Барыс Міхайлавіч Мікуліч
Барыс Міхайлавіч Мікуліч (6 (19) жніўня 1912, Бабруйск — 17 чэрвеня 1954, с. Машукоўка, Краснаярскі край; Псеўданімы: Б.Міхайлаў, Барыс М.; Крыптанімы: Б. М., БаМ, Б.М-ч, М. Б.) — беларускі пісьменнік, празаік, крытык.
Барыс Міхайлавіч Мікуліч | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 19 жніўня 1912 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 17 чэрвеня 1954 (41 год) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | літаратуразнавец, пісьменнік |
Мова твораў | беларуская |
![]() |
БіяграфіяПравіць
З 1928 член бабруйскага філіяла «Маладняка». З 1929 працаваў у бабруйскай газеце «Камуніст». У 1930 пераехаў у Мінск. Працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР; стыльрэдактарам, адказным сакратаром у газеце «Літаратура і мастацтва». Потым зноў вярнуўся ў выдавецтва на пасаду рэдактара (падчас арышту загадчык аддзела газеты). У 1930 вучыўся ў Мінскім беларускім педагагічным інстытуце (МБПІ), на літаратурных курсах у Маскве (1934—1936). У 1936 у Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Мінску. Член СП БССР з 1934. У 1936 чытаў курс гісторыі літаратурных жанраў і гісторыі нарыса ў Інстытуце журналістыкі (Мінск). Да 1936 выдаў 7 мастацкіх кніг. Быў членам ВЛКСМ.
ТворчасцьПравіць
Пачаў публікавацца з 1927 (часопіс «Маладняк»). У даваенны час выдаў зборкі апавяданняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Тэматыка твораў гэтага перыяду: падзеі грамадзянскай вайны, паслякастрычніцкая рэчаіснасць, складанасць барацьбы новага і старога ў тагачаснай вёсцы. Адлюстраваў рамантыку рэвалюцыйнай эпохі, небывалы ўздым і працаздольнасць свайго пакалення. Друкаваў рэцэнзіі, агляды тэатральнага рэпертуару. Перажыў нападкі на свае творы («Наша сонца», «Дужасць») з боку крытыкаў-вульгарызатараў (А. Кучар). У пасляваенны час у Ашгабадзе напісаў 1-ю частку рамана «Адвечнае» (надр. 1972) з задуманай эпапеі пра руска-французскую вайну 1812. У 1947—1949 шмат пісаў, асабліва пра падзеі Вялікац Айчыннай вайны (аповесці «Цяжкая гадзіна», «Жыццяпіс Вінцэся Шастака», «Палеская аповесць»), аднак апальнага пісьменніка ніхто не друкаваў. Аповесць «Развітанне» прысвечаная М. Багдановічу апублікаваная ў 1959. У 1946—1949 напісаў у жанры дзённікавых запісаў «Аповесць для сябе» апублікаваную ў 1987—1988 і 1993, у якой змясціў успаміны пра беларускіх пісьменнікаў, літаратурнае і тэатральнае жыццё Беларусі ў 1920—1950-я, сваё жыццё ў лагерах і турмах. Лепшыя творы Б. Мікуліча вылучаюцца псіхалагізмам, глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары, жывой выразнай мовай.
РэпрэсііПравіць
Арыштаваны 26.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. Чырвоназвёздная, д. 7, кв. 2., асуджаны пазасудовым органам НКУС 5.10.1937 як «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў ППК. У 1937 пераведзены ў Марыінск Новасібірскай вобласці, у 1938 г. — у Рашоты Краснаярскага края. У 1943 г. быў пераведзены ў катэгорыю ссыльных. Пасля вызвалення ў 1946 г. пераехаў у Ашгабад да старэйшай сястры Кацярыны, нягледзячы на тое, што яму было забаронена жыць у сталіцах. У чэрвені 1947 г. без дазволу ўлад вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Бабруйску, у Цераховічах на Лагойшчыне. У лістападзе 1947 г. з яго была знята судзімасць. У 1947—1949 гг. працаваў у бабруйскай бібліятэцы. Звярнуўся да гістарычнай тэматыкі, падрыхтаваў аповесць пра М. Багдановіча. Актыўна пісаў, але яго творы не публікаваліся. Арыштаваны паўторна 28 красавіка 1949 г., высланы ў Сібір на вечнае пасяленне. Жыў у сяле Машукоўка Краснаярскага края, дзе і памёр. Рэабілітаваны 29 снежня 1954, праз тры месяцы пасля смерці. Асабовая справа М. № 9935-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
ТворыПравіць
- Выбранае. Мн., 1959;
- Аповесці. Мн., 1985;
- Палеская аповесць: Аповесці, апавяданні. Мн., 1991;
- Аповесць для сябе . – Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. – 236, [2]с. – 3900 экз. – ISBN 5-340-01101-1.
- Мае залатыя мары : творы. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2017. – 266, [2] с. – 500 экз. – ISBN 978-985-02-1789-9.
Зноскі
ЛітаратураПравіць
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10), ISBN 985-11-0035-8.;
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
- Мікуліч Барыс // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995., Т. 4;
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2. — Смаленск, 2003.;
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2. — Мн., 2005.;
- Бугаёў Д. Станаўленне мастака // Бугаёў Д. Шматграннасць. Мн., 1970;
- Грахоўскі С. Слова пра друга // ЛіМ. 1962, 31 жн.;
- Грахоўскі С. Так і застаўся маладым… // Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986;