Царква Святога Духа і манастыр базыльян (Мінск)

(Пасля перасылкі з Царква Святога Духа, Мінск)

Царква Святога Духа і манастыр базыльян — колішні грэка-каталіцкі (уніяцкі) манастырскі комплекс у Мінску, помнік архітэктуры Рэнесансу[1]. Заснаваны ў 1616 годзе каля пабудаванай у 1598 годзе царквы, уключаў гэту царкву, жылы манастырскі комплекс і гаспадарчыя пабудовы. Размяшчаўся на Высокім Рынку ў межах сучасных вул. Энгельса, Інтэрнацыянальнай і пл. Свабоды і быў абнесены мураванай сцяной. Царква Св. Духа злучалася крытай галерэяй са Свята-Духаўскім манастыром базыльянак[2].

Сакральнае збудаванне
Царква Святога Духа і манастыр базыльянак
Адноўленая Царква Святога Духа
Адноўленая Царква Святога Духа
53°54′14″ пн. ш. 27°33′26″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Епархія Мінская епархія
Ордэнская прыналежнасць Базыльяне
Архітэктурны стыль псеўдарускі стыль, рэнесансная архітэктура і рэнесансная архітэктура
Дата заснавання XVII ст.
Дата скасавання 1936
Будынкі
Царква Святога Духа • Манастырскі корпус
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000238шыфр 712Г000238
Матэрыял цэгла
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

 
Фота пачатку ХХ ст.

Будаўніцтва новай мураванай царквы пачалося пасля ахвяравання ордэну базыльян полацкім мяшчанінам 2000 злотых у 1634 годзе. У 1641 годзе па фундацыі троцкай кашталянавай Зузаны Гансеўскай быў заснаваны яшчэ і манастыр базыльянак. Некаторыя даследчыкі думаюць, што вольнага месца, каб паставіць асобную царкву манашкам на пляцу не было. Царква Святога Духа, якая тады будавалася, стала супольнай для двух манастыроў — мужчынскага і жаночага. На думку некаторых даследчыкаў, гэта рэдкай практыкай у сакральным дойлідстве. Мітрапаліт Антоній Сялява ў 1651 годзе запісаў у спадчыну манастыру 20 000 злоты з умовай быць пахаваным у Царкве Святога Духа.[1]

Мяркуецца, што ўзвядзенне царквы завяршылася да 1650-х гадоў. Пазней, у часе Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) царква як частка комплексу базыльянскіх манастыроў выкарыстоўвалася ў абарончых мэтах[3].

Як галоўнае сакральнае збудаванне на Высокім Рынку святыня ўражвала сучаснікаў сваёй пышнасцю. Стольнік Пётр Талстой у 1697 годзе пісаў: «у гэтым манастыры царква мураваная вялікая, у якой скляпенні ладныя, якіх мала ў мураваным дойлідстве Польшчы».

У 1795 годзе абодва манастыры былі зачынены, храм перададзены пад кафедральны праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор. Будынак пацярпеў ад пажару 1835 года з прычыны чаго быў кардынальна перабудаваны ў псеўдарускім стылі[1] ў 1846—1850 гадах (арх. Густаў Валерт)[2].

У 2009—2011 гадах будынак царквы быў адноўлены паводле першапачатковага выгляду сярэдзіны XVII ст. За аснову ўзялі малюнак невядомага мастака першай паловы XIX стагоддзя, абмеры 1843 года, выяву фасада 1800 года. Таксама было вырашана аднавіць галерэю, якая злучае царкву, і будынак жаночага манастыра, у якім зараз знаходзіцца дзіцячая музычная школа. У адноўленай царкве Святога Духа размясцілася канцэртная зала дзіцячай філармоніі «Верхні горад»[4].

Архітэктура правіць

Царква правіць

 
Адноўленая царква
 
Фасад царквы, 1843

Царква Святога Духа — унікальны помнік уяўляе сабой аднанефны бязвежавы храм з пяціграннай апсідай. Накрыты двухсхільным дахам, тарцы закрыты аднолькавымі шчытамі. Галоўны фасад падзелены на 3 часткі 4 пілястрамі карынфскага ордара. Над парталам паўцыркульнае акно з ляпнымі ліштвамі, абапал аналагічныя плоскія нішы. Трох’ярусны шчыт з валютамі аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам. Шчыльна размешчаныя ярусы расчлянёныя пілястрамі, паміж якімі плоскія арачныя нішы калісьці змяшчалі выявы святых[2], адпаведна кананічнай будове ярусаў іканастаса[1]. Бакавыя сцены прарэзаны вялікімі спічастымі вокнамі[2].

Інтэр’ер правіць

 
Разрэз царквы, 1843

Знутры царква была ўпрыгожана пяццю драўлянымі і мураванымі разнымі алтарамі з жывапіснымі кампазіцыямі. На хорах размяшчаўся арган (майстар Людвіг Клімовіч, 1779). Майстры муляр Рыгор Сніджнецкі і мазаічнік Ян Будрэвіч рэканструявалі інтэр’еры ў 2-й пал. XVII ст[2].

У адноўленым у 2011 г. храме падлога цэнтральнай залы і ніжняя частка сцен абліцаваны натуральным мармурам. Мастацкія вітражы ў аконных праёмах і тамбуры ўваходу зроблены з выкарыстаннем шырокага спектру колераў і фактур. На сценах вісяць дэкаратыўныя пано, тры з якіх у адзінай стылістыкі былі створаны па замове адным з беларускіх мастакоў[4].

Першапачаткова планавалася ўсталяваць у будынку царквы арган, які маглі вырабіць у Аўстрыі ці Чэхіі, але ў сувязі з вельмі высокім коштам вытворчасці, дастаўкі і ўстаноўкі інструмента ад гэтай ідэі адмовіліся[4].

Манастырскі корпус правіць

 
Былы манастырскі корпус

Будынак манастыра (пл. Свабоды, 23/19) уяўляе сабой трохпавярховы аб’ём прамавугольны ў плане з унутраным дворыкам, арыентаваны галоўным фасадам на плошчу Свабоды. Цэнтральная частка вылучана неглыбокім рызалітам, завершана складаным ступеньчатым атыкам. Над галоўным уваходам невялікі балкон з металічнай агароджай. Паміж першым і другім паверхамі карнізны пояс. Накрыты вальмавым дахам. Сцены рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, якія на другім паверсе дэкарыраваны прамымі сандрыкамі. Фасад завершаны фрызавым поясам з трыгліфамі і карнізам з сухарыкамі. Пластыка дваровага фасада ўзбагачана рызалітамі, плоскімі лапаткамі. У інтэр’еры скляпенні першага паверха крыжовыя[5].

Спробы вяртання царквы ўніятамі і праваслаўнымі правіць

У 2004 годзе мітрапаліт Філарэт звярнуўся да тагачаснага старшыні Мінскага гарвыканкаму Міхаіла Паўлава з прапановаю пабудовы на месцы царквы Святога Духа праваслаўнай капліцы, але яму было адмоўлена. У 2009 годзе пачалося аднаўленне царквы. Праект патранаваў новы начальнік горада Мікалай Ладуцька. У гэты ж час пастанавілі, што адбудаваная царква будзе выкарыстоўвацца ў якасці дзіцячай філармоніі[6]. 15 красавіка 2009 года група мінскіх грэка-каталікоў звярнулася да Лукашэнкі з просьбай дазволіць адбудаваць гэтую святыню Беларускай грэка-каталіцкай царкве[7], пад зваротам падпісаліся доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч, доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая, доктар фізіка-матэматычных навук Юрый Хадыка, пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэтка Галіна Дубянецкая, археолаг Эдвард Зайкоўскі, гісторык Анатоль Сідарэвіч. Сваю просьбу вернікі тлумачылі тым, што станам на 2009 год у Мінску налічваліся чатыры грэка-каталіцкія парафіі, але ніводная з іх дагэтуль не атрымала дазволу ад мінскіх уладаў на ўзвядзенне ўласнай царквы.

Аднак зварот не прынёс плёну. У Камітэце архітэктуры адказалі, што на месцы святыні будзе будавацца дзіцячая філармонія «з выкарыстаннем архітэктурна-мастацкага вобразу будынка царквы Святога Духа XVII ст.» Пра тое ж вялося і ў лісце з Мінгарвыканкаму, толькі тамака дадалі, што праект «аднавіць будынак колішняй царквы Святога Духа ў першапачатковым выглядзе як гістарычна-культурны, а ня культавы аб’ект» быў распрацаваны яшчэ ў 1984 годзе[8].

Існуе меркаванне, што адмова дазволіць аднавіць грэка-каталіцкую царкву тлумачыцца існаваннем у Беларусі няпісанага правіла: без згоды кіроўнага архірэя Маскоўскага патрыярхату ўлада не можа даць прадстаўнікам іншай канфесіі згоды на ўзвядзенне царквы (малітоўнага дома, навучальнай установы) на тэрыторыі гэтай епархіі[9]. Гэтую думку ўскосна пацвярджае афіцыйная пазіцыя БЭМП, якую агучыў адказны сакратар па звязках са СМІ архімандрыт Аляксей:

  Нас очень удивляет позиция греко-католиков, которых единицы в Минске. Их невежество, такая невероятная узколобость и желания не соответствуют сегодняшним возможностям. Никто к этому мнению и прислушиваться не думает. <…> Но лично я считаю, что государство должно показать пример восстановления исторической и духовной справедливости. <…> И поэтому если они хотят на святом месте что-то восстановить, то это надо строить исключительно храм, как это делается во всем цивилизованном мире. Восстановить храм и вернуть его исконному владельцу, а владельцем этого храма была православная церковь
архімандрыт Аляксей, адказны сакратар БПЦ па зьвязках са СМІ
Филармония им. Святого Духа // «Ежедневник», 29 траўня 2009.
 

Зноскі

  1. а б в г Саборы помняць усе : готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі / Т. Габрусь ; фота У. А. Багданава. — Мінск: Беларусь, 2007. — 165, [1] с. : фат. — Бібліягр.: с. 160-164. с. — ISBN 978-985-01-0714-5.
  2. а б в г д Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
  3. Беларускі архіў. Т. 3. С. 201.
  4. а б в В Минске в здании церкви Святого Духа открылся концертный зал детской филармонии Архівавана 13 жніўня 2013.
  5. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  6. Ганна Журавіна. У Верхнім горадзе сталіцы адбудуюць царкву Святога Духа // «Наша Ніва», 14 красавіка 2009.
  7. Зварот мінскіх грэка-каталікоў да прэзідэнта // «Arche», 15 красавіка 2009.
  8. Мінскія будоўлі — 3: Дзіцячая філармонія а-la Царква Святога Духа // «Наша Ніва», 10 снежня 2009.
  9. Пётра Пінчук. Тэст на талерантнасць даў адмоўны вынік, або З бальшавіцкім падыходам // «Arche», 16 чэрвеня 2009.

Спасылкі правіць