб планах выдаць усе наяўныя ў яе запісы праекта «Пасеў»[17][18].

Зноскі

правіць
  1. Вечная вясна ў адзіночнай камеры. Што такое сібірскі панк-рок. Сноб.
  2. а б Звесткі пра выканаўца на AllMusic. Архівавана з першакрыніцы 13 чэрвеня 2019. Праверана 25 мая 2018.
  3. ЯГОР ЛЕТАЎ 20.05.1995 Інтэрв'ю (поўнасцю) Іркутск. YouTube (27 мая 2012). Архівавана з першакрыніцы 16 ліпеня 2020. Праверана 22 лютага 2018.
  4. Юрый Сапрыкін і Максім Семяляк пра Ягора Летава | Летаў. 10 гадоў. YouTube (19 лютага 2018). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2019. Праверана 22 лютага 2018.
  5. Інструкцыя па абароне. Лекцыя Уладзіміра Казлова аб сібірскім панк-року 1980-х гадоў(недаступная спасылка). rusplt.ru (23 верасня 2014). Архівавана з першакрыніцы 14 лютага 2018. Праверана 30 кастрычніка 2017.
  6. «Гражданская оборона» соберётся на концерте в Екатеринбурге. www.kommersant.ru. Коммерсантъ (15 кастрычніка 2019). Праверана 3 кастрычніка 2020.
  7. Евгения Офицерова. «Он грязный, на грани хаоса, но это осмысленное эстетическое качество». Академические музыканты — о значении Егора Летова как композитора. meduza.io. Meduza (19 лютага 2018). Архівавана з першакрыніцы 25 верасня 2020. Праверана 3 кастрычніка 2020.
  8. Скончался лидер рок-группы «Гражданская оборона» Егор Летов. РИА Новости (19 лютага 2018). Архівавана з першакрыніцы 15 лістапада 2019. Праверана 3 кастрычніка 2020.
  9. Сергей Курий. Лёд под ногами майора (Мы — лёд). Время Z. Архівавана з першакрыніцы 4 лютага 2021. Праверана 8 лістапада 2021.
  10. Все Идет По Плану, 1989 (руск.). gr-oborona.ru. Архівавана з першакрыніцы 26 ліпеня 2022. Праверана 26 ліпеня 2022.
  11. Михаил Молотков. Егору Летову не дали спеть. Концерт памяти рок-певца эвакуировала милиция. Газета «Коммерсантъ» № 30/В (26 лютага 2008). Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2020. Праверана 20 лютага 2020.
  12. Трёхтомник рукописей Егора Летова распространят по подписке. Lenta.ru (23 сакавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 16 мая 2021. Праверана 20 лютага 2020.
  13. В Москве состоялась презентация третьего тома книги «Егор ЛЕТОВ. Автографы. Том 3»(недаступная спасылка). www.izdatcenter.ru (5 лютага 2015). Архівавана з першакрыніцы 2021.11.08. Праверана 20 лютага 2020.
  14. Умер один из основателей «Гражданской обороны» Константин Рябинов. Lenta.ru (16 сакавіка 2020). Архівавана з першакрыніцы 8 студзеня 2021. Праверана 16 сакавіка 2020.
  15. Первый концерт Гражданской Обороны издан на виниле. reproduktor.net (31 ліпеня 2020). Архівавана з першакрыніцы 8 лістапада 2021. Праверана 8 лістапада 2021.
  16. Пост ВК от сообщества «Издательство Bull Terrier Records» (27.12.2021)
  17. Пост ВК от сообщества «Гражданская Оборона. Здорово и вечно» (12.01.2022). Архівавана з першакрыніцы 13 студзеня 2022. Праверана 14 студзеня 2022.
  18. Посев. Фрагмент альбома «Дождь в казарме». YouTube (12 студзеня 2022). Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2022. Праверана 14 студзеня 2022.