Чу́кчы (саманазва ԓыгъоравэтԓьэт, «сапраўдныя людзі») — народ, карэнныя насельнікі поўначы Усходняй Сібіры, галоўным чынам Чукоткі. Агульная колькасць 15908 чал. (2010 г.).

Чукчы
(ԓыгъоравэтԓьэт)
Агульная колькасць 15908
Рэгіёны пражывання Расія
Мова Чукоцкая
Рэлігія Праваслаўе, анімістычныя культы, шаманізм
Блізкія этнічныя групы Каракі, ітэльмены, керэкі

Рассяленне правіць

Чукчы кампактна насяляюць Чукоцкую аўтаномную акругу, а таксама суседнія раёны Якуціі, Магаданскай вобласці і Камчацкага краю Расіі. Асобныя прадстаўнікі народа жывуць таксама ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, ЗША (галоўным чынам на Алясцы).

Колькасць правіць

У 2010 г. у Чукоцкай аўтаноміі чукчы складалі прыкладна 26,7 % ад усяго насельніцтва (12,8 тыс. чал.).

Агульная дынаміка колькасці чукчаў у Расіі:

Дадзеных па ЗША няма.

Гісторыя правіць

Паходжанне правіць

 
Чукчы на байдары. Малюнак XIX ст.

Чукчы — нашчадкі найстаражытнейшага насельніцтва Чукоцкага паўвострава. Лічыцца, што іх продкі насялялі цэнтральныя раёны Чукоткі ўжо 8 тыс. гадоў таму, займаючыся паляваннем і падтрымліваючы аселы лад жыцця. У 1 тыс. н. э. у сувязі са зменамі клімату частка чукчаў перасялілася на марское ўзбярэжжа, дзе ўвайшла ў кантакт з азіяцкімі эскімосамі.

Генетычныя даследаванні, якія праводзіліся ў канцы XX — пачатку XXI ст., далі магчымасць меркаваць, што непасрэдныя продкі чукчаў перайшлі праз Берынгію ў Паўночную Амерыку і сталі продкамі карэнных амерыканцаў. Відавочна, у час існавання Берынгіі і пазней людзі маглі перамяшчацца не толькі з Азіі ў Амерыку, але і з Амерыкі ў Азію. Чукоцкія міфы і легенды, а таксама многія рысы традыцыйнай культуры чукчаў сведчаць аб сталых кантактах з амерыканскім бокам і ўдзеле выхадцаў з Амерыкі ў этнагенезе чукчаў.

Ранняя гісторыя правіць

Чукчы-насельнікі ўзбярэжжа (анкалын) хутка перайшлі да палявання на марскіх звяроў (ластаногіх і кітоў) і лову рыбы. Чукчы ўнутраных раёнаў Чукоцкага паўвострава (чаўчу, ад якіх паходзіць назва «чукча») працягвалі паляваць на дзікіх аленяў, але паступова перайшлі да качавой аленегадоўлі. Калі гэта адбылося, пытанне спрэчнае. Некаторыя даследчыкі лічаць, што чаўчу перанялі аленегадоўлю ў суседзяў толькі ў сярэднявеччы. Іншыя сцвярджаюць, што аленегадоўля мела значна больш старажытныя карані. Частка чаўчу, што жыла каля ўзбярэжжа, сумяшчала паляванне на дзікіх аленяў і марскіх звяроў з аленегадоўляй. Рускія называлі іх «сядзячымі». Відавочна, да XVI—XVII стст. сумяшчэнне розных заняткаў заставалася даволі эфектыўнай стратэгіяй выжывання ў суровых умовах Арктыкі.

Адносіны чукчаў з суседзямі складваліся па-рознаму. Так, з азіяцкімі эскімосамі і прыморскімі каракамі яны былі пераважна мірнымі і ўзаемавыгаднымі. Затое амерыканскія эскімосы і аленныя каракі здаўна цярпелі ад нападаў з чукоцкага боку. Па сведчанню рускіх, чукчы не збіраліся адмаўляцца ад даўняга звычаю руйнаваць стойбішча і захопліваць аленяў каракаў нават пад пагрозай агнястрэльнай зброі. Юкагіры з’явіліся ў землях, населеных чукчамі і каракамі, не раней за XIII—XIV стст. Магчыма, яны выціснулі частку чаўчу з паляўнічых тэрыторый, прымусіўшы іх займацца аленегадоўляй. Але да прыходу рускіх адносіны паміж двума народамі былі добрасуседскімі.

Мяркуецца, што ў канцы XVII ст. агульная колькасць чукчаў не перавышала 8—9 тыс. чал.

Руска-чукоцкія войны правіць

 
Экспедыцыя рускіх казакоў на Чукотку ў XVII ст.

Першае сутыкненне паміж рускімі і чукчамі адбылося ў 1642 г., калі атрад казакоў сустрэў чукчаў, што суправаджалі юкагіраў. Патрабаванне плаціць ясак чукчы адпрэчылі. З восені 1648 г. казакі арганізоўвалі паходы на чукчаў з патрабаваннем ясака. Аднак ваенныя дзеянні не прыносілі асаблівага плёну. Для кантролю ўсходніх паўночных тэрыторый рускія ў 1644 г. заснавалі Ніжнекалымскі астрог, а ў 1649 г. — Анадырскі астрог. У адказ чукчы нападалі на рускіх гандляроў і казакоў, а таксама на ясачных юкагіраў. У 1653 г. 200 чукчаў зрабілі няўдалую спробу захапіць Ніжнекалымскі астрог. У другой палове XVII ст. яны гэта рабілі неаднаразова. Толькі эпідэмія воспы вымусіла калымскіх чукчаў адступіць на ўсход. У 1670-х гг. анадырскія казакі ўзгадвалі ўзбярэжных чукчаў, што плацілі ім ясак, але і ў іх рапартах было шмат узгадак пра напады з боку карэнных жыхароў. У 1702 г. у выніку двухдзённага бою каля Анадырскага астрогу ў рускіх атрымалася часткова вынішчыць ці выгнаць чукчаў-тубыльцаў.

Пасля далучэння Камчаткі насельніцтва Анадырска вырасла, што прывяло амаль да поўнага вынішчэння мясцовых дзікіх аленяў і скарачэння ластаногіх. Гэта прымусіла чукчаў, з аднаго боку, далей развіваць аленегадоўлю, а з другога — рабаваць аленных каракаў і ясачных юкагіраў. На працягу 1725—1773 гг. яны арганізавалі болей за 50 паходаў, у асноўным для захопу аленяў. Актыўныя дзеянні чукчаў абмяркоўваліся нават у расійскім сенаце.

У 1731 г. па загаду сената на Чукотцы з’явіўся буйны атрад (236 салдат і казакоў, 280 каракаў і юкагіраў) на чале з капітанам Дз. Паўлуцкім, які з асаблівай жорсткасцю вынішчаў чукоцкія паселішчы. Па розных дадзеных, было забіта ад 802 да 1452 дарослых мужчын, яшчэ 150—160 узята ў палон. Згодна з чукоцкімі легендамі, чукчы аддавалі перавагу самазабойству перад палонам і далейшым катаваннем. Аб асаблівай жорсткасці экспедыцыі Дз. Паўлуцкага пісалі таксама жыхары Анадырскага астрога.

У 1742 г. сенат прыняў пастанову аб вынішчэнні і дэпартацыі чукчаў: «На оных немирных чюкоч военною оружейною рукою наступить и искоренить вовсе, точию которые из них пойдут в подданство Ее Императорского Величества, оных, также жен их и детей взять в плен и из их жилищ вывесть и впредь для безопасности распределить в Якуцком ведомстве по разным острогам…» [1]. У 1744—1747 гг. Дз. Паўлуцкі зноў арганізаваў тры ваенныя карныя экспедыцыі. 14 сакавіка 1747 г. чукчы разграмілі яго атрад, сам афіцэр загінуў. Карныя экспедыцыі і ваенныя сутычкі працягваліся яшчэ некалькі гадоў. Тым не менш, у 1755 г. урад быў вымушаны прыняць рашэнне змяніць палітыку. У 1771 г. быў ліквідаваны Анадырскі астрог.

Чукчы былі не адзіным народам Сібіры, які аказваў супраціўленне Расіі, аднак чукчы здолелі зрабіць яго дастаткова эфектыўным для таго, каб спыніць на доўгі перыяд рэчаісную каланіяльную экспансію на свае землі.

Падчас ваенных дзеянняў чукчы панеслі велізарныя чалавечыя страты, але пры гэтым пашырылі тэрыторыю сваіх качэўяў, выціснуўшы з іх каракаў і юкагіраў. Частка палонных саюзнікаў рускіх была асімілявана чукчамі. Значна павялічыліся іх аленныя статкі, што мела важнае значэнне, паколькі да пачатку XIX ст. колькасць дзікіх аленяў на Чукоцкім паўвостраве знізілася. Спыніўся традыцыйны гандаль з карэнным насельніцтвам Амерыкі. Чукчы паступова прызвычаіліся да еўрапейскай зброі і каланіяльных тавараў.

Падначаленне Расіі правіць

 
Анадырскія чукчы, 1906 г.

Пасля з’яўлення на поўначы Ціхага акіяна брытанскай і французскай даследчых экспедыцый у 1776 г. Кацярына II загадала прыкласці ўсе намаганні для прыняцця чукчаў у падданства мірным шляхам. У 1779 г. было заключана пагадненне аб міры з двума чукоцкімі правадырамі, якое прадугледжвала добраахвотны ясак. Пасля 1781 г. чукчы спынілі напады на каракаў. У 1789 г. было заключана яшчэ адно пагадненне з чукчамі, што качавалі ў раёне Калымы, аб выплаце ясака ў абмен на падарункі. Такім чынам, адбылося фармальнае далучэнне Чукоткі да Расіі.

Для заахвочвання міру расійскія ўлады арганізоўвалі рэгулярныя кірмашы. На працягу XIX — пачатку XX стст. з’явіліся гандлёвыя факторыі на ўзбярэжжы. У 1822 г. быў прыняты «Статут аб кіраванні чужынцаў», які гарантаваў чукчам жыццё па сваіх законах, а таксама добраахвотны ясак, які да 1866 г. суправаджаўся падарункамі наўзамен, прычым кошт падарункаў часам перавышаў кошт падатку. З сярэдзіны XIX ст. чукчы таксама вялі гандаль з амерыканскімі кітабоямі. Некаторыя наймаліся на кітабойныя судны ці працавалі на залатых капальнях. Па прызнанню расійскіх чыноўнікаў, чукчы не ведалі над сабою ўлады і кіраваліся самі па сабе.

Савецкі перыяд правіць

Пасля ўсталявання савецкай улады ў 1923 г. была адчынена першая школа для чукоцкіх дзяцей, але істотныя змены ў жыцці карэннага насельніцтва адбыліся толькі пасля 1930 г., калі была створана Чукоцкая нацыянальная акруга (з 1977 г. — Чукоцкая аўтаномная акруга) ў складзе РСФСР і арганізаваны першы аленегадоўчы калгас. Калектывізацыя працягвалася да 1959 г. Толькі пасля ІІ сусветнай вайны была ўсталявана надзейная мяжа з ЗША і спынены прамы гандаль паміж чукчамі і амерыканцамі. Мілітарызацыя Чукоткі прывяла да хуткага росту насельніцтва за лік мігрантаў з іншых савецкіх тэрыторый, у асноўным рускіх і ўкраінцаў. Яны выконвалі большую частку высокатэхналагічнай і інтэлектуальнай працы, у той час як чукчы займаліся аленегадоўляй. Разам з тым, чукоцкая мова пачала выкладацца ў школах, з’явіліся чукоцкія прафесійныя настаўнікі, літаратары, мастакі, харэографы і г. д.

Сучаснасць правіць

Пасля 1991 г. адбылося значнае скарачэнне войск на тэрыторыі Чукоцкай аўтаноміі, што прывяло таксама да скарачэння вонкавага фінансавання і да эканамічнага заняпаду, які адчулі на сабе перш за ўсё карэнныя насельнікі. Правы, культурную і эканамічную самабытнасць чукчаў, эскімосаў, эвенаў абараняе Асацыяцыя карэнных малалікіх народаў Чукоткі.

Традыцыйная культура правіць

Матэрыяльная культура правіць

 
Будаўніцтва ярангі
 
Продаж традыцыйных вырабаў

Асноўныя традыцыйныя заняткі: паляванне на дзікіх аленяў, марскіх звяроў, аленегадоўля, лоў рыбы. Пераход чукчаў да палявання на марскіх жывёл адбываўся з 1 тысячагоддзя н. э., але інтэнсіўна праходзіў у сярэдзіне 2 тысячагоддзя н. э. Лоў рыбы меў важнае значэнне толькі для насельнікаў тых месц, дзе вялікія рэкі ўпадалі ў мора. Рыбу лавілі падхватнікам, вудай, сеткамі. Ласося нарыхтоўвалі пра запас. На цюленяў палявалі ў адзіночку. На маржа — групамі па некалькі байдар. Традыцыйная паляўнічая зброя — гарпун з паплаўком, дзіда, раменная сетка. Да сярэдзіны XVIII ст. значная колькасць чукчаў яшчэ вяла комплексную гаспадарку, але пазней важную ролю стала адыгрываць аленегадоўля. Статкі адрозніваліся параўнальна буйнымі памерамі. Алені былі слаба прывучаныя, пасвіліся без дапамогі сабак. Узімку статкі трымалі ў накрытых ад ветра месцах, качавалі з месца на месца па некалькі разоў за зіму, улетку мужчыны сыходзілі са статкам у тундру, жанчыны, старыя і дзеці жылі ў стойбішчах па берагах рэк ці мора. Здабыча футравых звяроў і збіральніцтва мелі дадатковае значэнне. Футры, скуры аленяў і марскіх звяроў з’яўляліся своеасаблівай валютай. Сярод берагавых чукчаў добра развіваліся такія рамёствы, як гафт, выраб замшы і эластычнай скуры, разьбярства па косці, прычым рамёствамі актыўна займаліся не столькі мужчыны, колькі жанчыны.

Асноўны сродак руху на зямлі — нарты, запрэжаныя аленямі ці сабакамі, лыжы. На вадзе — байдары. Ужо ў канцы ХІХ ст. карысталіся вельботамі. Амаль у кожнага паселішча ля Берынгава мора меўся свой вельбот. Багатыя чукчы нават набывалі ў амерыканцаў шхуны з газалінавымі рухавікамі.

Прыморскія чукчы звычайна будавалі сталыя жытлы. Узімку яны жылі ў паўзямлянках з дошак і кітовых рэбраў, канструкцыю якіх запазычылі ў эскімосаў. У паўзямлянцы месціліся адна ці адразу некалькі малых сем’яў, якія адгароджваліся адна ад адной скурамі. Асвятляліся зімнія жытлы кітовым і цюленевым жырам. Летнія жытлы звычайна ўзводзілі каля зімніх з разлікам толькі на адну сям’ю. Яны нагадвалі пераносныя ярангі качавых чукчаў, пакрываліся цюленевымі скурамі, але ў іх не было дымавых адтулін. Ежу гатавалі на вогнішчы ля ўвахода. Пры жаданні ў летніх уцепленых жытлах можна было праводзіць зіму. У XIX ст. з распадам пашыраных сем’яў паўзямлянкі паступова перасталі будаваць. Аленныя чукчы жылі ў разборных ярангах на працягу ўсяго года. Пакрывалі іх аленевымі скурамі.

Мужчынская і жаночая вопратка рабілася з аленевых ці нерпавых скур, хаця яшчэ ў XVIII ст. было вядома адзенне з лайкі і птушынага пер’я. Улетку распаўсюджаным тыпам вопраткі былі штаны і кашуля з замшы. Узімку насілі капелюшы з воўчых, сабачых ці пясцовых скур, якія выменьвалі ў суседзяў. Рукавіцы да нашых дзён вырабляюць з аленевых лап. Яны вельмі доўгія, лёгкія, досыць грэюць і не псуюцца ад пацення рук.

Сацыяльная структура правіць

 
Сям'я чукчаў

Яшчэ ў XVII—XVIII стст. асновай чукоцкага грамадства была патрыярхальная грамада. Яна складалася с некалькіх малых нуклеарных сем'яў, якія аб'ядноўваліся па сваяцкаму ці сяброўскаму прынцыпу. Звычайна грамада жыла ў агульным зімовым доме. На чале знаходзіўся найбольш заможны і шматдзетны мужчына (эрмэчьын ў аленных і ытвэрмэчьын ў берагавых чукчаў). Малыя сем'і мелі асабістую маёмасць, аднак павінны былі аказваць маральную і гаспадарчую падтрымку іншым сем'ям грамады, прымаць на сябе іх абавязкі, здзейсняць за іх кроўную помсту.

У XIX ст. грамада паступова пачала саступаць месца малой сям'і. У аленных чукчаў гэта было выклікана павелічэннем статкаў, а значыцца немагчымасцю пасвіць усіх аленяў грамады разам. Берагавыя чукчы аб'ядноўваліся ў таварыствы, якія разам эксплуатавалі судны.

Шлюбы былі экзагамныя, існавалі звычаі выкупу і выкрадання нявесты. Ахвярамі выкрадання часта станавіліся прадстаўніцы суседніх народаў. Мужчыны адной грамады ці пэўнага кола сяброў практыкавалі абмен жонкамі.

Дзеці аднаго бацькі ад розных жонак лічыліся роўнымі паміж сабою. Характэрна доўгае грудное гадаванне (некалькі гадоў). Калі маці памірала, і не было сваячніцы з грудным малаком, бацька звычайна забіваў немаўля. Аб малодшых чальцах грамады клапаціліся жанчыны ці нават дзяўчаты-падлеткі. З 5—6 гадоў хлопчыкі дапамагалі бацьку, а дзяўчаты — маці.

Сярод чукчаў сустракаліся транссэксуалы. Часцей за ўсё, гэта былі мужчыны, якія ўпадабалі жаночы вобраз жыцця, лічылі сябе жанчынамі і паводзілі як жанчыны, нават размаўлялі жаночым голасам, уступалі ў сэксуальныя сувязі з мужчынамі і выходзілі замуж. Жанчына, якая ўпадабала мужчынскі вобраз жыцця, таксама была павінна выконваць усе мужчынскія абавязкі.

У час вайны чукчы захоплівалі палонных (пераважна падлеткаў, дзяцей і жанчын), якіх вярталі за выкуп ці ператваралі ў рабоў. Рабы пасвілі статкі, дапамагалі ў хатняй працы. Іх апраналі ў горшую вопратку, маглі прадаць або абмяняць. Але з цягам часу жанчыны-рабыні атрымоўвалі магчымасць выйсці замуж за свабоднага. Мужчыны-рабы — ажаніцца на чукоцкай жанчыне і таксама стаць свабоднымі.

У XVII—XVIII стст. сфарміраваліся часовыя супольныя ваенныя мужчынскія арганізацыі-орачекыт, якія ўзначальвалі правадыры (ынычьыт, ачаттэ, эрмэчьыт). Пасада правадыра была выбарнай. Ім мог стаць самы магутны ці дасведчаны воін, незалежна ад узросту. У орачекыт бралі саюзнікаў — юкагіраў, эскімосаў і берагавых каракаў. Найбольш важныя пытанні (напрыклад, аб заключэнні міру) мужчыны-чукчы вырашалі разам, прыслухоўваючыся да думак старэйшых і старшынь грамад.

Ваенная справа правіць

 
Чукоцкія нажы

Чукчы мелі даволі разнастайную зброю і абарончую амуніцыю, якую часткова выраблялі самі з камяню, дрэва, костак, іколу, кітовага вусу, медных і жалезных блях. Апошнія выменьваліся ў суседзяў ці ў рускіх. Для дальняга бою карысталіся лукамі. Іх выраблялі з хваіны або кітовага вусу. Гэта былі даволі складаныя прылады з розных дэталяў, змацаваных сухажыллямі, скуранымі рамянямі і клеем. Наканечнікі стрэл былі каменнымі ці касцянымі, з XVIII ст. шырока ўжывалася бляха. Пры абароне выкарыстоўвалі эскімоскія лукі-нуёк з падвоеным боем. Чукчы трапна кідалі камяні з дапамогай прашчы, арканілі праціўніка. У блізкай бітве галоўнай зброяй лічыліся дзіды, радзей — пасавыя і насцегнавыя нажы. З XVIII ст. ужывалася агнястрэльная зброя.

Хлопчыкі з дзяцінства трэніраваліся, вучыліся хутка бегаць на доўгія дыстанцыі, цягаць цяжкія рэчы, фехтаваць дзідай, кідаць камяні і нажы, страляць з лука. Спрыт выхоўваўся дзякуючы каманднай гульні ў мяч, які рабіўся з аленей скуры і запаўняўся поўсцем. Гэта дапамагала не толькі ў вайне, але пад час паляванняў ці перакачовак. Галоўнымі недахопамі воіна, якія перамагаліся сталымі і жорсткімі практыкаваннямі, лічыліся дрымотнасць і потлівасць. У чукоцкіх казках і паданнях згадваюцца адзінаборствы паміж мужчынамі падчас звычайных спрэчак або ў барацьбе за маёмасць.

У ваенных набегах часам таксама ўдзельнічалі жанчыны. Дзяўчынкі з маленства трэніраваліся валодаць зброяй, уступалі ў паядынкі з мужчынамі. Жанчыны берагавых чукчаў веславалі пад час паходаў. Калі мужчыны пакідалі стойбішча, жанчыны павінны былі самі бараніцца ад ворагаў і дзікіх звяроў.

Ваенныя дзеянні ў дачыненні суседзяў абвяшчаліся загадзя. Стратэгія качавых чукчаў ўяўляла сабою кароткія наступальныя набегі. Шырока практыкаваліся засады. Берагавыя чукчы будавалі ўмацаванні для абароны. Ваенныя дзеянні часцей адбываліся ўзімку з канца лютага да мая, калі мужчыны былі меней занытыя паўседзённымі клопатамі, а снег і лёд давалі магчымасць рухацца на далёкія адлегласці. На рускіх і юкагіраў нападалі і ўлетку, калі тыя адыходзілі ад астрогаў і паселішчаў для лову рыбы ці палявання.

Фальклор правіць

Чукчы захавалі багаты фальклор — касмаганічныя міфы, казкі, гістарычныя легенды і паданні. Адна з самых выбітных постацяў чукоцкага фальклору — крумкач Куркыль, які выступае стваральнікам свету і абаронцам. Народныя музычныя інструменты (варган, бубен) рабіліся з дрэва, косці, кітовага вусу. Распаўсюджаны рытульныя танцы, танцы-пантамімы, а таксама танец пічэйнен, што суправаджаецца гарлавым спевам і крыкам. У 1968 г. быў створаны першы чукоцкі прафесійны танцавальны ансамбль «Эргырон».

Мова правіць

Чукоцкая мова належыць да камчацка-чукоцкай сям'і палеазіяцкіх моў. На ёй размаўляе прыкладна 70 % чукчаў. Дыялектныя адрозненні не значныя. Вылучаюцца ўсходні, заходні і некалькі паўднёвых дыялектаў. З XIX ст. рабілася некалькі спроб стварыць чукоцкую пісьмовасць, у тым ліку на піктаграфічнай аснове. У 1931 г. быў складзены чукоцкі алфавіт на аснове лацінкі. У 1932 г. на ім быў выдадзены першы буквар. У 1937 г. чукоцкая мова была пераведзена на кірыліцу.

Чукоцкая мова выкарыстоўваецца ў друку, мясцовых сродках інфармацыі, часткова ў літаратуры.

Рэлігія правіць

 
Шаманскі бубен

Частка чукчаў спавядае праваслаўе, аднак да нашага часу захаваліся многія дахрысціянскія вераванні.

Важнай часткай старажытнай рэлігіі чукчаў з'яўляецца наргынэн — ўсё навакольнае асяроддзе, якое мае жыццё, і ад якога залежыць лёс і поспех кожнага чалавека. Шматлікія дзікія жывёлы прыпадабняюцца людзям, таму ў міфах і казках можна пачуць пра народы белых мядзведзяў, павукоў, мышоў і інш. Чалавечыя рысы і розум надаюцца зямлі, сонцу, месяцу, небу. Кожнае месца, дрэва, лес, рака маюць сваіх духаў-гаспадароў этынвыт. Іх звычайна залагоджваюць, але часам могуць помсціць (за смерць сваяка, быццам бы дрэннае стаўленне і г. д.). Дабратворнай істотай лічыцца хатні агмень. У мінулым пачыталіся зоркі. Адмысловую катэгорыю дабратворных істот складалі продкі сям'і, абшчыны, паселішча. Кожная сям'я шукала падтрымкі ў свайго найблізкага сваяка па мужчынскай лініі. Вонкавым выразам сувязі сям'і з продкамі з'яўляюцца стылізаваныя драўляныя або выразаныя са скуры фігуркі. Раней чукчы верылі, што свет складаецца з трох частак, і наш знаходзіцца ў цэнтры. Тыя, хто загінуў на полі боя ці ў выніку самазабойства патрапяць у верхнюю частку, дзе жыццё мала адрозніваецца ад чалавечага. Памерлыя ад хваробы трапяць у ніжні свет-кэлэ, які насяляюць злыя духі.

Важную ролю да сёй пары адыгрвае шаманізм. У мінулым да шаманаў звярталіся ў асноўным у выпадку хваробы, якую, як верылі, прыносілі злыя духі. Шаманамі маглі быць мужчыны і жанчыны, але найбольшай павагай карысталіся тыя, хто мог імітаваць паводзіны супрацьлеглага полу.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Нефёдкин А. К. Военное дело чукчей (середина XVII—начало XX в.). — СПб.: Петербургское Востоковедение, 2003. C. 27

Літаратура правіць

  • Wells S. The Journey of Man: A Genetic Odyssey. — New Jersey: Princeton University Press, 2002
  • Брачун Т. А., Сахибгоряев В. Х. Чукотский этнос: генезис и кризис. — Магадан: Ноосфера, 2009
  • История и культура чукчей: Историко-этнографические очерки. / Под общ. редакцией А. И. Крушанова. — Л.: Наука, 1987
  • Вдовин И. Очерки истории и этнографии чукчей. — М.-Л., 1965
  • Нефёдкин А. К. Военное дело чукчей (середина XVII—начало XX в.). — СПб.: Петербургское Востоковедение, 2003

Спасылкі правіць