Рагулькі высокія

Рагу́лькі высокія, Козлікі высокія[3], Каптурыкі[4] (Delphinium elatum) — травяністая расліна сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae).

Рагулькі высокія

Рагулькі высокія, Татры
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Delphinium elatum L. (1753)

Сінонімы

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  501978
NCBI  46247
EOL  487960
GRIN  t:13436
IPNI  710585-1
TPL  kew-2759714

Барэальны сібірска-таежны від. Натуральная вобласць распаўсюджання — Паўночна-Усходняя Еўропа і Сібір, ахоплівае Забайкалле і Сярэднюю Азію. Сустракаецца ў гарах Цянь-Шаня і паўднёва-ўсходніх гарах Еўропы: Альпах, Карпатах, Судэтах і ў баснійска-сербскім памежным раёне. У Беларусі знаходзіцца ў ізаляваных лакалітэтах на паўднёва-заходняй мяжы арэала.

Расце ў лясной зоне, у негустых светлых лясах, на лясных палянах, у ярах на схілах, акрамя паўднёвых, часам па берагах рэк на лугах. У гарах засяляе субальпійскія вобласці, да 2000 м над узроўнем мора. Рэдка ўтварае зараснікі, звычайна расце рассеяна адзінкавымі экзэмплярамі і невялікімі групамі.

Апісанне

правіць

Шматгадовая расліна. Вышыня сцябла ад 1 да 4 м. Карэнішча кароткае, шматгаловае. Карані махрыстыя, шаравата-карычневага колеру.

Сцябло простае, прамастаячае, раўнамерна пакрытае лісцем, полае і рабрыстае, звычайна голае, часам валасістае ў ніжняй частцы.

Лісце чарговае, доўгачарашковае, у агульным абрысе круглявае, ля аснавання глыбокасэрцападобнае, пальчата рассечанае на 3 рамбічныя датыкальныя долі, далей лапчастае, пяці-сяміраздельнае, часта востразубчаста надрэзанае. Пласцінка ліста голая або па баках і жылках валасістая, даўжынёй 3-7 см, шырынёй да 16 см. Рассечанасць і апушанасць лісця моцна вар'іруецца.

 
Кветкі Delphinium elatum
 
Кветкі культурнай формы

Кветкі буйныя (дыяметр 2-3 см), абодваполыя, розных адценняў сіняга, няправільныя (зігаморфныя) з перайначанымі верхнімі чашалісцікамі — шпорцамі. Сабраны ў простыя негустыя доўгія гронкі на верхавіне сцябла. Прыкветкі ў аснаванні кветаножак вузкалінейныя, суцэльныя. Чашалісцікі пялёсткападобныя суцэльныя, лікам 5. Аснаванне верхняга чашалісціка працягваецца ў полы шпорац.

Пялёсткі чорнага або цёмна-бурага колеру, іх усяго 4, удвая карацей чашалісцікаў. Два верхніх зменены ў 2 нектарніка. Нектарнікі выцягнутыя ў шпорац, укладзены ў шпорац чашалісцікаў. Два ніжніх пялёстка ператвораныя ў 2 стамінодзія, якія на канцах двунадрезаны, з жоўтымі валасінкамі, якія ўтвараюць бародку. Тычачкі шматлікія. Тры песцікі з верхнімі завязямі. Формула кветкі:  [5].

Плод — шматлістоўка, сабраная з трох лістовак. Насенне дробнае карычневае, бліскучае, амаль трохграневае, па рэбрах вузкаплёнкавакрылатаее.

Асаблівасці біялогіі

правіць

Цвіце ў чэрвені-жніўні. Размнажаецца вегетатыўна і насеннем. Зацвітае на другі год. Спее ў жніўні-верасні.

Хімічны склад

правіць

Расліна добра вывучана.

Усе часткі расліны ўтрымліваюць дытэрпенавыя алкалоіды, трацічныя аміны. Агульнае ўтрыманне алкалоідаў ў каранях дасягае 4 %, у насенні — 2,5 %, у лісці — 1,3 %.

Галоўны алкалоід элацін  (руск.), утрыманне якога складае прыкладна трэць ад агульнай колькасці іншых алкалоідаў расліны.

Іншыя алкалоіды: дэльсін, дэльфелацін (эльдэлін), дельфелін (дельфемін), кандэльфін, меціллікаканіцін  (фр.) (дэларцін).

Расліна змяшчае аканітавую кіслату  (руск.), гліказід камфероль. У суквеццях утрымліваюцца флаваноіды.

Выяўляюцца макра- і мікра- элементы:

  • K — 32; Mg — 23; Cu — 22; Fe — 0,4 мг/г.
  • Mo — 64; Se — 4,3; Co — 0,9; Zn — 0,7; Ba — 0,4; Ni — 0,2 мкг/г.

Атрутная расліна, аказвае расслабляльнае дзеянне на шкілетную мускулатуру, у вялікіх дозах можа выклікаць параліч асобных груп цягліц і абезрухоўліванне. Паражае страўнікава-кішачны тракт і сардэчна-сасудзістую сістэму.

Лячэнне, як пры атручванні аканітам, прамыванне страўніка, танін, слабільнае. У залежнасці ад стану могуць прымяняцца узбуджальныя або сардэчныя сродкі.

Выкарыстанне

правіць

Медыцына

правіць

Служыла сыравінай для атрымання алкалоіда элаціна. Абмежавана ўжываецца ў народнай медыцыне.

Інсектыцыды

правіць

Расліна атрутная. Адвары травы традыцыйна выкарыстоўваліся для знішчэння мух і іншых насякомых у жылых памяшканнях.

Садовая расліна

правіць

Дэкаратыўнае расліна, культывуецца ў кветніках. Нярэдка дзічэе. Рагулькі высокія выкарыстоўваюцца як садовая дэкаратыўная расліна і паслужыла зыходным відам для селекцыі шматлікіх культурных дэкаратыўных сартоў і гібрыдаў, якія разводзяцца садоўнікамі.

Від занесены ў Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь. Ахоўваецца ў Латвіі[6], шэрагу рэгіёнаў Расіі[7].

  Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
III катэгорыя (VU) 

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 45. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. «Апісанне Крычаўскага графства або былога староства» (1786) Андрэя Меера
  5. Экофлора Украины = Екофлора України / Відпов. редактор Я.П. Дідух. — Київ: Фітосоціоцентр, 2004. — Т. 2. — 480 с. (укр.).
  6. Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь Архівавана 26 верасня 2017.
  7. Delphinium elatum L. // ИАС «ООПТ России» (руск.)

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць