Імператарская Рымска-каталіцкая духоўная акадэмія

Імператарская рымска-каталіцкая духоўная акадэмія (руск.: Императорская римско-католическая духовная академия — расійская вышэйшая рымска-каталіцкая навучальная ўстанова ў Санкт-Пецярбургу ў 1842—1918 гадах.

Імператарская рымска-каталіцкая духоўная акадэмія
Заснаваны 1833
Год закрыцця 1918
Тып Духоўная навучальная ўстанова
Размяшчэнне Сцяг Расіі Расія, Санкт-Пецярбург
Юрыдычны адрас Санкт-Пецярбург, 1 Лінія Васілеўскага вострава, 52
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Гісторыя багаслоўскай школы пачынаецца ад тэалагічнага факультэта Віленскай акадэміі, заснаванай ў 1579 годзе з езуіцкага калегіума прывілеем караля Стэфана Баторыя. Пасля скасавання Ордэна езуітаў (1773) Віленская акадэмія ў 1781 годзе ператвараецца ў Галоўную школу Вялікага княства Літоўскага (лац.: Schola Princips Magni Ducatus Lithuaniae) — свецкую навучальную ўстанову, рэфармаваную Адукацыйнай камісіяй. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай перайменавана расійскімі ўладамі на Галоўную віленскую школу (руск.: Главная виленская школа). Актам ад 4 (16) красавіка 1803 года імператарам Аляксандрам I Галоўная віленская школа пераназвана ў Імператарскі Віленскі ўніверсітэт. Пасля паразы паўстання 1830—1831 гадоў, рэскрыптам Мікалая I ад 1 мая 1832 года ўніверсітэт скасоўваецца. З багаслоўскага аддзела этыка-палітычнага факультэта і блізкай адукацыйным кірункам Галоўнай Віленскай Семінарыі ў 1833 годзе створана Віленская духоўная рымска-каталіцкая акадэмія. У акадэміі было ўстаноўлена 40 вакансій для кандыдатаў з выхаванцаў усіх дыяцэзіяльных семінарый, у Віленскай епархіяльнай семінарыі — 50 і ў армяна-каталіцкім аддзеле — 7; акрамя таго, акадэмічныя лекцыі маглі наведваць паслушнікі віленскіх манастыроў. Вызначаны чатырохгадовы курс навучання. У акадэміі прызначана 7 прафесараў, 4 ад’юнкты і 3 лектары і адкрыты кафедры Святога Пісьма, біблейскай археалогіі і герменеўтыкі; багаслоўя дагматычнага, маральнага і пастырскага; логікі і маральнай філасофіі; царкоўнай гісторыі; гамілетыкі тэарэтычнай і практычнай з польскай славеснасцю; славеснасцю лацінскай, грэчаскай і рускай, усеагульнай і рускай гісторыі і моў старажытнаяўрэйскай, французскай і нямецкай. Выкладанне вялося на лацінскай або рускай мове.

Віленская духоўная акадэмія падпарадкоўвалася Пецярбургскай Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі і міністру ўнутраных спраў, непасрэдна яе апякаў віленскі біскуп-ардынарый. Праіснавала акадэмія ў Вільні толькі некалькі гадоў, ужо ў 1842 годзе, паводле хадайніцтва міністра ўнутраных спраў Л. А. Пяроўскага, яна пераведзена ў Санкт-Пецярбург. Асяроддзе міністра імкнулася адмежаваць будучых царкоўных дзеячаў ад уплыву Вільні, дзе абстаноўка пасля паўстання 1830—1831 гадоў не спрыяла чаканаму свецкай уладай выхаванню духавенства. Студэнты Віленскай Акадэміі пераехалі ў Пецярбург у канцы верасня 1842 года. Апошняе пасяджэнне адміністрацыі Віленскай акадэміі адбылося 20 кастрычніка 1842 года, а ўжо 16 лістапада 1842 года айцец-рэктар Ігнацы Галавінскі правёў у Санкт-Пецярбургу пасяджэнне адміністрацыі новай Акадэміі[1].

Спачатку акадэмія месцілася ў Пецярбургу ў доме паміж Іванаўскай і Гразкай вуліцамі, нанятым у купца Лакотнікава. На патрэбы Акадэміі за суму ў 72.000 рублёў і 48 капеек быў куплены будынак былой Расійскай Акадэміі па 1-й лініі Васільеўскага вострава[2]. Архітэктар Х. П. Меер  (руск.) перапланаваў і дабудаваў на паверх галоўны будынак, па-новым аформіў інтэр’еры, а таксама ўзвёў з двара прыбудову для капліцы[3]. Перабудова будынка была скончаная ў 1844 годзе і яго асвячэнне 22 чэрвеня 1844 года здзейсніў біскуп Казімір Дмахоўскі. 18 снежня 1844 года Акадэмію наведаў Мікалай I, уганараваў назвай «Імператарская» і падначаліў ёй усе каталіцкія духоўныя семінарыі ў імперыі, а таксама вызначыў штогадовы бюджэт памерам у 40.150 рублёў.

Перанос Акадэміі з Вільні ў Пецярбург быў зроблены без узгаднення з Апостальскай Сталіцай, таму яе існаванне выклікала там моцную занепакоенасць на працягу шэрагу гадоў, да таго часу, пакуль біскуп-ардынарый не атрымаў у адназначнай форме, у рамках канкардату  (руск.) з Расіяй ад 1847 года, права вырашальнага голасу ва ўсіх справах Акадэміі. Пасля закрыцця ў 1867 годзе Варшаўскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі[4] ў Санкт-Пецярбургскую акадэмію сталі паступаць і выхаванцы духоўных дыяцэзіяльных семінарый Царства Польскага.

 
Выкладчыкі і студэнты Санкт-Пецярбургскай Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі ў 1907 годзе

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, каб зберагчы акадэмію, у лютым 1918 года рэктар Ідзі Радзішэўскі з аднадумцамі стварыў у Петраградзе Аргкамітэт па арганізацыі каталіцкага ўніверсітэта на тэрыторыі незалежнай ад Савецкай Расіі Польскай Рэспублікі. Месцам для стварэння новай навучальнай духоўнай установы быў выбраны Люблін, горад гістарычна цесна звязаны з Беларуссю і Украінай. 23 кастрычніка 1918 года мітрапаліт магілёўскі Эдвард Роп перадаў зноў утворанаму Люблінскаму ўніверсітэту права Петраградскай акадэміі адкрыць багаслоўскі факультэт у 1918—1919 навучальным годзе. 27 ліпеня 1918 года план стварэння каталіцкага ўніверсітэта быў ухвалены Канферэнцыяй архіепіскапаў Польшчы, якую ў той момант узначальваў нунцый Акіле Раццы (пазней — Папа Пій XI).

Калі ў снежні 1918 года быў адкрыты Люблінскі ўніверсітэт, сярод яго лектараў былі і прафесары Санкт-Пецярбургскай акадэміі. У 1928 годзе да назвы ўніверсітэта дададзена Каталіцкі.

Структура правіць

Духоўную Акадэмію ўзначальваў савет, які складаўся з рэктара, двух прафесараў духоўнага звання і двух свецкіх прафесараў, а таксама святара-пракуратара з правам дарадчага голасу ў гаспадарчых справах. За ўзор выкладаемых дысцыплін, а таксама складу педагагічных кадраў узята Віленская акадэмія. Пачаткова штат акадэміі дазваляў прыняць 40 студэнтаў, у 1888—1889 навучальным годзе вучняў было 58, а з 1915 года — 80 чалавек. Навучанне працягвалася чатыры гады і, звычайна, прымаліся толькі выхаванцы семінарый Расійскай Імперыі і Царства Польскага. Акадэмія надавала сваім выпускнікам навуковыя ступені кандыдата, магістра, доктара тэалогіі і доктара кананічнага права. У 1882 годзе, паводле новых пагадненняў паміж Апостальскай Сталіцай і расійскім урадам, магілёўскі мітрапаліт быў ўпаўнаважаны пераглядзець, разам з іншымі біскупамі, ранейшыя правілы, якія рэгулявалі дзейнасць акадэміі. Пачынаючы з 1886 года, ён меў права зацвярджаць навуковую ступень. Па даручэнні мітрапаліта тагачасны рэктар акадэміі ксёндз Францішак Альбін Сымон правёў змены ў правілах — у асноўным захаваў статут Віленскай акадэміі 1839 года, узмацніўшы патрабаванні датычна надання вучоных ступеняў. Ступень доктара тэалогіі надавалася не за адну тэалагічную працу, але за дзве: адну на лацінскай мове, другую — на рускай; а таксама пасля публічнага іспыту з 50 пытанняў. Каб атрымаць падвойную ступень доктара тэалогіі і кананічнага права, трэба было напісаць шырокую працу, якая закранала б праблемы тэалогіі і кананічнага права, а таксама здаць публічны іспыт з 70 пытанняў з гэтых навук. Навуковыя патрабаванні зноў былі павышаны ўжо ў пачатку Першай сусветнай вайны: так, напрыклад, доктарскія дысертацыі трэба было апублікаваць у друку, перш чым адбудзецца абарона доктарскай ступені. Абарона і іспыт, што складаўся з 50 пытанняў па праблемах тэалогіі, павінны былі адбывацца цягам двух дзён па тры гадзіны на дзень.

З 1885 па 1917 год выдаваўся друкаваны штогоднік «Императорская Санкт-Петербургская Римско-католическая Церковная Академия». Найбольш здольныя выхаванцы пасылаліся на вучобу ў Заходнюю Еўропу. Педагагічныя кадры акадэміі ўвесь час павышалі сваю адукацыю: М. Гадлеўскі  (польск.) — у Швейцарыі, Е. Матулевіч — у Рыме і Швейцарыі, І. Радзішэўскі  (руск.) і А. Вуйціцкі — у Лувене. Іх навуковыя працы назаўсёды ўвайшлі ў летапіс тэалагічнай літаратуры. З Акадэміі выйшла 62 біскупы, якія на працягу многіх гадоў вызначалі характар рэлігійнага жыцця, а таксама маральны і інтэлектуальны ўзровень духоўнага жыцця Расіі, Украіны, Беларусі, Польшчы, Літвы і Латвіі. Сярод выпускнікоў быў Зыгмунт Фялінскі, пасля прылічаны да ліку святых і Е. Матулевіч, прылічаны да ліку блажэнных.

Акрамя акадэмічнай працы выкладчыкі акадэміі таксама вялі маштабную дабрачынную дзейнасць у расійскай сталіцы і наваколлях. Прафесары (варшаўскі мітрапаліт Зыгмунт Фялінскі, Юстын Пранайціс  (польск.), Ф. А. Сымон) заснавалі парафіяльныя прытулкі для сіротаў  (польск.), былі капеланамі розных устаноў, прэфектамі Санкт-Пецярбурга, выконвалі функцыі парафіяльных святароў і ініцыявалі будаўніцтва касцёлаў і капліц, у тым ліку ў Ольгіна, Гатчыне і Колпіна. Яны былі стваральнікамі і сузаснавальнікамі розных дабрачынных, навуковых і нацыянальных таварыстваў. Студэнты актыўна ўдзельнічалі ў гэтым шырокім спектры сваёй дзейнасці[5].

З непрыхаванай радасцю Папа Леў XIII падкрэсліваў задаволенасць Апостальскай Сталіцы станам спраў у пецярбургскай навучальнай установе, а кардынал Рампола  (руск.), тагачасны дзяржаўны сакратар Рымскай Курыі, пісаў у 1892 годзе:

  У Імперыі Аляксандра III мы маем адну вышэйшую тэалагічную навучальную ўстанову, якая, нягледзячы на цяжкія ўмовы, па-ранейшым з гонарам выконвае сваё прызначэнне[1].  

За 76 гадоў дзейнасці ў акадэміі навучалася больш за 1,3 тысячы студэнтаў. Большасць выпускнікоў скончыла 4-гадовую ступень магістра багаслоўя або атрымалі кандыдацкую ці студэнцкую ступень пасля трох гадоў навучання. Па няпоўных звестках, акадэмію не здолела скончыць 337 чалавек. 129 чалавек адмовілася ад вучобы, часцей праз стан здароўя, радзей праз недахоп ведаў або прызвання. Таксама 39 чалавек былі вымушаны пакінуць універсітэт праз яго закрыццё ў 1918 годзе (праз год ці два навучання). У этнічным плане, студэнты былі ў асноўным з Польшчы, Літвы, Латвіі, Беларусі, радзей з Расіі, Германіі, Францыі і Украіны. У пачатковы перыяд дзейнасці акадэміі навучэнцы былі галоўным чынам з шляхты і сярэдніх класаў. З 1870-х гадоў колькасць выпускнікоў сялянскага паходжання паступова павялічвалася. У канцы ХІХ ст. сяляне паводле паходжання складалі ўжо палову вучняў[5].

Рэктары правіць

Вядомыя выпускнікі правіць

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць