Геаграфія Манголіі

Манголія размешчана ў Цэнтральнай Азіі. Краіна мае плошчу 1564116 км², у тры разы перавышаючы па памеры Францыю і займаючы 19-е месца па тэрыторыі. Працягласць з поўначы на поўдзень складае 1260 км, а з захаду на ўсход — 2400 км. Выхад да мора адсутнічае, а таксама краіна з’яўляецца самай вялікай па плошчы дзяржавай, акружанай іншымі дзяржавамі.

Тапаграфія Манголіі

Рэльеф правіць

Большасць паверхні краіны займае плато вышынёй 900—1500 метраў над узроўнем мора. Над гэтым плато ўзвышаецца некалькі горных масіваў і хрыбтоў. Самы высокі з іх — Мангольскі Алтай  (руск.), які цягнецца на захадзе і паўднёвым захадзе краіны.

Паводле фізіка-геаграфічных умоў краіна падзяляецца на 5 буйных рэгіёнаў — Алтайскі, Хангайскі, Вялікія азёры, Усходнюю Манголію і Гобі. Алтайскі высокагорны рэгіён размешчаны на захадзе, мяжуе з Расіяй і Кітаем. Найвышэйшы пункт — гара Куйтэн-Уул  (руск.) (4374 м.) у горным раёне Таван.

Хангайскі рэгіён займае цэнтральную і паўночную частку краіны. Ён вызначаецца разнастайнасцю рэльефу — далінамі буйных рэк Архон, Анон, Керулен, Туул, Селенга і інш., а таксама Саянскім (Прыхубсугульскім), Хангайскім і Хэнтэйскім высакагор’ямі. У гэтым рэгіёне можна ўбачыць мясцовасці альпійскага тыпу, пакрытыя вечнымі снягамі вяршыні, невысокія сопкі, іглічныя лясы і старажытныя ледавіковыя азёры.

Рэгіён Вялікіх азёр  (руск.) знаходзіцца паміж Алтайскім і Хангайскім. На вышыні ад 759 м да 1153 м у пустыннай ці паўпустыннай мясцовасці 5 буйных азёр, мноства саланчакоў, гліністых раўнін і пясчанікаў.

Усходняя Манголія  (руск.) — найбольш нізкі і роўны рэгіён. Пануючая форма ландшафту — сухі роўны стэп. Часам сустракаюцца невысокія пагоркі, на поўдні, на мяжы з Кітаем, — малыя ўзвышаныя масівы вулканічнага паходжання, на поўдні і ўсходзе — пясчаныя барханы.

Поўдзень, паўднёвы захад і паўднёвы ўсход Манголіі займае пустыня Гобі, якая працягваецца на поўначы цэнтральнай часткі Кітая. Гэты рэгіён акружаны высокімі горнымі сістэмамі і займае тэрыторыю больш за 500 км з поўначы на поўдзень і 1000 км з захаду на ўсход. У Габійскім рэгіёне мала роўных прастораў. Раўніны занятыя сопкамі, чаргуюцца з сайрамі (каменнымі перасохлымі рэчышчамі), скальнымі ўзвышшамі і гарамі. У залежнасці ад структуры і характару горных парод і асвятлення пустыня мяняе колер ад чорнага да жоўтага і пурпурнага. Найбольш прыгожая частка паўднёвага Гобі — тры горныя ўзвышшы Гурван-Сайхан  (руск.), пакрытыя іглістымі лясамі, з мноствам ручаёў. У цясніне Ёлын-ам  (руск.) — магутны вадаспад і вечны горны лёд, незвычайна спярэшчаны воднымі струменямі. Пустыня мае вельмі разнастайныя часткі: пясчаныя, скалістыя, камяністыя, роўныя і пагорыстыя, розныя па колеры часткі — манголы падзяляюць яе на Жоўтую, Чырвоную і Чорную Гобі.

Клімат правіць

Клімат краіны рэзка кантынентальны з вельмі халоднымі зімамі і сухімі спякотнымі летамі. У сталіцы, Улан-Батары, размешчанай паміж горнымі масівамі і пустынямі, тэмпература вагаецца ад мінус 25° С ÷ 35° С зімой да +25° С ÷ 35° С летам. Гэты горад — адна з самых халодных сталіц свету. Самая халодная зіма за апошнія 80 гадоў назірання прыпала на 2009/2010 г., калі з-за сцюжы і намаразі загінула значная частка пагалоўя свойскай жывёлы. Амаль палова паўночнай часткі краіны занятая зонай суцэльнай ці астраўной вечнай мерзлаты (самае паўднёвае распаўсюджванне вечнай мерзлаты на планеце).

Ападкі складаюць: на паўночным захадзе 250—510 мм, ва Улан-Батары 230—250 мм, у пустыні Гобі яшчэ меней.

Карысныя выкапні правіць

На тэрыторыі Манголіі знойдзена больш за 4500 радовішчаў 40 відаў карысных выкапняў, у тым ліку золата, вальфраму, фасфатаў, чорнага і бурага вугалю, рэдкіх металаў і камянёў. У Манголіі былі адкрытыя новыя мінералы — анганіт  (руск.), армстрангіт  (укр.) і мангаліт  (катал.), а таксама 50 радовішчаў лекавых гразяў і 400 гарачых і халодных мінеральных крыніц.

Унутраныя воды правіць

Рэкі Манголіі маюць свае крыніцы ў гарах, большасць з іх адносіцца да басейнаў Арктычнага і Ціхага акіянаў. Самыя вялікія рэкі краіны — Селенга, Керулен, Анон, Халхін-Гол  (руск.), Хоўд  (руск.). Рэкі заходняй і паўночна-заходняй частак краіны выхаду да акіяна не маюць, а ўпадаюць у мясцовыя азёры.

У Манголіі налічваецца больш за тысячу пастаянных азёраў і значна большая колькасць часовых, што ўтвараюцца ў перыяд дажджоў. У старажытнасці значная частка Манголіі прадстаўляла сабой унутранае мора, якое потым падзялілася на некалькі вялікіх азёраў. Цяперашнія азёры — гэта тое, што ад іх засталося. Самыя вялікія азёры знаходзяцца ў катлавіне Вялікіх азёраў на паўночным захадзе краіны — Убсу-Нур, Хара-Ус-Нур  (руск.), Хяргас-Нур  (руск.), іх глыбіня не перавышае некалькіх метраў. На ўсходзе краіны ёсць азёры Буйр-Нур  (руск.) і Хух-Нур  (руск.). У вялікай тэктанічнай западзіне на поўначы Хангая знаходзіцца возера Хубсугул (глыбіня да 238 метраў).

Раслінны і жывёльны свет правіць

Пераважаюць каштанавыя глебы. Раслінны і жывёльны свет надзвычай разнастайны. Лясы займаюць больш за 10 працэнтаў тэрыторыі. Дзякуючы складанаму рэльефу залесеныя ўчасткі часцяком суседнічаюць са стэпам, пясчанымі і камяністымі пустынямі. 70 працэнтаў плошчы лясоў складаюць іглістыя дрэвы — лістоўніца (Larix), кедр (Cedrus), хвоя (Pinus), елка (Picea), піхта (Larix). Распаўсюджаныя лісцевыя пароды (бяроза (Betula), вярба (Salix), таполя (Populus)) і кустоўі (чаромха (Prunus padus), бэз (Syringa), глог (Crataegus), ядловец (Juniperus)). У Гобі сустракаюцца саксаулавыя гаі. Для ўсіх рэгіёнаў характэрнае разнатраўе. У засушлівых абласцях травы нізкарослыя, малаўраджайныя, але маюць высокі працэнт клятчаткі і надзвычайна духмяныя. Лічыцца, што мяса скаціны, якая пасвілася на засушлівых землях, мае лепшы смак.

У Манголіі налічваецца больш за 130 відаў сысуноў, 7 — земнаводных, 400 — птушак, 19 — паўзуноў, 5 тысяч — насякомых. У лясах і гарах Паўночнай Манголіі часта сустракаюцца паўночны і плямісты алень (Cervus nippon), Capreolus pygargus, дзік (Sus scrofa), ліса (Vulpes), мядзведзь (Ursidae), собаль (Martes zibellina), воўк (Canis lupus), рысь (Lynx). У стэпавых і пустынных раёнах — джэйран (Gazella subgutturosa), мангольскі дзэрэн (Procapra gutturosa), Lepus tolai, Allocricetulus curtatus, карсак (Vulpes corsac), воўк (Canis lupus), тарбаган (Marmota sibirica). Мяса тарбагана лічыцца сярод манголаў далікатэсам, а яго футра ўваходзіць у лік найбольш каштоўных у свеце. Унікальны жывёльны свет поўдня і захаду Манголіі. У Гобі захаваліся такія рэдкія віды жывёлін, як дзікі кулан (Equus hemionus), дзікі вярблюд (Camelus bactrianus) (хаўтгай), дзікі конь Пржавальскага (Equus przewalskii) (тахі) і Ursus arctos gobiensis (мазалай). У Мангольскім Алтаі водзяцца снежны барс (Panthera uncia) (ірбіс), архар (Ovis ammon), Capra sibirica, мангольскі дзэрэн (Procapra gutturosa).

Для далейшага захавання багатых прыродных комплексаў арганізаваная сетка нацыянальных паркаў і запаведнікаў. Найбольш вядомыя з іх — Вялікі Габійскі  (руск.), Хубсугульскі, Багда-Ула (каля Улан-Батара, стаў запаведным у XVII ст.) і інш.

Зноскі