Заходнепалеская школа дойлідства
Заходнепалеская школа дойлідства сфармавалася, як і усходнепалеская (прыпяцкая) школа, у XVII—XVIII стагоддзях у драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве Беларускага Палесся, і развівалася да пачатку XX стагоддзя. Склалася ў межах сучаснай Брэсцкай вобласці паміж Брэстам і Пінскам. Для школы характэрныя сувязі з дойлідствам Украіны (Валынь, Букавіна), Літвы і Польшчы.
Народнае жыллё
правіцьНароднае жыллё гэтай зоны вылучаецца своеасаблівасцю канструкцыі, планіроўкі, арганізацыі панадворку, архітэктуры пабудоў. Зрубы жылых і гаспадарчых пабудоў ставілі пераважна з брусоў і дыляў з рубкай вуглоў «у каню», «у просты замок» і без «астатку». У гаспадарчых збудаваннях была пашыраная слупавая канструкцыя плеценых з лазы сцен. Шырока бытавалі чатырохсхільныя стрэхі і паўвальмавыя з прычолкамі, накрытыя саломай ці чаротам. Здаўна характэрная каркасная канструкцыя страхі на сохах, стаяках, козлах, пазней — на кроквах. Своеасаблівасць планіроўкі трохкамернага жылля заключалася ў тым, што жылы пакой сенцамі злучаўся часам не з клеццю, а з варыўняй. Найбольш пашыраны былі пагонныя двары.
Культавае дойлідства
правіцьЦэрквы
правіцьУ культавым дойлідстве пераважалі храмы падоўжна-восевай кампазіцыі, дзе розныя па памерах і форме зрубы аб’ядноўвалі агульным пластычным гонтавым дахам, як, напрыклад, у здзітаўскай Мікітаўскай царкве, Вавуліцкай царкве Раства Багародзіцы і інш. Будавалі таксама цэрквы з невысокімі пірамідальнымі вярхамі, часам зрэзанымі ў верхняй частцы, як у Олтушскай Спаса-Праабражэнскай царкве, храмы з вежамі-званіцамі на галоўным фасадзе, як у Альбінскай Георгіеўскай царквы, крыжовыя з перавагай у кампазіцыі падоўжнай восі, як у Чарнаўчыцкай царкве Параскевы Пятніцы.
Пад уплывам стылю барока з’явіліся храмы падоўжна-восевай кампазіцыі з дзвюхвежавым галоўным фасадам, напрыклад, Валавельская Юр’еўская царква, і базілікальныя, да якіх адносіцца Опальская царква Параскевы Пятніцы.
Званіцы
правіцьАсноўныя тыпы званіц — слупавыя (званіца ў в. Ражкоўка Камянецкага раёна), каркасныя (званіца ў в. Хмелева Жабінкаўскага раёна) і ярусныя зрубна-каркасныя (званіца ў Чэрску).
Літаратура
правіць- Якімовіч Ю. А. Палескія школы дойлідства // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 380. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх