Іжа

(Пасля перасылкі з Вёска Іжа)

І́жа[1] (трансліт.: Iža, руск.: Ижа) — аграгарадок у Вілейскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Нарач. Адміністрацыйны цэнтр Іжскага сельсавета.

Аграгарадок
Іжа
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Заснаваны
Ранейшыя назвы
Іжа Кішчанская, Кішчанцы
Насельніцтва
  • 402 чал. (2011)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1771
Паштовыя індэксы
222454
Аўтамабільны код
5
Іжа на карце Беларусі ±
Іжа (Беларусь)
Іжа
Іжа (Мінская вобласць)
Іжа

Геаграфія правіць

 
Рака Нарач.

Знаходзіцца за 24 км на паўночны захад ад горада Вілейка, за 127 км ад Мінска. На правым беразе р. Нарач вышэй упадзення ў яе р. Вузлянка.

Гісторыя правіць

Вядомая як Іжа Кішчанская або Кішчанцы з XVII ст. Іжай называлася суседняя вёска, цяпер Каралеўцы (або Іжа Каралеўская)[2].

1790. Фальварак Іжа і вёска Кішчанцы (сённяшняя вёска Іжа) налічвалі дымы: 1 духоўны, 32 чыншавыя і 2 агародныя.

1866. Дзяржаўная вёска, 262 жыхары.

19151917. Уваходзіць у зону ваенных дзеянняў Заходняга фронту расійскага войска.

1920. Іжанскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт.

У 1919 −1932 Іжа была цэнтрам вясковай гміны.

У самым пачатку міжваеннага перыяду Іжанская гміна ўваходзіла ў Вілейскі павет Навагрудскага ваяводства[3]. 13 красавіка 1922 года гміна разам з усім Вілейскім паветам была далучана да Віленскай Зямлі[4], якая ўвайшла ў склад Польшчы. 20 студзеня 1926 года Віленская зямля пераўтвораная ў Віленскае ваяводства.

Іжанская гміна:

1919—1920 у Віленскай акрузе,
1920—1921 у Навагрудскай акрузе,
1921—1922 у Навагрудскім ваяводстве,
1922—1926 у складзе Віленскай зямлі,
1926—1932 у складзе Віленскага ваяводства.

У 1921 годзе ў Іжы жыло 513 чалавек[3].

Гміну ліквідавалі 21 красавіка 1932 года[5], я яе тэрыторыю ўключылі ў Куранецкую, Войстамскую і Вішнеўскую вясковыя гміны.

Іжа ўвайшла ў склад Вішнеўскай вясковай гміны, затым — Войстамскай вясковай гміны.

1931 — 107 двароў, 579 жыхароў[6]. Вадзяны млын, тартак і сукнавальня шваграў Ліўчыца і Мінковіча.

У 1939 — у складзе Куранецкага раёна Вілейскай вобласці БССР.

Другая сусветная вайна правіць

1 верасня 1939. Пачатак вайны, напад гітлераўскай Германіі на Польшчу. Баявыя дзеянні Войска Польскага з удзелам некаторых жыхароў і ўраджэнцаў Іжы ў абарончых баях.

19411944. Акупацыя гітлераўскай Германіяй. 22 чэрвеня 1944 напад Гітлераўскай Германіі на СССР, у склад якой дагэтуль ўжо знаходзіцца Заходняя Беларусь, у т.л. Іжа. 19411943 — у Іжы знаходзіўся нямецка-паліцэйскі гарнізон.

15 мая 1941 з жыхароў вёскі ўтвораны партызанскі атрад «Іжа» у складзе партызанскай брыгады імя Даватара. Налічваў 43 чалавекі.

У выніку карнай аперацыі гітлераўцаў над мірнымі жыхарамі, якія былі заўважаны ў супрацоўніцтве з партызанамі або спачуванні ім, у чэрвені 1942 года на скрыжаванні вуліц у Іжы акупанты павесілі жыхара вёскі Засценкі камсамольца Уладзіміра Касяка і камсамольца з Іжы Іосіфа Місюля[2]. У той самы дзень яны расстралялі яшчэ некалькі чалавек[7].

Вёска ў 1944 годзе спаленая. Па сведчаннях мясцовых жыхароў — савецкімі партызанамі з мэтай прадухілення магчымага выкарыстання будынкаў для абаронных мэт нямецкіх войск у час наступлення Чырвонай Арміі.

Пасляваенны перыяд правіць

1949, чэрвень. Утварэнне калгаса імя Пушкіна з гаспадарак жыхароў вёскі. Праз некалькі гадоў гаспадарка ўзбуйняецца праз далучэнне калгасаў з суседніх вёсак Засценкі, Дварэц, Курнікі. Пераймяноўваецца ў калгас імя Калініна з цэнтрам у Іжы[2].

Вясковыя палявыя работы ў 1947 (?) годзе пачыналіся з 6 гадзін 30 хвілін. Час на сняданне з 9 да 10 гадзін. На абед — з 13 да 15 гадзін. Канец работы а 20-й гадзіне. Падчас сенакосу і жніва работы пачыналіся з 6 раніцы і заканчваліся а 22-й гадзіне. Рабочы дзень конюхаў пачынаўся ў 3.00[2].

Канец 1951 года. Маладзечанская будаўніча-мантажнай канторай «Белсельэлектра» здае ў эксплуатацыю ГЭС у Іжы на рацэ Нарачанка. ГЭС належыць Вілейскаму райпрамкамбінату. Энергіяй Іжанскай ГЭС забяспечваюцца спажыўцы ў вёсках Іжа, Засценкі, Грэлікі і Пукелы праз адну павышаючую і дзве паніжаючыя мачтавыя трансфарматарныя падстанцыі і лініі электраперадач. Абслугоўвае электрагаспадарку электраманцёр Валянцін Касяк.

1956. У сельскім клубе пачаў працаваць першы тэлевізар у Іжы. Тэлепрыёмнік маркі КВН.

1 лютага 1957. Узбуйненне мясцовага калгаса і перайменаванне яго ў калгас «Рассвет» праз злучэнне калгасаў імя Сталіна (цэнтр у вёсцы Каралеўцы) і імя Калініна (цэнтр у Іжы). Цэнтр новай гаспадаркі размяшчаецца ў Іжы. Старшыня Адольф Іосіфавіч Дзевяцень (на пасадзе да 1963). Бухгалтар Ірына Птроўна Кірмель (пазней — Аўдзей).

У калгасе было 500 галоў буйной рагатай жывёлы, больш за 300 свіней, больш за 500 авечак і 250 коней. Зямлю апрацоўвала тэхніка Вілейскай (Шылавіцкай) МТС.

1959. Да калгаса «Рассвет» далучаецца калгас «Перамога» з цэнтрам у Слабадзе. У склад новага калгаса ўвайшлі вёскі Іжа, Каралеўцы, Слабада, Ляда, Берасніха, Канаціха, Куліха, Зенанова, Калодкі, Любкі, Вуткі, Дварэц, Засценкі, Курнікі, Ямы.

На 2003 год калгас «Рассвет» быў пераўтвораны ў сельскі вытворчы кааператыў (СВК) «Іжа». Кіраўнік — Уладзімір Міхайлавіч Чуковіч, ураджэнец і жыхар Іжы.

2011. СВК «Іжа» далучанае да ААТ «Чурлёны» (цэнтр аграгарадок Лыцавічы). Кіраўнік ААТ «Чурлёны» Пётр Мікалаевіч Міргалоўскі, ураджэнец і жыхар Іжы. Як гаспадарчы цэнтр Іжа страчвае свае пазіцыі. У вёсцы застаецца кантора вытворчага ўчастка «Іжа», створанага на базе былога СВК «Іжа».

Насельніцтва правіць

  • 507 жыхароў, 223 двары (1997)
  • 402 жыхары, 223 двары (2011)

Інфраструктура правіць

  • Сярэдняя школа
  • Дом культуры
  • Бібліятэка
  • Амбулаторыя
  • Аптэка
  • Аддзяленне сувязі

Славутасці правіць

 
Капліца могілкавая
 
Рэшткі млына
  • Мемарыяльны комплекс і помнік 128 землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну (1967).
  • Драўляная царква Святога Іосіфа Абручніка. Пабудаваная ў 1929 г. Ад 1963 да 1989 не дзейнічала па сваім прызначэнні, была складам калгаса «Рассвет».
  • Вадзяны млын (пачатак 20 стагоддзя, знішчаны ў 1980-х гадах)
  • Мост праз раку Нарачанка (пачатак 20 стагоддзя, знішчаны ў 1980-х гадах)

Вядомыя асобы правіць

  • Анатоль Рогач — беларускі краязнаўца, даследчык гісторыі Беларускага Павілля. Выпускнік Іжанскай сярэдняй школы, ураджэнец суседняй вёскі Каралеўцы[8].
  • Іван Касяк (19091989) - удзельнік 2-га Усебеларускага кангрэса ў Мінску ў чэрвені 1944 года. Дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША. У 1957—1989 старшыня Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі. Аўтар часопіса «Беларуская думка».[2].
  • Васіль Місюль - настаўнік, дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША. У 1954 годзе выступіў у Кангрэсе ЗША са сведчаннем злачынстваў савецкай улады ў Вілейскай турме ў 1941 годзе[2].

Іжанскі рачны слоўнічак[9] правіць

  • Гатар — тартак.
  • Стаў — 1) плаціна, 2) сажалка, вадасховішча, пойма ракі са стаячай перад плацінай вадой.
  • Джыгаць, джгаць — скакаць (у ваду) нагамі ўніз.
  • Даваць нурца, нурцаваць — ныраць. Толькі галавой уніз!
  • Жылка — рыбацкая лёска.
  • Бродзень — браднік. Сетка на рыбу, з якой упраўляюцца трое мужчын.
  • Палазы — тое, што і бродзень.
  • Вангор (гэ выбухны) — вугор.
  • Сялява — усяго толькі верхаводка.
  • Грумель (гэ выбухны) — пячкур.
  • Громж, мн. грамжы (гэ выбухны) — лічынка-пескарыйка міногі ручаёвай (Lampetra planeri), лепшая прынада на вангароў, шчупакоў і іншую драпежную рыбу. Выкопваецца рукамі або шуфлем з пяску і глею з вады пры беразе рэчкі.
  • Жаранка — смажаная рыба. Жаранка можа быць і лясной — з грыбоў.

Зноскі правіць

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. а б в г д е Барыс, Рогач 2013.
  3. а б Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej — Tom VII — Część II — Ziemia Wileńska — Powiaty: Brasław, Duniłowicze, Brasław i Wilejka, Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, Warszawa 1923 (польск.)
  4. Dziennik Ustaw z 1922 r. Nr 26, poz. 213 Архівавана 10 сакавіка 2016. — art.8 (польск.)
  5. Dziennik Ustaw z 1932 r. Nr 20, poz. 153 (польск.)
  6. Wykaz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej, Warszawa 1938, wolumin — 1, s. 62
  7. Памяць. Вілейскі раён 2003, с. 365, 465.
  8. Рогач Анатоль Архівавана 18 чэрвеня 2015. // Рэгіянальная газета
  9. Ля заснежанай Нарачанкі Архівавана 5 сакавіка 2016. // Рэгіянальная газета

Літаратура правіць

Спасылкі правіць