Царква Святога Іосіфа (Іжа)
Іосіфаўская царква — праваслаўны храм у аг. Іжа Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Мае прыпісную капліцу Свяціцеля Мікалая Цудатворцы у в. Каралеўцы.
Праваслаўны храм | |
Царква Святога Іосіфа | |
---|---|
Царква Святога праведнага Іосіфа Абручніка | |
![]() | |
54°39′40,30″ пн. ш. 26°45′43,20″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Аграгарадок | Іжа |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Маладзечанская |
Благачынне | Вілейскае |
Архітэктурны стыль | Народнае дойлідства |
Будаўніцтва | 1922—1929 гады |
Стан | дзейная |
![]() |
ГісторыяПравіць
Праваслаўная царква ў Іжы існавала ўжо ў XVI ст., з XVIІ стагоддзя апынулася ва ўладанні Віленскай капітулы і стала ўніяцкай. Паступова ў ХІХ ст. Кішчанская царква, як і адпаведная вёска (Іжа-Кішчанская) па найменаванні войтаўства стала звацца Іжскай. Пасля 1839 года, з далучэннем Уніяцкай Царквы да Рускай праваслаўнай, храм у Іжы (1774 года пабудовы) пераабсталявалі і асвяцілі пад тытулам Святога Іосіфа Абручніка[1]. На пачатку ХХ ст. будынак царквы значна нахіліўся на паўночны бок. Епархіяльныя архітэктары ў 1903 і 1908 гг. палічылі яе зусім непрыгоднай для богаслужэння, але храм яшчэ дзейнічаў не менш дзесяці гадоў. Пасля Першай сусветнай вайны, у складзе Польскай рэспублікі, з 1922 г. на месцы старога храма распачалося будаўніцтва новай драўлянай царквы. З мэтай аднаўлення ўніяцтва і пераманньвання праваслаўнай паствы ў каталіцызм, царкву паставілі алтаром на захад. Але прыхаджане адразу запрацівіліся такой палітыцы і святар Ружыцкі, што вёў будаўніцтва да 1929 г. быў вымушаны аставіць прыход.
Пабудаваная ў 1922 — 1929 гг., пасля Другой сусветнай вайны, пры савецкай уладзе, у 1963 годзе царква была зачынена. Пэўны час памяшканне храма пуставала, пасля выкарыстоўвалася пад збожжасховішча калгаса «Рассвет», пазней — калгасны музей. З 1989 года пачалося адраджэнне храма і ўжо ў лютым 1990 г. царква была асвечана наноў. З 2002 па 2004 гг. па блаславенні Патрыяршага Экзарха Філарэта праводзілася рэканструкцыя купалоў, храм набыў новы від.
НастаяцеліПравіць
- 1832 — 1847 Іаан Кузьміч Снітка
- 1864 — 1881 Адам Фаміч Андрушкевіч[1]
- 1881 — 1903 Мацей Міхайлавіч Клонскі
- 1903 — 1917 Мікалай Пятровіч Краснікаў
- ? — да 1946 Антон Кірык, Вікенцій Станкевіч, Іаан Скопец, айцец Карэлы
- 1950 — 1960-ыя гг. Барыс Стаднікаў
- 1989 — 1998 Алег Васільевіч Столяр
- 1998 — 2000 Віктар Мікалаевіч Разановіч
- 2000 — 2012 Вячаслаў Валянцінавіч Вабішчэвіч
- 2013 — Аляксандр Чарняк
АрхітэктураПравіць
Твор архітэктуры ў стылізаваных формах царкоўнай архітэктуры другой паловы ХІХ ст. Трохчастковую кампазіцыю фарміруюць трох'ярусны (васьмярык на 2 чацверыках) прытвор-званіца, прамавугольная ў плане малітоўная зала і апсіда. двухсхільны дах завершаны па цэнтры высокім цыліндрычным барабанам з цыбулепадобным купалам. Фасады прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. Уваход аформлены двухслуповым ганкам пад двухсхільным пакрыццём.
Папярэдні храм з'яўляўся творам народнага драўлянага дойлідства з асацыяцыйнымі рысамі гатычнай архітэктуры. Вертыкальнасць кампазіцыі надавалі бакавыя чацверыковыя вежы франтальнага фасада, высокі франтон двухсхільнага даху паміж імі, вертыкальная шалёўка фасадаў і вежаў, прапарцыянальныя суадносіны вышыні зруба і даху (1:1). Строгасць і выразнасць будынка былі абумоўлены адсутнасцю дэкору. Адзінай пластычнай формай з'яўляліся цыбулепадобныя галоўкі над сферычнымі купаламі вежаў. Перад царквой стаяла мураваная брама ў выглядзе 2 адасобленых пілонаў, 1-ы ярус якіх меў арачны праход, 2-і - адкрытую слуповую галерэю-званіцу пад вальмавым гонтавым дашком.
Зноскі
- ↑ а б Стэфан Рыгоравіч Касяк – Старэйшы настаўнік Шчучынскай прыходскай вучэльні(недаступная спасылка) // Касяк – генеалагічныя пошукі продкаў
ЛітаратураПравіць
- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
- Нарачанка і яе берагі/ Сымон Барыс, Анатоль Рогач. — Мінск: Зміцер Колас, 2013. — 712 с. [8 л.] іл. 99 асобнікаў. ISBN 978-985-6992-37-0.
СпасылкіПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Царква Святога Іосіфа (Іжа)
- Царква Святога Іосіфа (Іжа) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Царква Святога Іосіфа (Іжа) на сайце Radzima.org
- Царква Святога Іосіфа (Іжа) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Царква Святога Іосіфа (Іжа)(недаступная спасылка) на сайце Маладзечанскай епархіі