Дні культуры Швецыі ў Беларусі

Дні культуры Швецыі ў Беларусі — культурныя мерапрыемствы ў Беларусі, якія штогод з 2002 года ў маі-чэрвені праводзіць шведскае дыпламатычнае прадстаўніцтва. Мерапрыемствы прымеркаваны да Нацыянальнага Дня Швецыі (Дню Шведскага сцяга).

Часткай Дзён культуры Швецыі ў Беларусі з’яўляюцца шведска-беларускія Літаратурныя чытанні, якія пачаліся ў 2001 годзе з ініцыятывы шведскай журналісткі і фатографа Марыі Сёдэрбэрг  (шведск.).

2002 правіць

Дні культуры Швецыі прайшлі ў першыню 5—13 чэрвеня, ініцыятарам правядзення выступіла Консульства Швецыі ў Беларусі пры падтрымцы Пасольства Швецыі ў Расіі і Шведскага інстытута (Стакгольм). Праграма мерапрыемстваў складалася з цыклу літаратурных чытанняў і сустрэч ў Мінскай цэнтральнай гарадской дзіцячай бібліятэцы, кінафестывалю і анімацыйнай праграмы сумесна са студыяй «Zigzag Animation» (Стакгольм). Мерапрыемствы праходзілі пры падтрымцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Мінск).[1][2]

Праграму ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы падрыхтавана сумесна з дзяржаўным прадпрыемствам «Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк Мінска». Праграма ўключала цырымонію адкрыцця Дзён культуры Швецыі, прэзентацыю выстаўкі «Кнігі будуюць масты», прысвечанай шведскім дзіцячым кнігам, якая прайшла 6-30 чэрвеня і семінар па шведскай дзіцячай літаратуры, якія прайшлі 6 чэрвеня. 10-12 чэрвеня ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы былі арганізаваны гістарычныя літаратурныя чытанні, а таксама гульні-віктарыны для дзяцей.[2] У галерэі ЕГУ, 9 і 10 чэрвеня прайшлі дыскусіі пра ўзаемасувязі візуальнага і вербальнага ў сучасным мастацтве і пра два падыходы да літаратурнай творчасці.[2]

Кінафестываль «Панарама шведскага кіно» прайшоў 5-13 чэрвеня ў кінатэатры «Піянер» пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі «Кінаклуб». Госцем кінафестывалю была шведскі рэжысёр Марыя Сэнстрам  (ням.), яе фільм «Калі я прыехала да свайго брата, якога не бачыла дзесяць гадоў…» быў паказаны 5, 7 і 11 чэрвеня.[2]

У рамках анімацыйнай праграмы, сумесна са студыяй «Zigzag Animation» з Стакгольма пры падтрымцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, 7-8 чэрвеня ў Мінску была арганізавана рэтраспектыва шведскага анімацыйнага кіно і семінар пра мінулае, сучаснасць і будучыню шведскай анімацыі.[2]

2003 правіць

Дні культуры Швецыі прайшлі ў Беларусі 3-25 чэрвеня. Мерапрыемствы арганізаваны Ганаровым консульствам Швецыі ў Беларусі пры падтрымцы Пасольства Швецыі ў Расіі, Шведскага інстытута і Міністэрства культуры Беларусі. Праграма ўключала кінафестываль, прысвечаны 85-годдзю класіка шведскага і сусветнага кіно Інгмара Бергмана, фотавыстаўку фатографа Стэфана Люндгрэна і семінар-сустрэчу з ім, літаратурны вечар паэтэсы Інгі-Ліны Ліндквіст і іншыя мерапрыемствы.[3]

2004 правіць

Дні культуры Швецыі пачаліся 28 мая, мерапрыемствы прайшлі ў Мінску, Віцебску, Пінску і Лунінцы. У Нацыянальным музеі гісторыі і куль­туры Беларусі прайшла выстаўка «Цудоўная краіна Астрыд Ліндгрэн».[4][5][6]

2005 правіць

Дні культуры Швецыі прайшлі 1-30 чэрвеня. Арганізаваны Аддзяленнем у Мінску Пасольства Швецыі ў Расіі і Ганаровым консульствам Швецыі пры падтрымцы Шведскага інстытута. Мерапрыемствы прайшлі ў Мінску і Гродне. У 2005 годзе акцэнт Дзён зроблены на фатаграфіі і кіно. Гасцямі былі вядомы шведскі рэжысёр Ян Труэль, класік шведскай фатаграфіі Георг Однэр  (англ.) і шведская фотажурналістка Ліза Сэлін.[7]

У рамках Дзён, 1 чэрвеня быў паказаны фільм Яна Труэля пра Геарга Однэра «Прысутнасць» (к-р «Победа»), 2 чэрвеня адбылася творчая сустрэча з Геаргам Однэрам, Лізай Сэлін і Янам Труэлем у Галерэі візуальных мастацтваў NOVA Цэнтральнай публічнай бібліятэкі ім. Я. Купалы. Прайшлі фотавыстаўкі Лізы Сэлін «У пошуку Алі Булалы» у Галерэі візуальных мастацтваў NOVA Цэнтральнай публічнай бібліятэкі ім. Я. Купалы (1.6—30.6) і Геарга Однэра «Праездом» у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (2.6-- 20.6) і ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі (2.6—30.6).[7][8]

Фестываль шведскага кіно праходзіў у Мінску (7—15 чэрвеня, кінатэатр «Победа») і ў Гродне (14—16 чэрвеня, кінатэатр «Октябрь»). У рамках фестывалю ў Мінску былі паказаны сучасныя шведскія фільмы «Крайні тэрмін» (2001, рэж. Колін Нютле  (руск.)), «Адам і Ева» (1997, рэж. Ханэс Холм, Манс Хернгрэн), «Разам» (2000, рэж. Лукас Мудысан), у Мінску і Гродне былі паказаны фільмы «Новая краіна» (2000, рэж. Гейр Ханстын Ёргенсэн), «Нябачны» (2002, Джоэл Бергвал, Сайман Сэндквіст), «Дым каро́мыслам» (2002, рэж. Сюзан Таслімі).[7]

2006 правіць

Дні культуры Швецыі прайшлі ў пяты раз, рабочай мовай мерапрыемстваў была беларуская, скончыліся Дні 14 чэрвеня. Адбыліся Шведскія літаратурныя дні ў Мінску і Пінску, было паказана новае шведскае кіно, дакументальнае мастацтва.[9]

2007 правіць

Дні культуры Швецыі ў Беларусі прайшлі шосты раз з 17 па 10 чэрвеня. Арганізатарамі былі Аддзяленне ў Мінску Пасольства Швецыі ў Расіі пры падтрымцы Шведскага інстытута. На прэс-канферэнцыі 15 мая ў Мінску, кіраўнік Аддзялення ў Мінску Пасольства Швецыі ў Расіі Стэфан Эрыксан паведаміў, што галоўнымі кірункамі мерапрыемстваў ў 2007 годзе будуць літаратура і кіно.[10]

Адкрыліся Дні 17 мая траўня прэзентацыяй другога выдання кнігі Андрэя Катлярчука «Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў», якая адбылася ў мінскім касцёле святых Сімяона і Алены, прайшла сустрэча з аўтарам. На адкрыцці Дзён і прэзентацыі выступіў беларускі гурт «Стары Ольса».[10]

Прэзентацыя кнігі шведскага дзіцячага пісьменніка Енца Албама «Енатан з гары чаек» прайшла 24 мая ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы Мінска, кніга напісана для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Таксама прайшла сустрэча з аўтарам.[10]

Літаратурна-музычныя дні прайшлі ў трох гарадах Беларусі — Мінску (30 мая), Гродне (31 мая), Пінску (1 чэрвеня). Гасцямі былі шведская пісьменніца Астрыд Тротцыг, паэты Эрык Берквіст і Клаўдзія Маркс, а таксама шэраг беларускіх пісьменнікаў і музыкантаў. З Мінска ў Пінск праз Гродна праехаў традыцыйны «літаратурна-музычны аўтобус», які спыняўся ў розных гарадах і маладыя літаратары праводзілі літаратурна-музычныя мерапрыемствы.[10]

У рамках Фестывалю шведскага кіно з 28 мая па 6 чэрвеня ў мінскім кінатэатры «Перамога» адбыўся паказ фільма Кая Полака «Як на нябёсах», які ў 2006 годзе быў удастоены чатырох узнагарод на фэсце «Лiстапад». У кінатэатры «Цэнтральны» 7 чэрвеня адбыўся паказ двух дакументальных фільмаў — «Так, як тут» Андэрса Фельмана і Даніэля Сверда і «Мужчынская справа» беларускага рэжысёра Галіны Адамовіч. Завяршылі праграму тры мастацкія фільмы, 8 чэрвеня паказана стужка «Бывай, Фалькенберг» Еспера Гансланта, 9 чэрвеня — «Чортавы правінцыялы» Марыі Блюм  (шведск.), 10 чэрвеня — «Віват, кароль!» Ульфа Мальмраса, кожны фільм паказаны двойчы за дзень — першы раз на мове арыгінала з англійскімі субцітрамі, другі — з перакладам на беларускую мову.[10]

2008 правіць

Дні культуры Швецыі ў Беларусі прайшлі сёмы раз з 21 мая па 5 ліпеня 2008 года. Арганізатарамі былі Аддзяленне ў Мінску Пасольства Швецыі ў Расіі пры падтрымцы Шведскага інстытута, сумесна з беларускімі партнёрамі, фотагалерэяй «Мир фото», кінатэатрам «Цэнтральны», музеям сучаснага выяўленчага мастацтва, канцэртным агенцтвам «Линия звука». Інфармацыйнымі спонсарамі Дзён быў Беларускі партал Tut.by, «Комсомольская правда в Белоруссии», канал Культура беларускага радыё, гарадскі часопіс «Where Minsk», музычнае тэлебачанне «MTV», інтэрнэт парталы «Zнята» і «Mixtura.org». Культурныя мерапрыемствы прайшлі па чатырох кірунках: літаратура, кіно, фота і музыка. Прэс-канферэнцыя для журналістаў з нагоды культурных мерапрыемстваў у рамках Дзён культуры Швецыі адбылася 16 мая ў Аддзяленні пасольства Швецыі.[11]

Літаратурныя Дні Швецыі прайшлі 21 мая ў Полацку (Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага), 22 мая ў Мінску (Палац мастацтва), 23 мая ў Лунінцы (Прафесійны ліцэй прыборабудавання), 24 мая ў Баранавічах (Цэнтральная гарадская бібліятэка). Гасцямі былі пісьменніца і журналістка буйнейшай шведскай штодзённай газеты «Dagens Nyheter» Сіла Наўман, паэтэса Іда Бёр’ель, паэтэса і празаік Солья Крапу (Solja Krapu), перакладчык з польскай і французскай моў на шведскую Андэш Будэгорд (Anders Bodegård).[11][12] Пінскі гарвыканкам без тлумачэння прычын не дазволіў правядзенне ў горадзе мерапрыемстваў Дзён культуры Швецыі ў Беларусі[13].

Фестываль сучаснага шведскага кіно прайшоў 4—13 чэрвеня ў Мінску (кінатэатр «Цэнтральны»). У рамках кінафестывалю беларускія кінааматары убачылі 8 мастацкіх: меладрама/рэтрамеладрама «Па Божай волі» (Om Gud vill, 2006; рэж. Амір Чамдзін), камедыя/драма «Дзеці ўскраін» (Förortsungar, 2006; рэж. Ільва Густаўсан, Каці Эдфельд), камедыя/меладрама «Ніна Фрыск» (Nina Frisk, 2007; рэж. Марыя Блюм), драма «Той, каго кахаеш» (Den man älskar, 2007; рэж. Оке Сандгрэн), псіхалагічная драма «Ты, жывы!» (Du levande!, 2007; рэж. Рой Андэрсан — найлепшы фільм Швецыі 2007 году), драма/трылер «Калі прыходзіць цемра» (När mörkret faller, 2006; рэж. Андэш Нільсан), драма з элементамі камедыі чорнага гумару «Любая» (Darling, 2007; рэж. Юхан Клінг), драма/трылер «Чорная гваздзіка» (Svarta nejlikan, 2006; рэж. Ульф Хультберг), і 8 кароткаметражных фільмаў: «Аўтабіяграфічная сцэна нумар 6882» (рэж. Рубен Эстлюнд), «Сум, карма, тыгр» (рэж. Мія Хультэрстам, Сесілія Актыс), «Брат мой» (рэж. Енс Юнсан), «Каханне і вайна» (рэж. Фрэдрык Эмільсан), «Шахматы» (рэж. Перніла Хіндсефельт), «Люстэрка» (рэж. Эрык Росенлюнд), «Жанчына і грамафон» (рэж. Ёханес Шэрне Нільсан, Ула Сімансан), «Канцэрт для адной кватэры і шасці ўдарных» (рэж. Ула Сімансан, Ёханес Шэрне Нільсан).[11]

Сучасная шведская фатаграфія была прадстаўлена двума фота-праектамі. Выстава вядомага шведскага фатографа Енца Ластхейна «Белае мора-чорнае мора» прайшла з 28 мая па 29 чэрвеня ў галерэі «Мир фото». Выстава маладых шведскіх фатографаў «Балансуючы паміж Стакгольмам і Мінскам» прайшла з 14 чэрвеня па 5 ліпеня ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.[11]

Музычная частка Дзён культуры Швецыі складалася з канцэрту «Сучасная музыка ад сучасных жанчын» шведскіх жаночых гуртоў «Lowood», «Tikkli me» і «DJ Furious Fiesta». У праграме прымаў удзел беларускі гурт «Індыга». Канцэрт адбыўся 7 чэрвеня ў клубе «Night star».[11]

2009 правіць

Дні культуры Швецыі ў Беларусі прайшлі ў восьмы раз з 20 мая па 17 чэрвеня. Арганізатарам было Пасольства Швецыі ў Беларусі пры падтрымцы Шведскага інстытута і Дзяржаўнай рады культуры Швецыі сумесна з беларускімі партнёрамі (Міністэрства культуры Беларусі, Беларуская дзяржаўная філармонія, кінатэатр «Цэнтральны», Магілёўскае дзяржаўнае прадпрыемства «Кінавідэапракат», Тэатр-студыя імя Я. Міровіча, Гарадскі дом культуры (Пінск), Палескі драматычны тэатр (Пінск), Баранавіцкая гарадская цэнтральная бібліятэка імя В. П. Таўлая). Інфармацыйнымі спонсарамі Дзён выступалі Беларускі партал Tut.by, інтэрнэт-партал Open.by, газеты «Комсомольская правда в Белоруссии» і «Аргументы и Факты», гарадскі часопіс «Where Minsk», радыё «Мелодии Века». Культурныя мерапрыемствы ў 2009 годзе прайшлі па трох кірунках — літаратура, музыка і кіно.[14][15][16]

Адкрыліся Дні 20 мая ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прэзентацыяй першай беларускамоўнай кнігі Дзмітрыя Плакса «Трыццаць тэкстаў». У Мінску, Пінску і Баранавічах адбыліся літаратурна-музычныя вечары з удзелам сучасных шведскіх і беларускіх пісьменнікаў.[15][16]

Адкрыліся Дні прэзентацыя першай беларускамоўнай кнігі Дзмітрыя Плакса «Трыццаць тэкстаў». Шведска-беларускія літаратурна-музычныя вечары прайшлі 21 мая ў Мінску, вёў сустрэчу А. Хадановіч, і 23 мая Пінску. Таксама ў Пінск адбыўся конкурс юнацкай паэзіі (1-ы тур 22 мая ў Гарадскім доме; 2-і тур 23 мая Палескім драматычным тэатры). У Баранавічах 22 мая ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы прайшла літаратурная сустрэча. Гасцямі былі шведскія і беларускія пісьменнікі і паэты Мікаэль Ніэмі, Петэр Фроберг Ідлінг, Улінэ Сціг, Аніка Нурлін, Андрэас Матсан, Валерыя Кустава, Людміла Рублеўская, Дзмітрый Плакс, Анатоль Вярцінскі, Андрэй Хадановіч і Алесь Разанаў.[15][16]

Музычная частка Дзён культуры Швецыі складалася з канцэрта зоркі скандынаўскага фры-джазу — саксафаніста Матса Густафсана, які адбыўся 5 чэрвеня ў вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Таксама ў канцэрце ўдзельнічалі вядомы беларускі джазавы саксафаніст Павел Аракелян і гурт «The Outsiders».[15][16]

Фестываль сучаснага шведскага кіно прайшоў з 8 па 17 чэрвеня ў Мінску (к-тр «Цэнтральны») і Магілёве (к-тры «Ветразь», «Радзіма»). У рамках кінафестывалю беларускія кінааматары убачылі чатыры мастацкія фільмы. У Мінску 8 чэрвеня была паказана драма «Вечныя імгненні Марыі Ларсан» (рэж. Ян Труэль, які разам з дачкой Ёханай прысутнічаў на паказе), 9 чэрвеня — драматычная гісторыя пра мараль, чалавека і прыроду «Воўк» (рэж. Даніэль Альфрэдсан), 11 чэрвеня — драма «Кароль пінг-понгу» (рэж. Енс Ёнсан), 12 чэрвеня — «Па найвышэйшай волі» (рэж. Амір Чамдзін). У Магілёве былі паказаны, 17 чэрвеня — «Воўк» (к-т «Ветразь»), 16 чэрвеня — «Кароль пінг-понгу» (к-т «Радзіма»).[15][16]

2010 правіць

Дні культуры Швецыі ў Беларусі прайшлі ў дзявяты раз, пачаліся Дні 13 мая. Арганізатарам было Пасольства Швецыя ў Беларусі пры падтрымцы Шведскага інстытута.[17]

У рамках Дзён 13-15 мая прайшлі традыцыйныя шведска-беларускія літаратурныя чытанні. Чытачу былі прадстаўлены кнігі гісторыка Андрэя Катлярчука і сусветна вядомай казачніцы Юі Вісландэр. Шведскія і беларускія літаратары правялі сустрэчы ў Мінску, Пінску і Салігорску.[18] Гасцямі сустрэч былі пісьменніцы Агнета Плеель і Азар Махлуджан, журналіст Мацей Зарэмба, перакладчыца Яніна Арлоў, беларускія літаратары Марыя Мартысевіч, Анка Упала, Валянцін Акудовіч, Барыс Пятровіч, Віталь Рыжкоў, Андрэй Хадановіч, Сяргей Пукст.[17]

Прайшоў традыцыйны Фестываль сучаснага шведскага кіно.[17]

2011 правіць

Дні культуры Швецыі ў Беларусі прайшлі ў дзясяты раз з 13 мая па 11 чэрвеня. Арганізатарам было Пасольства Швецыі ў Беларусі. Культурныя мерапрыемствы праходзілі ў Мінску, Полацку, Пінску і Брэсце.[19]

Сольны канцэрт фолк-гурту «Hedningarna» (бел.: «Паганцы» або «Язычнікі») адбыўся 13 мая, перад гэтым — 12 мая, гурт выступіў на «Дударскім фэсце». Таксама з удзелам «Hedningarna» і беларускага гурту «Ветах» праведзены майстар-клас для студэнтаў Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў.

Прэзентацыя шведска-беларускага музычнага праекту «Чара» ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча і «WZ-Orkiestra» адбылася 1 чэрвеня ў мінскім Палацы культуры ветэранаў. «Чара» — пакладзеныя на музыку вершы вядомых шведскіх паэтаў Катарыны Фростэнсан, Крыстафера Леандуэра і Кенэта Клемэтса. Перакладалі вершы вядомыя беларускія паэты і перакладчыкі Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў і Дзмітрый Плакс.[19]

Канцэрты Шведскага камернага хору Святога Юханеса і беларускага хору «Concordia» адбыліся 3 чэрвеня ў Мінску (малая зала Белдзяржфілармоніі адбыўся) і 4 чэрвеня ў Полацку (канцэртная зала Сафійскага сабора).[19]

Шведска-беларуская выстава карыкатуры «Сам-насам з кліматам» (17 мая — 11 чэрвеня) прайшла ў Музеі сучаснага выяўленчага ў Мінску. Праект з экалагічным ўхілам, стартаваў у верасні 2010 у Ісландыі, праходзіў па Балканах, у Малайзіі, Сірыі, Латвіі і Расіі.[19]

Шведска-беларускія літаратурныя чытанні адбыліся 2 чэрвеня ў актавай залі філалагічнага факультэта БДУ. Гасцямі мерапрыемства былі Катарына Фростэнсан, Ула Лашму, Ульф Старк, Аксана Спрынчан, Усевалад Сцебурака, Алесь Пашкевіч, вёў мерапрыемства Віктар Шалкевіч.[19]

Шведска-беларускія чытанні адбыліся 3 чэрвеня ў Пінску (на базе Палескага драматычнага тэатра) і 4 чэрвеня ў Брэсце (на базе Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра юнацкай творчасці).[19]

Фестываль шведскага кіно прайшоў 7—10 чэрвеня ў кінатэатры «Цэнтральны», адбыўся паказ шведскіх фільмаў апошняга дзесяцігоддзя[19], 7 чэрвеня быў паказаны фільм «Дзяўчынка» Фрэдрыка Эдфельда, 8 чэрвеня — «Падпарадкаванне» Стэфана Ярля, 9 чэрвеня — «Добраахвотна-прымусова» Рубена Эстлунда, 10 чэрвеня — «Сумнеўна» Марыі Блюм. Фільмы паказваліся на мове арыгінала з беларускімі субцітрамі.[20]

2012 правіць

Дні культуры Швецыі ў Беларусі прайшлі ў маі. Фактычным завяршэннем Дзён быў канцэрт у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры 25 мая, шведскія і беларускія выканаўцы прадстаўлялі песні на вершы шведскага паэта Дана Андэрсана.[21]

2013 правіць

Замарожваннем дзейнасці Пасольства Швецыі ў Беларусі і ад’ездам шведскага пасла Стэфана Эрыксана ў 2012 годзе, было ўскладнена атрыманне шведскіх віз беларускімі грамадзянамі. Таксама і беларускі бок ад гэтага часу на працягу 6-7 месяцаў не выдаваў беларускіх віз шведскім грамадзянам. Шведскія грамадзяне, у т.л. уключаныя ў сумесныя культурныя праекты, практычна не маглі наведваць Беларусь. Да мая 2013 года сітуацыя з візамі змянілася, але праекты, якія патрабуюць планавання — у тым ліку Дні культуры Швецыі ў Беларусі — вядома, моцна пацярпелі. Таму, некаторыя мерапрыемствы Дзён ў 2013 годзе перанесены ў суседнія з Беларуссю краіны — у Вільнюс, Варшаву, Львоў, Беласток.[22] Не атрымала беларускую візу і Марыя Сёдэрберг, таму ў 2013 годзе Дні беларуска-шведскай літаратуры пройдуць 17-19 мая не ў беларускім Пінску, а ў украінскім Львове.[23]

Зноскі правіць

  1. Дни культуры Швеции пройдут в Беларуси с 5 по 13 июня — afn.by, 31.05.2002, 16:39
  2. а б в г д В Минске Дни культуры Швеции Архівавана 5 сакавіка 2016. — bdg.by, 4 июня 2002, 19:19
  3. Дни культуры Швеции пройдут в Беларуси Архівавана 28 верасня 2013. — bdg.by, 29 мая 2003, 16:47
  4. Дни культуры Швеции пройдут в четырех городах Архівавана 6 верасня 2013. — bdg.by, 28 мая 2004, 19:51
  5. Полтав­ская Л. Вспомним Карлсона // Минский курьер. 2004. 1 июня.
  6. Березун Л. Приглашение в страну Астрид Линдгрен // Народная газета. 2004. 1 чэрв.
  7. а б в Таццянчык У. Днi культуры Швецыi ў Беларусi // Звязда. № 104 (25436). 8 чэрвеня 2005.
  8. Беніцэвіч Н. Да нас прыехаў сам Георг Однэр, геніяльны фотамастак са Швецыі // Звязда № 106 (25438). 10 чэрв. 2005.
  9. Сёньня завяршаюцца Дні культуры Швэцыі ў Беларусі — svaboda.org, 14.06.2006, 05:10
  10. а б в г д Дні Швэцыі і Францыі ў Беларусі — nashaniva.by, 22.05.2007, 13:07
  11. а б в г д У Беларусі ў сёмы раз пройдуць Дні культуры Швецыі Архівавана 13 красавіка 2012. — tut.by, 16 мая 2008, 18:21
  12. Дні культуры Швецыі ў Беларусі // «Новы Час» 30 мая 2008 г. № 17 (101) / «Лiтаратурная Беларусь» № 22-23. — С. 10.
  13. У Пінску забаранілі Дні шведскай культуры(недаступная спасылка) — euroradio.by, 29.05.08, 14:37
  14. У Беларусі пройдуць Дні культуры Швецыі // Радыё Ватыкана
  15. а б в г д У Беларусі пройдуць Дні культуры Швецыі Архівавана 6 сакавіка 2016. — budzma.org, 12 траўня 2009, 17:40
  16. а б в г д У Беларусі пачынаюцца Дні культуры Швэцыі — svaboda.org, 20.05.2009, 11:34
  17. а б в http://n-europe.eu/article/2010/05/10/dni_kultury Архівавана 22 лістапада 2011.
  18. http://novychas.info/kultura/c_josc_gnomi_rane_dn_kul_turi_/
  19. а б в г д е ё http://nashaniva.by/?c=ar&i=54287
  20. http://news.tut.by/culture/226660.html Архівавана 4 верасня 2011.
  21. http://budzma.org/news/dan-andersan-payadnau-belarusau-i-shvedau.html
  22. Кустава В. Дзмітрый Плакс: «Упершыню за многія гады ў Беларусь не прыедуць шведскія пісьменнікі…» Архівавана 10 сакавіка 2016. // «Літаратурная Беларусь» / «Новы час», 26 крас. 2013.
  23. Дні беларуска-шведскай літаратуры пройдуць… у Львове(недаступная спасылка) — racyja.eu, 19.03.2013