Дагоны (саманазва Dogon, літаральна «людзі зямлі») — заходнеафрыканскі народ. Насяляюць поўдзень цэнтральнай часткі Малі, суседнія раёны Буркіна-Фасо і Нігера. Агульная колькасць у Малі (2009 г.) — 1 279 200 чалавек.

Дагоны
(Dogon, Dogoun)
Агульная колькасць 1 279 200
Рэгіёны пражывання Малі, Нігер, Буркіна-Фасо
Мова дагонскія мовы
Рэлігія культ продкаў, анімізм, політэізм, іслам, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы мосі, базо, мандынка

Паходжанне правіць

Генетычныя даследаванні дэманструюць блізкасць дагонаў да іншых этнічных груп Заходняй Афрыкі, асабліва да валоф[1]. Сваёй першаснай радзімай яны лічаць паўднёвы захад Малі, адкуль перасяліліся на схілы плато Бандыягара. Паводле вуснай традыцыі, гэта адбылося ў XVI ст. Сваімі папярэднікамі дагоны называюць плямёны тэлем і нангом. Аднак археолагі не выявілі рысаў перарывання культуры мясцовых насельнікаў у сярэдзіне 2 тысячагоддзя. Такім чынам, дагоны могуць быць тубыльцамі, а «папярэднікі» — іх прамымі продкамі.

Грамадства дагонаў фарміравалася ў XVI — XIX стст. у значнай ступені ў сувязі з процістаяннем з суседзямі-мусульманамі. Тым не меней, яны не стварылі адзінай палітычнай або культурнай супольнасці, кантраляваліся слаба злучанымі федэрацыямі асобных вёсак і родаў на чале з правадырамі, размаўлялі на розных мовах, захоўвалі адрозненні ў рэлігійным жыцці. Кожная з федэрацый мела сваю назву і істотна адасаблялася ад іншых нават пры заключэнні шлюбных зносін сваіх чальцоў[2].

У 1863 г. правадыры дагонаў заключылі саюз з часткай фульбэ на чале з дынастыяй Таль. Яны аказвалі значную ваенную дапамогу, наўзамен атрымоўвалі плату, карысталіся судовай і рэлігійнай аўтаноміяй. Арыстакратыя фульбэ дала воінам-дагонам супольную назву, якая значыла людзей зямлі або папросту тубыльцаў. У 1896 г. дзяржава Таль была далучана да каланіяльных валоданняў Францыі. З 1930-х гг. пачалося навуковае вывучэнне культуры дагонаў. Каланіяльныя чыноўнікі і першыя французскія даследчыкі разглядалі дагонаў як супольны народ у процівагу фульбэ. Хаця розніца ў мовах і традыцыях захоўваецца і ў нашы дні, ідэя адасаблення як адзінага этнасу прымаецца і самімі дагонамі.

Культура правіць

 
Сядзіба

Дагоны насяляюць схілы плато Бандыягара з дастаткова засушлівым кліматам, дзе вядуць комплексную гаспадарку, спалучаюць земляробства з адгоннай жывёлагадоўляй. Найважнейшая сельскагаспадарчая культура — проса. Пераважна з камерцыйными мэтами вырошчваюць тытунь і цыбулю. Рамесныя традыцыі развіваюцца болей за 1000 гадоў. Рамеснікі вырабляюць кераміку, апрацоўваюць скуры, шыюць вопратку, займаюцца металургіяй.

Паселішчы дагонаў месцяцца на скалістых выступах. У большасці з іх насельніцтва не перавышае 500 чалавек. Толькі ў 6 буйных паселішчах жыве болей за 2000 чалавек. Асноўныя матэрыялы для будаўніцтва — саман і сырцовая цэгла. На раўніне ўздоўж скал цягнуцца вузкія палоскі апрацоўваемай зямлі. Вылучаюць абшчынныя і індывідуальныя надзелы.

Размяшчэнне будынкаў у вёсцы павінна сімвалізаваць распасцёртае чалавечае цела. «Галавой» з’яўляецца тагуна («дом слоў»), месца збору для мужчын. Ён уяўляе сабою 8 слупоў з выявамі продкаў, крытых саламяным дахам. Нізкі дах дае цень у спякотны дзень і не дазваляе рэзка ўскокваць, калі адбываюцца спрэчкі. Буйныя паселішчы падзяляюцца на раёны нонгу. У такім разе ў кожным з іх узводзіцца свой «дом слоў». Да тагуна прымыкае рытуальная пляцоўка, дзе ў звычайныя дні гуляюць дзеці.

Сямейныя сядзібы складаюцца з асобных чатырохкутных жылых будынкаў. З аднаго боку сядзібы — уваход, з процілеглага будуюць кухню. У цэнтры месціцца самы высокі будынак джына, дзе жыве гаспадар. Вакол — меншыя па плошчы для астатніх чальцоў. Спяць часцяком на дахах на адкрытым паветры. Вонкавыя сцены ўпрыгожваюць геаметрычнымі ўзорамі. Гаспадарчыя пабудовы падзяляюцца на мужчынскія і жаночыя. У мужчынскіх з тоўстымі сценамі захоўваюць збожжа. У некаторых выпадках яны служаць прыбежышчам для людзей. У жаночых захоўваюць прыватную маёмасць жанчын, уваход мужчын у іх забаронены.

Асноўнай сацыяльнай адзінкай з’яўляюцца патрыярхальныя родавыя арганізацыі, дзе сваяцтва перадаецца па лініі бацькі. Статус роду часцей вызначаецца колькасцю яго чальцоў, іх эканамічным становішчам. Вясковыя абшчыны фарміруюцца з прадстаўнікоў аднаго або некалькіх родаў. Прадстаўнік буйнога роду мае магчымасць стаць правадыром хагон, які кантралюе цырыманіяльныя, судовыя і паліцэйскія справы, распараджаецца асабістымі памочнікамі, але яго ўлада абмежавана радай старэйшын вёскі або мясцовасці. Шлюбы знутры роду забаронены. Але выбар нявесты таксама абмежаваны саюзнымі родамі. Выключэнне складаюць роды прафесійных рамеснікаў і грыётаў, дзе захоўваюцца шчыльныя эндагамныя адносіны. У мінулым іх чальцы мелі асобны сацыяльны статус, які моцна панізіўся з канца XIX ст. Яны не маюць права на сямейныя зямельныя надзелы і залежаць ад астатніх абшчыннікаў, паколькі карыстаюцца абшчыннымі надзеламі. Да пачатку каланізацыі меўся пласт рабоў, што ўваходзілі ў склад родаў сваіх уладальнікаў.

 
Дэманстрацыя масак

Роды падзяляюцца на буйныя пашыраныя сем’і. Асноўная форма шлюбу — манагамія. Шлюбы заключаюцца пасля дамовы бацькоў маладых. Пасля вяселля жонка і муж селяцца ў сям’і яго бацькі і з цягам часу могуць вылучыцца ў асобную буйную сямейную арганізацыю. Заможныя гаспадары часам бяруць другую жонку для дапамогі першай. Яна і яе дзеці займаюць асобную хаціну. Жонкі маюць права пакінуць мужоў да пачатку нараджэння дзяцей. У далейшым разводы часцей сустракаюцца з боку другіх жонак. Яны маюць права забраць з сабою малодшае дзіця, старэйшыя дзеці застаюцца з бацькам.

Дагоны практыкуюць абразанне хлопчыкаў і клітарадыктамію дзяўчынак у юнацкім узросце. Хлопчыкі прыкладна аднаго ўзросту, што праходзяць рытуал абразання разам, фарміруюць узроставыя таварыствы тумо. У старажытнасці яны былі ваеннымі адзінкамі, а ў нашы дні разам арганізуюць цырымоніі.

Цырыманіяльнае жыццё звязана з земляробчымі традыцыямі і пахаваннямі, заўсёды суправаджаецца дарамі і ахвярапрынашэннямі, імітацыямі бітваў і дэманстрацыямі разьбяных масак. Асабліва вядомы мужчынскі танец з маскамі падчас веснавога свята булу.

Дагоны — выдатныя мастакі. Разьбяры распрацавалі адметны стыль. Акрамя масак, яны вырабляюць рытуальныя статуэткі, упрыгожванні, аздабленне для мэблі. Дагоны робяць малюнкі на сценах будынкаў, у пячорах і на скалах.

Мовы правіць

Дагонскія мовы складаюць асобную сям’ю нігера-кангалезскіх моў. Усяго іх налічваецца каля 20, прычым лінгвісты да нашых дзён не маюць адзінай агульнапрынятай унутранай класіфікацыі. Паколькі ізаляванасць груп, што размаўляюць на мовах з невялікай колькасцю носьбітаў, стала скарачаецца, то ім пагражае асіміляцыя і ў выніку — знікненне. Невялікая колькасць дагонаў з 7 вёсак карыстаецца рытуальнай мовай бангімэ, якая з’яўляецца ізалятам і не звязана з іншымі дагонскімі мовамі.

Рэлігія правіць

Адным з першых даследчыкаў традыцыйнай рэлігіі дагонаў стаў французскі этнограф Марсель Грыёль. У сваіх публікацыях ён распаўсюдзіў думку, быццам бы міфалогія дагонаў утрымоўвае звесткі пра Сірыус B, адкрыты еўрапейцамі толькі ў 1915 г., што спарадзіла цікавасць да дагонаў у калянавуковай літаратуры. Тым не меней, антраполагі, што даследавалі дагонаў пазней, не выявілі такога факта і прыйшлі да высновы, што Марсель Грыёль памыліўся.

Дагоны лічаць, што сусвет быў створаны вышэйшай безасобаснай істотай Ама, якая кіруе ў свеце мёртвых Ама-Гіну і амаль не ўмешваецца ў жыццё жывых. Большы ўплыў на паўсядзённасць аказваюць яго дзеці Нома (дух вады), Лебэ (дух зямлі), Юругу (паўшы дух), а таксама шматлікія духі прыроды. Важную ролю адыгрывае шанаванне духаў продкаў. У іх гонар раз у 60 гадоў арганізуецца найбольш маляўнічае свята сігі.

Арганізацыяй цырымоній займаюцца жрацы бінукедын. Акрамя таго, духоўным жыццём кіруюць прарокі кумогу, чараўнікі д’ёнунэ і лекары-траўнікі д’ёд’ёнунэ. Дагоны вераць, што ў чалавека ёсць індывідуальная душа кікіну сай і жыццёвая сіла ньяма. Пасля смерці яны пакідаюць цела. Правільнае правядзенне рытуалаў гарантуе, што кікіну сай трапіць у Ама-Гіну. Злыя духі і чарадзеі могуць пашкодзіць ньяма, што выклікае захворванне жывых. Хваробы патрабуюць дакладнага вызначэння, паколькі д’ёд’ёнунэ спецыялізуюцца толькі на канкрэтных з іх.

У нашы дні болей за трэць дагонаў спавядае іслам. Акрамя таго, каля 10 % вернікаў належыць да хрысціянскай канфесіі.

Зноскі

Спасылкі правіць