Капліца-пахавальня Ажэшкаў

Капліца-пахавальня Ажэшкаў — капліца ў аграгарадку Закозель Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. З’яўляецца часткай сядзібна-паркавага комплекса Ажэшкаў.

Каталіцкі храм
Капліца-пахавальня Ажэшкаў
Закозель. Капліца-пахавальня.jpg
52°07′45″ пн. ш. 25°00′10″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Аграгарадок Закозель
Канфесія Каталіцтва
Архітэктурны стыль неаготыка
Архітэктар Францішак Яшчалд
Заснавальнік Калікст Нікадзімавіч Ажэшка
Дата пабудовы 1849 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000196шыфр 112Г000196
Стан закінуты

ГісторыяПравіць

 
Капліца на малюнку Напалеона Орды. 1850 г.

Капліца пабудавана ў 1849 годзе па праекце польскага архітэктара Францішка Яшчалда са згоды віленскага біскупа Анджэя Клангевіча на ўскраіне парку як фамільная пахавальня Ажэшкаў і наступных уладальнікаў сядзібы: Бабрынскіх, Талочкаў.

Паводле мясцовага падання ў высокім шпілі капліцы, дзе была невялікая камора, пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў хаваўся кіраўнік Кобранскага паўстанцкага атрада — Рамуальд Траўгут. Гэты прытулак быў прапанаваны яму Элізай Ажэшка, якая дапамагла перавезці Рамуальда ў Польшчу пасля таго, як пошукі пакрысе сціхнулі. Варта зазначыць, што мужа Элізы — Пятра за ўдзел у паўстанні саслалі ў Пермскую гебурню, а маёнтак у Людвінова, што непадалёк — канфіскавалі.

Капліца скасавана ў 1865 годзе з-за таго, што «існаванне капліцы мае дрэнны ўплыў на шматлікіх слуг Закозеля, а адасобленасць маёнтка абцяжарвае нагляд за польскай прапагандай». Аднак з дазволу Галоўнага начальніка края Міхаіла Мураўёва яна была перададзена памешчыку Каліксту Ажэшку для прыстасавання яе ў «надмагільны помнік» з тлумачэннем: «паколькі капліца гэтая не была парафіяльнай і з’яўлялася ўласнасцю ўладальнікаў маёнтка, то ўласнасць і будынак належыць вярнуць Ажэшкам з тым, аднак, каб капліца была перароблена ў пахавальню са знішчэннем на ёй царкоўных купалоў і каб у будынку не засталося алтара і ніякіх прылад для набажэнства…»[1]

У 1867 годзе рабіліся намаганні перабудаваць храм у праваслаўную царкву па праекце архітэктара Чакмасава[2], супраць чаго выступіла навакольнае дваранства.

У 1915 годзе, падчас Першай сусветнай вайны меднае пакрыццё даху было знята. Новы цынкавы дах быў пакладзены памешчыкам Каралем Талочкам, які набыў маёнтак у 1923 годзе.

Сучасны стан і раскопкіПравіць

 
Нервюры скляпення, 1937 год.

У дадзены момант капліца паступова разбураецца з-за недахопу фінансавання на яе аднаўленне альбо, прынамсі, кансервацыю. Вонкавая і ўнутраная тынкоўка амаль цалкам абвалілася, каляровыя вітражы не захаваліся, перакрыцці і дах у аварыйным стане. Мясцовымі ўладамі прадпрымаюцца спробы сачыць за тэрыторыяй былога парка, сама капліца агароджана плотам, уваходы зыкрытыя кратамі . Але поўная адсутнасць фінансавання не дазваляе спыніць імклівы працэс разбурэння канструкцый.

У 2008 годзе ў капліцы і каля яе праводзіліся археалагічныя раскопкі, у выніку якіх былі знойдзены парэшткі прадстаўнікоў роду Ажэшкаў, фрагменты слуцкага пояса, чалавечыя косткі, бронзавыя рэшткі трун, адзення мерцвякоў. Археалагічныя знаходкі выклікалі пэўную цікавасць да стану помніка, была падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на рэстаўрацыю капліцы, але фінансаванне так і не было вылучана. Па звестках на снежань 2019 года, каштарысная вартасць першачарговых аднаўляльных прац складае каля 380.000$, адкрыты дабрачынны рахунак для збору сродкаў[3].

АрхітэктураПравіць

 
Капліца ў 1936 годзе.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-гатычнага стылю. Цэнтрычнае квадратнае ў плане збудаванне накрытае востракутнымі двухсхільнымі дахамі, скрыжаванне якіх адзначанае высокім чатырохгранным шатром з гранёным шпілем і гатычным крыжам у завяршэнні. Стракатасць сілуэту і вертыкальную накіраванасць прасторавай кампазіцыі надаюць кутнія падвойныя пінаклі, паміж якімі ў гатычных парталах (чыгуннае мастацкае ліццё) размешчаныя скульптуры евангелістаў.

Фасады насычана крапаваныя згрупаванымі па вуглах контрфорсамі, слаістымі стральчатымі і трохлопасцевымі нішамі. Стральчаты ўваходны партал дэкарыраваны ўверсе круглымі гербамі Ажэшкаў (мастацкае чыгуннае ліццё). Каларыстычнае багацце будынку стварала высокаякасная «адкрытая» цагляная муроўка, меднае пакрыццё дахаў, пабелка элементаў дэкору.

Зала перакрытая люстраным скляпеннем, насычаная арнаментаванымі тонкімі ляпнымі нервюрамі. У вуглавых стральчатых нішах знаходзіліся скульптурныя выявы евангелістаў (не захаваліся). Стральчатыя вокны і люкарны з пераплётамі геаметрычнага малюнку, якія запаўняліся каляровымі вітражамі. Пад капліцай — склеп-пахавальня, куды вядуць сходы ў цэнтры залы.

Зноскі

  1. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 149—150
  2. Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 24. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2018. — С. 80-81
  3. «Ни копеечки нет». Под Дрогичином разваливается памятник архитектуры XIX века, местные ищут деньги. (руск.) 

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць