Брэсцкія гарадскія ўмацаванні

Брэсцкія гарадскія ўмацаванні — гарадскія умацаванні г. Берасце (Брэста).

План Берасця з гарадскімі ўмацаваннямі. 1657. Э. Дальберг

Існавалі ў XIV—XVIII стст. Размяшчаліся па перыметры тэрыторыі, абмежаванай 2 рукавамі р. Мухавец. Агульная даўжыня 2,5 км. Іх аснову складалі земляны вал з парканам і абарончы роў, запоўнены вадою (быў толькі з усходняга боку, на астатніх участках вал абмываўся рукавамі ракі). Паводле пісьмовых звестак XVI—XVII стст. і планаў XVII—XIX стст., структура абароны Берасця вызначалася як стабільная. Зыходзячы з іх, можна меркаваць, што ў лініі гарадскіх умацаванняў было як мінімум 4 брамы. Ва ўсходняй частцы горада знаходзілася «брама от улицы Заугринки», якая выводзіла на Віленскі гасцінец, дарогу ў Кобрын і далей у паўднёвыя і ўсходнія раёны Беларусі. У розных дакументах яна называецца то «брама Виленская», то «брама Завгрынецкая». Другая брама — Пясочная — запірала «улицу Песок» і адчыняла шлях да «гостинца Краковского» ў Забужжа; трэцяя — Рынкавая — адчыняла дарогу з гарадскога рынку ў Берасцейскі замак; чацвертая — Замухавецкая — выводзіла ў Замухавечча (за р. Мухавец) і далей на Ковель, у Валынь. Не выключана, што ў лініі ўмацаванняў стаяла і 5-я брама. Відаць, гэта была невялікая традыцыйная «фортка» — выхад на гарадскія сенажаці, размешчаныя на поўнач і паўночны захад ад «места», дзе пазней пабудавалі касцел брыгітак.

Перад кожнай з брам былі масты. Мост перад Віленскай брамай меў 9—10 м даўжыні, астатнія былі ў некалькі дзесяткаў метраў, бо перакрывалі Заходні Буг і Мухавец.

Абарончы вал праходзіў па краі астраўной тэрыторыі горада. У адным з дакументаў 1580 года сказана, што «вал сам в собе цалый и до обороны местское пожиточный и городнями вколо ку обороне местской паркан на нем обудован». Параметры яго дакладна невядомы, хоць вал у раене «брамы Завгрынецкой так был широкий за городнями, яко через 2 сажни вшыр на ров ку воде для хоженья и обороны вшелякое, а з другой стороны от места межи домы местскими, а межи тымя ж городнями вколо тот же вал так был широкий, яко 2 возы великих скарбных оменутисе могли».

Абарону Берасця ажыццяўлялі самі гараджане. Рамеснікі, аб’яднаныя ў цэхавыя ваенныя фарміраванні (мечнікі, слесары, кавалі, рэзчыкі, сталяры, шынкары, краўцы, пекары і інш), паводле статутаў сваіх цэхаў абавязаны былі мець «супольную армату, …бубен и хоругву… для обороны места». Кожны цэх са сваёй зброяй удзельнічаў у ваенных аглядах — «пописах» — і ва ўсіх «потребах местских». Яны прымалі абавязковы ўдзел у рамонце ўмацаванняў, асобныя ўчасткі якіх былі замацаваны за кожным цэхам.

Сейм адзначаў стратэгічную важнасць берасцейскіх гарадскіх умацаванняў у як «брамы Вялікага Княства Літоўскага ў Карону», на якой трымалася «сіла ўсяе Рэчы Паспалітай». Нездарма адзін з гербаў Берасця меў выяву шчыта з лукам і напятай стралой, а на гербе XVI ст. была выява вежы-брамы ў сутоках дзвюх рэк.

3 канца XIII ст. Берасце трапіла ў зону ваенных сутыкненняў паміж літоўскімі князямі і польскімі каралямі. Пасля вялікана пажару 1525 года гараджане прасілі караля перадаць ім у рукі права «у месте Берестейском мыто брати с купцов», абавязваючыся за гэтыя прыбыткі «ку обороне паркану гаковницы и порохи и иные потребы бронные справовати и к тому мосты мостити на Муховцы, на Угринце, на Струзе, у бронах и по улицам своим, где перед тым мащивали». Кароль даў дазвол на 10 гадоў, пры гэтым ен нагадаў, каб неадкладна, у першую чаргу пачалі будаваць «паркан как наши мещане, так и князские, и паньские, и духовные тыи вси маюць делницы свои заробити потому, как и перед тым всим местом робили». Для хутчэйшага аднаўлення ўмацаванняў горад вызвалілі на 10 гадоў ад усіх падаткаў, што станоўча адбілася на аднаўленні гарадскіх умацаванняў.

Паводле апісання Берасцейскага староства за 1566 год, тут быў нанава адбудаваны замак, «место в паркане», «место за парканом» і новы раен Замухавечча. Рамонт умацаванняў праводзіўся паэтапна, для выканання «валавай работы» дробныя рамесніцкія цэхі аб’ядноўваліся.

У 1648 годзе казакі Багдана Хмяльніцкага абрабавалі горад і цалкам яго разбурылі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Варшаўскі сейм прыняў у 1654 годзе спецыяльную дэкларацыю пра неадкладнае аднаўленне берасцейскіх гарадскіх умацаванняў, горад вызваліі ад падаткаў, з Берасцейскай эканоміі ўсе прыбыткі накіроўваліся на мэты ваенна-фартыфікацыйных работ і закупкі амуніцыі, быў прысланы спецыяльны інжынер-фартыфікатар. Для вядзення «валавай работы» з Берасцейскай эканоміі набіраліся людзі з разліку 1 тыдзень работы чалавека з 1 валокі. Гарадскія ўмацаванні былі нанава спланаваны ў выглядзе магутнага пояса бастыенных умацаванняў, якія абкружалі горад і шырока спалучалі штучныя і прыродныя перашкоды.

Вайна, у якую ўключалася Швецыя, тармазіла аднаўленне ўмацаванняў. Да 1657 года новыя ўмацаванні ў былі ў значнай ступені пабудаваны і даволі ўдала вытрымлівалі аблогу аб’яднаных войск шведскага караля Карла X і сяміградскага князя Ракацы, аднак наемная нямецкая пяхота здала горад праціўніку. У 1658 годзе Берасце вызвалена войскамі Рэчы Паспалітай і работы па ўзвядзеніі бастыеннай фартэцыі аднавіліся. Сейм Рэчы Паспалітай прыняў пастанову аб тэрміновым выдзяленні Берасцю 10 тыс. злотых, пастаўцы патрэбнай колькасці пораху, ядзер і інш амуніцыі. Гетман вялікі літоўскі атрымаў наказ трымаць тут столькі пяхоты, колькі будуць патрабаваць а6ставіны. У 1659 годзе гэта пастанова сейма прадубліравана. Асабліва падкрэслівалася, што «моц усей Рэчы Паспалітай залежыць ад моцы фартэцыі Брэсцкай, якая з’яўляецца варотамі ў Карону і ў Вялікае княства Літоўскае».

Выгляд цэнтра Берасця з бастыённымі ўмацаваннямі ў XVII ст. (фрагмент гравюры Э. Дальберга) Умоўныя пазначэнні: A. Castellum — Замак; B. Templum Iesuilarum — Касцёл езуітаў; C. Templum Parochiale — Фарны касцёл; D. Templ. Graco-rum — Грэка-каталіцкая царква; E. Templ. Dominicanorum — Дамініканскі касцёл; F. Coenob. Bernhardinorum — Кляштар бернардзінцаў; G. Synagogux Iudcorum — Сінагога.
Выгляд цэнтра Берасця з бастыённымі ўмацаваннямі ў XVII ст. (фрагмент гравюры Э. Дальберга)
Умоўныя пазначэнні: A. CastellumЗамак; B. Templum IesuilarumКасцёл езуітаў; C. Templum ParochialeФарны касцёл; D. Templ. Graco-rumГрэка-каталіцкая царква; E. Templ. DominicanorumДамініканскі касцёл; F. Coenob. BernhardinorumКляштар бернардзінцаў; G. Synagogux IudcorumСінагога.


8 лютага 1660 года войскі маскоўскага ваяводы I. А. Хаванскага захапілі і разбурылі горад, але ў сакавіку вымушаны былі пакінуць Берасце, хоць яно яшчэ двойчы пераходзіла з рук у рукі. Пры гэтым руйнаваліся яго ўмацаванні. Паслы ад Берасцейскага ваяводства неаднаразова нагадвалі сейму Рэчы Паспалітай пра неабходнасць аднаўлення фартэцыі. Пасля Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў гарадскія ўмацаванні ў былі адноўлены, праіснавалі да канца XVII ст., калі зніклі пад гарадской забудовай.

Літаратура правіць