Юкагіры
Юкагіры (саманазва адул, вадул — «магутныя») — малы народ, карэнныя насельнікі поўначы Усходняй Сібіры. Жывуць пераважна на поўначы Якуціі, у Магаданскай вобласці і Чукоцкай аўтаноміі Расіі. Агульная колькасць — 1603 чал. (2010 г.).
Юкагіры (адул, вадул) | |
Агульная колькасць | 1603 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Расія |
Мова | юкагірская |
Рэлігія | Праваслаўе, анімістычныя культы, шаманізм |
Блізкія этнічныя групы | чуванцы |
Паходжанне
правіцьЗ канца XIX ст., калі пачалося навуковае даследаванне юкагіраў і былі выяўлены іх істотныя адрозненні ў мове і культуры ад суседніх палеаазіяцкіх народаў, было высунута некалькі версій паходжання юкагіраў.
Заснавальнік юкагіразнаўства У. І. Іахельсон лічыў, што юкагіры сфарміраваліся ў Берынгіі або нават у Паўночнай Амерыцы, а потым праз Берынгію перайшлі на ўсход Сібіры. З сярэдзіны XX ст. у савецкай археалогіі было прынята атаясняць юкагіраў з найстаражытнейшым насельніцтвам Сібіры, якое займалася паляваннем на паўночнага аленя, а тэрыторыю іх рассялення пашыралі ад Байкала на поўдні да Таймыра на поўначы. Да пачатку нашага стагоддзя[крыніца?] продкі юкагіраў нібы засялілі ўзбярэжжа Ахоцкага мора. Памяншэнне населеных імі тэрыторый звязвалі з наступам тунгускіх і цюркскіх народаў. Прыкладна ў той жа перыяд з’явіліся навуковыя працы лінгвістаў, што сцвярджалі блізкасць юкагірскай мовы да моў уграў і нават далучалі юкагірскую мову да ўральскай сям’і моў[1]. Хаця гэтыя працы абапіраліся на вельмі абмежаваную слоўнікавую базу, іх выкарыстоўвалі як пацверджанне архаічнага паходжання юкагіраў, іх сувязі з народамі Заходняй Сібіры.
У 1967 г. была вылучана Ымыяхтахская археалагічная культура позняга неаліту[2]. Яна існавала на працягу 2 тысячагоддзя да н. э. на тэрыторыі Якуціі. Помнікі гэтай культуры знаходзяць на значных палярных тэрыторыях ад Таймыра да Ахоцкага мора. Паколькі для яе былі характэрны некаторыя рысы, знойдзеныя ў пазнейшыя часы ў культуры юкагіраў, то яна звычайна называецца як найбольш верагодная праюкагірская.
Генетычныя даследаванні[3] паказалі блізкасць юкагіраў да іншых народаў усходу Еўразіі. Было выяўлена, што частка юкагіраў ніжняй плыні Калымы паходзіць ад продкавай лініі, узрост якой дасягае 8150 гадоў.
Гісторыя
правіцьДа XVII ст., калі юкагіры сутыкнуліся з рускімі, яны ўсё яшчэ насялялі землі ад Індыгіркі да Анадырскага заліва. Яны падзяляліся на роднасна-тэрытарыяльныя групы — харамоі, янгінцы, яндыры, алюбенцы, шаромбы, кагімэ, амокі, алаі, чуванцы, хадынцы, лаўрынцы, анаўлы. Рускія старажылы да гэтага часу завуць іх амокамі. Прыблізная агульная колькасць у сярэдзіне XVII ст. — 5-9 тыс. чал.
У выніку сутыкненняў з казакамі і золатаздабытчыкамі, эпідэмій да канца XIX ст. юкагіры згубілі большую частку сваіх тэрыторый. Значная іх частка была вымушана далучыцца да суседзяў. Перапіс 1897 г. зафіксаваў толькі 754 юкагіры ў Расійскай імперыі. Нягледзячы на высокую нараджальнасць, палітыка рэпрэсій і калектывізацыі ў міжваенны перыяд прывяла да далейшага скарачэння насельніцтва. Перапіс 1959 г. зафіксаваў 440 юкагіраў. Пазней сітуацыя выправілася, у тым ліку дзякуючы эканамічнай і культурнай падтрымцы з боку ўлад. У 1979 г. у СССР жыў 801 юкагір.
Колькасць юкагіраў у Расіі:
У 1992 г. былі створаныя Савет старэйшын і Фонд адраджэння юкагіраў. У Якуціі дзейнічае нацыянальнае муніцыпальнае падпадзяленне юкагіраў — Алёрынскі суктул, на тэрыторыі якога адноўлена традыцыйная форма кіравання, у тым ліку інстытут правадыроў. Аднак большая частка насельніцтва суктула — эвенкі. Юкагіры ўдзельнічаюць у федэральных і міжнародных праграмах падтрымкі культур малых народаў.
Традыцыйная культура
правіцьЗдаўна юкагіры насялялі таёжныя і тундравыя рэгіёны. Іх асноўнымі заняткамі былі паляванне на аленя, лася, мядзведзя і іншых звяроў, а таксама лоў рыбы. Збіральніцтва мела дапаможны характар. Тундравыя юкагіры займаліся аленегадоўляй, але хатнія алені выкарыстоўваліся звычайна як транспартны сродак. Разводзілі ездавых і паляўнічых сабак. Улетку шырока карысталіся берасцянымі, дзяўбанымі і дашчанымі лодкамі, узімку — лыжамі і нартамі.
У старажытнасці юкагіры будавалі паўзямлянкавыя бервяныя хаціны-чандалы з каркасам з чатырох слупоў і плоскім дахам. Але ў XVII—XIX стст. асноўным жытлам сталі кандэлэ німэ — канічныя буданы з тонкіх бярвёнаў, пакрытыя мохам і дзірваном, а таксама чумы. Тундравыя юкагіры ўцяплялі чумы скурамі аленяў.
Традыцыйная вопратка падобная на вопратку эвенкаў.
Для юкагіраў характэрныя матрылакальныя шлюбы. Жанчыны займаюць у сям’і даволі высокае становішча. Але кіруюць пашыранымі сем’ямі заўсёды мужчыны. Раней сем’і аб’ядноўваліся ў роднасна-тэрытарыяльныя групы-кудэе, на чале якіх стаялі старэйшыны-лігые шарамох, меліся ваенныя правадыры-тэнбеэ шарамох.
Мова
правіцьЮкагірская мова фактычна з’яўляецца ізалятам. Вучоныя высоўваюць гіпотэзы аб яе сувязі з уральскімі і іранскімі мовамі. У нашы дні захаваліся паўночны ніжнекалымскі і паўднёвы верхнекалымскі дыялекты. Яны настолькі адрозныя, што іх носьбіты не разумеюць адзін аднаго, а ў навуковай літаратуры яны часцяком завуцца самастойнымі мовамі. Агульная колькасць носьбітаў (2010 г.) — 370 чал.[4]
У мінулым юкагіры карысталіся для апасродкаванай перадачы інфармацыі піктаграфіяй. Піктаграмы выціскалі на драўнянай кары, прычым існавалі мужчынская і жаночая формы піктаграфіі[5]. Першы пісьмовы юкагірскі твор на паўночным дыялекце быў апублікаваны ў 1969 г. у Якуцку. У 1987 г. была кадыфікавана юкагірская пісьмовасць на аснове якуцкага кірылічнага алфавіта[6].
Юкагірская мова намінальна лічыцца афіцыйнай у Якуціі, выкладаецца ў некалькіх пачатковых школах на тэрыторыі гэтай рэспублікі.
Рэлігія
правіцьБольшасць сучасных юкагіраў — праваслаўныя, але да нашага часу захоўваюцца анімістычныя культы і шаманізм.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Этногенез юкагиров Архівавана 4 жніўня 2016.
- ↑ Ымыяхтахская культура // «Историческая энциклопедия Сибири» (2009)
- ↑ Володько, Н. Анализ изменчивости митохондриальных ДНК юкагиров — коренных жителей полярной Сибири: Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата биологических наук. — Новосибирск, 2009
- ↑ Перапіс-2010 Архівавана 6 кастрычніка 2021.
- ↑ Юкагирское письмо
- ↑ Юкагирский язык
Літаратура
правіць- Донской, Ф. Проблемы возрождения исчезающих юкагиров: Монография. / Ф. Донской, Г. Н. Курилов, Я. Г. Слепцов и др. — Якутск: Северовед, 1996. ISBN 5-88-975-022-4
- Иохельсон, В. Юкагиры и юкагиризированные тунгусы / В. И. Иохельсон; Пер. с англ. В. Х. Иванова; Институт проблем малочисленных народов Севера. — Новосибирск: Наука, 2004 ISBN 5-02-032335-7
- Туголуков, В. Кто вы, юкагиры? / В. Туголуков. — М.: Наука, 1979
Спасылкі
правіцьЮкагіры на Вікісховішчы |
- Юкагиры — Федеральное агентство по делам национальностей Архівавана 28 кастрычніка 2017.
- Анна Садовникова, Юкагиры Архівавана 9 ліпеня 2017.
- Юкагирская литература — Литературная Якутия
- Юкагирские сказки
- Репортаж: Предпоследние из юкагиров Архівавана 1 лютага 2014.