Алькеніцкая бітва

(Пасля перасылкі з Бітва пад Алькенікамі, 1700)

Алькеніцкая бітва — вырашальная бітва 18 лістапада 1700 года паміж сіламі рэспубліканцаў і сапегаўцаў у ходзе феадальнай вайны 1697—1702 гадоў. Адбылася каля мястэчка Алькенікі.

Бітва пад Алькенікамі
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна 1696—1702 гадоў у Вялікім Княстве Літоўскім
Brandt Józef Pospolite ruszenie u brodu.jpg
Дата 18 лістапада 1700
Месца Алькенікі (цяпер — Валькінінкай, Літва), Вялікае Княства Літоўскае
Вынік перамога антысапегаўскай кааліцыі
Праціўнікі
Сапегі Антысапегаўская кааліцыя
Камандуючыя
К. Я. Сапега
М. Ф. Сапега   # 
М. С. Вішнявецкі
Р. А. Агінскі
Сілы бакоў
3000 чалавек 12 000 чалавек
Страты
некалькі тысяч невядома

ПерадгісторыяПравіць

Была вынікам абвастрэння ўнутрыпалітычных супярэчнасцей у Вялікім Княстве Літоўскіх, барацьбы магнацкіх груповак за кантроль над дзейнасцю Скарбовага і Галоўнага Трыбуналаў Вялікага Княства Літоўскага, аднаўленнем канфлікту за «нойбургскія ўладанні». Бітве папярэднічалі зборы паспалітага рушэння, фармальнай падставай чаму стаў універсал Аўгуста II ад 1 ліпеня 1700 года, які склікаў шляхту для абароны паўночных межаў Вялікага Княства Літоўскага (фактычна, на вайну з Швецыяй). 3 ліпеня 1700 года Аўгуст II заключыў пагадненне з вялікім гетманам К. Я. Сапегам і польным гетманам Я. Б. Слушкам, якія абавязваліся выставіць на дапамогу саксонскаму войску ў Інфлянтах корпус у 3660 чал. Пагадненне было выкарыстана рэспубліканцамі для абвінавачвання Сапегаў у незаконнай вярбоўцы харугваў. Паводле заключанага 21 жніўня 1700 у Вільні мірнага пагаднення паміж Сапегамі і рэспубліканцамі вярбоўка новых харугваў забаранялася, а тыя, што будуць вяртацца з-пад Рыгі, падлягалі роспуску. Аднак у жніўні — верасні 1700 у шэрагу паветаў адбыліся соймікі і з’езды, дзе шляхта пастанавіла арганізаваць выправы на дапамогу Аўгусту II або выступіць паспалітым рушэннем.

15 кастрычніка 1700 года паспалітае рушэнне ўсходніх (беларускіх) паветаў на чале з троцкім кашталянам М. К. Коцелам пры спробе захопу Ашмянаў пацярпела паражэнне ад вялікага падскарбія Б. П. Сапегі і адступіла да Ліпнішак, дзе ў канцы кастрычніка сабралася ашмянскае, віцебскае, аршанскае, пінскае і мсціслаўскае рушэнне. На пачатку лістапада да іх далучылася лідская, троцкая, слонімская, ваўкавыская, менская, полацкая шляхта, часткова браслаўская, упіцкая і гарадзенская. Частку сіл склалі прыватныя харугвы Вішнявецкіх (валашскія, казацкія, драгунскія, пешыя, усяго да 2 тыс. чал.), Радзівілаў (2 панцырныя, 1 татарская харугвы) і інш. магнатаў.

БітваПравіць

Міхал Сервацы Вішнявецкі быў абраны генеральным палкоўнікам Вялікага Княства Літоўскага. Паводле ўласнай ацэнкі, рэспубліканцы сабралі да 10 тыс. войска, якое 10 лістапада 1700 падступіла да Алькенікаў. 17 лістапада 1700 да іх далучыўся жамойцкі стараста Р. А. Агінскі на чале 25 харугваў жамойцкай шляхты і 3 валашскіх харугваў (1— 1,5 тыс. чал). Спробы Сапегаў у кастрычніку склікаць шляхту паспалітым рушэннем да Вільні, а 9 лістапада 1700 правесці там з’езд у сваю падтрымку вялікага поспеху не мелі. 14 лістапада 1700 з Вільні пад Алькенікі пад камандаваннем К. Я. Сапегі рушыла 1,5-тысячнае войска, у т.л. 200 рэйтараў, 185 драгунаў, 500 татараў, 300 венгерскіх пехацінцаў, надворная харугва (80 чал.), гарадзенская, віленская і браслаўская павятовыя харугвы, частка ковенскай і ўпіцкай шляхты з 8 гарматамі (паводле звестак рэспубліканцаў, Сапегі мелі 5 тыс. чал.). Частка войск затрымалася ў Інфлянтах. У ноч на 18 лістапада 1700 войска Сапегаў заняло пазіцыю ў 2 лініі на пагорку ў разгалінаванні дарог з Вільні на Гародню і Алькенікі. Бітва пачалася а 8-й гадзіне раніцы і працягвалася 5 гадзін. Супраць левага фланга Сапегаў былі размешчаны ў засадзе 2 гарматы і харугвы Вішнявецкага. Пры іх падтрымцы правае крыло паспалітага рушэння (беларускія паветы) і валашскія харугвы Агінскага ўдарылі на левы фланг Сапегаў, але іх атаку адбілі рэйтары і татары пры падтрымцы надворнай харугвы. Частка харугваў левага крыла (Коцел) атакавала правы фланг Сапегаў і выйшла на віленскі гасцінец, але была спынена сапегаўскімі татарамі і адступіла. Працяг наступлення рэспубліканцаў на ўсіх напрамках (Агінскі і стражнік вялікі літоўскі Л. К. Пацей з часткай харугваў зайшлі ў тыл) прывёў да акружэння сапегаўскага войска. Выратаваліся ўцёкамі павятовыя харугвы і татары. Уцяклі да Вільні К. Я. і Б. П. Сапегі, вялікі маршалак А. П. Сапега.

Пакінуты ў якасці камандуючага канюшы вялікі літоўскі М. Ф. Сапега здаўся ў палон з рэшткамі войска (драгунамі, рэйтарамі і пяхотай). Страты рэспубліканцаў склалі 100—150 чал. забітымі і смяротна параненымі, прыблізна столькі ж страцілі Сапегі. Назаўтра пасля бітвы шляхта расправілася з палоннымі: М. Ф. Сапегам, браслаўскім старастам М. Войнам-Ясянецкім і ротмістрам венгерскай пяхоты Куровічам.

ВынікіПравіць

Рэспубліканцы правялі пад Алькенікамі з’езд паспалітага рушэння, на якім была ўтворана канфедэрацыя і прынята Алькеніцкая пастанова 1700 года. Сапегі былі пазбаўлены пасад і асуджаны на выгнанне, іх маёнткі падлягалі канфіскацыі. Пасля бітвы групоўка Сапегаў у Вялікім Княстве Літоўскіх часова спыніла існаванне, яе лідары пакінулі княства і накіраваліся ў Курляндыю, потым у Польшчу, а ўрэшце перайшлі пад апеку шведскага караля Карла XII і прынялі ўдзел на яго баку ў Паўночнай вайне 1700—1721 гадоў.

ЛітаратураПравіць